Вадохрышча. Напiцца святой вадзiцы
Вадохрышча. Напiцца святой вадзiцы
Ужо вельмi шмат гадоў у мой сямейны абавязак уваходзiць зусiм не цяжкая, але пачэсная справа — прынесцi перад Хрышчэннем, а па праваслаўным календары яшчэ i Божаз’яўленнем, свянцонай вады ад царквы для ўсiх родных i сваякоў. Выкарыстаў "ад царквы" нездарма. Раней гэтую свянцоную ваду насiў з царквы. А ў апошнiя гады столькi людзей жадаюць атрымаць гэтую свянцоную ваду, што яе раздача адбываецца менавiта каля царквы, тут ставяцца тры вялiзныя ёмiстасцi, i народ абкружае iх, становiцца ў чэргi за тым, каб добраахвотныя памочнiкi налiлi найчасцей у пластыкавыя бутэлькi (такi наш час, такая эпоха!) вады, якая бярэцца i прыносiцца памочнiкамi са звычайнага гарадскога вадаправоду напярэдаднi. Не з купелi, але ж... Не псуецца гэта вада на працягу года, не затыхаецца. Магчыма, ад таго, што над ёю моляцца. Магчыма, ад срэбра — але не псуецца. I што яшчэ заўважаю штогод: у шматлiкiм збiве людзей, якiя, зразумела ж, жадаюць атрымаць для сябе ваду як найхутчэй, няма нiякiх сварак, спрэчак, не гучыць нi адно непрыстойнае слова. Людзi цярплiвыя, злагоджаныя, падпарадкаваныя iншым, скажам так, не кiрмашовым нормам паводзiнаў. А як паводзiць сябе чалавек пасля атрымання свянцонай вады — цi молiцца Богу, цi iдзе ў краму — гэта залежыць ад самога чалавека. Увогуле ў народным жыццi iснуе гэтаму святу яшчэ адна назва — Вадохрышча. Менавiта зiмовае свята народнага календара. Завяршалiся Каляды. А хрысцiянская рэлiгiя звязала Вадохрышча з хрышчэннем Iсуса Хрыста, якое правёў Iаан Хрысцiцель на рацэ Iардан, хаця ў беларускай транскрыпцыi лепш пiсаць Гардан. Нашы матулi яшчэ памятаюць, як ваду перад асвячэннем у царкве бралi з найблiжэйшай рэчкi, на якой высякалi ў лёдзе вялiкi крыж. Такая вада лiчылася цудадзейнай. Яе давалi хвораму, ёю апырсквалi поле перад сяўбой, жывёлу, новую хату, з ёю часалi лён, каб такiмi ж гладкiмi былi i цяляты. На Вадохрышча нашы папярэднiкi яшчэ i гарох падкiдвалi ўгару i лавiлi яго шапкамi цi фартухамi: колькi зловiцца з той жменi гарошын — столькi будзе цялят народжана ў гэтым годзе. Па дыме ад запаленай лучыны меркавалi, адкуль трэба чакаць пчалiныя раi. Свята было з вялiкiмi спадзяваннямi i прагнозамi. Тады i днi былi вельмi марознымi. Але пасля iх зiма паварочвала на лета. Гэта сёння, калi надвор’е вельмi непрадказальнае, мы забылiся на выраз "калядныя маразы", якi азначаў менавiта маразы на Вадохрышча. Часам i адлiга бывае, а тое i дождж... У беларусаў на свята нельга было абысцiся без песнi. Ну, якую тут нагадаць. А вось гэту: На новае лета Радзi, Божа, жыта, Шчодры вячор, Багаты вячор! Жыта, пшанiцу, Усяку пашнiцу, Шчодры вячор, Багаты вячор! Дай табе, Божа, Пане гаспадару, Шчодры вячор, Багаты вячор! Пiва варыцi, Сынкоў жанiцi, Шчодры вячор, Багаты вячор! Гарэлiцу гнацi, Дачок аддавацi, Шчодры вячор, Багаты вячор!.. Хрышчэнне. Гэта слова мае яшчэ адно значэнне — далучэнне дзiцяцi да праваслаўнай цi каталiцкай веры. У нашых продкаў была завядзёнка хрысцiць дзiця праз два-тры тыднi пасля яго нараджэння, у нядзелю. Гэта быў абрад афiцыйнага далучэння да царквы. Называлi iх яшчэ i хрэсьбiнамi, хрысцiнамi, ксцiнамi. Iмя немаўляцi давалася па адным з iмёнаў святых. Але прысутнiчалi i паганскiя, язычнiцкiя абрады. Бабуля-павiтуха купала дзiця разам з кумамi, потым на руках абносiла тры разы вакол стала. Клалi дзiця на кажух, каб "не ссурочыць", не глядзелi на яго староннiя. У нашы часы былi свае правiлы i свае традыцыi. Мяне яшчэ ў 1955 годзе хрысцiлi ў царкве. Атрымаў я свой крыжык i насiў яго да