700 шчаслiвых гасцей Салькоўскiх
700 шчаслiвых гасцей Салькоўскiх
Практычна з самага пачатку гiсторыi аграэкатурызму ў нашай краiне "Звязда" прысвячае гэтай тэме свае старонкi. Пад рубрыкай "Край раскрытых душ i дзвярэй" мы расказалi пра дзясяткi сядзiбаў i iх гаспадароў — людзей, улюблёных у Бацькаўшчыну i гатовых падзялiцца сваiмi пачуццямi з iншымi. Таму цалкам лагiчна, што "Звязда" выступiла генеральным iнфармацыйным партнёрам першага рэспублiканскага конкурсу "Лепшая сядзiба года", якi заснавалi Грамадскае аб’яднанне "Адпачынак у вёсцы" i Белаграпрамбанк. Рэгiстрацыя ўдзельнiкаў ужо закончылася. Прыкладна праз месяц будуць падведзены вынiкi конкурсу, а пакуль аргкамiтэт наведвае сядзiбы-намiнанты. Напрыканцы мiнулага тыдня журналiсты "Звязды" разам з прадстаўнiкамi Белаграпрамбанка i Грамадскага аб’яднання "Адпачынак у вёсцы" на свае вочы пабачылi тры з пяцi заяўленых сядзiбаў Гродзенскай вобласцi. Усяго ў конкурсе 2008 года ўдзельнiчае 20 сядзiбаў. З iх толькi пяць будуць названы лепшымi ў намiнацыях "Захаванне беларускiх традыцый", "Здаровы лад жыцця", "Гасцiннасць", "Зялёная сядзiба", "Стыль i гармонiя". Нагадаем, што ў лiпенi-жнiўнi "Звязда" падрабязна расказала пра трох удзельнiкаў з Вiцебшчыны: сядзiбы "Прыазёрная" (гаспадыня Вольга Маханенкi), "Гусарская" (Ала i Генадзь Хоранi) i "Кролава хата" (Вера i Аляксандр Кролы). Сядзiба Вольгi Маханенка падчас правядзення конкурсу была адзначана Таварыствам беларускай школы як асветна-культурны цэнтр, а сама Вольга ўзнагароджана паездкай у Польшчу. Параўнальна невялiкая колькасць удзельнiкаў конкурсу тлумачыцца тым, што многiя сядзiбы яшчэ не дацягваюць да таго, каб выстаўляць сябе на суд экспертаў. Агратурыстычная арганiзацыя летась адзначыла сваё шасцiгоддзе, але масавым гэты вiд адпачынку толькi абяцае стаць. Моцнымi штуршкамi для развiцця аграэкатурызму ў нашай краiне сталi два указы Прэзiдэнта (№ 372 ад 2 чэрвеня 2006 года i № 185 ад 27 сакавiка 2008 года), якiя стварылi заканадаўчую базу i далi беспрэцэдэнтныя льготы для гэтай сферы дзейнасцi: спрошчаная рэгiстрацыя i вызваленне ад падаткаў на 5 гадоў. Яшчэ адзiн важны этап — прыняцце паўтара года таму Белагра-прамбанкам комплекснай Праграмы падтрымкi аграэкатурызму. Праграма прадугледжвае льготнае крэдытаванне пад 5 працэнтаў гадавых да 7 гадоў з адтэрмiноўкай пагашэння доўгу. На 1 студзеня 2009 года 220 суб’ектаў аграэкатурызму скарысталiся крэдытам, сума выдаткаваных грошай склала 8,6 млрд беларускiх рублёў. Дарэчы, умовы крэдытавання развiцця вясковых мiнi-гасцiнiц, у адрозненне ад iншых крэдытаў, не змянiлiся. Усё гэта выклiкала iмклiвы рост колькасцi вясковых сядзiбаў — практычна 30-разовы за 6 гадоў. Калi ў леташнi каталог, выдадзены Белаграпрамбанкам, увайшло каля 130 адрасоў, то ў сёлетнiм, якi зараз рыхтуецца да выдання, будзе каля 250. І гэта яшчэ не ўсе: у зборнiк не трапяць сядзiбы, якiя зарэгiстраваныя, але пакуль не гатовыя прыняць турыстаў — такiх каля сотнi. Удзельнiкамi першага рэспублiканскага конкурсу "Лепшая сядзiба года" сталi галоўным чынам першапраходцы ў гэтай справе. Тыя хто ўжо паспеў набыць пэўны вопыт i выпрацаваць свой непаўторны стыль. Сёння — аповед пра адну з такiх сядзібаў. Яна знахо-дзіцца ў гарадскім пасёлку Бярозаўка Лідскага раёна. але галоўная яе славутасць — ў назве. Сядзiба "Над Нёманам" Не паспеў наш мiкрааўтобус спынiцца, а фотакарэспандэнт ужо пачаў работу: было ясна, што тут ёсць што здымаць, i