Самае важнае — не рабіць "важнага"
Самае важнае — не рабіць "важнага"
Да Новага года застаецца не так i шмат часу. Нават зусiм мала... Але штосьцi яшчэ, безумоўна, можна паспець. Напрыклад, спланаваць замежную паездку на калядныя канiкулы. А, можа, адважыцца на больш радыкальныя крокi? Восенню, калi ў наваколлi так мала сонца, цеплынi i зялёнага колеру, надта хочацца штосьцi змянiць. Цi не варта пачынаць, каб не наламаць дроў? Хто б падказаў, цi будуць радыкальныя крокi, зробленыя да канца гэтага года, на карысць? Спытаем у спецыялiста — сямейнага псiхолага Вольгi АНДРЭЕВАЙ. 1. СПАДЗЯВАЦЦА НА ЛЕПШАЕ? — Ёсць шэраг бессэнсоўных стэрэатыпаў, напрыклад, "усё да лепшага". Гэта далёка не заўсёды так. І нават, як правiла, не так. Калi вы чакаеце ад будучынi лепшага, значыць, спытайце сябе, што вы для гэтага зрабiлi. Чакаеце халявы? Можа быць, гэта ваша асабiстая рыса... Лепшага можна чакаць толькi тады, калi вы яго арганiзавалi — патрацiлi шмат сiлаў, энергii, грошай, аб’ядналi вакол сваёй iдэi шэраг людзей i г.д... 2. ЗМЯНIЦЬ РАБОТУ? — Увогуле я нiкому нiколi не раiла б рабiць рэзкiя, адчайныя крокi. Нi на пачатку года, нi напрыканцы... Цяпер жа, калi ў сусветнай эканомiцы назiраецца не зусiм спрыяльная i стабiльная сiтуацыя, непрадуманыя "хiстаннi" асаблiва процiпаказаныя. Iншая справа, калi ў вас ёсць выгадная прапанова, добра прадуманая з усiх бакоў, калi вы рэальна ацанiлi перспектыву дадзенага працоўнага месца... Перспектыва асаблiва важная. Зараз у iнтэрнэце можна адшукаць спiс дзесяцi прафесiй, па якiх чакаюцца сур’ёзныя звальненнi. Абдумайце сiтуацыю, каб не аказацца нi з чым. I майце на ўвазе, што хаатычны чалавек атаясамлiваецца з ненадзейнасцю, i таму нiколi не пакiдае добрага ўражання. Разлiчваеце на павышэнне? Зрабiце так, каб пра гэта даведалася ваша кiраўнiцтва. Наўрад цi прасоўванне па кар’ернай лесвiцы чакае чалавека, якога чыста знешне ўсё задавальняе... У сур’ёзных сусветных кампанiях ёсць кансультанты па кар’еры, у якiх з першага дня работы можна даведацца пра перспектывы росту ўнутры дадзенай кампанii... Калi хочаце зменаў i прафесiйнага росту, заявiце пра гэта. З другога боку, не забудзьцеся задаць сабе праўдзiвае пытанне: а цi варты я гэтага павышэння? Тое, што я сяджу на адным месцы дваццаць гадоў, не абавязкова азначае, што я добры спецыялiст. Гэта, хутчэй, гаворыць аб тым, што я — не лiдар. Трэба разумець, за што менавiта людзей звычайна прасоўваюць, якiмi якасцямi яны павiнны валодаць, што новага павiнны прапаноўваць. А калi вам проста захацелася большага заробку... Выбачайце, лепшыя рабочыя месцы — не для вас. 3. ВЫЙСЦI ЗАМУЖ (ЖАНIЦЦА)? — Калi тры месяцы таму падалi заяву, то безумоўна. А iмпульсiўных крокаў, зноў жа, рабiць не варта... I не звязвайце, калi ласка, уступленне ў шлюб з нейкiмi ажыятажнымi датамi — 08.08.08. Мне гэта нагадвае нейкую масавую iстэрыю. Няхай у вас будзе ўнiкальны дзень. I наогул: не змешвайце даты — няхай святаў будзе як мага больш... Уступленне ў шлюб павiнна быць вельмi прадуманым крокам. Калi вы здольны жыць з канкрэтным чалавекам не спрабуючы мяняць яго, значыць, ён вам падыходзiць. Вось, скажам, як мы падыходзiм да набыцця аўтамабiля? Штудзiруем безлiч нейкiх тэхнiчных характарыстык, прыглядваемся, узважваем, ацэньваем пакупку з усiх бакоў. Чаму ж мы не такiя цiкаўныя, калi справа