У ШЭРАГАХ КІНОЛАГАЎ З’ЯВЯЦЦА ВАЛАНЦЁРЫ
У ШЭРАГАХ КІНОЛАГАЎ З’ЯВЯЦЦА ВАЛАНЦЁРЫ
У нашай краіне, дзякуй Богу, не бывае землятрусаў, ураганаў цi смерчаў, аднак ад непрадбачаных сiтуацый нiхто не застрахаваны. Каб быць гатовымi вызваліць чалавека, скажам, з-пад зруйнаванага будынка, ведаць, як яму дапамагчы, працуе кiналагiчная служба рэспублiканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС. Чатырохногім супрацоўнiкам ужо даводзiлася паказваць сваю падрыхтоўку да непрадбачаных сiтуацый. Сваё першае баявае заданне яны выконвалi ў 2004 годзе, калi ў Краснаполлi Магiлёўскай вобласцi абвалiўся дах школы. — Сабакi былi тады яшчэ маладыя, толькi пачыналi сваё навучанне, але нiчога, добра спрацавалi, — успамiнае начальнiк кiналагiчнай службы Iгар КРАКОЎСКI. — Выклiкалi нас i ў Валожын, Слуцк, Калодзiшчы. У кожнага кiнолага (iх у рэспублiканскiм атрадзе спецыяльнага прызначэння тры) свой "уласны" сабака, якога спецыялiст даглядае, трэнiруе. Лабрадоры кiналагiчнай службы МНС вельмi запатрабаваныя. Iншы раз за справамi спецыялiсты вымушаны адмаўляцца ад запрашэння прыняць удзел у чарговым спаборнiцтве. Хацелася не "раздуваць" штат сваёй службы i ў той жа час мець навучаных сабак, таму нарадзiлася iдэя стварыць валанцёрскi рух на Беларусi. Гэта ўжо шырока выкарыстоўваецца ў Расii, ва Украiне, iншых краiнах замежжа. Iдэя валанцёрскага руху такая. Людзi, у якiх дома жывуць сабакi i якiя захочуць выкарыстаць здольнасцi сваiх падапечных ратаваць людзей, могуць быць уключаны ў рэзерв пажарна-аварыйна-выратавальнага атрада, якi функцыянуе ў кожнай вобласцi i выклiкаецца на самыя розныя здарэннi. Iншы раз патрэбна i дапамога навучанага сабакi. Мяркуецца, што валанцёры пройдуць пэўнага кшталту заняткi, тэсты, якiя ўжо на першых этапах дазволяць выявiць, цi падыходзiць сабака i яго гаспадар для такой работы. Тых, хто прайшоў адбор, спачатку чакае падрыхтоўка па агульным курсе, потым — па спецыяльным. Калi чалавек i яго сабака ўсё гэта вытрымаюць i камiсiя прызнае iх годнымi, то яны будуць залiчаныя ў рэзерв выратавальнага атрада. "Набор" ужо аб’явiлi, людзi тэлефануюць, выказваюць жаданне прыняць удзел у незвычайнай "аперацыi". А пачыналася ўсё пяць гадоў таму. У той час ужо iснавала кiналагiчная служба ў мiнiстэрстве ўнутраных спраў, пагранiчных войсках, мiнiстэрстве абароны, а ў МНС яе не было. (Можа таму, што, на шчасце, надзвычайных сiтуацый у нашай спакойнай Беларусi не так шмат.) Першых шчанюкоў набылi ў кiналагiчным цэнтры пагранiчных войскаў у Смаргонi. I пачалося навучанне... Для сабак былi пабудаваны вальеры, дзе яны адпачывалi, i дрэскомплекс, дзе яны трэнiравалiся. З дапамогай розных перашкод, падземных лабiрынтаў, бар’ераў, хiсткiх паверхняў i падвесных прыстасаванняў сабакi вучылiся пераадольваць свой страх, каардынаваць рухi, скакаць. Усе трэнажоры дрэскомплексу кiнолагi для сваiх гадаванцаў рабiлi самi. Давялося аддана папрацаваць. Адну толькi лесвiцу, вышынёю ў сем метраў, будавалi 1,5 года. З часам трэнажоры, што