21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Праз 20 гадоў...

26.08.2009 10:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Праз 20 гадоў...

Быццам бы i не было гэтых 20 гадоў. Але. Мы жывём у iншай краiне, i ў нас нарадзiлiся i ўжо амаль выраслi дзецi. Старэйшаму сыну на наступным тыднi споўнiцца 19 гадоў. А 20 гадоў таму мне было 18. І прайшло толькi 10 дзён, як мы пажанiлiся. Мы пажанiлiся тайна, бо мае бацькi былi супраць. У нас не было вяселля, сказалi толькi яго мацi, ужо пасля рэгiстрацыi, а ў яе якраз былi на вячэру пельменi. I яшчэ была бутэлька шампанскага, якую мы купiлi па дарозе з ЗАГСа. I, як зараз памятаю, — бэзавыя хрызантэмы — адзiны мой вясельны букет. Дарэчы, муж мне ўсе 20 наступных гадоў больш нi разу не дарыў бэзавыя хрызантэмы. I на гэты раз, як звычайна, ён прынёс адну вялiкую чырвоную ружу... Гэта было 26 лiстапада. А 7 снежня ў Арменii адбыўся землятрус. I мы спачатку слухалi навiны. I наступным днём, i праз дзень... Божа мой, гэта была першая ў нашым дарослым жыццi катастрофа! Чарнобыль не лiчыцца, пра яго ў навiнах маўчалi. Да таго ж Чарнобыль патрапiў яшчэ на маё дзяцiнства i ценем лёг на ўсё жыццё: у вераснi 1987 года нас, першакурснiкаў журфака, адправiлi на сельгасработы ў вёску Яноўка Краснапольскага раёна, якая пазней была "пахаваная". ...А наперадзе яшчэ былi Чачэнская вайна, Будзёнаўск, Першамайскi, "Курск", Дуброўка, 11 верасня... Не, 7 снежня 1988 года было не першай катастрофай, а хутчэй апошняй — эпохi, якая зыходзiла. Ужо "гарэў" Нагорны Карабах, вось-вось гатовае было загарэцца Прыднястроўе... Тады, у Спiтаку i Ленiнакане, магчыма, апошнi раз сабралiся з будучых "гарачых кропак" i будучых розных краiн людзi, аб’яднаныя адным агульным жаданнем — дапамагчы блiжняму ў бядзе. Яны яшчэ не ведалi...

Мы не ведалi...

У навiнах пачулi, што не хапае працоўных рук, каб разбiраць завалы, у якiх яшчэ могуць быць жывыя людзi. Гэтага было дастаткова, каб я, 18-гадовая дзяўчына, якая 10 дзён таму выйшла замуж, сказала свайму мужу: "Паехалi!" I, зразумела, ён не запярэчыў, хоць быў на 5 гадоў старэйшы за мяне. Вось толькi зараз падумала: а калi б запярэчыў, цi былi б такiмi гэтыя 20 гадоў i цi з’явiлiся б на свет нашы дзецi?..

Наступным днём я ўжо стаяла за бiлетамi ў касы "Аэрафлота" на вулiцы Карла Маркса ў Мiнску. Мы ўжо сабралi рэчы: два спальныя мяшкi, надзiманыя матрацы i палатку ўзялi напракат, крупы, макароны, чамадан цёплай адзежы. Пра самае неабходнае я раiлася па тэлефоне з байдарачнiкам, з якiм пазнаёмiлася тым летам у цягнiку "Адлер—Мiнск", калi ехала на канiкулы да бацькоў, — вось вам прыклад таго, што нiчога ў гэтым жыццi не бывае выпадковым. Бiлет на Ерэван быў толькi на самалёт, якi адлятаў з Вiльнюса. У той жа дзень, праз некалькi гадзiн. Грошы на бiлет — 90 рублёў, у нас былi, iх прыслала майму мужу цётка са Львова, як толькi даведалася ад яго мацi, што мы ажанiлiся. Акрамя байдарачнiка, нiхто больш не ведаў пра нашы намеры. I мы выйшлi з кас "Аэрафлота" з бiлетамi, але без грошай. Да Вiльнюса мы паспявалi даехаць на таксi, але заплацiць ужо не было чым. Я вось зараз спрабую ўзгадаць, за якiя грошы мы збiралiся вяртацца, — i не магу. Няўжо мы ўвогуле пра гэта не думалi? Абодва? Але дакладна — не думалi, якiя наступствы нас чакаюць за пропуск экзаменацыйнай сесii, якая пачыналася. Мы вучылiся на адным курсе.

