ХАТНЯЯ ПЛАКСА
ХАТНЯЯ ПЛАКСА
"У хатнiх умовах манстэра практычна не цвiце", — сведчаць i кветкаводы, i спецыяльныя даведнiкi. Ну можа ў хатнiх i не цвiце... А гэты фотаздымак я зрабiла ў вёсцы Новая Гута Гомельскага раёна, калi iшла па галерэi, што аб’ядноўвае розныя карпусы ўзорнага свiнарнiка саўгаса-камбiната "Сож". Саму раслiну ведае, вiдаць, кожны. Няма грамадскага памяшкання, якое яна не займала б, раскiдваючы сваё разлапiстае, быццам бы парванае лiсце. Радзiмай гэтай шматгадовай вечназялёнай лазячай лiяны-лазуна са змеепадобнымi каранямi з’яўляюцца амазонскiя лясы Паўднёвай Амерыкi. Манстэра лiчыцца эфектнай i не вельмi патрабавальнай раслiнай. Яна можа расцi нават пры штучным асвятленнi. Адзiны мiнус — ёй патрэбна значная прастора, бо можа дасягнуць вышынi чатыры метры. Кветкаводы кажуць, што яе добра, калi памяшканне дазваляе, размяшчаць у рабочым кабiнеце або на кухнi. Рэчывы, якiя яна выдзяляе, знiмаюць галаўны боль, выклiканы стомленасцю ад працы. Кветка манстэры, як бачыце, нагадвае кукурузны катах, вакол якога — белае покрыва. Мiж тым, усе ведаюць iншую раслiну — родзiча манстэры. Разам яны адносяцца да трапiчнага сямейства Ароiдных. Размова iдзе пра белакрыльнiк балотны (Саllа раlustris L.). Больш вядома акультураная дэкаратыўная форма гэтай раслiны пад назвай кала. Сямейства названа Ароiдным па старажытнай яўрэйскай легенде аб цудоўным жазле Аарона — быццам бы яно ў адну ноч пакрылася пупышкамi i кветкамi. Што датычыцца манстэры, пасля перыяду цвiцення на ёй павiнен развiцца даволi вычварны плод, якi, сведчаць лiтаратурныя крынiцы, з’яўляецца прыдатным да яды. Спелы плод манстэры падобны на банан i мае прыемны ананасавы смак, але недаспелы нельга каштаваць, бо можна атрымаць апёк слiзiстай роту. У нашых умовах, каб размножыць раслiну, давядзецца разрэзаць частку сцябла на кавалкi так, каб у кожным было "вочка" — пупышка. Гэтыя кавалкi трэба пакласцi ў вiльготны мох або на такi ж пясок, прыкрыць шкляным слоiкам i паставiць у цёплае месца. Давядзецца пачакаць, пакуль раслiна дасць корань. У прыродзе ўсё адбываецца iнакш. У некранутых лясах Бразiлii насенне манстэры заносiцца птушкамi на дрэвы i там на кары прарастае. Спачатку яна расце як эпiфiт, павольна спускаючы ўнiз, як вяроўкi, сваё паветранае карэнне, якое дасягае ў даўжыню звыш шасцi метраў. Ля глебы гэтае карэнне загiнаецца i выпускае шмат бакавых. Пры гэтым звiслыя каранi нацягваюцца, быццам струны. Па iх прамым шляхам да лiсця падымаецца вада, i калi перарэзаць корань, з яго пальецца вадкасць. Пасля ўмацавання карэння ў глебе манстэра пачынае хутка расцi ўверх, абвiваючы дрэва-гаспадара. Яшчэ, кажуць, па паводзiнах манстэры, як па барометры, можна прадказваць надвор’е. Перад дажджом, калi ў атмасферы накоплiваецца шмат вiльгацi, манстэра выдаўлiвае ваду кроплямi па краях лiсця — быццам плача. З-за гэтай асаблiвасцi яе зрэдку называюць "плаксай". Ірына Асташкевiч. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"У хатнiх умовах манстэра практычна не цвiце", — сведчаць i кветкаводы, i спецыяльныя даведнiкi. Ну можа ў хатнiх i не цвiце... А гэты фотаз |
|