прыходзяць у непрыгоднасць, замяняюцца на новыя, больш дасканалыя, прыдумваюцца iншыя перашкоды цi нейкiя дапаўненнi ў старых, каб сабака не прывык да свайго маршруту, каб не праходзiў яго аўтаматычна, а ўключаў "мысленчы працэс". На тэрыторыi дрэскомплексу лабрадоры праходзяць агульны курс дрэсiроўкi, затым iх чакае вучоба па спецыяльнай методыцы. Але не кожны сабака падыдзе для працы ў кiналагiчнай службе. Напрыклад, у мiлiцыю цi пагранiчныя войскi набiраюцца "супрацоўнiкi", якiя павiнны мець не толькi рабочыя якасцi, неабходныя ў названых службах, але i валодаць агрэсiўным характарам. Толькi ў гэтым выпадку яны змогуць затрымаць i абяззброiць злачынца. Гадаванцы ж кiналагiчнай службы МНС нi ў якiм разе не павiнны праяўляць злосць да чалавека. I калi сабака па характары агрэсiўны, ён ратаваць людзей не можа i выбракоўваецца. Яшчэ адна асаблiвасць падрыхтоўкi лабрадораў. Напрыклад, у мытнi, каб навучыць сабаку знаходзiць наркотыкi цi выбухоўку, гадаванца трэба прывучыць да гэтага паху. Ведаючы яго, сабака "пакажа", дзе знаходзiцца забароненае. А вось кiнолагi-выратавальнiкi вымушаныя падчас трэнiровак увесь час "змяняць" пах "аб’екта", каб лабрадоры не прывыклi да яго. Каб даць сваiм падапечным зразумець, што людзi могуць пахнуць па-рознаму, знаёмiлi спецыялiсты сваiх лабрадораў i з рэзкiмi пахамi бамжоў i п’яных. Сабака i такiя пахi павiнен трымаць у галаве, памятаць iх. А то, не давядзi Бог, дом абвалiцца, а ў падвале — бомж. Тады сабака чмыхне i не стане шукаць чалавека. Калi гадаванцы МНС набралiся вопыту, даказалi, што i яны не лыкам шытыя, разам з кiнолагамi пачалi ўдзельнiчаць у паказальных выступленнях, выязджаць на рознага кшталту спаборнiцтвы за мяжу. Былi ўжо ў Расii, Польшчы, Украiне. Акрамя спаборнiцкага вопыту, гэтыя сустрэчы павышаюць прафесiйны ўзровень сабак. Бо i падчас такiх несапраўдных, падстроеных выратавальных аперацый сабака трэнiруецца, працуе. Лабрадоры МНС ужо ўмеюць перапраўляцца цераз раку, дэсантавацца з верталёта, адаптаваныя да вады, да рознага транспарту, добра выдрэсiраваныя, вельмi паслухмяныя. А яшчэ, дзякуючы дабрынi, бездакорнай паслухмянасцi, сабакi кiналагiчнай службы "101" здольныя... лячыць людзей. Тры гады таму, па ўласнай iнiцыятыве, спецыялiсты рэспублiканскага атрада спецыяльнага прызначэння распачалi праграму "Догатэрапiя", вырашылi выкарыстаць асаблiвасцi характару сваiх гадаванцаў для лячэння маленькiх пацыентаў Рэспублiканскага дзiцячага рэабiлiтацыйнага цэнтра. Гэта iдэя нарадзiлася выпадкова. — Неяк мы былi на семiнары ў Польшчы, — успамiнае Iгар Кракоўскi. — I там убачылi машыну з надпiсам "Догатэрапiя". Пасля размовы са спецыялiстамi, высветлiлася, што яны возяць сваiх гадаванцаў у дамы састарэлых. Кiнолагi расказвалi, што аднойчы звазiўшы сваiх сабак да адзiнокiх людзей i ўбачыўшы, колькi радасцi iм прыносiць жвавая жывая iстота, яны ўжо не змаглi спынiцца i пачалi ладзiць такiя сустрэчы пастаянна. Старэнькiм бабулi цi дзядулю, якiя вядуць маларухомы лад