Мода на кінафестываль
Мода на кінафестываль
Тое, што кiнафестываль — гэта свята, аматары кiно пачынаюць усведамляць, калi ў залу ўваходзяць ЯНЫ. Зоркi экрана. Іх чакаюць, на iх абавязкова хочуць паглядзець, каб адчуць iх прыгажосць, каб убачыць iх ва ўсiм бляску, як i належыць зорным асобам. Каб адчуць у тым лiку i ступень павагi да сябе: артыст падрыхтаваны на ўсе сто да сустрэчы са сваiмi аматарамi, i вiдавочна, што для яго гэта — свята таксама. Нездарма на буйных кiнафорумах ёсць традыцыя для гасцей паказваць сябе — цi то на дывановых дарожках, цi то на прыступках, цi на сцэне. На многiх кiнафорумах мужчынам належыць апранацца ў смокiнг. Актрысы дзеля такiх выхадаў у свет спецыяльна замаўляюць сабе строi ў знакамiтых модных дызайнераў. I потым фестывальную моду абмяркоўвае грамада. Жанчыны ёсць жанчыны: яны на сцэну не выйдуць так, як толькi што былi на прэс-канферэнцыi. I знакамiтая расiйская актрыса Алёна Бабенка, якая ўдзень хадзiла ў зручных нагавiцах i вадалазцы са свiтарам, а на вечаровы выхад прывезла класiчную маленькую чорную сукенку. Проста i з густам. Аддала перавагу чорнаму яшчэ адна расiйская госця — актрыса Наталля Громушкiна, толькi яе строй быў больш стрыманы. Чорны з бляскам пiнжак з вузкай класiчнай спаднiцай апранула "мама" "Гардэмарынаў", рэжысёр i старшыня журы Святлана Дружынiна. У дысананс з вопраткай расiйскiх актрыс уступала адзенне расiйскiх артыстаў. Хiба што Аляксей Пятрэнка падтрымаў гэты колер, распавёўшы пры гэтым, што яго жонка заўсёды аддае перавагу беларускаму трыкатажу i бялiзне. Зала адрэагавала iмгненна на гэты рэверанс у бок Беларусi. Светлы касцюм народнага артыста СССР Васiлiя Ланавога адразу прымусiў думаць пра тое, што ён тут — асаблiвы госць. Хрустальная статуэтка — прэзiдэнцкi прыз — пасавала яму на сцэне. Затое Леанiд Ярмольнiк уразiў сваёй стылёвай дэмакратычнасцю: сiнiя джынсы i шэры пiнжак. Але самай галоўнай вартасцю ў яго аблiччы была дзiўная абаяльнасць артыста. Публiка была настолькi рада адрасаваным ёй усмешкам артыста, што з бакоў чулася: "Вось ён якi — просты, свой хлопец!" Такiм жа падаўся i Сяргей Гармаш, якi знайшоў пра што паразмаўляць з Уладзiмiрам Гасцюхiным — сядзелi побач. Але найбольш уразiлi менавiта беларускiя артысты. Вось адчувалася, што рыхтавалiся да свята i думалi, якiмi iх убачыць родны глядач. Анатоль Кот, цяпер зорка расiйскiх тэлесерыялаў, завiтаў у Мiнск як госць, аддаўшы павагу свайму гораду. I трымаўся па-свойску, са сваiмi былымi калегамi з задавальненнем размаўляў. Прыемны вечар, добры настрой... Але яго трэба ўмець ствараць самiм, вырашылi нашы дамы. Актрыса Вера Палякова ў гэты вечар ззяла ў доўгай сiняй сукенцы з футравай накiдкай паверх плячэй. Яшчэ адна зорка беларускага кiно Валерыя Арланава вырашыла не хаваць сваёй прыгажосцi i ў восеньскiя днi, калi ўсе рыхтуюцца да зiмы, нагадала пра лета сваёй адкрытай доўгай сукенкай з кветкавым малюнкам. Ну як абмiнуць увагай такiх дам? Да гонару нашых мужчын, i яны не падкачалi. Асаблiва вылучаўся сярод гасцей сваiм бездакорна строгiм строем (чорны строгi касцюм з белай кашуляй) акцёр Рускага драматычнага тэатра Аляксей Сянчыла. I павёў сябе як джэнтльмен, забяспечыўшы калег-актрыс Юлiю Кадушкевiч, Веранiку Пляшкевiч i Алесю Пухавую кавалкамi талеркi на памяць. Каб на наступны раз яны таксама адчулi ў поўнай меры, што значыць статус беларускiх кiназорак. З усiмi неабходнымi атрыбутамi падрыхтоўкi да мiжнароднага кiнафестывалю. А беларускiя артысты, магчыма, найбольш адчуваюць яго асаблiвасць. Як тут не падумаць пра тое, што беларускi кiнафестываль — гэта таксама модны форум? Тым больш што для Мiнска "Лiстапад" — свецкае мерапрыемства, ад якога таксама чакаюць зорнага бляску. I нават публiка рыхтуецца да гэтага: падчас адкрыцця ў зале можна было прыкмецiць дам у вечаровых строях. Маладыя людзi, якiя прыйшлi ў залу як звычайныя гледачы, азiралiся i неўразумела глядзелi адзiн на аднаго: цi гэта зорка, пра якую мы яшчэ не ведаем? Ларыса ЦIМОШЫК. Фота Сяргея ВАСIЛЬЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тое, што кiнафестываль — гэта свята, аматары кiно пачынаюць усведамляць, калi ў залу ўваходзяць ЯНЫ. Зоркi экрана. Іх чакаюць, на iх абавязкова хочуць
|
|