Як беларусам нацыяй стаць?
20 ноября 2008 Новость дня
Генадзь КОСАРАЎ, Завтра твоей страны Сёння грамадзяне Беларусi расколатыя на два лагеры. Яны жывуць пад двума сцягамi, маюць два гербы i дзве дзяржаўныя мовы. Грамадства раз'яднанае не толькi палiтычна, але i на грунце стаўлення да розных перыядаў мiнуўшчыны i гiстарычных падзеяў i суб'ектаў. Як яго кансалiдаваць? Пяць рэцэптаў ад экспэртаў "Заўтра тваёй краiны". Па словах нямецкага дырэктара Мiнскага мiжнароднага адукацыйнага цэнтра iмя Яханэса Рау Астрыд Зам, гiсторыя заўжды з'яўляецца i прадметам палiтычных дыскусiяў, i нават палiтычных канфлiктаў. Сёння канкуруючыя палiтычныя праекты прапаноўваюць розныя культурна-гiстарычныя варыянты iнтэрпрэтацыi беларускае гiсторыi. - Адны пераважна арыентуюцца на досвед савецкай, партызанскай Беларусi, iншыя больш арыентуюцца на спадчыне Вялiкага Княства Лiтоўскага, - адзначыла Астрыд Зам на "круглым стале" "Памяць i будучыня: прастора i iдэнтычнасць у Беларусi", якi адбыўся ў рамках ХI Мiнскага форума. - У апошнiя гады адбылася пэўная пераарыентацыя, i сёння ўжо ёсць афiцыйныя спробы iнтэрпрэтацыi беларускай гiсторыi i нацыянальнай iдэнтычнасцi, якiя iмкнуцца iнтэграваць два гэтыя прыклады гiстарычнае мiнуўшчыны. Што для беларуса гiстарычная памяць З меркавання кандыдата гiстарычных навук Iгара Кузняцова, цяпершняе кiраўнгiцтва Беларусi зусiм не надае ўвагi такой старонцы беларускай гiсторыi, як сталiнскiя рэпрэсii. За апошнiя дваццаць год у Беларусi не абаронена нiводная дысертацыя па гiсторыi палiтычных рэпрэсiяў. Па словах навукоўца, на дзяржаўным узроўнi не было заўважанае сямiдзесяцiгоддзе пачатку самай моцнай хвалi сталiнскiх рэпрэсiяў, дваццацiгоддзе адкрыцця праўды пра Курапаты. - Мала таго, пасля 2003 года прайшла "зачыстка" гiстарычнай навукi на тэрыторыi Беларусi, - кажа Iгар Кузняцоў. - З Iнстытута гiсторыi НАН звольнены вядомыя навукоўцы Стужынская, Сагановiч, Тарасаў, Кiштымаў, спiс можна працягваць. Палiтолагi неяк больш выжылi, сацыёлагi пайшлi ў Вiльнюс у эмiграцыю, а гiсторыкаў "дабiваюць" на нашай тэрыторыi. Што да гiстарычнае памяцi, без якой увогуле не можа iснаваць паўнавартаснае грамадства, то Iгар Кузняцоў прывёў прыклад мястэчка Трасцянец пад Мiнскам, дзе ў 30-40-я гады былi расстраляныя каля 30 тысяч вязняў сталiнскiх турмаў, а пад час Другой сусветнай вайны былi закатаваныя ўжо фашыстамi больш за 200 тысяч чалавек, сярод iх - велiзарная колькасць габрэяў, у тым лiку i прывезеных з Нямеччыны ды iншых еўрапейскiх краiнаў. - На мерапрыемствах, звязаных з 65-годдзем знiшчэння Мiнскага гета, прэзiдэнт Беларусi сапраўды павярнуўся тварам да Халакоста - да праблемы, якая доўга замоўчвалася ў Беларусi, i тады было сказана, што найблiжэйшым часам у Трасцянцы будзе створаны мемарыял еўрапейскага ўзроўню ахвярам нацызму. Пра ахвяраў сталiнiзму - нi слова. Хаця пераважная бальшыня знiшчаных у Трасцянцы - гэта адзiн народ, а яго штучна спрабуюць падзялiць, што далёка не спрыяе кансалiдацыi, - падкрэслiвае Iгар Кузняцоў. Канслiдуючая вайна На думку загадчыка кафедры гiсторыi i беларусазнаўства Мiнскага дзяржаўнага лiнгвiстычнага унiверсiтэта Сяргея Новiкава, вялiкi ўплыў на свядомасць беларусаў аказвае гiсторыя менавiта мiнулай вайны, i гэтая тэма таксама можа стаць пэўным чыннiкам для кансалiдацыi беларускага грамадства. - Суверэнная беларуская нацыя абавязана мець не толькi нацыянальную гiсторыю, але i нацыянальную памяць, - лiчыць навуковец. - Патрэба ў гэтым iснуе па той прычыне, што беларусам у будучынi неабходна годна глядзець у вочы сваiм дзецям i быць упэўненымi ў галоўным: ваенная