Граматыкі суседніх моў на мове роднайЗ’явіліся першыя кніжкі серыі «Беларускія ЕўраГраматыкі» сталічнага выдавецтва «Радыёла-плюс», якія без усялякага перабольшаньня можна вызначыць як адметную падзею ў лінгвістыцы, культуры і палітыцы. Мабыць, нездарма першымі выйшлі ў серыі два томікі кароткіх граматык латышскай і польскай моў, моў нашых паўночных і заходніх суседзяў. І палякі, і латышы адзначылі ў лістападзе 90-годдзі сваёй незалежнасьці — менавіта восеньню 1918 года на палітычнай мапе Еўропы з’явіліся дзьве новыя дзяржавы, і, трэба думаць, новыя выданьні ёсьць своеасаблівым падарункам выдаўцоў і аўтараў, а таксама ўсіх вольналюбівых беларусаў суседнім народам. Сьведчаньнем таму і дата падпісаньня да друку польскай граматыкі. І калі ўжо гаворка зайшла пра аўтараў, дык на абедзьвюх вокладках і тытулах можна знайсьці прозьвішча знанага мовазнаўцы, педагога, перакладчыка-практыка і палітыка Лявона Баршчэўскага (аднак, адзначым дзеля справядлівасьці, што над латышскай граматыкай шчыраваў ён разам з Андрэем Гуцавым). Думаецца, выданьне гэтых граматык ёсьць пэўным працягам і разьвіцьцём папярэдніх выданьняў велешаноўнага аўтара — «Беларуска-лацінска-еўрапейскага слоўніка» і «ЕўраСлоўніка». Аб’ядноўвае гэтых першых ластавак новай серыі ня толькі аўтарства, але і адметнае, пазнавальнае мастакоўскае афармленьне. Колеравае спалучэньне на абодвух вытрыманае ў бел-чырвона-белых фарбах, хіба што на польскім томіку яны яркія, сакаўныя, а на латынскім — больш стрыманыя, адценьня засохлай крыві. І гэта нездарма, бо выклікае згадкі пра семантыку абодвух нацыянальных сьцягоў, якая практычна супадае і з тлумачэньнем колеравай гамы спрадвечнага беларускага, а не штучна вынайдзенага за сталінскім часам штандарта. Несумненна, што кнігі серыі зробяць адметны ўнёсак у разьвіцьцё айчыннага мовазнаўства. Прыемна ўсьведамляць гэтаксама, што, акрамя культурніцкага і палітычнага асьпектаў, маюць гэтыя кніжкі і непасрэдна ўжытковы — будуць запатрабаваныя яны і ў Латвіі, і ў Польшчы, дзе пражывае немалая беларуская дыяспара. Нездарма зьмешчаны ў кнігах і такія практычна запатрабаваныя разьдзелы, як «Некаторыя ўстойлівыя выразы», дзе можна знайсьці прымаўкі, выслоўі, фразеалагізмы, а таксама шыльды і надпісы. І што вельмі істотна, выхад гэтых кніжак (а таксама, спадзяемся, дзясяткаў наступных) ліквідуе паранармальную з’яву — мовы суседніх краін, а ў тым ліку і такіх роднасных, як польская, альбо ўкраінская, альбо славацкая, беларусы найчасьцей мусілі вывучаць праз рускую мову, праз мову-пасрэдніцу, што нярэдка заблытвала дый ўскладняла працэс навучаньня. Акрамя таго, спатрэбяцца гэтыя кніжкі студэнтам і навукоўцам — філолагам, этнографам, культуролагам, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца мовамі суседніх народаў. «Апошнім часам мы схіляемся да праектаў, якія запаўняюць пэўныя нішы, якія можна без усялякай нацяжкі назваць сацыяльна значнымі, якія станавіліся б як мінімум культурніцкай падзеяй, — гаворыць пісьменьнік, выдавец і куратар серыі граматык Уладзімір Сіўчыкаў. — Бо не сакрэт, бывае ў выдавецкай справе і такое, што новая кніжка ня грэе анікога, акрамя яе аўтара». А на працяг серыі, як своеасаблівы калядны падарунак, выдаўцы спадзяюцца пабачыць і «Кароткую граматыку лацінскай мовы» нашага знанага лацініста Алеся Жлуткі. Аздоблена яна будзе ў залатых танах, у афіцыйных колерах Папы Рымскага, — латынь сёньня ёсьць найперш дзяржаўнай мовай Ватыкану. Але не забываймася, што актыўна запатрабаваная яна ня толькі Касьцёлам, але і гісторыкамі, лінгвістамі, медыкамі, юрыстамі, усімі адукаванымі еўрапейцамі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З’явіліся першыя кніжкі серыі «Беларускія ЕўраГраматыкі» сталічнага выдавецтва «Радыёла-плюс», якія без усялякага перабольшаньня можна вызначыць як адметную падзею ў лінгвістыцы, культуры і палітыцы. Мабыць, нездарма першымі выйшлі ў серыі два томікі кароткіх граматык латышскай і польскай моў, моў нашых...
|
|