Таксiст пагадзiўся ўзяць у залог нашы залатыя заручальныя пярсцёнкi i прывёз нас у Вiльнюс да пачатку рэгiстрацыi. Пярсцёнкi — гэта было адзiнае, што мы купiлi да свайго вяселля. Ягоны каштаваў 80 рублёў, а мой — 70. Мы купiлi iх у Маладзечне, спецыяльна паехалi на электрычцы i купiлi. Вузенькiя такiя, самыя танныя. Таксiст, тым не менш, пагадзiўся.

У самалёце было шмат армян, у асноўным — мужчыны, усе яны былi няголеныя i маўчалi. I глядзець на iх было страшна, бо яны, як i мы, яшчэ не ведалi... Толькi ў iх ТАМ маглi быць сваякi, сябры альбо знаёмыя. У Крывым Рогу самалёт зрабiў пасадку для дазапраўкi. З будынка Крыварожскага аэрапорта мы пазванiлi бацькам, яго i маiм, i тым, i тым сказалi, што тэрмiнова з будатрадам вылецелi ў Арменiю, выратоўваць людзей з-пад завалаў. Пазванiлi яшчэ аднакурснiцы i сказалi праўду, папрасiлi паведамiць у дэканат.

Але самалёт да Ерэвана не даляцеў. Аэрапорт Ерэвана быў закрыты, бо падземныя штуршкi яшчэ працягвалiся. Мы селi ў Адлеры. Ноччу. I я сказала свайму мужу: "Хочаш убачыць мора?". Сама я мора бачыла шмат разоў, бо мае бацькi жылi ў чатырохстах кiламетрах ад яго. I цяпер я сваё мора дарыла яму.

Мы пешшу, мiма сонных прыватных домiкаў з кiпарысамi i магнолiямi, прыйшлi на ўзбярэжжа. Той снежаньскай ноччу мора штармiла. Яго не было бачна — суцэльная грозная цемра, якая рыкала i гула. Здавалася, што свет канчаецца ў некалькiх метрах ад тваiх ног, а далей — халодная аглушальная бясконцасць. Гэту бясконцасць я дарыла свайму мужу. Я сказала, што ён павiнен абавязкова ў мора акунуцца, бо нельга ўбачыць мора i не акунуцца ў яго. Я прыхапiла шарсцяныя шкарпэткi, каб расцерцi яго, калi ён выйдзе з вады. Ён распрануўся i голы пайшоў у ваду. I потым я яго расцiрала шарсцянымi шкарпэткамi. Свет належаў нам дваiм.

Калi мы вярнулiся ў аэрапорт, то даведалiся, што Ерэван па-ранейшаму закрыты, i наш самалёт туды не паляцiць, i што для ягоных пасажыраў прапанаваны аўтобус, бiлет на якi каштуе каля 10 рублёў. У нас iх не было. I тады мой муж упершыню ў нашым сямейным жыццi прыняў рашэнне. Ён сказаў: трэба вяртацца. I я ўпершыню яго паслухалася. Але грошай, каб вяртацца, у нас таксама не было. I ён тады стаў хадзiць сярод былых спадарожнiкаў, маўклiвых i няголеных, i прапаноўваць iм адзiн з двух нашых студэнцкiх "Зенiтаў" — мiж iншым, гэта быў адзiн з лепшых у Саюзе фотаапаратаў. Няголеныя спадарожнiкi замест адказу здзiўлена i змрочна падымалi на нас свае чорныя стомленыя вочы i нам рабiлася ад iх позiрку нiякавата. Нарэшце адзiн з iх не вытрымаў i спытаў:

— Навошта ты прадаеш фотаапарат?

— Каб вярнуцца ў Мiнск...

— А навошта ты ляцеў у Ерэван?

— Каб ратаваць людзей. Але няма грошай на аўтобус...