заходзiць аб "характарыстыках" нашага партнёра? Пастаўцеся да шлюбу як да сур’ёзнай iнвестыцыi. Як правiла, людзi спадзяюцца на тое, што ўсё будзе добра. I дарэмна. У адваротным выпадку ў нас не было б столькi скасаваных шлюбаў. Паспрабуйце праўдзiва адказаць на пытанне: цi здольны я пражыць з гэтым чалавекам да канца сваiх дзён? Дарэчы, у свеце цяпер назiраецца цiкавая тэндэнцыя. Шлюбы становяцца больш кароткiмi. Людзi высока цэняць манагамiю, прад’яўляюць да адносiнаў высокiя патрабаваннi, i падтрымлiваюць гэтыя адносiны толькi да таго часу, пакуль апошнiя iх задавальняюць. Iншымi словамi, шлюб становiцца больш якасным, але як толькi яго якасць падае, ён перастае iснаваць. Таму калi вы не хочаце страцiць партнёра, думайце пра якасць адносiнаў. Прычым абодва... 4. ЗАВЕСЦI IНТРЫЖКУ? — Немагчыма штосьцi ўтаiць — нi эмацыянальна, нi iнфармацыйна. Як бы чалавек нi iмкнуўся ўтаiць сваю iнтрыжку, яго паводзiны ўсё роўна мяняюцца. Партнёр, якому здраджваюць, можа зрабiць выгляд, што нiчога не заўважае тады, калi яму гэта выгадна. Ён прамаўчыць, напрыклад, бо яму не патрэбны разрыў адносiнаў, але гэта не азначае, што "раўнадушны" партнёр не будзе пакутаваць. Калi мы робiм выгляд, што чагосьцi не заўважаем, то мы за гэта ўсё роўна плацiм — панiжэннем узроўню самапавагi. Сам жа iнтрыган будзе плацiць страхам за тое, што жыве ў хлуснi. Той, з кiм здраджваюць, будзе плацiць разбурэннем нейкiх сваiх планаў. Нямала прыкладаў, калi мужчына заводзiць iнтрыжку з дзяўчынай, якая, хутчэй за ўсё, хоча замуж. Яна "арганiзуе" цяжарнасць i потым гадамi "iнтрыган" расплачваецца тым, што разрываецца памiж дзвюма сем’ямi. Я не прыхiльнiк iнтрыжак, таму што яны цягнуць за сабой вялiкую колькасць хлуснi, з якой пасля трэба жыць. На жаль, iнтрыжкi ёсць i будуць. Вы думаеце большасць мужчын на сайтах знаёмстваў — свабодныя? Безумоўна, жанатыя. Проста ў беларускiх мужчын не самы высокi ўзровень вернасцi. Нашы шлюбы часта няшчырыя... Калi ж вам чамусьцi стала дрэнна ў старым шлюбе, не спяшайцеся ламаць яго, а паспрабуйце зразумець, што ў iм адбываецца. Калi адносiны не памерлi, то з дапамогай спецыялiста iх можна аднавiць, калi ж аджылi сваё, можна дапамагчы такiм людзям дастойна разысцiся, без псiхалагiчных траўмаў, што асаблiва важна ў iнтарэсах дзяцей. Хочацца нейкага драйву? Не спяшайцеся заводзiць iнтрыжку. Паразважайце над тым, што драйв, якога вам стала не хапаць, — здольнасць канкрэтнага чалавека, канкрэтна вас. Гэта або ёсць унутры нас, i тады мы можам гэта развiваць, або няма, i тады мы сумныя, прымiтыўныя, абмежаваныя людзi. Калi чалавеку не хапае цiкавых людзей, драйву, трэба штосьцi мяняць у сабе. Вучыцца жыць па-iншаму. 5. ЗАРАБIЦЬ ГРОШАЙ? — Менавiта зарабiць, а не атрымаць заробак! Гэта заўсёды да месца, у любы час года. Праўда, такiя фiнансавыя крызiсы, як цяпер, прымушаюць людзей нервавацца з-за грошай, нават тых, у каго iх, па сутнасцi, няма. Я ўсiм параiла б супакоiцца, а не доларавым мiльянерам — iнвеставаць сродкi ў сябе. Скажам, нарэшце, пачаць якасна харчавацца, актыўна адпачываць. I нiчога ў вас не "згарыць"... Смешна слухаць, калi людзi скардзяцца на свой мiзэрны заробак. Чалавеку плацяць роўна столькi, колькi ён рэальна каштуе. Заробак урача ў многiх краiнах вельмi вялiкi, але ж i працуюць тамтэйшыя медыкi па-iншаму. На маю думку, некаторым нашым урачам у палiклiнiках нават пераплачваюць... Рэальны кошт кожнаму з нас як спецыялiсту дае рынак працы. Той, хто нечага каштуе, не скардзiцца. Як сказаў нямецкi эканамiст Бода Шэфер, калi вы ўмееце рабiць тое, што ўмеюць рабiць усе, вы каштуеце не больш за пясок у пустынi. Так што калi вы хочаце зарабляць шмат, станьце ўнiкальнай прапановай на рынку працы. Гэта не позна зрабiць нi да новага года, нi пасля. 