У Паставах памятаюць пра Першую сусветную
У Паставах памятаюць пра Першую сусветную
Горкую чашу Першай сусветнай вайны давялося выпiць жыхарам Пастаўшчыны, бо каля двух гадоў калючы дрот падзяляў край папалам: лiнiя размежавання рускiх i нямецкiх войскаў праходзiла праз вёскi Свiлелi, Ярэва, Мажэйкi, Паставы, Задзеўе, Споры, Чэцверць. З нагоды гэтай падзеi ў Паставах днямi прайшла мiжнародная канферэнцыя "Першая сусветная вайна: трагедыя, гераiзм, памяць, прымiрэнне", для ўдзелу ў якой прыехалi навукоўцы i даследчыкi з Санкт-Пецярбурга, Мiнска, Вiлейкi, Смаргонi, Мядзела, а таксама выступалi з дакладамi мясцовыя краязнаўцы. Інiцыятарамi i арганiзатарамi правядзення форуму сталi Пастаўскi райвыканкам i Пастаўскi раённы краязнаўчы музей. У першы дзень канферэнцыi ў ваколiцах Паставаў на ўскрайку вёскi Сiўцы адбылося адкрыццё помнiка ахвярам Першай сусветнай вайны. Яго ўсталявалi на месцы могiлак, на якiх знайшлi свой апошнi спачын як рускiя, так i германскiя вайскоўцы. На масiўным валуне выбiты надпiс "Вечная слава загiнулым воiнам у гады Першай i Другой сусветных войнаў". Побач з iм захаваўся i даўнейшы знак-сiмвал пахавання — невялiкi драцяны крыж. Адкрыццё помнiка адбылося сцiпла, але ўрачыста: ганаровая варта, ускладанне вянкоў, кароткiя прамовы афiцыйных асобаў, залпавыя стрэлы з аўтаматаў як данiна памяцi палеглым тут салдатам Вялiкай вайны. Пасля гэтага ўдзельнiкi канферэнцыi адправiлiся ў памятную экскурсiю па месцах масавых пахаванняў часоў Першай сусветнай на тэрыторыях Пастаўскага i Мядзельскага раёнаў. Шлях пралягаў праз вёскi Шабаны, Нарач (былы Кабыльнiк), Пронькi, Калодзiна, Гаць, Брусы, Баяры. У час паездкi ўдзельнiкi агледзелi некропалi рускiх i германскiх салдатаў, усклалi вянкi да помнiкаў, на галiнках сосен i на крыжах магiл рускiх вайскоўцаў павязалi георгiеўскiя стужкi. На другi дзень удзельнiкi канферэнцыi прадоўжылi сваю працу ў зале пасяджэнняў райвыканкама, дзе сабралася даволi многа ахвотнiкаў паслухаць даклады i паглядзець вiдэаматэрыялы, якiя асвятлялi розныя аспекты той Вялiкай вайны. Вынiкi сваiх даследаванняў прапанавалi ўвазе слухачоў не толькi прафесiйныя гiсторыкi, але i аматары-краязнаўцы розных прафесiй — журналiсты, настаўнiкi, энергетыкi, мастакi, вайскоўцы, прычым iх паведамленнi нi ў чым не саступалi дакладам навукоўцаў. Госцi з Расii паказалi ўдзельнiкам форуму дзве серыi шматсерыйнага дакументальнага фiльма пра падзеi Першай сусветнай, здымкi якога яшчэ працягваюцца i будуць скончаныя вясной наступнага года. Такiм чынам, пастаўчане сталi яго першымi гледачамi. Падводзячы вынiкi канферэнцыi, яе арганiзатар i вядучая, намеснiца старшынi райвыканкама А. Кейзiк, выказала спадзяванне, што факт правядзення ў Паставах мiжнароднай канферэнцыi i яе матэрыялы выклiкаюць рэзананс у грамадстве, звернуць увагу да падзей i помнiкаў Першай сусветнай вайны, стануць падставай для далейшых пошукаў i арганiзацыi аховы ўсiх памятак той трагiчнай старонкi гiсторыi. I. ПРАКАПОВIЧ, член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, краязнаўца. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Горкую чашу Першай сусветнай вайны давялося выпiць жыхарам Пастаўшчыны, бо каля двух гадоў калючы дрот падзяляў край папалам: лiнiя размежавання рускi
|
|