— Ты ляцеў ратаваць, дык рабi тое, што хацеў, — даў урок адзiн мужчына другому i ўручыў нам грошы на бiлеты да Ерэвана.

 

У Ерэване нас запрасiў да сябе той самы армянiн, якi даў грошы на аўтобусны бiлет. Яго iмя — Фрунзiк, у 1988 годзе ён меў у Мiнску маленькую кавярню-марожанае, а сям’я яго жыла ў сталiцы Арменii. У Фрунзiка мы пераначавалi, пакiнулi чамадан з цёплымi рэчамi i ранiцай наступнага дня паехалi на аўтобусе ў Ленiнакан.

На плошчы Ленiнакана стаялi вялiкiя салдацкiя палаткi з "буржуйкамi". Мы знайшлi пустую i спынiлiся ў ёй. Перад плошчай стаяў напаўразбураны ўнiвермаг, шматметровыя алюмiнiевыя канструкцыi якога нагадвалi паламаны веер. Абапал вулiц выстраiлiся штабялi парожнiх трунаў розных памераў, у тым лiку дзiцячых. Яны былi змешчаны адна ў адну, як парожнiя шклянкi, i побач, прыхiнутыя да будынкаў — вечкi. Іх было так шмат, што ўжо праз некалькi хвiлiн мы да iх прывыклi, як да нечага звычайнага, на iмгненне мiльгала ў галаве думка: "Жах у тым, што ты ставiшся да жаху як да нечага звычайнага" — i знiкала. Абарончыя сiлы маладога арганiзма перамагалi.

Там быў штаб, якi размяркоўваў добраахвотную працоўную сiлу. Я трапiла ў медчастку, а мой муж — на разбор пяцiпавярховага дома. Я падкладала да рук i ног параненых людзей грэлкi i мыла падлогу, а ён з iншымi мужчынамi спяшаўся за кароткi светлавы дзень зменшыць вялiзную, на ўзроўнi трох паверхаў, кучу з бетону, кавалкаў мэблi i фотаздымкаў, на якiх смяялiся людзi i рабiлi першыя крокi маленькiя дзецi... Калi надыходзiлi прыцемкi, тым, хто працаваў, здавалася, што куча не зменшылася нi на сантыметр. У перапынках памiж сваiмi заняткамi я прыходзiла да мужа i глядзела на пяцiпавярховы дом, якi стаяў побач, але паловы яго не было, частка дома была быццам адрэзаная нажом, былi бачныя пакоi з мэбляй, якая яшчэ стаяла на сваiх месцах, з дзвярыма i вокнамi, з гадзiннiкамi i адрыўнымi календарамi на сценах. Гэта была фантастычная карцiна — проста нерэальная. Так робяць цацачныя домiкi, каб дзецям зручна было перастаўляць у пакоi фiгуркi i прадметы. Але цацачныя не бываюць у пяць паверхаў...

Аднойчы я прыйшла ў медчастку i пачула крык. Крычаў мужчына. Ён прыйшоў апазнаць жонку. Яго пыталiся пра прыкметы, пра пярсцёнак на руцэ... Ён кiдаўся i крычаў, i не зразумець было, цi то ён пазнаў яе, цi то не. I тут я ўбачыла фотаздымак, на якiм яны былi ўдваiх. Фотаздымак быў свежы, але на iм былi маладыя мужчына i жанчына, а перада мной кiдаўся i крычаў стары.

Увечары муж сказаў, што да iх прыходзiлi замежныя выратавальнiкi з сабакамi, каб высветлiць, цi ёсць яшчэ пад заваламi жывыя людзi. Але з упэўненасцю нiчога не сказалi. Ды i перакладчыка з iмi не было. Мы былi ў адчаi ад таго, што не хапала кранаў i пражэктараў, каб можна было працягваць работу i пасля заходу сонца. На трэцi дзень яны раскапалi мёртвую цяжарную жанчыну. Я яе не бачыла, я бачыла толькi, як ад’язджала грузавая машына, а з яе кузава тырчала ў неба рука.