жыцця, да якiх не так часта, як iм хацелася б, наведваюцца родныя, дастаткова было толькi кiнуць мячык сабаку (а той, у сваю чаргу, лiзне ў адказ), як у чалавека загараюцца вочы, i ўжо не такiм непатрэбным здаецца жыццё. Ён бачыць, што i яго любяць, любяць проста так, бескарыслiва. Тады мы вырашылi зрабiць нешта падобнае ў нас, пачалi кантактаваць з кiраўнiцтвам дзiцячага рэабiлiтацыйнага цэнтра i прапанавалi iм такую паслугу. Першы раз, як расказаў Iгар Уладзiмiравiч, да дзяцей было ехаць страшнавата, сваю боязь наконт сабак выказвалi таксама ўрачы Цэнтра. Але ўжо пасля першага вiзiту стала зразумела, што ўсе гэтыя страхi былi дарэмныя. Лабрадоры паказалi, што здольныя iсцi на кантакт. З таго часу маленькiя пацыенты з нецярпеннем чакаюць дня, калi зноў убачаць сваiх любiмых "лекараў". А махнатыя "дактары" наведваюцца ў цэнтр два разы на тыдзень. — Для часцейшых вiзiтаў не хапае часу, а менш прыязджаць — не мае сэнсу, — кажа начальнiк кiналагiчнай службы. Станоўчы эфект ад такiх "працэдур" быў заўважаны ўжо пасля першых сеансаў догатэрапii: палепшыўся псiхiчны стан хворых. А дзе ж ён не палепшыцца, калi такая мiленькая, ласкавая, добразычлiвая iстота так i круцiцца каля дзiцяцi. Хворыя, якiя пакутавалi ад болю ў нагах, калi гулялi з лабрадорамi, забывалiся пра боль i з вялiкай радасцю пакiдалi iнвалiдныя каляскi. А малым з хворымi ручкамi кiнолагi прапаноўвалi проста пагладзiць сабачку, кiнуць яму мячык. I гэтага бывае дастаткова для станоўчых вынiкаў. Вельмi многiя бацькi, убачыўшы ўплыў, якi робiць сабака на iх дзiця, паспяшалiся завесцi хвастатага сябра дома. Ласкавая жывая iстота, што ўвесь час з табой, не адвернецца i не пакiне цябе з-за тваёй немачы, а будзе заўсёды побач, здольная калi не вылечыць цалкам, дык палепшыць настрой. — Калi я першы раз убачыў, як маленькая дзяўчынка ў iнвалiднай калясцы смяецца-залiваецца, пазiраючы на нашу Гарду, даў сабе слова, што зробiм усё магчымае, каб такiя сустрэчы адбывалiся i далей, — дзелiцца Iгар Кракоўскi. Акрамя бясспрэчнай карысцi для дзяцей, у вiзiтах ёсць карысць i для кiнолагаў: iх гадаванцы адаптуюцца да людзей з абмежаванымi магчымасцямi. Сабака прывыкае, што яго гладзяць не так, як заўсёды, не так, як заўсёды, гуляюць з iм. Ён пачынае разумець, што i такiя людзi бываюць, "уключае" iх ў сваё кола. Гэта вельмi важна, бо нiхто не ведае, на якi выклiк паедзе сабака ў наступны раз. Калi ён не будзе ведаць пра такiх людзей, то проста не зразумее, што i iх у выпадку няшчасця трэба шукаць. У буднi i святы, летам i зiмой, днём i ноччу стаяць яны на варце. Iм не патрэбныя медалi i ўзнагароды, высокiя пасады i гучныя словы. Толькi каб задаволены гаспадар ласкава пачасаў за вухам i сказаў: "Малайчына, справiўся!" Марына ЛЯВОШКА. Фота з асабiстага архiва Iгара Кракоўскага.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашай краіне, дзякуй Богу, не бывае землятрусаў, ураганаў цi смерчаў, аднак ад непрадбачаных сiтуацый нiхто не застрахаваны. Каб быць гатовымi вызва |
|