Неабгрунтаваныя цэннікi
Неабгрунтаваныя цэннікi
Дзве трэцi правераных гандлёвых аб’ектаў у Магiлёўскай вобласцi завысiлi цэны на тавары. У "групе рызыкi" — рыба, цытрусавыя, яблыкi, канцылярскiя тавары. У рэгiёне завяршылася 10-дзённая праверка абгрунтаванасцi цэнаў у крамах. Упраўленне цэнавай палiтыкi Магiлёўскага аблвыканкама сумесна з прадстаўнiкамi гарадскiх i раённых уладаў праверылi каля 70 гандлёвых арганiзацый. У 47 знойдзены рознага роду парушэннi ў цэнаўтварэннi. Напрыклад, за кiлаграм свежамарожанай рыбы прасiлi на 1000 рублёў больш, чым трэба. На 700-750 рублёў неапраўдана падаражэлi цытрусавыя. Яблыкi — болей чым на 1000 рублёў. У гэты спiс трапiлi нават сушкi, кошт на якiх быў завышаны на 690 рублёў. Калi ўлiчыць, што размова iдзе пра кiлаграм, то на першы погляд сцiплыя сумы перавышэнняў складалiся ў значныя грошы. Правяралi не толькi харчовыя крамы. Выяўлена, што на школьныя i канцылярскiя тавары гандлёвая надбаўка дасягала 80% замест належных 25-30%. Спецыялiсты правяралi ў асноўным прыватны гандль у гарадах i раённых цэнтрах. Там, дзе знойдзены парушэннi, цэны адкруцiлi назад. — Мы склалi каля 40 пратаколаў аб парушэннях i перадаём iх у гаспадарчы суд, — паведамiў намеснiк начальнiка ўпраўлення цэнавай палiтыкi Вячаслаў Пiкус. — Да несумленных гандляроў могуць прад’явiць розныя санкцыi: ад папярэджання да пазбаўлення лiцэнзii. Прамежкавы варыянт — штраф да 40 базавых велiчынь. Пры паўторным парушэннi — да 80. Базавая велiчыня сёння складае 35 тысяч рублёў, таму за неабгрунтавана завышаныя цэны можна атрымаць значнае грашовае спагнанне. Ілона Iванова. Знiжкi Бiлеты ў Расiю i ва Ўкраiну патаннелiБеларуская чыгунка знiзiла кошт праезду ў вагонах СВ у накiрунку Расiйскай Федэрацыi i Украiны. Зроблена гэта было ў мэтах захавання канкурэнтназдольнасцi пасажырскiх перавозак зiмой. Так, з 20 студзеня па 1 мая кошт праезду (у параўнаннi з коштам па стане на 1 снежня мiнулага года) фiрмовымi цягнiкамi фармiравання Беларускай чыгункi знiжаны ў сярэднiм на 17—27 працэнтаў — у залежнасцi ад маршруту руху. I з 1 лютага па 1 мая — у простых цягнiках беларускага фармiравання — у сярэднiм на 6—14 працэнтаў у залежнасцi ад маршруту руху. Сяргей РАСОЛЬКА. Беларускiя барцы заваявалi чатыры медалi Барцы грэка-рымскага стылю ў мiнулыя выхадныя аспрэчылi ўзнагароды турнiру Вехбi Эмрэ. Першы старт з серыi "Залаты Гран-пры" адбыўся ў Стамбуле. На п’едэстал узнялiся чацвёра беларусаў. Алег Мiхаловiч у вагавой катэгорыi да 74 кг заняў трэцяе месца. У вагавой катэгорыi да 84 кг наш Андрэй Бараноўскi дайшоў да фiналу, аднак спынiўся за крок да першай прыступкi i атрымаў серабро. Затое Цiмафей Дзейнiчэнка ў катэгорыi да 96 кг стаў уладальнiкам залатога медаля: у вырашальнай схватцы ён быў мацнейшы за турка Чэнка Iлдэма. Яшчэ адзiн медаль дабавiў у скарбонку беларускай зборнай Iосiф Чугашвiлi, якi заваяваў у катэгорыi 120 кг бронзу. БЕЛТА. Крадуць усё, што трапiць пад руку Пенсiянерка з горада Буда-Кашалёва вельмi здзiвiлася, калi, вярнуўшыся з крамы, убачыла, што разбiта акно яе хаты. Калi пачала правяраць, што было ўкрадзена, дык выявiла, што знiк самавар. Яна падала заяву ў мiлiцыю. I што ж? Высветлiлася, што яго ўкраў... яе родны ўнук. Раней судзiмы, да таго ж нiдзе не працаваў. А вось хлопец 24-гадовага ўзросту з вёскi Дзiкалаўка Гомельскага раёна таксама краў выбарачным метадам: рэчы з алюмiнiю, якiя трапiлiся яму пад руку ў доме пенсiянеркi той жа вёскi, а таксама з дачнага дома, гаспадар якога жыве ў Гомелi. Зламыснiк змешчаны ў следчы iзалятар. Як кажуць, 30-гадовы рабочы СВК "Уцеўскi", што ў Добрушскiм раёне, на дробязi разменьвацца не стаў i сцягнуў тры пуды пшанiцы, два — камбiкорму i чатыры кiлаграмы проса ў пенсiянеркi з вёскi Уць. Мужчына ўжо быў раней судзiмы, але вывадаў з гэтага не зрабiў. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ. Цыгарэты, вiскi, гарэлка... Буйную партыю "левай" тытунёвай i алкагольнай прадукцыi на агульную суму 12 мiльёнаў 370 тысяч рублёў выявiлi супрацоўнiкi мiлiцыi ў адным з гродзенскiх гаражоў. Як паведамiлi карэспандэнту "Звязды" ў аддзяленнi iнфармацыi i грамадскiх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама, практычна ўвесь тавар не быў маркiраваны беларускiмi акцызнымi маркамi. Праўда, сярод кантрафакту былi i цыгарэты айчыннай вытворчасцi — без дакументаў, якiя б пацвердзiлi легальнасць iх набыцця. Што абавязкова, калi фiзiчная асоба захоўвае больш за тысячу штук тытунёвых вырабаў. Астатняя частка нелегальнай партыi, на думку аператыўнiкаў, была ўвезеная з тэрыторыi Украiны — вiскi i гарэлка элiтных марак. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзве трэцi правераных гандлёвых аб’ектаў у Магiлёўскай вобласцi завысiлi цэны на тавары. У "групе рызыкi" — рыба, цытрусавыя, яблыкi, канцыл |
|