заставалася толькi папрасiць вадзiцеля, каб прыпаркаванае аўто не замiнала каларытнай карцiнцы з брамай i плотам. Вушакi з бутавага каменю, цяжкiя вароты з апраўленых у кованае жалеза дошак, пакрытая дранкай стрэшка... Але тое, што мы ўбачылi па той бок веснiчак, было зусiм неспадзявана. І справа нават не ў баварскiм дамку, нiбы намаляваным на высокiм беразе Нёмана, нi ў высокiх соснах, якiя шчыльнай сцяной абкружаюць казачны дворык з цацачным млыном, маляўнiчымi сцежкамi i заснежанай альпiйскай горкай, нi нават у барбекю i альтанцы, упрыгожанай святочнай iлюмiнацыяй, бо ўсё гэта заўважаеш нейкiм бакавым зрокам i не адразу. Першае, што бачыш i ад чаго не можаш адарваць вачэй — гаспадыня. Маладая i прыгожая, у белай вышытай кашулi i камiзэльцы, у клятчастым фартушку, павязаным паверх доўгай спаднiцы, у нейкiм неверагодным каптуры, якi надзвычай ёй пасуе, яна з усмешкай спускаецца нам насустрач з усходаў, у адной руцэ трымае драўляны паднос з закускай i кiлiшкамi, а ў другой — графiнчык з празрыстай вадкасцю, у якой плавае траўка-зуброўка. Уся яе постаць i твар вылучаюць такую гасцiннасць, радасць сустрэчы i прыгажосць, што адразу разумееш: рады менавiта табе. Гэта дзiўна, бо цябе не ведаюць, але ўпэўненыя, што ты варты ўсяго гэтага i табе робiцца неяк хораша i лёгка, святочна на душы нават яшчэ да таго, як ты скарыстаўся запрашэннем гаспадынi паспытаць яе марынаваных баравiчкоў, паляндвiцу, сала i тое, што ў графiнчыку. Аксана i Валерый Салькоўскiя прымаюць турыстаў сёмы год. Усё пачалося з таго, як Валерый знайшоў грамадскае аб’яднанне "Адпачынак у вёсцы". Да гэтага былi ў яго: Лiдскае музычнае вучылiшча, Ленiнградская кансерваторыя па класу iгры на звончатых гуслях, паспяховыя гастролi па Еўропе, бiзнэс (таксама ў Еўропе) i як вынiк — пабудова дома ў роднай Бярозаўцы, на беразе Нёмана. У яе — Навагрудскi сельгастэхнiкум, праца ў санаторыi-прафiлакторыi ў Бярозаўцы i... пабудова дома, спачатку ў чаканнi Валерыя, а потым ўжо разам з iм. — Калi мы дом праектавалi, то адразу прадугледзелi два пакоi для гасцей, бо падчас маiх гастроляў, падчас заняткаў бiзнэсам, у мяне з’явiлася шмат сяброў, якiх хацелася абавязкова да сябе запрасiць, — кажа гаспадар. А госцi, ацанiўшы прыгажосць месца i ўтульнасць дома, першыя i прамовiлi слова "турызм" у дачыненнi да Салькоўскiх. Тыя паспрабавалi, i новы занятак так iм спадабаўся, што першыя гады яны працавалi практычна без прыбытку: усё, што зараблялi, укладалi ў сядзiбу, каб зрабiць яе яшчэ больш прыгожай, утульнай i непаўторнай. Яны пабудавалi лазню i гасцявы домiк, плыт для вандровак па Нёмане, альтанку i карчму. Двор пераўтварылi ў сапраўдны сядзiбна-паркавы ансамбль з мноствам скульптур, малых пабудоў, зацiшных куточкаў. Тут усё да дробязi прадумана, усё працуе на тое, каб стварыць добры настрой, выклiкаць прыемнае ўражанне, адчуць сябе нiбы ў казцы. I ва ўсiм адчуецца iндывiдуальнасць гаспадароў, iх таленавiтасць. Я пытаюся ў Валерыя, у чым сакрэт нейкага асаблiвага, непаўторнага духу сядзiбы, i ён, трошкi падумаўшы, адказвае: — Напэўна ў тым, што ўсё тут зроблена з душой. Калi мы будавалiся, то не думалi пра тое, каб вярнуць грошы, а думалi, як зрабiць найлепш. Наш гасцявы дом складзены са старога зрубчыка, але кожнае бярвенца ў iм перабранае. Я шукаў адмысловую структуру дрэва, каб зрабiць ложкi... На суседнiх хутарах мы знайшлi куфар, стол, якому больш за 100 гадоў, два вазкi... I раней жа так было — кожны майстар