Руплівасць i беражлiвасць становяцца асновай эканамiчнай палiтыкi
Руплівасць i беражлiвасць становяцца асновай эканамiчнай палiтыкi
Учора Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка пабываў з рабочым вiзiтам у Мiнскай вобласцi i ўзяў удзел у цырымонii пуску прыроднага газу ў Беразiне. З’яўленне цэнтральнага газазабеспячэння ў гэтым горадзе завяршыла працэс газiфiкацыi райцэнтраў у нашай краiне. Разам з тым у блiжэйшы час запланавана зрабiць яшчэ шмат, каб прыродны газ дайшоў да кожнага канкрэтнага спажыўца. Газiфiкацыя ўсiх 118 раённых цэнтраў рэспублiкi, заўважыў кiраўнiк дзяржавы, была нялёгкай справай. Упершыню газ прыйшоў у краiну ў 1960 годзе, калi быў уведзены ў эксплуатацыю магiстральны газаправод "Дашава — Мiнск". Прычым у савецкiя часы ў асноўным газiфiкавалiся толькi тыя населеныя пункты, што прылягалi да трасы магiстральнага газаправода, паколькi будаўнiцтва i эксплуатацыя газаправодаў — справа няпростая i дарагая. Натуральна, гэта не спрыяла раўнамернаму развiццю рэгiёнаў, асаблiва малых гарадоў i вёсак, што негатыўна адбiвалася i на дабрабыце iх жыхароў. "Таму, — падкрэслiў Прэзiдэнт, — намi была пастаўлена мэта — газiфiкаваць усю краiну. Вырашэнне гэтай задачы запатрабавала ад нас неймаверных намаганняў, таму што пасля развалу Савецкага Саюза эканомiка краiны знаходзiлася ў глыбокiм крызiсе. Не хапала фiнансаў, тэхнiкi, iншых рэсурсаў". Тым не менш, нягледзячы на ўсе складанасцi, неабходныя рэсурсы былi знойдзены, i ўжо з 1995 года рэспублiка прыступiла да iнтэнсiўнай газiфiкацыi. Перш за ўсё, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, гэтыя работы былi разгорнуты ў палескiм рэгiёне, найбольш пацярпелым ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Людзi, што там пражывалi, асаблiва мелi патрэбу ў экалагiчна чыстым палiве. Да таго ж, заўважыў ён, былыя ўлады шмат часу абяцалi газiфiкаваць Палессе, стварыць дастойныя ўмовы жыцця для людзей. Аднак не ажыццявiлi гэтага. "Таму гэтыя планы давялося рэалiзоўваць нам", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паралельна праводзiлася газiфiкацыя на Магiлёўшчыне, Мiншчыне, у Гродзенскай i Вiцебскай абласцях, што дазволiла за 14 апошнiх гадоў пракласцi болей за 21 тысячу кiламетраў газаправодаў з 36 тысяч, якiя сёння знаходзяцца ў эксплуатацыi па краiне ў цэлым. Паводле словаў кiраўнiка дзяржавы, спажыўцамi "блакiтнага палiва" сталi мiльёны нашых грамадзян, тысячы прамысловых, сельскагаспадарчых i сацыяльных аб’ектаў. Толькi ў Мiнскай вобласцi газам забяспечаны 38 гарадоў i пасёлкаў гарадскога тыпу, 394 сельскiя населеныя пункты. За 2007—2008 гады са звадкаванага на прыродны газ у Мiнскай вобласцi пераведзеныя амаль 10 тысяч кватэр. Прэзiдэнт адзначыў, што магутным iмпульсам газiфiкацыi сельскай мясцовасцi стала рэалiзацыя Дзяржаўнай праграмы адраджэння i развiцця вёскi. Не так даўно пабудаваныя i ўведзеныя ў эксплуатацыю падвадныя газаправоды да гарадскога пасёлка Плешчанiцы Лагойскага раёна, трох аграгарадкоў Пухавiцкага, Смалявiцкага, Салiгорскага раёнаў. Да канца года прыродны газ атрымаюць жыхары яшчэ шасцi населеных пунктаў. Прыродны газ прыйшоў у курортны пасёлак Нарач, што дапаможа, на думку Прэзiдэнта, развiццю iнфраструктуры турыстычнай галiны перспектыўнага рэгiёна. У цэлым, падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка, на газiфiкацыю Мiншчыны прадугледжана накiраваць да 2011 года амаль 40 млрд рублёў, што дазволiць газiфiкаваць у аграгарадках вобласцi 10 тысяч кватэр. Кiраўнiк падзякаваў усiх удзельнiкаў будаўнiцтва газаправоду за тое, што яны выканалi яго даручэнне, дадзенае некалькi гадоў таму, i зрабiлi ўсё, каб парадаваць