гiсторыя застанецца надзейна служыць справе ўмацавання суверэнiтэта беларускай дзяржавы i на справе стане гарантам будучынi беларускага грамадства. Краiна павiнна мець сваiх герояў Сёння дзяржава не ў той бок накiроўвае працу з моладдзю, каб маладыя людзi маглi лiчыць сябе беларусамi, лiчыць музыкант, лiтаратар i мастак Лявон Вольскi: - Моладзевая дзяржаўная палiтыка - гэта крах. Усе гэтыя БРСМы, святкаваннi 90-годдзя камсамолу ў дзяржаве, дзе нiякага камсамолу ўжо 20 гадоў як няма - "всё это было бы смешно, когда бы не было так грустно". Людзей, якiя не атаясамлiваюць сябе з камунiстычнай мiнуўшчынай, цяжка правабiць такiмi iдэямi, - мяркуе лiдэр рок-гурта НРМ. - Каб не было ў 1937-м годзе практычна татальнага вынiшчэння беларуска арыентаванай iнтэлiгенцыi ў нашай краiне, мы б зараз не вялi нiякай размовы пра самаiдэнтыфiкацыю i iдэнтычнасць беларусаў. Паводле словаў эксперта, у пэўнай ступенi кансалiдаваць грамадства можна было б з дапамогаю вобразаў пэўных нацыянальных, гiстарычных герояў. З Вольскiм пагаджаецца i Сяргей Новiкаў. - Я падзяляю думку, што для кансалiдацыi павiнна быць гiстарычная глеба, - кажа навуковец. - Мiф альбо мiфы, якiя стварылi ў нашай краiне, праiснавалi пэўны час, але ж ён на тое i мiф, што калiсцi стане бурбалкай, а бурбалка абавязкова лопаецца. Такiх бурбалак ужо шмат палопалася, таму патрэбна сапраўды праўдзiвая глеба, i нельга пакiдаць па-за межамi сённяшняга светапогляду любы факт айчыннае гiсторыi. I чым больш праўдзiвай будзе наша гiсторыя, тым больш надзейнай глебай будзе яна для нашай нацыянальнай кансалiдацыi. Усё пачнецца з дыялогу Паводле палiтолага Валерыя Карбалевiча, няма нiчога кепскага ў тым, што ўлады спрабуюць выхоўваць патрыятызм сярод моладзi i наогул насельнiцтва Беларусi праз прыклады дасягненняў у спорце, разнастайных конкурсах i гэтак далей. Але важнай застаецца менавiта праблема яднання грамадства. - Немагчыма нейкая кансалiдацыя нацыi, грамадства ва ўмовах таго фундаментальнага светапогляднага разладу, разлому, якi сёння iснуе, якi сёння заганяецца ўладамi ўсё больш у нейкае гета, - упэўнены эксперт. - Пачатак кансалiдацыi павiнен адбыцца з пачаткам дыялогу, i не толькi дыялогу памiж Беларуссю i Захадам, але з пачатку павiнен быць дыялог унутры беларускага грамадства. Павiнна пачацца нейкая публiчная дыскусiя аб тым, куды ж мы iдзем, у якi бок. Цi мы будзем ствараць нейкую саюзную дзяржаву з Расiяй, таму што гэтая iдэя, хаця i задвiнута крыху ў бок, але ж яна не знята з парадку дня, цi ўсё ж мы будзем будаваць нейкую нацыю i на якiх падставах. То бок, патрэбна агульнанацыянальная дыскусiя, патрэбны дыялог усiх палiтычных, нацыянальных i культурнiцкiх сiл, чаго сёння ў нас абсалютна не адбываецца. З меркавання Валерыя Карбалевiча, без гэтага ва ўмовах расколу нiякай кансалiдацыi ў прынцыпе немагчыма чакаць. Проста пачуваць сябе беларусам Як падкрэслiў старшыня Беларускага фонда мiра Марат Ягораў, для кансалiдацыi грамадства вельмi важна, каб беларусамi пачувалiся ў Беларусi ўсе людзi, што тут пражываюць, не залежна ад нацыянальнасцi i паходжання. - Важна, каб кожны казаў: я люблю Беларусь, я люблю свой народ, - зазначае Марат Ягораў. - Я рускi, але мае дзецi, унукi, праўнукi нарадзiлiся на гэтай зямлi. Хто яны? Беларусы! I я таксама беларус! Не важна, што пiсар у 1941-м годзе, калi я iшоў на фронт, напiсаў, што я рускi, але калi я стаў чалавекам на гэтай зямлi, то я - беларус. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
20 ноября 2008 Новость дня Генадзь КОСАРАЎ, Завтра твоей страны Сёння грамадзяне Беларусi расколатыя на два лагеры. |
|