ПРА ШТО МАЎЧАЦЬ КАМЯНІ?
ПРА ШТО МАЎЧАЦЬ КАМЯНІ?
Склалася так гiстарычна, што ў Беларусi ва ўсе часы было шмат камянёў. Усё з-за таго, што па тэрыторыi краiны праходзiлi мацерыковыя ледавiкi. Сёння з камянямi змагаюцца (асаблiва на вясковых падворках), знiшчаюць, выкiдваюць iх, а яны зноў — як з зямлi вырастаюць. Так было i раней. Толькi сёння большасць, злуючыся, зноў iдзе ачышчаць свой агарод ад няпрошаных гасцей. Раней жа iх незразумелага з’яўлення баялiся. Пра камянi складалi легенды i паданнi. Цiкавыя i незвычайныя. Жахлiвыя i павучальныя. Шмат у Беларусi iснуе паданняў пра тое, як у камянi ператваралiся жывыя iстоты. Хтосьцi разгнявiў сваiх багоў, хтосьцi працаваў у святочныя днi. Можа, гэта былi вяселлi, што не саступiлi адно другому дарогi. Прычын шмат знайсцi можна. Тыя, хто асаблiва захапляецца такiмi паданнямi, нават можа ўбачыць у тых камянях твары цi абрысы сапраўдных iстот. Кажуць, што па начах чутны галасы з-пад камянёў. Былi, па паданнях, i цудадзейныя камянi. Яны лячылi сляпых ды глухiх. Было так проста пазбавiцца сваiх праблем — адбiць кавалачак каменя, цi зняць мох з яго, забраць сабе i забыцца на хваробу. Значную сiлу, быццам бы, мела вада, што збiралася ў камянёвых паглыбленнях. Цi шмат хто з сучаснiкаў пагодзiцца з тымi вераваннямi i сапраўды будзе хадзiць кланяцца да камянёў? Хутчэй за ўсё, пачнуць казаць пра самаўнушэнне. Цяжка будзе вырашыць, хто мае рацыю, а хто не. Тым не менш сёння гаворка пойдзе пра самыя знакамiтыя на Беларусi камянi ды валуны. Камень з князевым iмем Асаблiва знакамiтыя ў нашай краiне Барысавы камянi. Пра iх мы даведваемся яшчэ са школьных заняткаў па гiсторыi. Асноўная iх колькасць знаходзiлася на поўначы краiны, у рацэ Заходняя Дзвiна. На iх былi высечаны розныя надпiсы. Напэўна, самы знакамiты i даступны для цiкаўных Барысаў камень, што знаходзiцца ў Полацку. У 1981 годзе яго прывезлi на Верхнi замак i паставiлi побач з Сафiйскiм саборам. Камень важыць 70 тон ды мае ў акружнасцi ажно 8 метраў. На iм высечаны вялiзны крыж, а па баках надпiс: "ХС. Ника. ГИ (Господи) помози рабу своему Борису". Ля Барысава каменя сустракаецца ды гуляе моладзь. Да яго выпускнiкi прыходзяць на досвiтку сустракаць узыход сонца. I сёння экскурсаводы забаўляюць турыстаў рознымi легендамi. Кшталту, загадайце жаданне, прыкладзiцеся рукой да каменя, i яно абавязкова збудзецца. Апошнiм часам у расшчэлiны каменя пачалi засоўваць нават грошы невялiкага намiналу. Можа, экскурсаводы новыя казкi прыдумалi, цi хто з мясцовых жыхароў вырашыў падзарабiць? Зноў гiстарычныя асобы Ёсць на тэрыторыi нашай краiны два камянi (згодна з Турысцкай энцыклапедыяй Беларусi), якiя наскрозь прасякнутыя гiсторыяй: камень Багушэвiча ды камень Фiларэтаў. Абодва — геалагiчныя помнiкi рэспублiканскага значэння (з 1971 i 1972 гадоў аднаведна). Камень Багушэвiча знаходзiцца ў Смаргонскiм раёне. З-пад зямлi бачны толькi на 1,5 метра ў вышыню. Важыць тая частка, якую можа назiраць падарожнiк, ажно 7 тон. Гэты валун быў прынесены ледавiком са Скандынавii. Збоку на iм высечаны надпiс: "Раmiесi Mасiеjа Burасzkа 1900 R" (Памяцi Мацея Бурачка 1900). Гэты надпiс зрабiлi сябры Багушэвiча пасля яго смерцi. Ля гэтага валуна класiк беларускай лiтаратуры сустракаўся з сябрамi, хаваў пад iм свае рукапiсы ды забароненыя публiкацыi. Другi камень, камень Фiларэтаў, — таксама "гiстарычная асоба". Ён размешчаны ў Баранавiцкiм раёне. Бачная частка ў вышыню дасягае 1,9 метра, а важыць ажно 32 тоны. Трапiў да нас валун са Швецыi. Ля яго сустракалiся ўдзельнiкi канспiратыўнага "Аб’яднання фiларэтаў", якое было створана студэнтамi Вiленскага ўнiверсiтэта ў 1819 годзе. Гэты камень помнiць сустрэчы Мiцкевiча i Зана, Чачота, Дамейкi i iнш. Куды паехаць па шчаслiвы шлюб? У лесе прыкладна за 2 км ад вёскi Вялiкая Валоўшчына (Мiнскi раён) знаходзiцца так званы камень кахання. Не такi вялiкi ды цяжкi, як папярэднiя (вышыня бачнай часткi 1,1 м, яе маса — 22 тоны), ён таксама выхадзец са Скандынавii. Магчыма, некалi меў i культавае значэнне. Легенда сцвярджае, што закаханыя, што