жыхароў Беразiно. "Яны працавалi сумленна, — сказаў Прэзiдэнт. — Таму што газаправод будаваўся ў складаных умовах, давялося пераадолець лясныя масiвы i балоты, змайстраваць 33 праходы цераз аўтадарогi i водныя перашкоды". У вынiку ў горадзе са звадкаванага на прыродны газ будуць пераведзеныя больш за дзве тысячы кватэр. У блiжэйшы час мяркуецца газiфiкацыя яшчэ дзвюх тысяч iндывiдуальных дамоў. Магчымасць выкарыстоўваць прыродны газ у якасцi палiва атрымаюць 14 вытворчых i сацыяльных аб’ектаў горада. Аднак, як праiнфармавалi кiраўнiка краiны, пакуль толькi адзiн з iх поўнасцю гатовы да прыёмкi газу. А таму Прэзiдэнт даручыў максiмальна паскорыць працу па астатнiх. "Гэта канкурэнтаздольнасць вашай прадукцыi, нарэшце, вашы працоўныя месцы i зарплата", — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка жыхарам горада. — Таму пакуль гэта выгадна, трэба рабiць гэта хутка". Сёння, зазначыў Прэзiдэнт, многiх цiкавiць наступнае пытанне: цi будзе даражэць газ? "Што датычыцца сусветнага кошту, то ён знiжаецца ў сувязi са знiжэннем коштаў на нафту, — заўважыў ён. — За апошнiя некалькi месяцаў кошт на нафту знiзiўся са 150 долараў да 40. Аднак няма гарантыi, што кошт на газ заўтра, цi паслязаўтра не ўзнiмецца. Усе сусветныя эксперты выказваюць меркаванне, што пасля жульнiцкага сусветнага фiнансавага крызiсу кошты на нафту зноў узрастуць, следам — i кошт на газ. Таму трэба зыходзiць з таго, што газ нiколi не будзе танным, прыродных рэсурсаў становiцца ўсё менш".Гаворачы на сустрэчы з жыхарамi Беразiно аб развiццi iх раёна, Прэзiдэнт падкрэслiў, што незадаволены сiтуацыяй, якая тут складваецца. Ён назваў раён адным з самых адсталых у краiне. Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкi, Бярэзiнскi раён працуе дрэнна, горш, чым любы iншы раён, нават у чарнобыльскай зоне. У сувязi з гэтым кiраўнiк краiны даручыў губернатару вобласцi i ўраду зрабiць тэрмiновыя захады, калi неабходна, то ў дачыненнi да кадраў, каб нармалiзаваць сiтуацыю. На гэта Прэзiдэнт даў год. Звяртаючыся да прадстаўнiкоў мясцовых органаў улады, гаспадарчых кiраўнiкоў, Прэзiдэнт зазначыў, што iм ужо сёння неабходна думаць пра тое, як больш эфектыўна задзейнiчаць патэнцыял газiфiкацыi. Знiжэнне энергаёмiстасцi ў рэальным сектары эканомiкi, забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў у камунальна-бытавой сферы ён назваў першаснымi задачамi. "Гэта нам дыктуе час, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — Руплiвасць i беражлiвасць становяцца асновай эканамiчнай палiтыкi, найважнейшымi фактарамi павышэння дабрабыту нашых людзей. І неабходна арганiзаваць працу так, каб кожны ўкладзены рубель даваў максiмальную аддачу". А як гэта ажыццяўляецца на справе ў Беразiне, Прэзiдэнт пабачыў, азнаёмiўшыся з працай мясцовага сыраробнага завода. У прыватнасцi, на прадпрыемстве яму далажылi аб выкананнi даручэнняў па вытворчасцi сухой сыроваткi. На заводзе да рэалiзацыi гэтага iнвестыцыйнага праекта прыступiлi летась. Пры стабiльных коштах на прадукцыю, што выпускаецца, тэрмiн акупнасцi праекта складзе пяць з паловай гадоў. У 2009 годзе завод плануе рэалiзаваць апошняе з мерапрыемстваў iнвестыцыйнага праекта — рэканструяваць цэх сыраробства, дзе будзе вырабляцца да 15 тон цвёрдых сычужных сыроў у суткi. Аляксандр Лукашэнка азнаёмiўся таксама з новымi тэхналогiямi паглыбленай перапрацоўкi малака, сучасным тэхналагiчным абсталяваннем па вытворчасцi сухой сыроваткi. Iгар ШЧУЧЭНКА, г. Беразiно. г. Беразiно.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка пабываў з рабочым вiзiтам у Мiнскай вобласцi i ўзяў удзел у цырымонii пуску прыроднага газу ў Беразiне. З
|
|