6. ПАЕХАЦЬ "НА КАНIКУЛЫ" ЗА МЯЖУ? — Каб паехаць на калядна-навагоднiя канiкулы за мяжу, трэба было звярнуцца ў турфiрму яшчэ месяц таму... Чым блiжэй да знакавых падзей, тым менш будзе прапаноў, вышэй кошт i г.д. А Еўропа надта прывабна выглядае ў пераднавагоднi час. Лепей за ўсё апынуцца ў тых краях дзесьцi снежня 22-га... Калi ёсць жаданне трапiць на кiрмашы, распродаж — не пазней 25 снежня, а калi проста дзеля адпачынку, то можна ехаць i пасля 6-7 студзеня. 7. ПАЧАЦЬ ЗАЙМАЦЦА ФIТНЭСАМ? — Чалавек можа перажываць у паўсядзённым жыццi пастаянны стрэс. Прырода прадугледзела для процiстаяння апошняму павышэнне фiзiчнай актыўнасцi. Таму вельмi важна павялiчваць нагрузку — але не цяжкасцi падымаць, а менавiта рухацца. Падыдуць плаванне, бег, язда на велатрэнажоры, iнтэнсiўная хада... Актыўныя дзеяннi змяншаюць колькасць стрэсавых гармонаў у арганiзме. А для тых, хто спасылаецца на нястачу часу, хачу сказаць наступнае. У тайм-менеджменце ёсць такое паняцце — паглынальнiкi часу. Гэта ўсё, што адцягвае нас ад тых спраў, якiя сапраўды патрэбна зрабiць. Раю ўзяць блакнот, запiсаць, колькi часу вы трацiце на той цi iншы занятак. Прааналiзуйце сiтуацыю, i вы зразумееце, што для вас з’яўляецца паглынальнiкам часу. Калi чалавек не паспявае штосьцi рабiць, значыць, ён дрэнны менеджар для самога сябе, не эфектыўна выкарыстоўвае час. Жанчынам я параiла б рабiць кар’еру, а не нагружаць сябе хатнiмi клопатамi, пакуль iншыя члены сям’i гуляюць у камп’ютарныя гульнi... 8. ПАЧАЦЬ РАМОНТ? — Можна, але не раптам. Восенню-зiмой, напэўна, прасцей адшукаць патрэбныя рабочыя рукi, але больш важна, цi ёсць у вас вольны час, каб сачыць за якасцю выканання работ. Традыцыйна рамонт лепш рабiць летам. Ну, проста каб не сапсаваць сабе свята. Паколькi ад рамонту яшчэ доўга трэба адыходзiць. 9. КУПIЦЬ ЛАТАРЭЙНЫ БIЛЕТ? — Латарэя — вялiкi бiзнэс, якi скiраваны на тое, каб было добра тым, хто iм валодае. Хочаце зрабiць камусьцi яшчэ лепш, тады абавязкова купiце. Ва ўсiм свеце, дарэчы, каля 11 працэнтаў насельнiцтва краiн "падсаджваюцца" на латарэi. У нас, мяркую, больш такiх ахвотнiкаў. Упэўнена, што на выпадак, латарэю, халяву спадзяюцца iнфантыльныя асобы. Я паважаю людзей, якiя самi могуць заплацiць за ўсё, што яны хочуць мець. 10. ПАРАIЦЦА З ПСIХОЛАГАМ? — Калi ласка. Я параiла б правесцi аўдыт свайго жыцця. Вазьмiце лiст паперы i запiшыце ўсе праблемы i незавершаныя справы, якiя ў вас ёсць цяпер. Насупраць кожнага пункта напiшыце, якiм чынам пераадолець сiтуацыю... Калi ў вас няма гатовых уласных рашэнняў, звярнiцеся да спецыялiста. Так у вас з’явiцца план на наступны год. Калi вы выканаеце нават толькi частку гэтага плана, вы будзеце надзвычай ганарыцца сабой. Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да Новага года застаецца не так i шмат часу. Нават зусiм мала... Але штосьцi яшчэ, безумоўна, можна паспець. Напрыклад, спланаваць замежную паездку на |
|