21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Першая чытанка ў дэфiцыце

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першая чытанка ў дэфiцыце

Сітуацыя

 

Снежань лiчыцца месяцам пошуку падарункаў, а ў сваю чаргу лепшым падарункам заўсёды была кнiга. Варыянт цiкавы i нiбыта не складаны, здавалася б, праблема дэфiцыту тут засталася яшчэ ў савецкiх часах. Аднак рэалii аказалiся iншымi. На ўласным вопыце давялося пераканацца: знайсцi добрую кнiгу сёння не так проста. І асаблiва кнiгу для дзяцей на беларускай мове.

Пра мову "ўзгадваем" у... школе

11 гадзiн, сталiчная "Кнiгарня пiсьменнiка". Пакупнiкоў амаль няма, хтосьцi набывае калядныя паштоўкi, хтосьцi пытаецца пра мiфы Старажытнай Грэцыi. У аддзеле беларускамоўнай лiтаратуры — цiшыня. На самым бачным месцы тут вядомая серыя "Школьнай бiблiятэкi", знаёмыя ўсiм "праграмныя" i адначасова класiчныя творы Янкi Брыля, Змiтрака Бядулi, Васiля Быкава, Уладзiмiра Караткевiча, Янкi Купалы, Якуба Коласа, Iвана Мележа, Iвана Шамякiна. Палiца з кнiгамi для дашкольнiкаў выглядае нашмат больш сцiпла.

Беларускамоўных "чытанак для самых маленькiх" патрапiла налiчыць крыху больш за два дзясяткi, розных аб’ёмаў i аўтараў, зноў-такi па розных коштах. Апошнiя збольшага вагаюцца ў межах 4-6 тысяч рублёў, праўда, кошт на асобныя больш новыя i яскравыя выданнi ўзрастае цi не ўтрая. Што ж непасрэдна да асартыменту, то, у прыватнасцi ў кнiгарнi, можна набыць някепскiя зборнiкi беларускiх легендаў i паданняў, сербскiя народныя казкi i казакi народаў Еўропы, "Прыгоды марахода" Уладзiмiра Мазго, "Чароўнае вочка" Уладзiмiра Карызны, "Палёт з Карлсанам" Нiны Галiноўскай, "Чыж вярнуўся з-за мяжы" Уладзiмiра Марчука, "Адзiны ў свеце край" Валянцiна Лукшы, "Прыгоды мышкi Пiк-пiк" Ларысы Рублеўскай, "Бабрыную навуку" Мiколы Бусько, "На каго сварыўся гром" Мiколы Чарняўскага, "Прыгоды нулiка" Уладзiмiра Лiпскага, "Скаргу крутога ката" Iосiфа Рогаля, "Вясёлы карагод" Анатоля Прохарава, "Прыгоды маленькай машынкi" Наталлi Букчынскай, "Зялёнае лета" Таццяны Сучковай i Станiслава Валодзькi... Словам, выбар нiбыта ёсць. Аднак праводзiць якiя-небудзь паралелi з дзiцячай лiтаратурай на рускай мове тут усё ж недарэчна.

— Я не скажу, што беларускай кнiгай нiхто не цiкавiцца, але практыка паказвае, што звычайна iнтарэс узнiкае тады, калi дзiця ўжо пайшло ў школу, — заўважае прадавец кнiгарнi Алеся. — А вось попыт на выданнi для самых маленькiх нашмат меншы. Чаму? Напэўна, перш-наперш гэта пытанне — да бацькоў.

Менш яскрава, большы кошт

Потым былi кнiгарнi "Цэнтральная" i "Светач", была "Акадэмкнiга". Вынiк атрымаўся практычна аднолькавым — беларускамоўных выданняў для дашкольнiкаў у сталiцы няшмат. Прычым наведванне крамаў дазволiла зрабiць некалькi агульных заўваг.

