Упасцi ўверх
Упасцi ўверх
Што я магу сказаць пра нашы адносiны? Што яны былi дзiўнымi... Не ў сэнсе цудоўнымi. А проста не падобнымi нi на якiя iншыя. Што ў нас была вялiкая, а з майго пункту погляду, дык нават велiзарная рознiца ва ўзросце — i, на жаль, не на маю карысць. Хоць я з лёгкасцю несла на сабе свае 30 з "хвосцiкам", дакладней, з доўгiм-доўгiм "хвастом", якi ўжо практычна падпiраў наступную — юбiлейную — лiчбу. А ён... Ён быў вельмi маладым. Яму было... Не, не будзем пра гэта. Лепш я раскажу, як мы пазнаёмiлiся. Звычайным летнiм днём, у перапоўненым гарадскiм аўтобусе. Я стаяла побач з выхадам, на верхняй прыступцы, зацiснутая з усiх бакоў потнымi пасажырамi. Была апранутая ў свае любiмыя джынсы i маечку, вельмi адкрытую... Стаяла i глядзела ў акно — на вулiцу, на пешаходаў, якiя таксама пакутавалi ад спякоты, на кволыя каштаны, пакрытыя шэрым пылам... І раптам адчула, што мяне таксама нехта разглядае — не проста пiльна, а нават нахабна. I гэты нехта стаiць на нiжняй прыступцы. Я не адношуся да катэгорыi танкаскурых жанчын, якiя з любой нагоды чырванеюць i страчваюць прытомнасць, а iмкнуся глядзець праўдзе ў вочы, нават калi гэта "праўда" знаходзiцца на тры прыступкi нiжэй. Я зазiрнула ў яго вочы... i страцiла прытомнасць, i ўпала ў iх, i даляцела да самага дна. I там, на дне, зведала ўсё — i асалоду падзення, i велiч паражэння, i радасць болю. Гэта быў на ўсе сто працэнтаў МОЙ мужчына. Настолькi, што нi мне, нi яму не давялося нiчога тлумачыць адно аднаму. У яго позiрку было ўсё. А я проста не адвяла вачэй. Цi трэба гаварыць, што на наступным прыпынку мы выйшлi з аўтобуса разам? I проста пакрочылi ў невядомым напрамку. Ён паведамiў пра сябе не шмат. Расказаў, што займаецца рамонтам камп’ютараў i ўсялякай тэхнiчнай драбязы, што ездзiць у асноўным па прыватных выклiках. (Я назвала яго тады "хлопчыкам па выклiках" — пажартавала). Што жыве з бацькамi. I нарэшце пра тое, што нядаўна — два месяцы таму — разышоўся з каханай дзяўчынай i вельмi востра перажываў гэту страту... Прызнанне мяне кальнула, быццам у сэрца ўвагналi цвiк — яно страсянулася ад рэўнасцi да незнаёмкi. Я адразу i вельмi дакладна, ва ўсiх падрабязнасцях, уявiла сабе iх адносiны. I адначасова — сваю магчымую ролю ў яго цяперашнiм жыццi. Я ведала пра гэту незай- здросную ролю — быць "камiзэлькай", у якую плачуць. Быць першай жанчынай пасля той, якая пакарысталася i кiнула, i пайшла далей смеючыся. Мне не хацелася станавiцца для яго насоўкай, я не мела нiякага жадання выслухоўваць споведзi пра чужое шчасце i ператварацца ў адушаўлёны прадмет, якi ўвесь час параўноўваюць з былым iдэалам. Як кожнаму нармальнаму чалавеку, мне хацелася пабудаваць сваё шчасце. I я вырашыла не здавацца да апошняга, не прызнавацца ў пачуццях. Ва ўсякiм разе, не рабiць гэта першай. Я прыдумала гульню ў "сяброўства" i вызначыла для сябе ролю "блiзкай прыяцелькi" — вельмi блiзкай, але ўсё ж не да канца блiзкай. Такое становiшча прымушала ўвесь час насiць маску, затое адкрывала шмат розных