пачатку свайго школьнiцтва. У школу з крыжыкам ужо хадзiць нельга было. А потым акцябрацтва, пiянерыя, камсамол... Толькi перад адыходам на службу ў армiю мацi дастала зберажоны крыжык i надзела на мяне. Намеснiк камандзiра роты па палiтычнай частцы заўважыў яго i загадаў зняць. "Калi трэба — насi ў кiшэнi, але не выстаўляйся". А ў кiшэнi ён хутка згубiўся. Сёння на мне iншы крыжык. Асвечаны ў царкве, на простай нiтцы, i зусiм не залаты, якi часам моднiкi выстаўляюць нават на паказ. Хрышчэнне, хрост, крыж — вельмi iнтымнае, толькi для цябе, калi ты ў гэта верыш. А мы не вельмi i верылi. Мы проста падпарадкоўвалiся про сьбам i парадам нашых бацькоў, якiх атэiстычная прапаганда ў тыя гады не закранула. I вось 1977-мы. Нарадзiўся сын — трэба пахрысцiць, мацi настойвае. Я яшчэ не партыйны, але працую ў рэдакцыi раённай газеты. Трэба ўсё зрабiць тайна. Хаця хрышчэнне якраз i з’яўляецца адной з таямнiц набожнага чалавека. Знаходзiм выйсце. У прызначаны час на кватэру аднаго з бацькоў звозяцца некалькi дзяцей, вязу ў калясачцы сына i я. Бацюшка прыязджае на гэту кватэру з матушкай. Наколькi помню, чатырох разам хрысцiць, мажа святой вадзiчкай, заадно пырскае i на нас, бацькоў. Ну а потым?.. Потым я завёз сынка ў калясачцы дадому i вярнуўся на гэту канспiратыўную кватэру. Там ужо стараннямi гаспадароў, не без нашай папярэдняй складчыны, быў накрыты стол. За якi прысеў i бацюшка (тады мы зразумелi, чаму ён прыехаў з матушкай — яна потым павяла аўтамашыну). I ўсё было вельмi прыстойна, нават з песнямi. Але таемна. Хаця гэта была, як некалi казалi французы, тайна "полiшынеля". Усе ведалi, што дзяцей хрысцяць. Каталiкi, якiх у нас большая палова, вазiлi сваiх дзетак у Лiтву, дзе дзейнiчалi касцёлы, праваслаўныя хрысцiлi па хатах. А ўжо сваю дачку мы хрысцiлi ў царкве. Неяк перасталi баяцца. Ёсць у мяне тужлiвы ўспамiн. Адна знаёмая, адказны савецкi работнiк са Слуцка, неяк папрасiла: дапамажы, хачу ахрысцiцца. Што ж, дамовiўся з бацюшкам недалёкай ад Пастаў Груздаўскай царквы. Прыехалi, як належыць былi i хросныя. Бацюшка, хаця i малады, быў цвёрды ў канонах. Неафiтцы давялося распрануцца аж да начной сарочкi, стаць у спецыяльны посуд. А бацюшка, выканаўшы неабходныя дзеяннi, прамовiўшы малiтвы, лiў на яе ваду... Таемства адбылося. Няма гэтай жанчыны на свеце. Але пайшла яе душа на iншы свет ужо хрышчанай, светлай... Хаця сустракалiся ў маiм жыццi людзi, якiя былi нехрышчонымi. Я не кажу пра мусульман, прадстаўнiкоў iншых канфесiй — у iх свае абрады, свае iдэалы. А вось нехрышчонымi былi якраз дзецi адказных партыйных, савецкiх работнiкаў, якiя ў тыя часы па абавязку не маглi гэта рабiць, нават спаганялi строга з тых, хто асмельваўся гэта рабiць. Тут задумаўся. А ў мяне ж ёсць верш. Так, у кнiжачцы, якая выйшла ў 1983 годзе ў "Мастацкай лiтаратуры", ёсць верш, якi дазволю сабе працытаваць. Ён па тэме. На высокiх грудках Паабапал змялелай рачулкi Адстаялi стагоддзе насупраць: Касцёл i царква. А як сцiхнуць вятры Глухаватай да псалмаў планеты, У люстэрак рачны Заглядзяцца старыя крыжы. I ў хрышчонай вадзе Нехрышчоныя бавяцца дзецi. I сплывае вада — Ахалоджаны памяццю час. Часы змянiлiся. Мы спакойна iдзём у царкву, касцёл, евангелiсцкi цэнтр, у iншыя пабудовы, дзе звяртаемся да Бога, просiм у яго спагады i дапамогi. I асаблiва ў днi свята. Такога, напрыклад, як Вадохрышча. Алесь Касцень.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо вельмi шмат гадоў у мой сямейны абавязак уваходзiць зусiм не цяжкая, але пачэсная справа — прынесцi перад Хрышчэннем, а па праваслаўным календары
|
|