21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сквапнасць мiльярдэра, цi Мiф пра добрага капiталiста

26.08.2009 10:44 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сквапнасць мiльярдэра, цi Мiф пра добрага капiталiста

Мiльярдэр Адольф Меркле, пра смерць якога "Звязда" ўжо паведамляла, увайшоў у гiсторыю як першая буйная i вельмi нечаканая ахвяра глабальнага фiнансавага крызiсу. Хто-хто, але толькi не ён. Меркле многiм здаваўся прыкладным бацькам i верным мужам, прававерным католiкам, якi ў апошнi час асаблiва часта шукаў суцяшэння ў касцёле. Нiякiх выступленняў па тэлебачаннi, рэдкiя iнтэрв’ю ў прэсе. Аднак як пiша замежны друк, Меркле заплацiў жыццём таму, што заблытаўся ў сваiм бiзнэсе, далёкiм ад пратэстанцкай этыкi капiталiзму.

Дык чаму 74-гадовы звышбагач кiнуўся 5 студзеня пад цягнiк? Нямецкiя СМІ з незвычайным iмпэтам занялiся пошукам адказу на гэта пытанне. Ажылi ў друку легенды пра мiльянераў, якiя выскоквалi з вокнаў будынкаў Уол Стрыт у кастрычнiку 1929 года пасля навiны пра бiржавы крах. Для большасцi немцаў смерць Меркле з’явiлася першай чорнай ластаўкай надыходнага крызiсу. Толькi што скончыўся калядны сезон пакупнiцкага шаленства, немцы выдаткавалi на падарункi i задавальненнi рэкордныя сумы грошай, значна большыя, чым летась. I тут — смерць мiльярдэра.

Кiм ён быў, гэты Меркле? Мiльярдэр не любiў кiдацца ў вочы. Жыў не па сродках сцiпла ў блокавым катэджы для прадстаўнiкоў сярэдняга класа. Яго лад жыцця быў вельмi далёкi ад велiзарных магчымасцяў мiльярдэра. Не было ў Меркле нiякiх шыкоўных вiл, палацаў, самалётаў, яхтаў дарагой замежнай нерухомасцi, палюбоўнiц-мадэляў, напрыклад, як у расiйскiх алiгархаў. Звычайнае адзенне, стары "Мерседэс", падарожжы другiм класам. Хоць яго маёмасць вядомы амерыканскi часопiс "Форбс" ацэньваў на 9,2 млрд еўра.

Нiчога лiшняга, апрача цяжкай да знясiльвання працы па памнажэннi багацця i клопаце пра 100 тысяч працаўнiкоў ягонай iмперыi, якая раскiнулася амаль па цэлым свеце. Што нi кажы, узор грамадзянiна i ўвасабленне нямецкiх, а хутчэй, прускiх i пратэстанцкiх цнотаў: пунктуальнасцi, абавязковасцi i пiльнасцi. Не меў нiчога агульнага з цэлай плеядай тых мiльянераў, якiя толькi i шукаюць увагi СМI, магчымасцi пахвалiцца сваiмi матэрыяльнымi здабыткамi.

Насамрэч Меркле быў спекулянтам планетарнага размаху, ва ўсякiм разе пакуль непераўзыдзеным у Германii. Ён спекуляваў i ашукваў як толькi мог. У 1967 годзе атрымаў у спадчыну ад бацькi фармацэўтычную фiрму: 80 супрацоўнiкаў i 4 млн марак гадавога абароту. Такiх прадпрыемстваў было i ёсць ў Германii тысячы. Малады i амбiцыйны бiзнэсмен вызначыў сабе мэту: павялiчваць абарот фiрмы штогод на адну трэць. Нiколi не быў задаволены прыбыткамi. Бо таго багацця, пра якое марыў Меркле, немагчыма было дасягнуць ростам вытворчасцi цi ашчаднасцю. Тады ён пачаў купляць кампанii, якiя былi на мяжы банкруцтва, каб пад выглядам iх санацыi атрымаць вызваленне ад падаткаў. Купляў усё больш, браў усё большыя крэдыты i мэтанакiравана ствараў усё больш заблытанае павуцiнне эканамiчных сувязяў, паёў i ўласнасцi. Дзейнiчаў такiм чынам, каб банкi былi не ў стане адсачыць яго фiнансавыя схемы.

Акрамя фармацэўтычнай фiрмы Меркле кантраляваў буйны канцэрн "Хайдэльберг цэмент", магутную групу аптовых складаў лекаў "Фенiкс" i шмат iншых фiрмаў, агульны абарот якiх дасягаў 35 млрд еўра. Для параўнання: абароты вядомага канцэрна "Баер" на 3 млрд меншыя. Але грымнуў фiнансавы крызiс, банкi ўсё больш настойлiва дамагалiся ад Меркле вяртання крэдытаў. Нездарма кажуць, што бяда не прыходзiць адна. Страта Меркле некалькi сотняў мiльёнаў еўра на спекуляцыях акцыямi "Фольксвагена" выбiла канчаткова яго з каляiны. Гэта быў канец. Праўда банкi гарантавалi сям’i Меркле, жонцы i чатыром дзецям захаванне дамоў, якiмi валодалi, невялiкага замка ў Растоку, дастаткова вялiкага лесу i некалькi мiльёнаў еўра. Аднак Адольф Меркле не захацеў быць сведкам знiшчэння справы свайго жыцця. Што сталася потым, вядома...

