У рытме танца — на Карэю
У рытме танца — на Карэю
Беларуская зборная па брэйк-дансу трапiла ў фiнал чэмпiянату свету "B-boy Unit Іnternational", якi адбудзецца ў Карэi ў студзенi 2009 года. Там у барацьбе за званне наймацнейшай танцавальнай каманды сыдуцца 8 зборных — пераможцаў папярэднiх адборачных этапаў у Францыi, ЗША, Бразiлii, Японii, Канадзе, Тайванi, Карэi i Расii. Беларускiя юнакi будуць прадстаўляць... Расiю. Тлумачыцца гэта проста — у нашай краiне не праходзiла адборачных тураў, затое беларуская зборная — 8 хлапцоў з Мiнска, Барысава, Жодзiна, Слуцка (яшчэ 9 танцораў — у рэзерве) — заняла першае месца на адборачным этапе ў Расii. I менавiта такiм чынам, абышоўшы яшчэ 44 каманды з розных рэгiёнаў, заваявала паездку ў Карэю — якую, дарэчы, аплачваюць арганiзатары турнiру. Акрамя таго, беларусы запiсалi ў скарбонку дасягненняў перамогi на спаборнiцтвах у Днепрапятроўску i Санкт-Пецярбургу. "На фiнале для нас, лiчу, асноўнымi сапернiкамi будуць амерыканцы i карэйцы — моцныя каманды, выйграць у якiх будзе прэстыжна i пачэсна. Гэта для нас нават больш важна, чым прызавыя грошы, бо ў перспектыве можна атрымаць запрашэннi на вядучыя фестывалi па брэйк-дансе ў свеце", — разважае кiраўнiк беларускай зборнай Аляксандр Войнаў. Дарэчы, танцавальных фестываляў па гэтым накiрунку толькi сёлета ўжо адбылося больш як 1100, але найбольш прэстыжных усяго каля дзесяцi, у тым лiку i чэмпiянат "B-boy Unit International", якi пройдзе ўжо ў 10-ы раз. Спаборнiцтвы на iм вядуцца па алiмпiйскай сiстэме — каманда на каманду, хто прайграе — выбывае з барацьбы. Цяпер зборная актыўна рыхтуецца да чэмпiянату ў Карэi — тройчы на тыдзень хлопцы збiраюцца на камандныя трэнiроўкi ў Мiнску, у Цэнтры творчасцi Партызанскага раёна. Паралельна iдзе таксама падрыхтоўка яшчэ да аднаго чэмпiянату ў Маскве, дзе трэба паказаць не проста спантанны танец, а шоу — цэласны нумар на 7 хвiлiн. Дарэчы Не варта лiчыць, што брэйк-данс — захапленне падлеткавае, якое праходзiць з узростам i абсалютна не пасуе дарослым людзям. У зборнай камандзе Беларусi, напрыклад, вучацца ва ўнiверсiтэтах усяго некалькi чалавек — астатнiя ўжо маюць вышэйшую адукацыю i паспяхова працуюць па спецыяльнасцi, сумяшчаючы гэта з выкладаннем у танцавальных школах. Двое ўдзельнiкаў каманды, бi-боi AndyPlay i Ninja, выступаюць у Расii ў мюзiкле "Прарок"... "Брэйк-данс даўно ўжо выйшаў з падвалаў i спусцiўся з гарышчаў, танцоры займаюцца ў добрых залах з добрымi выкладчыкамi i па якасных вiдэазапiсах, — дадае Аляксандр Войнаў. — У свеце iснуюць прафесiйныя школы i нават акадэмiя брэйк-дансу, а ў Германii, напрыклад, пастаўлены двухгадзiнны мюзiкл — цалкам танцавальны. У ЗША, Францыi хiп-хоп культура мае падтрымку на дзяржаўным узроўнi. Хацелася б, каб i Беларусь да гэтага прыйшла, i мы пастаянна працуем, каб ездзiць па розных фестывалях i прымаць iх у сябе, развiваць гэты рух". Напрыклад, супрацоўнiцтвам з прадстаўнiкамi хiп-хоп культуры зацiкавiўся абласны камiтэт БРСМ, якi прапанаваў некалькi сумесных праектаў. Так, у сакавiку 2009 года ў Жодзiне будзе праведзены мiжнародны фестываль па брэйк-дансе працягласцю ў некалькi дзён, ёсць маса iншых планаў — паказальныя выступленнi i майстар-класы ў дзiцячых дамах, школах-iнтэрнатах вобласцi i г.д. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская зборная па брэйк-дансу трапiла ў фiнал чэмпiянату свету "B-boy Unit Іnternational", якi адбудзецца ў Карэi ў студзенi 2009 года.
|
|