iмкнуўся стварыць свой непаўторны стыль. У справе прыёму турыстаў Салькоўскiя галоўнай сваёй здачай лiчаць дакладна адчуць настрой людзей. I пра тое, што гэта iм удаецца, сведчаць шматлiкiя водгукi ў iнтэрнэце: "Цудоўнае месца! Усе выдатнае: i прырода, i надвор’е, i, самае галоўнае, гаспадары! У доме ўтульнасць i ўсе ўмовы для цудоўнага адпачынку. Прыязджаем сюды ўжо два гады. I кожны раз — прыемныя змены. Iншага месца i не шукаем. Дзякуй! Да сустрэчы. Уладзiмiр i Тамара, Санкт-Пецярбург." "Мы — верныя прыхiльнiкi гэтага дома i гаспадароў. Упэўненыя, што гэта лепшая сядзiба ў Беларусi, а нам было з чым параўнаць! Дзiўнае месца, лазня ўражвае, домiк з камiнам — проста слоў няма! Аксана, Валера, мы вас любiм, ды ўжо практычна без вас не можам... Iрына i Сяргей"... "... цалкам iншы сусвет, дзе адпачывае не толькi цела, але i душа. Вельмi ўдала размешчана сядзiба...". "...Атрымлiвалi асалоду ў асобным драўляным дамку, дзе ўсё створана з душой рукамi гаспадароў, пад трэск дроўцаў у камiне i цудоўную фальклорную музыку ў выкананнi Валеры. Сервiс на ўзроўнi: цёплая падлога, гарачая вада, тэлевiзар...". Людзi пiшуць пра тое, што ў сядзiбу "Над Нёманам" добра i ўдваiх прыехаць, i сям’ёй, i кампанiяй. Гаспадары прапануюць цiкавую праграму ў любую пару года: экс- курсii па мiцкевiчаўскiх мясцiнах, у Лiдскi i Мiрскi замкi, Навагрудак i Нясвiж, святкаванне Новага года, Калядаў, Масленiцы, Купалля, падарожжа па Нёмане на драўляным плыце... Немцы запомнiлi зiмняе катанне на санях з бразготкамi, супрацоўнiкi нейкай фiрмы — каляднага гуся, нехта — салаўёў, нехта камiн, нехта веранду для ранiшняга чаяпiцця, нехта — цiшыню i сасновае паветра. I, натуральна, усе — двух вялiкiх гаспадарскiх сабак, старога лагоднага Бруса, якi аддана заглядае ў вочы, калi ясi шашлык, i Робi, заўзятага аматара гульнi ў мячык. А яшчэ нехта падзякаваў за зарапад над Нёманам i за выкананне жаданняў. За мiнулы год тут пабыло каля 700 чалавек, без улiку кампанiй, якiя не спынялiся на ноч. Можна ўявiць сабе запатрабаванасць гэтай сядзiбы, калi ведаць, што адначасова яна можа прыняць не больш за 8 чалавек. З 24 снежня i па 20 студзеня ў Аксаны i Валерыя няма нiводнай вольнай хвiлiнкi — людзi ў сядзiбе кожны дзень. Потым будзе трошкi лягчэй — толькi ў выхадныя. А з пачаткам цяпла — зноў бывай, спакой. Але Салькоўскiм вельмi падабаецца. Можа таму ў iх i атрымлiваецца так здорава. Яны быццам самi адчуваюць каласальнае задавальненне ад усёй гэтай задумы з турыстамi. Валерый тлумачыць гэта тым, што яны з Аксанай людзi публiчныя, ён — артыст, яна па натуры чалавек кампанейскi, завадны, i ў пансiянаце калiсьцi займалася чымсьцi падобным: размяшчала людзей, сачыла, каб iм было хораша, гатавала фiтагарбаты. У планах гаспадароў пабудаваць яшчэ два маленькiя гасцявыя домiкi. Яны будуць незвычайныя, у скандынаўскiм стылi, патлумачыла Аксана. Урэзаныя ў пагорак на беразе Нёмана, яны будуць мець вiтражныя вокны i тэрасу, з якой адкрыецца пейзаж невыказнай прыгажосцi. Фантазiям гэтых людзей няма мяжы. Але Валерый прызнаецца, што сядзiбай яго мары не абмяжоўваюцца. — Увасоблю ўсе свае матэрыяльныя задумы, — кажа ён, — i зноў распачну канцэртную дзейнасць. Я хачу, каб як мага больш людзей пачулi, як гучаць сапраўдныя гуслi... Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Практычна з самага пачатку гiсторыi аграэкатурызму ў нашай краiне "Звязда" прысвячае гэтай тэме свае старонкi. Пад рубрыкай "Край раскр
|
|