Як замацавацца за чужой палiклiнiкай?
14 января 2009 Здоровье и красота
Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда Новая Інструкцыя аб парадку аказання медыцынскай дапамогi грамадзянам Беларусi па-за iх месцам жыхарства (месцам знаходжання) уступiла ў дзеянне з пачатку 2009 года. — Гэты дакумент быў прыведзены ў адпаведнасць з новай рэдакцыяй Закона "Аб ахове здароўя Рэспублiкi Беларусь", — патлумачыла журналiсту "Звязды" начальнiк аддзела першаснай медыка-санiтарнай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Людмiла ЖЫЛЕВIЧ. — Да таго ж у iм прапiсаны дакладны алгарытм дзеянняў i пацыента, у якога ўзнiкла патрэба ў атрыманнi амбулаторнай медыцынскай дапамогi па-за месцам свайго пастаяннага жыхарства, i арганiзацый аховы здароўя. Для таго, напрыклад, каб стаць на медыцынскае абслугоўванне ў палiклiнiцы па-за месцам свайго пастаяннага жыхарства (рэгiстрацыi), пацыент павiнен звярнуцца туды з пiсьмовай заявай аб часовым замацаваннi за названай установай. Пры падачы заявы яму спатрэбiцца пашпарт або iншы дакумент, якi сведчыць яго асобу. Рашэнне аб часовым замацаваннi за дзяржаўнай установай аховы здароўя грамадзянiна Беларусi прымаецца яе кiраўнiком цi яго намеснiкам на працягу аднаго дня з моманту звароту i афармляецца ў форме адпаведнай рэзалюцыi на заяве аб часовым замацаваннi. На новага пацыента афармляецца часовая медыцынская карта амбулаторнага хворага. Аб прынятым рашэннi не пазней за тры днi з моманту яго прыняцця пiсьмова паведамляецца ў тую ўстанову, за якой раней быў замацаваны пацыент. I робiць гэта адказная асоба, а не сам пацыент. Спецыяльна для арганiзацыi справаводства пры аказаннi медыцынскай дапамогi грамадзянам Рэспублiкi Беларусь па-за iх месцам жыхарства i кантролю за захаванасцю медыцынскай дакументацыi ў дзяржаўных медустановах прызначаюцца адказныя асобы. Пасля атрымання пiсьмовага паведамлення адказная асоба ўжо той дзяржаўнай медустановы, за якой грамадзянiн быў замацаваны раней, абавязана ў пяцiдзённы тэрмiн адправiць у медустанову, куды пацыент стаў на часовае медабслугоўванне, выпiску з яго амбулаторнай карты i копiю карты ўлiку дыспансэрнага назiрання. Раней менавiта гэты момант быў самым праблематычным. Напрыклад, пацыент выехаў з Салiгорска ў Мiнск. Яму трэба было вярнуцца ў Салiгорск, каб забраць сваю медыцынскую дакументацыю. Але ж атрымаць на рукi амбулаторную карту не так i проста. Да таго ж дакументацыя магла па дарозе з адной установы ў iншую элементарна згубiцца. Цяпер жа, хачу падкрэслiць, удзел пацыента ва ўсiх гэтых аперацыях будзе мiнiмальны. Яго задача — толькi напiсаць заяву ў сваёй палiклiнiцы па месцы жыхарства аб зняццi з улiку i заяву ў той палiклiнiцы, дзе ён хоча ў блiжэйшы час абслугоўвацца. А абменам медыцынскай дакументацыi зоймуцца адказныя супрацоўнiкi гэтых дзвюх устаноў. Але атрымаць выпiску з амбулаторнай карты можа таксама i сам пацыент, каб аднесцi яе ў сваю новую палiклiнiку. — Цi абмежаваны тэрмiн часовага замацавання пацыента за амбулаторна-палiклiнiчнай установай па-за месцам яго жыхарства? — Канкрэтныя тэрмiны ў iнструкцыi не прапiсаны. Звычайна рашэнне аб часовым замацаваннi для атрымання амбулаторнай медыцынскай дапамогi прымаецца тэрмiнам на адзiн год, але гэты тэрмiн можна пры неабходнасцi падоўжыць цi, па жаданнi пацыента, наадварот скарацiць. Для