Па-першае, на рынку назiраецца вiдавочны дэфiцыт беларускiх дзiцячых кнiг з яскравым афармленнем на цвёрдай паперы — таго, чым у першую чаргу прываблiваюць расiйскiя выдавецтвы. Па-другое, беларускiя "чытанкi" маюць крыху больш высокi кошт. А па-трэцяе, трэба адзначыць, што некаторыя айчынныя кнiгi ляжаць на палiцах... яшчэ з 2001—2003 гадоў. Прычым гэта — тэма таго ж попыту. Як, дарэчы, i яшчэ адно назiранне — беларускамоўнае дзiцячае выданне практычна нерэальна знайсцi на традыцыйных кнiжных кiрмашах сталiцы.

Некамерцыйны варыянт?

Спрачацца аб тым, залежыць попыт ад прапановы цi наадварот, можна бясконца. Тым не менш праблема з беларускамоўнай дзiцячай кнiгай вiдавочна iснуе. Таму па каментарый карэспандэнт "Звязды" вырашыў звярнуцца ў Мiнiстэрства iнфармацыi.

— Сапраўды, дзiцячай лiтаратуры выпускаецца значна менш, чым яшчэ 7-8 гадоў таму, — зазначае намеснiк мiнiстра Iгар Лапцёнак. — I прычыны тут вядомыя: раней былi iншыя эканамiчныя ўмовы, выдзялялася больш сродкаў, iснавала асобнае выдавецтва "Юнацтва". Але потым малюнак змянiўся, i ў нечым гэта стала вынiкам аб’ектыўных акалiчнасцяў — iнтарэс да кнiгi знiзiўся, дзецi сталi аддаваць перавагу камп’ютарам, а на гэта не мог не адрэагаваць рынак. Плюс да таго, айчынныя выдаўцы сутыкнулiся з большай канкурэнцыяй з боку расiян. Мы вырабляем прыкладна 12,5 тысячы назваў кнiг, Расiйская Федэрацыя — больш за 100 тысяч. Да таго ж, з улiкам колькасцi патэнцыяльных чытачоў, расiяне маюць магчымасцi рабiць 70-100-тысячныя тыражы i, адпаведна, вызначаць меншы кошт на адну кнiжку.

Зразумела, што выданне кнiг не прыпынiлася. Прыкладам, калi ў 2002 годзе знiкла фiнансаванне вядомай серыi "Школьная бiблiятэка", у якой было выдадзена 336 назваў кнiг агульным тыражом 7,3 мiльёна экзэмпляраў, з’явiлася альтэрнатыва. Каб забяспечыць дзяцей перш-наперш "праграмнымi" творамi, наша "Мастацкая лiтаратура" самастойна, на свой страх i рызыку распачала выданне "Бiблiятэкi школьнiка" i падрыхтавала 44 назвы кнiг агульным тыражом 124 тысячы экзэмпляраў. Прычым з наступнага года, калi адновiцца дзяржаўнае фiнансаванне "Школьнай бiблiятэкi", абедзве гэтыя серыi будуць iснаваць паралельна.

Не менш адметным вынiкам апошняга часу стала вырашэнне пытання з забеспячэннем лiтаратурай школьных бiблiятэк, з мiнулага года абнаўленне iх фондаў робiцца нашмат больш актыўна. Аднак паўтаруся: сiтуацыя з выданнем дзiцячых кнiг застаецца даволi складанай, праблем тут хапае. I цi не галоўная з iх — невысокая запатрабаванасць. На палiцах усё яшчэ застаецца шмат кнiг выдання 1999—2003 гадоў, нават з 3-тысячнага тыражу купалаўскага зборнiка "З кутка жаданняў", што пабачыў свет у 2006 годзе, дагэтуль лiчацца ў гандлёвых рэштках 1287 экзэмпляраў. Падобны прыклад — далёка не адзiны. Прычым той жа попыт шмат у чым вызначае пазiцыю бiблiятэк: на гэты год яны падалi заяўкi толькi на 18, а на наступны год — на 22 творы дзiцячай беларускамоўнай лiтаратуры.