шляхоў да нязмушанага зблiжэння — самых цнатлiвых, сяброўскiх. н падхапiў гэту гульню "на мяжы", у ёй была пэўная доля рызыкi, а мужчыны, як вядома, любяць рызыкаваць. Я тэлефанавала яму ўдзень, ён мне — па начах. Мы размаўлялi без перапынку па гадзiне, а то i па дзве. На правах сяброўкi я распытвала ў яго пра асабiстае жыццё, а ён — на правах сябра — дзялiўся са мной усiмi яго "нюансамi". Спачатку — асцярожна i навобмацак, быццам правяраючы маю рэакцыю... Якая магла быць рэакцыя ў сяброўкi? Як i належыць, я захаплялася яго геройствам, ухваляла яго прынцыпы, жывiла яго самаўпэўненасць... Суцяшала, падбадзёрвала, падбухторвала да новых прызнанняў... Магчыма, ён быў вельмi наiўным. А магчыма, наадварот, празмерна вопытным i цынiчным... Ва ўсякiм разе, лёгка глытаў "прынаду", i нашы размовы па тэлефоне станавiлiся ўсё больш давяральнымi. Прычым слухачом была я, а ён выступаў як расказчык. Чаго мне каштавала такая яго адкрытасць? Спытайце што-небудзь больш лёгкае. Я ўжо ведала напамяць iмёны i адрасы ўсiх жанчын, якiм ён "чынiў камп’ютар" i... усё астатняе. Ён гаварыў пра гэта проста, як пра нешта звыклае — часам з халадком, часам здзеклiва, адпускаючы не надта прыстойныя каментарыi ў адрас сваiх "клiентак"... Некаторыя з iх яму падабалiся, i ён прыходзiў туды па другiм разе. Па трэцiм — нiколi. "Па трэцiм — ужо заканамернасць, а гэта нецiкава", — хрыплавата смяяўся ён у тэлефонную трубку, набраўшы мой нумар апоўначы, i я смяялася разам з iм. Смяялася i плакала адначасова — толькi слёз ён не бачыў. Я спальвала сябе зажыва, я гарэла на вогнiшчы кахання — моўчкi i з высока ўзнятай галавой. Часам мне здавалася, што ён усё разумее. Але па нейкай прычыне таксама не хоча выходзiць за межы гульнi. Знайсцi прычыну гэтага нежадання не ўяўляла цяжкасцi — памiж намi была, як мне падавалася, бездань. I бездань непераадольная — дзесяць гадоў рознiцы ва ўзросце... Здавалася б, якое глупства — па сучасных меркаваннях. Але нават на iмгненне, нават на сотую долю секунды я не магла дапусцiць, што ён парушыць межы гульнi i наблiзiцца да мяне толькi з цiкаўнасцi, як вытанчаны эксперыментатар... За ўвесь час нашага знаёмства мы сустракалiся ўсяго два разы — можна сказаць, па справах. Ён наладжваў мой новы камп’ютар — сапраўды наладжваў, без усякiх "глупстваў". А я ад самога факту яго прысутнасцi ў маёй кватэры разгубiлася так, што не асмелiлася прапанаваць нават кубачак кавы (хоць сапраўдныя сябры, безумоўна, так сябе не паводзяць). Але аднойчы ён патэлефанаваў мне днём — насуперак сваёй звычцы. Сказаў, што яму дрэнна, што яго ўсё "дастала" i што нiхто ў свеце не разумее яго так, як я. "Давай куды-небудзь сходзiм", — прапанаваў ён нарэшце. I хуценька дадаў, папярэджваючы адмову: "Гэта нi да чаго цябе не абавязвае. Проста сяброўская вячэра". Мне хацелася крыкнуць у трубку, што я даўно на ўсё згодна i вельмi хачу, каб у дачыненнi да яго ў мяне з’явiлiся хоць нейкiя абавязкi... Але як жанчына выхаваная я прамаўчала. Проста сказала "дзякуй" i ўдакладнiла, калi