наведалi гэты камень, будуць шчаслiвымi ў шлюбе. Эх, так i не змагла я пакуль адшукаць на карце гэтую вёсачку. Прапускаю вас наперад. Можа, вы знойдзеце. Толькi абавязкова едзьце разам з каханым. Тут iх збiралi, а не выкiдвалi У Мiнску iснуе незвычайны музей — музей валуноў. Знаходзiцца ён у мiкрараёне Уручча. Правiльней казаць, нават не музей, а Эксперыментальная база ледавiковых валуноў. З кансультацыяй па ёй мне дапамог Усевалад Бардон, вядучы навуковы супрацоўнiк геалагiчнага музея, якi ствараецца на базе РУП "Беларускi навукова-даследчы геолагаразведачны iнстытут". Прапанаваў стварэнне такога музея акадэмiк Гаўрыла Гарэцкi яшчэ ў 80-х гадах. Быў распрацаваны праект, якi зацвердзiлi. Праца пачалася. Група энтузiястаў ездзiла па краiне i збiрала найбольш вялiкiя валуны. Прывозiла iх на вызначанае месца i фармiравала кампазiцыю. Было сабрана каля 2000 валуноў з усёй краiны. Значнае месца ў экспазiцыi займае сапраўдная вялiкая "Карта Беларусi". На мадэлi карты змешчана каля 500 валуноў. На карце ў насыпах адлюстраваны рэльеф Беларусi, пешаходныя сцежкi iмiтуюць рэкi. Па магчымасцi навукоўцы захоўвалi геаграфiчны прынцып размяшчэння валуноў: адкуль iх прывезлi, на тым месцы на карце i размясцiлi. Недалёка ад карты размешчана "Петраграфiчная калекцыя", якая паказвае разнастайныя пароды магматычнага, метамарфiчнага i асадкавага паходжання. Экспазiцыя выканана ў выглядзе круга, падзеленага на чатыры сектары. Унутры гэтых частак размешчаны розныя па складзе валуны. Асобная тэма — "Камень у жыццi чалавека". Тут знаходзяцца валуны i вырабы з iх, якiя маюць важнае гiстарычнае i культурнае значэнне для жыхароў нашай краiны: можна ўбачыць камянi-следавiкi, каменны крыж, жорны i камянi са знакамi язычнiцкiх часоў. Калiсьцi планавалася нават пабудаваць асобны будынак на 5 паверхаў, дзе б размяшчалiся музей валуноў i геалагiчны музей. Тады ў музей пад адкрытым небам пачалi прыходзiць экскурсii, фармiравалiся школьныя групы. Музей меў свой план, якi размяшчаўся на ўваходзе i дапамагаў асобным наведвальнiкам разабрацца ў групах камянёў. Большасць каменных нагрувашчванняў таксама мела невялiкiя шыльды з подпiсамi. Сёння пра тое, што гэта музей, сведчаць толькi назвы прыпынкаў. Як сказаў Усевалад Яўгенавiч, гэтыя шыльды i план зараз ляжаць у падвале. Пасля з’яўлення праз нейкi час iх сапсавалi фарбай i зламалi. Кiраўнiцтва паспрабавала адрамантаваць i яшчэ раз размясцiць iх — вынiк той жа... Атрымлiваецца, што маўчыць гэты музей. Нiкому нiчога не расказвае. Але камянi нiчым не горшыя за архiтэктурныя помнiкi даўнiны, вабяць да сябе матуль з дзецьмi, закаханых ды жыхароў мiкрараёна... Апошнiм часам, здавалася б, неўмiручыя суседзi беларусаў, валуны, пачалi знiкаць з Зямлi. Прычына — знiшчэнне чалавекам. Валуны ўзрываюць, выкiдваюць у рэкi. Такiм чынам знiшчаецца наша мiнулае. Менавiта па гэтых сведках былых часоў вучоныя могуць даведацца, адкуль i як камянi сюды трапiлi, якое iх мiнулае, колькасць зледзяненняў i шмат iншага. Каб толькi валуны маглi казаць, колькi б цiкавых гiсторый яны нам паведалi. Жыццё князёў, ваяўнiчыя набегi, сяброўскiя стасункi. Можа, трэба iх ужо ў Чырвоную кнiгу заносiць? Чалавек жа няшчадна знiшчае iх. Успомнiм, як вясной мы змагаемся з камянямi на палях ды агародах. Здаецца, кожны год выкiдваем iх ды выкiдваем, а яны зноў з’яўляюцца. Усевалад Яўгенавiч кажа, што гэта нармальная з’ява. Ва ўсе часы быў свой узровень глебы. Камянi, што з’явiлiся на тэрыторыi Беларусi шмат гадоў таму, быццам бы падымаюцца ўверх (растуць) з-пад зямлi. Усё з-за таго, што глебы на нашых агародах становiцца ўсё менш: мы яе пераварочваем, нейкая частка змываецца дажджамi i пераносiцца вятрамi на iншае месца. Такiм чынам, падземныя жыхары кожны год дакучаюць нам сваiм з’яўленнем. Дык цi пазнаёмяцца нашы нашчадкi з гэтымi "iншаземцамi"? Дар’я ПРЫШЧЭПАВА. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Склалася так гiстарычна, што ў Беларусi ва ўсе часы было шмат камянёў. Усё з-за таго, што па тэрыторыi краiны праходзiлi мацерыковыя ледавiкi. Сёння з
|
|