Спартыўныя святы — спосаб для аб’яднання людзей акрамя працы
Спартыўныя святы — спосаб для аб’яднання людзей акрамя працы
У якiх спаборнiцтвах маглi б паўдзельнiчаць зараз вы? Цi маглi б, напрыклад, абаранiць спартыўны гонар сваёй арганiзацыi, двара цi вулiцы? Андрэй Шубадзёраў, галоўны рэдактар сайта Мiнiстэрства абароны: — Ды практычна ў любых, але найперш па футболе, хакеi. Ну, i ў сямейных стартах мог бы ўзяць удзел, абаранiць, як вы кажаце, спартыўны гонар дома цi вулiцы. Галоўнае, каб прызавы фонд быў салiдным (смяецца), а iнакш чым яшчэ сям’ю зацiкавiш, калi будзеш "выцягваць" iх на спаборнiцтвы?! Хiба толькi абяцаннем праславiцца (смяецца)! А калi сур’ёзна, пры арганiзацыi такiх спаборнiцтваў, спартыўных святаў нейкiя хоць бы маральныя аспекты заахвочвання ўдзельнiкаў павiнны быць. Я ўвогуле лiчу неблагой iдэяй стварэнне пры тых жа таварыствах уласнiкаў цi ЖЭСах спартыўных камандаў, якiя рэгулярна праводзiлi б турнiры, спаборнiцтвы. Дзе яшчэ большасць людзей, акрамя як уласна на працы, магла б аб’яднацца па iнтарэсах? Алена Мiхайлоўская, галоўны спецыялiст аддзела iдэалагiчнай работы Капыльскага райвыканкама: — Найперш у спаборнiцтвах па валейболе i па плаваннi. Валейболам я пачала займацца з трэцяга класа, вось з таго часу ўжо гадоў 20 i не магу спынiцца (смяецца). Цяпер тройчы на тыдзень хаджу ў фiзкультурна-аздараўленчы комплекс, у нас свая каманда з сяброў. Дарэчы, нас нiхто не прымушае, самi ходзiм. Плаваць таксама пачала са школьных урокаў фiзкультуры. Цяпер рэгулярна наведваю басейн па абанеменце. Яшчэ б магла паўдзельнiчаць у элементарнай эстафеце. А ў спаборнiцтвах я i цяпер нароўнi з iншымi часта бяру ўдзел: i ў раённай i абласной спартакiядах сярод работнiкаў дзяржорганаў, i ў штогадовай спартакiядзе падчас правядзення Года здароўя, i ў маладзёжных спаборнiцтвах, арганiзаваных БРСМ i г.д. Аляксандр Апацкi, першы намеснiк мiнiстра прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя: — Я ўдзельнiчаю з камандай нашага мiнiстэрства ў лёгкаатлетычных спаборнiцтвах, узначальваю спартыўны клуб. Iмкнуся, асаблiва ўвечары ў выхадныя днi, быць разам з камандай. Дарэчы, яна была прызёрам шматлiкiх спаборнiцтваў сярод дзяржорганаў: за нейкiя паўтара года ўсю прыёмную заставiлi кубкамi. Але мне больш — з-за ўзросту — падабаюцца шашкi, шахматы, настольны тэнiс. Некалi нават разрады меў, але вы пра гэта не пiшыце. Вось у двары па гэтых вiдах спорту я верхаводзiў бы! (Смяецца.) З мячом бы пабегаў, паскакаў. Хоць, з-за занятасцi на шашкi-шахматы, тэнiс часу даўно няма. Цяпер для мяне асноўная фiзiчная нагрузка — гэта калi я спяшаюся ў метро, у мiнiстэрства цi з яго. Транспарту нiколi не чакаю, хаджу вельмi хутка i па некалькi прыпынкаў. Сяргей Собалеў, намеснiк начальнiка Ашмянскай мытнi: — Калi гаварыць асабiста пра мяне, то гэта лёгкая атлетыка i лыжы, некалi даўно займаўся. А калi гаварыць пра камандныя выступленнi, дык мы з калегамi двойчы ў год удзельнiчаем у чэмпiянатах па валейболе i футболе, у раённай спартакiядзе. Па футболе ўжо другi год запар выязджалi нават у суседнi раён, у Астравец. Службова-прыкладныя вiды спорту — паласа перашкод, плаванне, крос, стральба — толькi пачалi ўкараняць, але ўжо сёлета паспелi з’ездзiць на спаборнiцтвы ў Брэст i Гродна. Сямейныя старты? Жонка ў мяне не вельмi займаецца спортам (смяецца), дачка — студэнтка, ужо дома не жыве. А вось з малодшым 8-гадовым сынам... Так, маглi б разам скласцi невялiкую сямейную каманду (смяецца). Аляксандр Нiкановiч, начальнiк Дзяржынскага раённага вузла электрасувязi: — Ведаеце, у нас вельмi шмат спартыўных мерапрыемстваў праводзiцца па прафесiйнай лiнii, мясцовыя выканаўчыя ўлады да iх дачынення не маюць. На базе Мiнскага абласнога фiлiяла РУП "Белтэлекам" цi не штомесяц спаборнiчаюць каманды па розных вiдах спорту. I наша каманда няблага выступае, займае прызавыя месцы, мае шмат грамат. Мяне нават месяцы два таму за гэта прэмiяй заахвоцiлi (смяецца). Не, сам асабiста ў стартах не ўдзельнiчаў. А каб давялося? Думаю, на лыжы мог бы стаць, прабегчы дыстанцыю метраў на 300. Хоць, вядома ж, вольнага часу няшмат, ды i ўласны дом патрабуе немалых намаганняў, але ў цэлым, лiчу, гэта магчыма. Прынамсi, да такiх спартыўных святаў я стаўлюся вельмi пазiтыўна. Таццяна Карнiенка, старшыня праўлення Слуцкага раённага спажывецкага таварыства: — (Смяецца.) А вы ведаеце, якi ў мяне ўзрост? Хоць некалi валейболам я займалася, так. Цi магла б цяпер паўдзельнiчаць у спаборнiцтвах — пытанне. Зараз мы ходзiм плаваць — прафсаюз дапамог арганiзаваць такiя мерапрыемствы. А ўвогуле многiя нашы работнiкi ўдзельнiчаюць у спартыўных мерапрыемствах, што ладзяцца па лiнii Белкаапсаюза. Сяргей СТАРЫНАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У якiх спаборнiцтвах маглi б паўдзельнiчаць зараз вы? Цi маглi б, напрыклад, абаранiць спартыўны гонар сваёй арганiзацыi, двара цi вулiцы? Андрэй Шуб
|
|