Па конях!
Па конях!
У Магiлёве прайшла Першая рэспублiканская выстава коннага спорту i конегадоўлi "Партнёр каня", якую арганiзавала Беларуская федэрацыя коннага спорту. У новым Магiлёўскiм конным манежы, лепшым на сёння ў краiне цэнтры алiмпiйскай падрыхтоўкi па конным спорце, дэманстравалi i прадавалi ўсё, што мае дачыненне да коней: ад сучаснага пакрыцця для конна-спартыўных манежаў да коннай "парфумы" ў выглядзе, напрыклад, сагравальнага гелю. Дастаткова было зазiрнуць на адзiн са стэндаў, каб зразумець, што конны спорт — гэта сапраўды дарагое хобi. Уся амунiцыя, нават дробязi — пальчаткi ды шпоры, каштуе вельмi прыстойных грошай. — Самае неабходнае для пачатку заняткаў конных спортам — гэта шлем, хлыст i крагi, — расказвае намеснiк дырэктара сталiчнага ТДА "Белы конь" Таццяна Крук. — Яны каштуюць як мiнiмум 150 тысяч рублёў. — Добрыя чаравiкi з крагамi каштуюць каля 300 тысяч рублёў, а боты для коннiка — каля паўмiльёна, — паказвае свой тавар прадстаўнiк фiрмы "ФРА-МІЛ", якая пастаўляе сваю прадукцыю для коннага эскадрона Крамля. На выставе былi адразу заўважныя мужчыны-цыгане, вялiкiя аматары коней. Яны гучна спрачалiся пра вартасцi тавараў, а адзiн ледзь данёс мех з пакупкамi да аўтастаянкi. У краме маладая дзяўчына ў форме казачкi завяршыла прымерку прыгожага камбiнезона для коннiка, рашуча дастала грошы i заплацiла... за папону для каня больш за сто тысяч рублёў. — Так, за такiя грошы можна было б i сабе добрую абноўку набыць, — уздыхае Каця Мiраеўская з бабруйскага клуба "Ярмак". — Але яшчэ больш хочацца зрабiць добрае для свайго каня. Мая Афрадыта — пяшчотны, ласкавы i вытанчаны конь. Казакi з Бабруйска бралi ўдзел у выставе i парадзе коннiкаў. — Мы прыехалi на выставу з дзецьмi, — сказаў падхарунжы Бабруйскага райаддзела Беларускага казацтва Руслан Алiеў. — Трэба, каб iх не на вулiцу цягнула, а да добрай справы i традыцый нашых бацькоў. Конi — гэта ўзор высакароднасцi, i трэба ў iх гэтаму вучыцца. — Конi — гэта прыгожыя i добрыя жывёлiны, — лiчыць 9-гадовы Давiд, якi ўжо два гады ездзiць на канi. На выставе былi стэнды, прысвечаныя iпатэрапii: у Беларусi iснуюць методыкi лячэння цяжкахворых дзяцей праз стасункi з канямi. Прычым лячэння паспяховага, калi ўдаецца дапамагчы хворым на цэрэбральны паралiч i эпiлепсiю. — Мне здаецца, што ўвогуле i для здаровых людзей конны спорт замяняе ўсе аэробiкi i трэнажорныя залы, — лiчыць удзельнiк выставы Франц Жылка. — Таму што бiяполе каня станоўча ўздзейнiчае на чалавека. Гэта эмацыянальна-псiхалагiчная разгрузка, у вынiку якой знiкае агрэсiя. Таму я заклiкаю ўсiх садзiцца на каня менавiта ў гэтым сэнсе! Свае жывапiсныя творы прадставiла на выставе магiлёўская мастачка Алена Аверкiна. Яна працуе трэнерам па конным спорце i малюе коней. — Як iх можна не любiць? — рытарычна пытаецца Алена, у якой усё жыццё звязана з коньмi. — Я люблю гэтых жывёлiн за характар, за сiлу i магутнасць, за прыгажосць i грацыёзнасць. Ацанiць усе гэтыя якасцi магiляўчане i госцi выставы змаглi на спаборнiцтве па канкуры i паказальных выступленнях спартсменаў. Каб выгадаваць добрую спартыўную пару — каня i чалавека, трэба як мiнiмум 7 гадоў. Альбо ўсё жыццё. Дзецi ў Беларусi прыходзяць у конны спорт з 5-6 гадоў. Ва ўсiх абласцях краiны ёсць конна-спартыўныя школы. Развiваецца ўвогуле iндустрыя конегадоўлi i коннага спорту пры падтрымцы дзяржавы. — Мы выконваем пратакол даручэнняў Прэзiдэнта, i ўжо ёсць поспехi, — расказаў журналiстам выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыi коннага спорту Генадзь Кяцко. — На Алiмпiядзе ў Пекiне ў нас былi 3 удзельнiкi. У нас ёсць свае рэзервы, i цяпер мы распрацоўваем праграму для ўдзелу ў конным трохбор’i на Алiмпiядзе ў Лондане. У нас ёсць шанцы заняць высокае месца. Удзельнiца Пекiнскай Алiмпiяды Алена Целяпушкiна брала ўдзел у парадзе. Праўда, не на знакамiтым Пасаце, якi цяпер адпачывае пасля напружанага сезона, а на гордым Галiяфе. Алена разам з яшчэ адной магiлёўскай спартсменкай Аляксандрай Глушаковай выязджалi на манеж пад звон шматлiкiх медалёў на грудзях прыгожых вершнiц. Яны атрымалi ад арганiзатараў дыпломы i персанальныя камп’ютары ў парадунак. — Як сказаў Бернард Шоу, у свеце ёсць дзве дасканаласцi: жанчына i конь, — узгадаў Генадзь Кяцко. — А звышдасканаласць — гэта, напэўна, жанчына на канi. Выстава "Партнёр каня" завяршылася аўкцыёнам маладых племянных коней. Ёсць конi, якiя каштуюць па 3-5 мiльёнаў долараў i болей. За коней, якiя былi прададзены на аўкцыёне ў Магiлёве, плацiлi ад 3 да 60 мiльёнаў рублёў. Арганiзатары заявiлi, што аўкцыён прайшоў паспяхова, тым больш што пакупнiкам дадзена растэрмiноўка па аплаце на 6 месяцаў. Другую выставу "Партнёр каня" Беларуская федэрацыя коннага спорту плануе правесцi наступнай восенню ў Ратамцы, дзе да таго часу правядуць рэканструкцыю манежа. — Мы афiцыйна запрасiлi на выставу прынцэсу Хаю з Аб’яднаных Арабскiх Эмiратаў, якая з’яўляецца прэзiдэнтам Мiжнароднай федэрацыi коннага спорту, — паведамiў Генадзь Кяцко. — Яна пагадзiлася прыехаць у Беларусь. На другой выставе мы зробiм мiжнародны турнiр па конным трохбор’i. Таму што бачым: у Магiлёве першы блiн камяком не атрымаўся. I гэта ўсё для людзей. Iлона Iванова. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёве прайшла Першая рэспублiканская выстава коннага спорту i конегадоўлi "Партнёр каня", якую арганiзавала Беларуская федэрацыя коннаг
|
|