З другой спробы
З другой спробы
Дэпутаты зноў ратыфiкавалi адхiленае верхняй палатай пагадненне аб заснаваннi, прывiлеях i iмунiтэтах прадстаўнiцтва Еўракамiсii ў Беларусi Дакумент быў падпiсаны 7 сакавiка гэтага года ў Брусэлi з мэтай далейшага ўмацавання i развiцця сяброўскiх адносiнаў i супрацоўнiцтва памiж Беларуссю i Еўрапейскiмi супольнасцямi. Паводле пагаднення на тэрыторыi, Беларусi мяркуецца заснаваць Прадстаўнiцтва Камiсii Еўрапейскiх супольнасцяў. Еўрапейскiя супольнасцi правамоцныя заключаць кантракты, набываць ва ўласнасць i распараджацца маёмасцю ў той стуаенi, у якой гэта неабходна для эфектыўнага выканання iмi сваiх функцый, у адпаведнасцi з заканадаўствам краiны, здзяйсняць працэсуальныя дзеяннi. Кiраўнiк i члены Прадстаўнiцтва Еўракамiсii, а таксама члены iх сем’яў, што жывуць разам з iмi, карыстаюцца на тэрыторыi Беларусi тымi правамi, прывiлеямi i iмунiтэтамi, а таксама выконваюць такiя абавязкi, якiя вызначаны Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносiнах. Аналагiчны аб’ём дыпламатычных iмунiтэтаў i прывiлеяў надаецца Прадстаўнiцтву Беларусi пры Еўрапейскiх супольнасцях, якое адначасова з’яўляецца i пасольствам нашай краiны ў Бельгii. Пагадненне часова прымяняецца з даты яго падпiсання i ўступае ў сiлу з даты атрымання Камiсiяй Еўрапейскiх супольнасцяў апавяшчэння аб выкананнi Беларуссю неабходных для гэтага ўнутрыдзяржаўных працэдур. У першы раз пагадненне было ратыфiкавана дэпутатамi ў чэрвенi, аднак Савет Рэспублiкi адпаведны законапраект адхiлiў. У профiльнай камiсii нiжняй палаты прыйшлi да высновы, што прававых падстаў для адхiлення законапраекта не было. Пытанне для сенатараў заключалася толькi ў заўчаснасцi ратыфiкацыi такога мiжнароднага дагавора. Выступаючы ў Авальнай зале, член камiсii па мiжнародных справах i сувязях з СНД Валянцiна Леоненка адзначыла "тэндэнцыю да ўстанаўлення ўзаемавыгаднага супрацоўнiцтва з краiнамi Еўрапейскага рэгiёна", у сувязi з чым ратыфiкаваць такое пагадненне мэтазгодна. "Камiсiя лiчыць, што пагадненне адпавядае нацыянальным iнтарэсам нашай краiны, дазволiць накiраваць узаемадзеянне Беларусi i Еўрапейскай супольнасцi ў iнстытуцыянальнае рэчышча, забяспечыць больш эфектыўнае ўзаемадзеянне бакоў у сферы агульных iнтарэсаў". Дэпутат таксама развеяла асцярогi калег аб магчымасцi паўторнага адхiлення законапраекта верхняй палатай: "Праблема была ў тым, што патрэбны быў час для членаў Савета Рэспублiкi, каб удакладнiць некаторыя пытаннi. Зараз ужо ўсё удакладнена". Дзяржаўная ахова Начальнiк Службы бяспекi Прэзiдэнта Андрэй Уцюрын упэўнены, што калi ахове даводзiцца прымяняць зброю, гэта сведчыць аб яе некампетэнтнасцi Законапраект аб дзяржаўнай ахове, прыняты дэпутатамi ў першым чытаннi, рэпрэзентаваў у Авальнай зале Андрэй Уцюрын — начальнiк Службы бяспекi Прэзiдэнта. Ён звярнуў увагу на тое, што ўпершыню ўводзiцца права на дабраахвотную часовую адмову ад дзяржаўнай аховы. Як патлумачыў спадар Уцюрын, на практыцы бываюць выпадкi, калi ахоўваемая асоба не мае патрэбы ў ахове — напрыклад, на адпачынку. У адпаведнасцi з законапраектам служба абавязана "на свой страх i рызыку" выканаць такiя патрабаваннi ахоўваемай асобы. Пры гэтым служба бяспекi працягвае несцi юрыдычную адказнасць за бяспеку ахоўваемай асобы. Да прыкладу, часовыя адмовы ад дзяржаўнай аховы прымяняюцца ў суседняй Расii. У гутарцы з журналiстамi ён падкрэслiў, што дакумент уключае ў сябе ўсе аспекты аховы бяспекi кiраўнiка дзяржавы. Законапраект адпавядае сучасным рэалiям у адрозненне ад ранейшых дакументаў, на час прыняцця якiх дзяржаўнай аховай займаўся КДБ. Служба ж была сфармiраваная пасля абрання прэзiдэнта. Андрэй Уцюрын зрабiў акцэнт на прыярытэце папераджальных захадаў у ахове, прыгадаўшы прыказку аб тым, што хваробу лепш папярэдзiць, чым лячыць. "Калi службе бяспекi даводзiцца прымяняць зброю, гэта сведчыць аб некампетэнтнасцi службы бяспекi". Ён падкрэслiў важнасць спынення тэрарыстычных памкненняў на першапачатковай стадыi — злачынцу нельга дапусцiць у раён правядзення мерапрыемства. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэпутаты зноў ратыфiкавалi адхiленае верхняй палатай пагадненне аб заснаваннi, прывiлеях i iмунiтэтах прадстаўнiцтва Еўракамiсii ў Беларусi Дакумент
|
|