— Продаж любой прадукцыi не ў першую чаргу залежыць ад якасцi. Мiж тым, не сакрэт: у першую чаргу любое дзiця звяртае ўвагу на малюнкi i афармленне кнiгi. Чаму тут мы значна саступаем тым жа расiянам?

— У Беларусi ёсць добрыя мастакi, ёсць па-сапраўднаму прыгожыя выданнi — па палiграфiчным выкананнi, iлюстрацыйных матэрыялах айчынныя вытворцы рэгулярна становяцца пераможцамi мiжнародных конкурсаў, i ў тым лiку найбольш прэстыжнай кнiжнай выставы ў Франкфурце-на-Майне. Аднак добрае афармленне — гэта дадатковыя выдаткi. А завышаць сабекошт, з улiкам зноў-такi канкурэнцыi з боку расiян, не выпадае. Тым больш, што даводзiцца канстатаваць як факт: уласнай вытворчасцi найбольш прыдатнай для дзiцячай кнiгi шчыльнай паперы ў нас няма.

— Асобная гаворка аб аўтарах. Узровень лiтаратуры — часам яшчэ адзiн аргумент "супраць". Магчыма, ёсць сэнс надаваць больш увагi перакладам?

— Я цалкам згодны з Максiмам Горкiм, якi некалi сказаў: "Для дзяцей трэба пiсаць гэтаксама, як i для дарослых — толькi лепш". На жаль, на гэты заклiк сапраўды можа адгукнуцца далёка не кожны пiсьменнiк, асабiста я магу назваць 10-20 iмёнаў. Аднак што да прапановы запоўнiць "прагал" за кошт перакладных дзiцячых твораў, то тут таксама iснуюць сумненнi. I звязаныя яны з якасцю, прынамсi, давялося сустракацца з перакладамi, якiя зробленыя не сучаснай мовай i нават не "тарашкевiцай", а нейкай па сутнасцi дыялектнай гаворкай або "новамовай", што не стасуецца з нiякiмi правiламi.

— I ўсё ж цi рэальна кампенсаваць дэфiцыт беларускамоўнай дзiцячай кнiгi?

— Дзяржаўныя выдавецтвы выпускаюць прыкладна да 150 найменняў штогод, прычым найбольш удалыя праекты прызнаюцца сацыяльна значнымi i атрымлiваюць датацыi — тады чытач можа набыць кнiжку недзе на 30-50 працэнтаў танней за яе сабекошт. Разам з тым дзяржаўных выдавецтваў усяго пяць. Тады як лiцэнзiю на друкаванне кнiг маюць каля 700 суб’ектаў гаспадарання нашай краiны, а сярод iх займаюцца дзiцячай лiтаратурай толькi адзiнкi. Адпаведна, калi б кожны выдавец зрабiў усяго па адной дзiцячай кнiжцы ў год, мы б мелi зусiм iншую раскладку. Аднак з нашага боку мы можам хiба што звярнуцца да выдаўцоў з падобным заклiкам — дыктаваць што-небудзь прыватнiку нельга.

Замест пасляслоўя

Недахоп аўтараў, рэкламы, пэўнага патрыятызму? Зрэшты, няхай кожны паспрабуе паставiць "дыягназ" сам. Пакуль жа сiтуацыя зразумелая. I парадаксальная адначасова. Падчас апошняга перапiсу насельнiцтва больш за 80 працэнтаў грамадзян краiны назвалi роднай беларускую мову, а кожны трэцi паведамiў, што карыстаецца беларускай мовай дома. I ў той жа час малюнак у кнiгарнях — зусiм iншы.

Сяргей ГРЫБ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Снежань лiчыцца месяцам пошуку падарункаў, а ў сваю чаргу лепшым падарункам заўсёды была кнiга. Варыянт цiкавы i нiбыта не складаны, здавалася б, праб
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика