Так загiнула Баравiна
Так загiнула Баравiна
Нашчадкi вогненных вёсак
Хоць i мiнула з ваеннай пары болей за шэсць дзесяцiгоддзяў, у памяцi маёй адгукаецца болем трагедыя Баравiны — адной са шматлiкiх вогненных вёсак Беларусi... Ад рук фашысцкiх карнiкаў прынялi пакутную смерць трыццаць хлопчыкаў i дзяўчынак, з якiмi я вучыўся ў адной школе, у суседнiм Ляжыне. Такую выснову я зрабiў, калi праглядаў спiс загiнулых баравiнцаў, змешчаны ў кнiзе "Памяць" Бярэзiнскага раёна. У канцы сёлетняга жнiўня падчас водпуску прыехаў у маё роднае Беразiно i ўрэшце ажыццявiў свой даўнi намер — наведаўся ў Баравiну, каб сустрэцца са сведкамi трагедыi, якая адбылася тут напачатку другой ваеннай зiмы: паслухаць i занатаваць iх успамiны. Дапамог у гэтай справе рэдактар мясцовай газеты Анатоль Палынскi, якi не адмовiў у маёй просьбе наконт транспарту. Перад выездам па даведнiку выпiсаў нумары тэлефонаў баравiнцаў i спынiў увагу на прозвiшчы Мазаевай Вольгi Васiльеўны, пра лёс якой даведаўся з публiкацыi ў "Бярэзiнскай панараме". На мой тэлефонны званок азваўся мужчынскi голас — трубку падняў Анатоль, сын Мазаевай, з якiм i дамовiлiся наконт сустрэчы. ...На ганку сустрэў мужчына ў гадах, гасцiнна адчынiў дзверы. Сам прайшоў у "чыстую" палавiну. "Мама, устань, выйдзi, да цябе чалавек з горада". Праз хвiлiну выйшла гаспадыня, ахвотна ўключылася ў размову. У свае 94 гады жанчына добра памятае ўсе абставiны, звязаныя з ваенным лiхалеццем. — У першыя днi вайны, — пачала свой аповед Вольга Васiльеўна, — у нашу вёску трапiлi чырвонаармейцы-акружэнцы, чалавек пад дваццаць. На фронт прабрацца яны не змаглi, бо нашы адступiлi надта далёка. Так i засталiся ў нас, жылi па хатах, мы iх "прыпiснiкамi" называлi. Гэтыя хлопцы не сядзелi склаўшы рукi, наладжвалi сувязь з мясцовымi актывiстамi. Сярод iх быў Сакалоўскi Іосiф Пятровiч, якi стварыў падпольны райкам партыi. Шукалi "прыпiснiкi" зброю, рабiлi тайнiкi з боепрыпасамi, а па вясне падалiся ў партызаны. Далучылiся да партызанскай барацьбы i многiя баравiнцы. Так што ў акупантаў выспяваў намер расправiцца з вёскай, лёс якой быў прадвызначаны. Людзi гэта прадчувалi. Iх трывога абвастрылася, калi карнiкi знiшчылi вёску Дубоўручча, што кiламетрах у сямi на тэрыторыi суседняй Чэрвеньшчыны. Вяскоўцы вымушаны былi хавацца ў блiжэйшым лесе, у зямлянках. У вёску, вядома, наведвалiся, каб спячы хлеб, узяць iншых прадуктаў, памыцца ў лазнi. Так было i ў тую "чорную" суботу 28 лiстапада 1942 года. — Ужо добра змерклася, калi я разам з iншымi намерылася выправiцца ў вёску, — працягвала ўспамiнаць жанчына. — Толькi выйшлi на ўзлесак i жахнулiся: з боку вёскi пачулiся глухiя стрэлы, пачалi займацца агнём хаты. Убачылi, як у бок лесу бягуць, уцякаюць людзi: па iх стралялi, многiя падалi. Страшна мне стала: там жа, у вёсцы, засталася свякруха з маiм маленькiм Ванечкам... Жанчына горка ўздыхнула, сцiшылася. Стала вiдавочным, што яна больш не зможа працягваць успамiн... Мне ж заставалася сказаць Вользе Васiльеўне словы падзякi i суцiшэння i прыняць прапанову яе сына наведацца да суседа Вiктара Мiлько, якому суджана было пазбегнуць смерцi. — У той вечар, — расказвае Вiктар Антонавiч, — разам з iншымi вяскоўцамi пайшла з лесу i мая мацi Марыя Дзям’янаўна. Узяла з сабой трохгадовага Юзiка, пашкадавала пакiдаць яго ў халоднай зямлянцы. Вярнуўся крыху раней у вёску i наш 16-гадовы Валодзя. А я разам з меншымi Грышам i Аняй застаўся пры бацьку ў лесе. Разлiчвалi, што немцы на свае карныя аперацыi выязджаюць звычайна з ранiцы, а таму вечарам можна не баяцца. Да абеду было ўсё цiха кругом, i калi ўжо стала крыху цямнець, мы сабралiся ў дарогу. Але ледзь толькi выбралiся з лесу i ўзбiлiся на пагорак, ад страху застылi на месцы: з боку ахутанай дымам вёскi даносiлiся стрэлы, людскiя крыкi, рыканне кароў, вiск свiней. Кожны з нас зразумеў: немцы знiшчаюць вёску. Ды нарэшце стрэлы сцiхлi. Мы пачулi гудзенне машын, якое аддалялася ў бок суседнiх Белiчан. Кiнулiся да хат, каб