гэтага грамадзянiн не пазней за сем дзён да завяршэння тэрмiну медыцынскага абслугоўвання абавязаны звярнуцца ў палiклiнiку з заявай аб падаўжэннi тэрмiну свайго абслугоўвання, або калi патрэбы ў гэтым няма — з заявай аб тым, каб яго знялi з медыцынскага абслугоўвання ў гэтай медустанове. У тым жа выпадку, калi грамадзянiн не звярнуўся з адпаведнай заявай, кiраўнiк медустановы прымае рашэнне аб спыненнi медыцынскага абслугоўвання гэтага пацыента i аб прынятым рашэннi адказная асоба медустановы на працягу трох дзён пiсьмова папярэджвае грамадзянiна. — А цi змянiўся ў новым годзе парадак атрымання медыцынскай дапамогi ў стацыянарах? — Аказанне хуткай (неадкладнай) медыцынскай дапамогi i ў амбулаторных, i ў стацыянарных умовах ажыццяўляецца безадкладна незалежна ад месца жыхарства грамадзянiна Беларусi. Умоўна кажучы, чалавек, якi апынуўся ў iншым горадзе i здароўе якога рэзка пагоршылася, можа быць упэўнены ў тым, што яму акажуць неадкладную медыцынскую дапамогу. Уся iншая медыцынская дапамога (ад абследавання, кансультацый i да хiрургiчных аперацый) у стацыянарных умовах ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з Iнструкцыяй аб парадку накiравання хворых на абследаванне i лячэнне ў арганiзацыi аховы здароўя. Згодна з гэтым дакументам, накiраванне хворых у цэнтральную раённую бальнiцу ажыццяўляе ўчастковы ўрач. Урачы-спецыялiсты цэнтральнай раённай бальнiцы, у сваю чаргу, могуць накiроўваць хворых у спецыялiзаваныя абласныя i рэспублiканскiя арганiзацыi аховы здароўя. Накiроўваць хворых на абследаванне i лячэнне ў арганiзацыi аховы здароўя рэспублiканскага падпарадкавання маюць права ўчастковыя ўрачы, кiраўнiкi арганiзацый аховы здароўя i iх намеснiкi, якiя курыруюць пытаннi аказання лячэбна-прафiлактычнай дапамогi, галоўныя спецыялiсты (штатныя i пазаштатныя) упраўленняў аховы здароўя абласных выканаўчых камiтэтаў i Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама, начальнiкi аддзелаў лячэбна-прафiлактычнай дапамогi насельнiцтву ўпраўленняў аховы здароўя абласных выканаўчы камiтэтаў, Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама, начальнiкi ўпраўленняў аховы здароўя абласных выканкамаў, старшыня Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама i iх намеснiкi, галоўныя спецыялiсты (штатныя i пазаштатныя) Мiнiстэрства аховы здароўя, начальнiкi ўпраўленняў i аддзелаў Мiнiстэрства аховы здароўя i, безумоўна, мiнiстр аховы здароўя. Але падкрэслю, што падставай для накiравання хворых на абследаванне i лячэнне ў арганiзацыi аховы здароўя рэспублiканскага падпарадкавання з’яўляюцца адсутнасць магчымасцi для дыягностыкi i лячэння меркаванага захворвання ў арганiзацыях аховы здароўя абласнога падпарадкавання i горада Мiнска, неабходнасць удакладнення дыягназу ў складаных выпадках, адсутнасць эфекту ад прымяняемых метадаў лячэння цi неабходнасць у выкарыстаннi высокатэхналагiчных метадаў дыягностыкi i лячэння. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
14 января 2009 Здоровье и красота Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда Новая Інструкцыя аб парадку аказання медыцынскай дапамогi грамадзянам Беларусi па-за iх месцам жыхарства (месцам знаходжання) уступiла ў дзеянне з пачатку 2009 года.— Гэты дакумент быў прыведзены ў адпаведнасць з новай рэдакцыяй Закона "Аб ахове здароўя Рэспублiкi... |
|