На чацвёрты дзень мы паехалi на гарадскiя могiлкi. Мы ўзялi фотаапараты, але не маглi здымаць. Другакурснiкi, мы яшчэ не былi настолькi сапсаваныя прафесiяй, каб фатаграфаваць гора. Калi шчыра, тады я перажыла своеасаблiвы крызiс: я ўзненавiдзела сваiх братоў-журналiстаў, якiя, я разумела, тут проста зараблялi грошы (мне здавалася, што я бачыла, як блiшчаць iх вочы).

Мы ехалi за горад на грузавой машыне, разам з некалькiмi мужчынамi i труной. Ля труны сядзеў i плакаў падлетак, нам сказалi, што гэта яго мацi. Могiлкi складалiся з дзвюх частак — iндывiдуальных магiл i адной агульнай, якая ўяўляла сабой доўгi роў. У гэтым рове стаялi не закалочаныя труны. У iх былi тыя, каго не апазналi альбо каго не было каму апазнаваць. Сюды прыходзiлi ў пошуках сваякоў, адцiскалi вечкi i глядзелi. Роў не засыпалi. Вечка адной труны дрэнна прыкрылi, i я ўбачыла частку лба i пафарбаваныя валасы жанчыны, напэўна, маладой. I зноў адчуванне рэальнасцi пакiнула мяне. Тое, што я ўбачыла, было так падобна на ляльку, што я не магла паверыць, што гэта — мёртвы чалавек.

Там было шмат студэнтаў i шмат добраахвотнiкаў, падобных на нас. Да нас у палатку пасялiлiся дзве дзяўчынкi з кiшынёўскага тэхнiкума. У медчастцы студэнты пiлi спiрт i змрочна жартавалi наконт верагоднасцi распаўсюджвання чумы. Мы знайшлi землякоў-беларусаў, яны сустрэлi нас, як родных, пачаставалi згушчаным малаком. Не менш сардэчна нас прынялi армавiрскiя армяне — мае землякi, тут нас накармiлi духмяным кубанскiм баршчом. З ежай праблем не было. Усiм жадаючым на вулiцы з машын раздавалi сухi паёк, хлеб i мiнеральную ваду. Дзяўчаты з Кiшынёва неяк зварылi нам з кансерваў суп. Але запомнiла я менавiта згушчонку i боршч. Дарэчы, ленiнаканскую згушчонку ўзгадваю кожны раз, калi даводзiцца не адкрываць банку цалкам, а рабiць дзiрачку i выцягваць адтуль малако. Малако было наша, беларускае, а вось этыкетка нейкая нязвыклая ("экспартная" — мне патлумачылi), ды i смак быў непаўторным. Буржуйку мы палiлi кавалкамi мэблi з суседнiх дамоў. Неяк муж прынёс рэшткi гiтары, але так i не рашыўся кiнуць iх у агонь.

Там, у разбураным Ленiнакане, адбылася першая наша сямейная сварка. Не памятаю, з-за чаго, але, як i "павiнна быць", пакрыўджаная, я пайшла з дому — гэта значыць, з нашай палаткi. Электрычнасцi ў горадзе не было, i я iшла ў цемры ад аднаго вогнiшча да другога. Не далёка адышла, бо страшна было. Мяне паклiкалi да сябе нейкiя цi то вайскоўцы, цi то мiлiцыянеры, якiя ахоўвалi, як яны сказалi, магазiн ад марадзёраў. Яны запрасiлi мяне да сябе на агеньчык, прапанавалi каньяк, сказалi, што гэта — лепшы сродак прафiлактыкi чумы. Я трошкi выпiла i адразу падумала, што бедны мой муж недзе застаўся без прафiлактыкi. Я расказала вайскоўцам пра мужа, на ўсялякi выпадак схлусiла, што ён побач i калi крыкнуць, то прыйдзе. Тады яны прапанавалi мне iмпартныя мужчынскiя падцяжкi з крамы, сказалi, што там увогуле шмат цiкавых рэчаў. Раптам мне стала моташна, падалося, што той саладкаваты пах, якi з кожным днём узмацняўся ў горадзе, тут, побач з гэтымi людзьмi, якiя прапануюць мне iмпартныя падцяжкi i намякаюць на iншыя дэфiцытныя рэчы з разбуранай крамы, стаў проста нясцерпным. Я паднялася i хутка, нягледзячы на ўгаворы застацца, пайшла да свайго перапужанага за мяне мужа.