хоць што выратаваць там. Але полымя шугала так, што нельга было падступiцца. К вечару агонь крыху асеў. Баравiнцы, якiя папрыходзiлi з лесу, i жыхары Белiчан, што паспяшалiся на дапамогу, пачалi хадзiць па агародах, кустах: можа, хто ўратаваўся цi паранены дзе ляжыць. Хацелася верыць мне, што наша мама i браты жывыя. Ды гэтая надзея была марнай... Падабралi мы дзвюх параненых дзяўчынак. Адной з iх была 12-гадовая Ларыса Мiлько. Бацьку, мацi i дваiх меншых дзяцей карнiкi забiлi. Малую сiрату людзi не пакiнулi ў бядзе. Застаўся жывы i наш Валодзя. Перад налётам карнiкаў ён тапiў лазню. А як толькi пачуў гудзенне машын, кiнуўся ў бок лесу, паспеў уцячы. Успамiны другой уратаванай дзяўчынкi — Нiны Арловай — змешчаны на старонках раённай кнiгi "Памяць". Вось невялiкi фрагмент: "Звычайна мы жылi ў лесе, ратуючыся ад фашыстаў, а ў той дзень вярнулiся дамоў. Тата пайшоў вытапiць лазню, што была на краi вёскi, пры лесе. У хаце былi мы ўчацвярых: мама, я, меншая сястрычка Люся i наш састарэлы дзядуля. Раптам чуем стрэлы. Глянулi ў акно i ўбачылi, што вёску акружаюць немцы. Яны стралялi па тых, хто ўцякаў. Быў сярод уцекачоў i мой тата, ён пад кулямi паспеў дабегчы да лесу. Да нас у хату зайшлi нямецкiя салдаты, загадалi прайсцi ў другi пакой. Дзядуля ляжаў на печы, яго прымусiлi злезцi. Пачалi ўсё варочаць, нешта шукаць i ўрэшце выйшлi на двор. Застаўся толькi адзiн, высокага росту, белабрысы. На рукаве ў яго быў намаляваны чэрап. Мы з мамай стаялi ў адным куце пакоя, а дзядуля — у другiм, калi салдат пачаў наводзiць на нас аўтамат, я кiнулася да дзядулi. У гэты час немец пачаў страляць. Я павалiлася, стаiлася. Калi расплюшчыла вочы, убачыла, што салдата ў хаце не было. Паднялася i агледзелася. Мама з сястрычкай ляжалi побач, яны былi як жывыя, толькi ў абедзвюх з носа iшла кроў. Але тут пачулiся чыесьцi крокi. Хуценька лягла на сваё месца i прытварылася нежывой. У хату ўвайшоў той самы немец, што нас забiваў. Паклаў на падлозе ахапак саломы, палiў яе нечым, аблiў гэтай вадкасцю сцены, падпалiў салому i выйшаў. На нейкi момант я страцiла прытомнасць. Як крыху ачуняла, усё было зацягнута дымам, не было чым дыхаць, усюды палаў агонь. Я ўсхапiлася i падалася ў бок дзвярэй, знайшла iх вобмацкам, выскачыла на двор. Пабегла да капца з бульбай, схавалася ў яме. Там прасядзела, пакуль зусiм не сцiхлi выстралы. <...> Ад мамы, Люсi i дзядулi засталiся грудочкi попелу i костачкi". ...Спаленая датла разам з жыхарамi вёска Баравiна не знiкла з карты раёна, яе назва — на "Дрэве жыцця" ў Хатынскiм мемарыяле. Жыццё тут пачало памалу адраджацца толькi праз два гады пасля выгнання захопнiкаў. А да таго часу баравiнцы, хто не знайшоў прытулку ў сваякоў па iншых вёсках, працягвалi тулiцца ў лясных зямлянках. У першыя пасляваенныя гады на былых пажарышчах узнiклi 27 сядзiбаў (да вайны налiчвалася 77). Была збудавана ферма, лесапiлка, млын. Баравiна стала брыгадай мясцовага калгаса, дзе аграномам працаваў В. Мiлько. На сённяшнi дзень на адзiнай вясковай вулiцы — каля двух дзесяткаў жылых пабудоў, i толькi ў сямi з iх пражываюць карэнныя жыхары, у большасцi — дачнiкi. Выказаў Вiктар Мiлько i агульную скаргу вяскоўцаў: — Няўжо наша шматпакутная Баравiна не вартая таго, каб заасфальтаваць вулiцу, як у суседзяў? А то летам бывае не прадыхнуць ад пылу, што ўзнiмаюць аўтамашыны. Клубы пылу асядаюць на брацкую магiлу, на помнiк. Не зразумела, чаму перайначылi саму назву вёскi: замест спрадвечнага "Баравiна" гэтае паселiшча цяпер афiцыйна называецца Баравiно. Кажуць, да гэтага даўмеўся былы кiраўнiк мясцовай гаспадаркi, чалавек прышлы, якi не ўпадабаў чамусьцi такую прыгожую назву, з маўклiвай згоды мясцовых уладаў. Знiшчалi ж фашысцкiя нелюдзi не Баравiно, а менавiта Баравiну... Вiктар НЕСЦЯРОВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хоць i мiнула з ваеннай пары болей за шэсць дзесяцiгоддзяў, у памяцi маёй адгукаецца болем трагедыя Баравiны — адной са шматлiкiх вогненных вёсак Бела
|
|