Сенсацыi пра жыццё патрыярха сям’i Меркле развеялi ўсялякiя мiфы пра добрага капiталiста, якi не цураўся каралеўскiх чаявых у прыдарожным рэстаране. Сёння нiхто па iм не плача. Затое ўзнiкаюць пытаннi, што зрабiлася ў краiне, гаспадарчая элiта якой так сабе непрыгожа падводзiць? Карупцыйныя скандалы i ашуканствы сталi звычайнай з’явай. Расследаванне афёры ў канцэрне "Сiменс", дзе за некалькi гадоў тайна выдаткавалi 1,3 млрд еўра на подкуп замежных партнёраў узамен на выгадныя кантракты, усхвалявала краiну. Такога скандалу не было за ўсю 160-гадовую гiсторыю фiрмы. Абвiнавачана было 300 чалавек!

У "Фольксвагене" iснавала чорная каса, з якой фiнансавалiся паходы ў дамы распусты ў Гамбургу i па цэлым свеце. Пiкантныя падрабязнасцi гэтай аферы забаўлялi абывацеляў Германii на працягу некалькiх гадоў. У момант, калi СМI займалiся самазабойствам Меркле, распачаўся працэс Клаўса Цумвiнкля, былога кiраўнiка "Дойчэ Пошт" , якi па прыкладзе шматлiкiх iншых мiльянераў хаваў вялiкiя сумы на патаемных рахунках банка Лiхтэнштэйна ад падаткаў.

Свежы ў памяцi немцаў i карупцыйны скандал, звязаны з набыццём тэлекамунiкацыйнай фiрмай "Маннесман" брытанскай "Вадафон". Нямецкiя менеджары прыхапiлi сабе дзясяткi мiльёнаў еўра з грошай акцыянераў пад выглядам быццам бы дапамогi па звальненнi. На лаве падсудных апынуўся тады шэф Дойчэ Банк Ёзэф Акерман, якi згадзiўся заплацiць 3,3 млн еўра у рамках судовага замiрэння. З гэтага часу Акерман стаў сiмвалам ненажэрнага капiталiста, апантанага сквапнасцю.

Падчас святочных набажэнстваў i ў навагоднiх пасланнях нямецкiя епiскапы заклiкалi нямецкiх банкiраў i прамыслоўцаў да ўмеранасцi, развагi i клопату пра сацыяльную справядлiвасць. Дэлегалiзацыi "фондаў сквапнасцi" i ўсялякiх фiнансавых iнструментаў, разлiчаных на генерыраванне "несумленных прыбыткаў" дамагаецца епiскап Райнхард Маркс з Баварыi. Ён не стамляецца паўтараць, што сквапнасць з’яўляецца грахом. Сваю кнiгу ён назваў "Капiтал", як гэта калiсьцi зрабiў другi Маркс па iменi Карл.

Нямецкiя палiтыкi знайшлi iншую мову i словы. Прэзiдэнт ФРГ Хорст Кёлер назваў мiжнародныя фiнансавыя рынкi пачварай. Канцлер Ангела Меркель нядаўна сказала, што звычайная хатняя гаспадыня можа лепш кiраваць грашыма, чым некаторыя банкiры. Такiя ацэнкi наводзяць немцаў на думку, што багачы — гэта крывасмокi i шкоднiкi. Гэта iх належыць вiнавацiць у надыходным крызiсе.

На сцэне аднаго з тэатраў Гамбурга рэжысёр Фолкер Лёш нядаўна паставiў п’есу пад знамянальнай назвай "Марат, што засталося ад нашай рэвалюцыi?" У ёй беспрацоўныя чытаюць са сцэны прозвiшчы, адрасы i пiкантныя падрабязнасцi з жыцця нямецкiх мiльянераў. Крытыкуемым гэта не спадабалася, але Лёш, несумненна, трапiў у "дзясятку".

Адольф Меркле не быў у Гамбургскiм тэатры. Апошнiя тыднi перад смерцю змагаўся з дэпрэсiяй. "Смутна мне, што ў такiя часы, як сённяшнi фiнансавы крызiс, нечакана змяняюцца ацэнкi грамадскай думкi. Мяне атакуюць i называюць ашуканцам", — скардзiўся ў апошнiм iнтэрв’ю. Насамрэч усё было так, як казалi пра яго.

Мiхаiл Бацян.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiльярдэр Адольф Меркле, пра смерць якога "Звязда" ўжо паведамляла, увайшоў у гiсторыю як першая буйная i вельмi нечаканая ахвяра глабальнаг
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика