Каб сказаць... І ПАЧУЛI!
Каб сказаць... І ПАЧУЛI!
Усё, як ва ўсiх, цi ў многiх — ранiца, прыпынак, газетны шапiк, тралейбус... Калi хочацца нешта змянiць — еду ў метро. — Ты на трактарным садзiлася? — даверлiва пытае старэнькi дзядок. — Ну... — От там людзi добрыя!.. Ну скажы... — Ды людзi, як людзi, — пацiскаю плячыма, — розныя... — Не, ты не ведаеш. Яны — добрыя! Такiх пашукаць яшчэ!.. Я ўчора ў краму туды паехаў. I собiла ж — пальчатку з кiшэнi вытрас. Так шкода было — проста ноч не спаў — цёплая, скураная, новая... Сёння паехаў — без надзеi, так, на ўсякi выпадак... Гляджу — на падваконнi ляжыць. За вечар нiхто не ўзяў!.. Во якiя людзi на трактарным! ...Пра iх — такiх сумленных, такiх прыстойных ("ведама рабацягi!") — дзядок гаварыў досыць гучна. I доўга. Пасажыры — цярплiва зносiлi — слухалi, усмiхалiся. I, дзякаваць Богу, нiхто з iх дзядку не сказаў, што разгадка тут простая, што пальчатка — адна — нiкому не патрэбна.
Аблом Леначка — маладзiца прыгожая. I вольная — у сэнсе — не замужам, хоць некалi i была (афiцыйна, здаецца, двойчы?). Не супраць схадзiць (нават выйсцi!) яшчэ. Але каб за маладога, прыгожага, само сабой — непiтушчага, дужага, багатага, iнтэлiгентнага... Такiя — Лена ведае ўжо — на дарозе не валяюцца, яны ў сем’ях жывуць i зiмой (ёй дакладна гэта сказалi!) у санаторыi ездзяць. Узяла пуцёўку i яна, прыехала. — Як тут — наконт мужчын? — адразу спытала ў доктаркi. — Ды як заўсёды — не зразумела тая, — лыжнiкаў шмат... — А на каторага ўвагу звярнуць? — загарэлася вока ў прыезджай. — Гэта вы самi рашайце, — не ўзялася спрыяць ёй жанчына. Але дадала, — па той вунь сцежачцы яны ў сталоўку зараз будуць iсцi. Усiх i ўбачыце. Каб лепей было — ну, убачыць, разгледзець — Леначка, акуляры надзела, у шыбу ўткнулася: у сталоўку i насамрэч iшлi мужчыны — хто з адной палачкай, хто з дзвюма. Як сапраўдныя лыжнiкi. Iнь i ян* *— Дзi-ма, дамоў! — на хвiлiнку адкрыўшы акно, гукае суседка. — Мам, ну яшчэ паўгадзiнкi?! — просiцца малы. Адлiга на дварэ — ён з сябрукамi крэпасць будуе. Падобна — за прараба там, а "праекта" няма. Значыць, i ў даўжыню яе можна цягнуць, аж пакуль не збрыдзее, i ў вышыню, пакуль, крый Божа, пуп не парвеш... Снегу — хоць адбаўляй, запалу ў дзяцей — таксама. Зрэшты, у двары — не толькi яны: непадалёк хтось з дарослых шчыруе — мужчына. Малады. I дзяўчынка з iм — гадоў, мо, васьмi. Не iначай — бацька з дачкой? Бабу лепяць... Паназiраць за гэтым працэсам часу, на жаль, не было. Але ж позна ўвечары хвiлька нечакана знайшлася. I (пры таямнiчым свеце лiхтароў) я ўбачыла вынiк: крэпасць, як крэпасць, нiчога асаблiвага. А вось бабы (хай даруецца гэта слова!)... Адна — ладненькая, пышная, з прыгожым тварыкам i "вянком" на галаве (з травы, з сухiх кветак), другая... Другая крыху паводдаль стаяла — з танюткiм, "точаным" станам, з... роўнай (амаль што) спiнкай, з рукамi як у Венеры Мiлоскай, з дзвюма невялiчкiмi, акуратнымi грудкамi... З галавой. Без твару. Тую, першую, без сумневу, ляпiла дзiця. Гэту — напэўна, бацька? Цуду не будзе? Сталiца, крама, чарга — ужо на выхадзе, каля касы, але не раздражняе (калi час ёсць). Напэўна, таму, што побач, на палiчках, проста безлiч нейкай драбязы — можна паразглядаць, папрыцэньвацца, можна штось пакласцi ў карзiну. Бляшаначка вось — прыгожая, а ўжо надпiс на ёй (пачуйце!): "Чудовiй чай...". Не ўпэўнена, што ён i сапраўды такi ўжо "чудовiй", але ўзяць — падмывае: назва "спрацоўвае"... Акурат таксама ў нашай краiне, за межамi яе (асаблiва за блiзкiмi) "працавалi б", напрыклад, "Цудоўныя цукеркi". Нашы. I насамрэч цудоўныя! Калi б былi. Без адказу Некалi, выдаўшы ў Маскве чарговую кнiжку i атрымаўшы ганарар, знаёмая пiсьменнiца купiла пад Мiнскам дачу. Цяпер, расказвала, каб кнiжку выдаць, тую дачу трэба прадаць. Альбо — шукаць спонсараў. Альбо з кожнай пенсii выкройваць нейкую капейчыну i (хай праз гады, хай тыражом у 50 цi 100 асобнiкаў!), але ўсё ж надрукаваць — для сябе, для сяброў-прыяцеляў... А што застанецца, можна i ў кнiгарню потым занесцi. Не сказаць, каб дужа ахвотна, але iх там бяруць — на камiсiю. — Сколько вы хотите за 1 экземпляр? — прымаючы, спытала ў пiсьменнiцы прыгожая маладзiца. — Ну, мо тысяч 8... — Замечательно, — згадзiлася дзеўка, яркiмi "капцюркамi" пабарабанiла па лiчбах калькулятара, сказала: — Тогда в продаже она будет 15. — Ды хто ж яе возьме за гэткiя грошы?!.. — разгубiлася пiсьменнiца. — Не волнуйтесь: кому надо — возьмёт. ...Нi ёй, нi мне, нi вам нiхто, вiдаць, не адкажа на простае, як быццам пытанне: каму ўсё гэта "надо"? Сiла слоў? Змiцер — як Дзед Мароз — прыходзiць рэдка i з прысмакамi. Апошнi раз ён быў летам, з булачкамi-пiрожнымi, з апельсiнамi i з ладнай бляшанкай зялёнага чаю. Дастаў, як цяпер гэта помню, гучна паставiў на стол, сказаў: во, маўляў, гэта я спецыяльна — каб вы мяне ўспамiналi. Мог бы i не казаць, бо спрацоўвала штось мiжволi — варта было захацець таго чаю, варта заварыць... А ўжо п’ючы ды кагось частуючы, дык нават расказаць кожны раз, i якi гэта, i дзе ўзялi... З месяц таму чай скончыўся, купiлi новы. Але, заварваючы, усё роўна ўзгадваем той зялёны, стары — Змiцераў. I — адпаведна — яго. Сiла слоў? Рэфлекс? Цi штось iншае? Дым не сорам? Будаваць навучылiся: не дом па суседстве, — карцiнка, бо на пагорачку, на рагу дзвюх вулiц, "падкоўкаю", з аркай пасярэдзiне. Да таго ж — расфарбаваны. А ўжо абсаджаны — не нейкiмi там бярозкамi-клёнамi, а прыгожымi туйкамi. Праўда, "параслi" яны вельмi нядоўга — знiклi. Нехта казаў, што дачнiкi скралi, нехта... Каляжанка пiсала: iх дом два гады "на капiталцы быў" — трубы-вокны мянялi, сцены ўцяплялi, бялiлi... Здаваць аб’ект высокаму начальству збiралiся. Таму, для паўнаты ўражанняў, вакол дома туй насадзiлi — хай ведае, маўляў, хай бачыць! Аднак, планы ў начальства змянiлiся — замест гэтага аб’екта, яно на iншы сабралася. А лiшнiх туй не было, таму дрэўцы... павыкопвалi i павезлi туды. Так што i гэтыя, мо, не на дачах недзе растуць, мо, "працуюць" дзесь — дым у вочы пускаюць. "Родная..." — не родная ...У той унiверсам мы, хоць зрэдку, але заязджалi, бо ён пры дарозе, лiчы, дакладней — пры шашы. Вiдаць, ад яе ў гандлёвага пункта i назва была — "Гродна". Колькi часу назад магазiн зачынiлi — здалёк яшчэ бачна было — на вялiкi рамонт. Не так даўно ён скончыўся, але чым — глядзець не хацелася. Шыльда ўразiла мякка кажучы. Нашы сiмвалы пры ёй — буслiк, буслянка. I назва — "Родная сторона". Паводле задум "бацькоў-заснавальнiкаў", гэта павiнна лепей гучаць, чым "Родная старонка", "Родны кут", "Родны край"? Гэта — павiнна прыцягваць, вабiць пакупнiка... За ўсiх не скажу. Мы — праязджаем мiма. Перад выбарам Чорны вечар, белы снег. Валiць, як пух з парванай пярыны — шапкi-хусткi няма, парасона таксама. Прычым — не толькi ў мяне: лiчы, усе на прыпынку пад застрэшак схавалiся. Скiравала туды, нават падбегла ўжо — хваляй (дыму, смуроду... Кураць, здаецца, усе?!) "аднесла" назад, "паставiла" крыху паводдаль. I... перад выбарам: што рабiць — мокнуць? Цi ўсё ж схавацца i дыхаць, чым давядзецца?.. З дзвюх бедаў, як i варта было чакаць, выбрала меншую — гэта значыць, дыхала. А каб лягчэй было, сама сябе ўшчувала: бач, маўляў, якая прынцэса знайшлася — з курцамi ёй пастаяць "западло"... Нейкіх дзесяць хвiлiн — пакуль аўтобус прыйдзе. А нехта ж з iмi ў адной хаце жыве, у адным ложку спiць... Прывычка — страшная сiла. I шкодная. У поўным сэнсе гэтага слова. Каб сказаць... I пачулi Вечар. Гасцiнiца. Пакой, як добрай бабе сесцi, але ўсё ў iм ё — i ложак, i стол, i крэсла ды што там — нават карцiна, радыё! Прычым, знаёмае — дома калiсь такое было. Прыемна паглядзець (ды што там — нават пагладзiць!), прыемна павярнуць рычажок. I... аж сесцi, пачуўшы адтуль даўно знаёмае, здаўна любiмае, пранiкнёна-пяшчотнае: "Ты — моя мелодия, Я твой преданный орфей..." Магамаеў. Незабыўны, непаўторны голас. З таго свету, можна сказаць... Колькi ж гадоў, на гэтым, яго не чуваць было?! ...Для таго, каб зноў загучаць (хоць у запiсах), для таго, каб свету — гэтаму — яшчэ раз "сказаць", кiм ты быў i якiм, трэба... памерцi. Не толькi артысту. Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усё, як ва ўсiх, цi ў многiх — ранiца, прыпынак, газетны шапiк, тралейбус... Калi хочацца нешта змянiць — еду ў метро. — Ты на трактарным садзiлася?
|
|