Прыкладна на пяты дзень нашага прыезду пачаўся масавы выезд людзей з горада. Знайсцi жывых ужо нiхто не спадзяваўся, а значыць, неабходнасцi ў нашых працоўных руках не было. А вось пагроза эпiдэмii нам здавалася рэальнай. Дзяўчынкi з Кiшынёва вырашылi застацца (яны прыехалi на некалькi дзён пазней за нас), а мы раптам з цьмянай трывогай узгадалi пра сваю экзаменацыйную сесiю i сабралiся дадому.

Выехаць аказалася не проста. З першага погляду — не з-за грошай. Нам, як усiм жадаючым, далi даведку, у якой пазначалася, што мы падчас землятрусу знаходзiлiся ў Ленiнакане i таму маем права без дакументаў i бясплатна перамяшчацца ў любы пункт Савецкага Саюза i на любым вiдзе транспарту. На аўтобус нерэальна было патрапiць на працягу яшчэ некалькiх дзён — столькi на яго было жадаючых. I таму мы разам з яшчэ двума мужчынамi селi на таксi. Я — наперадзе, мой муж i нашы спадарожнiкi — на заднiм сядзеннi.

Ленiнакан знаходзiцца ў 126 кiламетрах ад Ерэвана. Вадзiцелем таксi быў тоўсты прадпрымальны грузiн. Тое, што ён прыехаў сюды, каб падзарабiць, я зразумела, калi нашы спадарожнiкi папрасiлi iх высадзiць на палове дарогi. Вадзiцелю гэта страшна не спадабалася, ён нават выйшаў з машыны i схапiў аднаго з пасажыраў за грудкi. Ён гучна нешта крычаў на сваёй мове, тым не менш, я здагадалася пра сэнс яго слоў i не на жарт спужалася. Калi гэты чалавек гатовы бiцца з двума мужчынамi, якiя заплацiлi яму палову ад таго, што ён чакаў, што ён зробiць з намi, хударлявымi немясцовымi студэнтамi, якiя не збiраюцца яму плацiць увогуле?!

Адно я ведала цвёрда. Пакуль мы не прыедзем у людную мясцовасць, дзе нас складана будзе забiць, наш вадзiцель не павiнен ведаць праўду пра нашу плацежаздольнасць. Увесь астатнi шлях я iмкнулася выклiкаць прыхiльнасць таксiста да нас з мужам. Я пачала здалёк. Расказала, што ў нас мядовы месяц. Пра Мiнск расказала, пра Беларусь. Ён ведаў Беларусь i Мiнск, асаблiва Камароўку, бо гандляваў там ботамi. Тады я расказала пра наша студэнцкае жыццё, пра тое, як мы пазнаёмiлiся, пажанiлiся, як даведалiся пра землятрус. Расказала пра тое, што рабiлi ў Ленiнакане, а па меры таго, як мы наблiжалiся да Ерэвана, я ўсё блiжэй даходзiла ў сваiм аповедзе да Фрунзiка, якi даў нам грошы на аўтобусны бiлет, i да даведкi, па якой мы можам цяпер бясплатна вярнуцца ў Мiнск... Ужо вакол былi дамы, мы ўязджалi ў горад, калi наш кiроўца быццам перастаў дыхаць. Я ацанiла сiтуацыю, з палёгкай заўважыўшы, што калi трэба будзе выскокваць на хаду, то шанц выратавацца ў нас ёсць.

Нарэшце таксiст, не паварочваючы галавы, i не пачаўшы дыхаць, задаў пытанне:

— А ў Ерэване вам куды трэба?

— Мы некаторыя рэчы пакiнулi ў Фрунзiка, — мы назвалi вулiцу, — а потым нам трэба ў аэрапорт...