i ў колькi ён за мной заедзе. Цi трэба гаварыць, што два днi, якiя аддзялялi мяне ад запаветнага спаткання, я правяла, як у сне? Куды б нi iшла, што б нi рабiла, я думала пра тыя прыемныя наступствы, якiя звычайна выцякаюць з кубачка кавы. Я правяла дзве гадзiны ў цырульнiка — вынiкам нашых сумесных пакутаў сталi "жывенькiя" вогненныя пасмачкi, закручаныя кольцамi i раскiданыя па маiх плячах. Столькi ж часу пайшло на касметолага i манiкюрку... Два днi я практычна нiчога не ела — проста не магла. I амаль зусiм не спала, таму што сон раз’ядноўваў мяне з маiмi марамi i прадчуваннямi, з якiмi я не хацела развiтвацца нi на iмгненне. За гадзiну да меркаванага выхаду я сядзела на сваiм працоўным месцы i спапяляла вачыма экран мабiльнага, на якiм высвечваўся час. Перыядычна мне здавалася, што электронны гадзiннiк сапсаваўся, сканаў, не вытрымаўшы напружання i ўскладзеных на яго спадзяванняў. Тады я здымала тэлефонную трубку i пачынала набiраць нумар аўтаадказчыка, але час не збiраўся прыспешваць свой ход... У шэсць гадзiн ён не патэлефанаваў. Як не патэлефанаваў нi ў сем, нi ў восем... Званок прарэзаў цiшыню каля дзевяцi вечара — я па-ранейшаму сядзела за сваiм сталом, утаропiўшыся позiркам у маленькую, ледзь прыкметную дзiрачку ад цвiка ў сцяне насупраць... Ён пазванiў не для таго, каб апраўдацца цi папрасiць прабачэння. Ён нават не ўзгадаў пра тое, што мы павiнны былi некуды iсцi. Ён наогул не зразумеў, што здарылася нешта непапраўнае, — не для яго, безумоўна, а для мяне. Быў, як заўсёды, мiлым, клапатлiвым, уважлiвым. Пацiкавiўся школьнымi справамi маёй дачкi. Параiў паглядзець фiльм з вядомым кiнаакцёрам, якi павiнен быў iсцi па тэлевiзары позна ўвечары... Сказаў, што ў мяне чароўны голас i што са мной яму цёпла i ўтульна, як... з сапраўдным сябрам. Што сустрэць такога чалавека ён марыў усё жыццё i з ахвотай падзелiцца са мной усiмi радасцямi i бедамi... Па тэлефоне. Што я таксама магу званiць яму, калi пажадаю, у любы час сутак — ён будзе шчаслiвы выслухаць мяне i даць параду. Што сяброўства памiж мужчынам i жанчынай — тая рэдкая ўдача, якая не кожнаму выпадае. Гэта значна лепш за каханне, у якое ён даўно не верыць... Каханне — рэч мiмалётная, а сябраваць можна доўга, усё жыццё. Каханне часта прынiжае, а сяброўства ўзвышае... Па вокнах барабанiлi кроплi дажджу... Я раптам падумала, што пры такой раскладцы нармальны мужчына, у якога ёсць аўтамабiль i гадзiннiк перад вачыма, проста забраў бы мяне з работы i адвёз дадому. Без лiшнiх размоў. ... Ён яшчэ месяцы з два тэлефанаваў, а потым перастаў. Шчыра кажучы, я не шкадавала. Мне стала не надта цiкава "гуляць" у сяброўства з чалавекам, якi больш не выклiкаў у мяне нiякiх пачуццяў. Напэўна, ён так i не зразумеў, што памiж намi iснавала не толькi сяброўства... Наталля УЛАДЗIМIРАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што я магу сказаць пра нашы адносiны? Што яны былi дзiўнымi... Не ў сэнсе цудоўнымi. А проста не падобнымi нi на якiя iншыя. Што ў нас была вялiкая, а |
|