I тут грузiн засмяяўся. Прычым ён так смяяўся, што дыхаць на некалькi хвiлiн перастала я. З iм проста здарылася iстэрыка. Ён раскачаўся ўсiм сваiм вялiзным тулавам i бiў рукамi па рулявому колу. А потым супакоiўся, выцер вочы i перапытаў адрас Фрунзiка. Праўда, пакуль муж мой бегаў па рэчы, таксiст спрабаваў угаварыць мяне з’ехаць з iм у Тбiлiсi, абяцаў цудоўнае жыццё, але я ветлiва адмовiлася, спаслаўшыся на моцнае каханне да мужа (Божа, як я ў думках малiлася, каб гэты самы муж хутчэй вярнуўся!). Потым ён давёз нас да аэрапорта i яшчэ даў пяцёрку, каб мы перакусiлi.

I мы, сапраўды, па сваiх даведках даехалi з перасадкай у Кiеве да Мiнска. Мы былi вельмi стомленыя, брудныя, ад нашых рэчаў iшоў моташны саладкаваты пах. Я ведала, што гэта за пах. Цяпер мне чамусьцi хацелася плакаць. I хацелася спаць у ложку з чыстай бялiзнай. I здавалася гэта недасягальным. А тым часам мае бацькi даведалiся ў дэканаце, што iх дачка паехала ў Ленiнакан не з будатрадам, а з уласным мужам. I мяне чакала цяжкая размова i ўвогуле няпросты перыяд у адносiнах з iмi, якi, цяпер, на шчасце, мiнуў.

Экзаменацыйную сесiю мы тады здалi, журфак потым скончылi, i ўжо праз год пасля ўзгаданых падзей у нас нарадзiўся першынец. 20-годдзе нашага вяселля мы адзначалi сцiпла. Зноў фiнансавыя цяжкасцi, канешне, часовыя, i трошкi пазней мы, мабыць, сходзiм у нейкi рэстаран. Галоўнае ж не ў гэтым, а ў тым, што мы пакуль разам. Калi шчыра, я вельмi хачу, каб так было заўсёды. Заручальныя пярсцёнкi мы, дарэчы, выкупiлi. А вось нi з Фрунзiкам, нi з дзяўчынкамi з Кiшынёва i нi з кiм iншым нi разу так i не сустрэлiся. Нi разу мы больш не былi i ў Арменii. А хочацца. I за кураня-табака з грузiнскай прыдарожнай кавярнi я шмат аддала б.

Ленiнакан, другi па велiчынi горад Арменii, з 1991 года стаў называцца Гюмры. Аказваецца, ён вельмi старажытны, яго ўзгадваў яшчэ ў VII стагоддзi да нашай эры грэчаскi военачальнiк Ксенафонт. У мяне ёсць мара — патрапiць туды. Убачыць, як ён аднавiўся. Прайсцiся па яго вулiцах, пастаяць на плошчы, паглядзець у светлыя твары яго жыхароў. Упэўнiцца, што ўсё добра. Мне здаецца, што калi б туды нейкiм неверагодным чынам сабралiся тыя, хто быў там 20 гадоў таму, тыя, хто аказаўся за гэтыя гады праз мяжу i нават праз некалькi межаў адзiн ад аднаго, то нешта тады б здарылася вельмi добрае. Нейкае кола замкнулася б. Нешта цяжкае, няправiльнае, тое, што раз’ядноўвае, скончылася б. Справа ж не ў межах, не ў назвах краiн, не ў тым, што называецца палiтыкай. Ёсць нешта вышэйшае за ўсё гэта, i яно яднае людзей, яно робiць усiх сапраўды блiзкiмi. Сэрца?

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

P.S. Землятрус у Арменii 1988 года лiчыцца самым буйным у гiсторыi Каўказа. Ён унёс жыццi больш за 25 тысяч чалавек. Пасля нашага ад’езду, на 17 суткi пасля землятрусу, у завалах былi знойдзены яшчэ два жывыя чалавекi.

Землятрус у Арменii 1988 года лiчыцца самым буйным у гiсторыi Каўказа. Ён унёс жыццi больш за 25 тысяч чалавек. Пасля нашага ад’езду, на 17 суткi пасля землятрусу, у завалах былi знойдзены яшчэ два жывыя чалавекi.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Быццам бы i не было гэтых 20 гадоў. Але. Мы жывём у iншай краiне, i ў нас нарадзiлiся i ўжо амаль выраслi дзецi. Старэйшаму сыну на наступным тыднi сп
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика