21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Міхась Мiцкевiч пра запаветы Коласа

26.08.2009 10:45 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Міхась Мiцкевiч пра запаветы Коласа

Мiхась Мiцкевiч вельмi падобны на свайго бацьку. Часам здаецца, што i гаворыць яго словамi — трапна, яскрава, прыгожа. А вершаў ведае на памяць... Калi не ведаеш, то нiколi i не здагадаешся, што да лiтаратуры ён сам дачынення не мае, бо абраў шлях у дакладныя навукi — фiзiку, матэматыку. Але дасягнуўшы вяршынь у сваёй справе, ён звяртаецца да таго, з чаго пачынаецца iснаванне чалавека, — да ўспамiнаў пра сваю сям’ю, дзе яго тата-пiсьменнiк навучыў найперш любiць сваё i разумець сябе. І ў першай прыступцы разумення спачатку было жывое слова — ад таты i мамы. Беларускае слова сын Коласа абараняе сёння.

— У нейкiм сэнсе можна сказаць, што беларуская мова мёртвая, — кажа Мiхась Канстанцiнавiч. — Усё залежыць ад таго асяродку, у якiм мы знаходзiмся штодня. Цi можна нешта паправiць? Трэба, каб не толькi дома людзi iмкнулiся гаварыць па-беларуску, а каб i на працы карысталiся мовай больш шырока. I тады будуць уцягвацца iншыя. Як у патоку вады: адна кропелька не пойдзе супраць патоку. А калi мноства кропляў iдзе ў адным накiрунку, то атрымлiваецца вялiкая плынь.

На мой погляд, патрэбны закон аб роднай мове ва ўмовах двухмоўя. А ў рамках "Закона аб мовах" неабходна, каб кожны чыноўнiк валодаў дзвюма мовамi аднолькава добра, калi яны ў нас раўнапраўныя.

— У чым небяспека страты роднай мовы?

— Мова — гэта адна з асноўных рыс народа. Калi народ губляе сваю мову, то ператвараецца ў гiстарычнае смецце, у пясок. Трэба знаходзiць прыклады, якiмi можна пераканаўча паказаць людзям гэта. Хоць бы гiпатэтычна пастарацца ўявiць, напрыклад, такую сiтуацыю: немцы засталiся ў Польшчы i поўнасцю вынiшчылi польскую мову. Хто тады былi б палякi? Немцамi яны не сталi б, i палякамi б не засталiся. Яны б знiклi, як i шмат народаў знiклi з карты Зямлi. Гiсторыi вядома, што пад акупацыяй чэхi страцiлi было сваю мову, але ўсё-такi ўдалося аднавiць i цяпер аберагаюць яе. Французы беражлiва ставяцца да сваёй мовы, абараняюць ад засмечвання словамi iншага паходжання. Калi можна знайсцi сваё, лепшага не трэба.

Настаў час прыступаць да таго, каб вяртаць сапраўдныя прозвiшчы нашым людзям. Бо яны часта скажоныя, павернутыя ў бок рускай мовы. Ёсць цудоўны паэт Генадзь Кляўко. Якi ён Кляўко? Я ведаў яго блiзкiх як Клеўкi. У Пухавiцкiм раёне iснуе прозвiшча Клеўка, вось так яно гучыць па-беларуску. Атрымалася, што было прозвiшча Снежка, а цяпер ужо Сняжко. Не Лапата, а Лапато. I шмат падобных выпадкаў. А гэта ж гiсторыя, наша мiнулае. Калi вы пачытаеце кнiжку "Памяць" (а я па Пухавiцкiм раёне гляджу), заўважыце, колькi знiклых вёсачак, з якiмi цудоўнымi назвамi! I можна было б гэтыя цудоўныя назвы захаваць у памяцi, хоць бы ў назвах вулiц гарадоў. Проста за сэрца кранае: шкада, што такая прыгажосць знiкае. Цяжка бывае знайсцi, адкуль узялiся такiя назвы. Гiсторыя, спецыялiсты шукаюць, iмкнуцца патлумачыць паходжанне гэтых назваў. Гэта вельмi цiкава. I трэба працаваць далей, каб выцягваць сваю спадчыну, тлумачыць яе каштоўнасць.

У кожнай нацыi назапашана вельмi шмат свайго непаўторнага матэрыялу. Напрыклад, наш беларускi фальклор — адзiн з самых багатых у Еўропе. I наогул беларуская лiтаратура магутная. А наша паэзiя зараз больш магутная, чым расiйская. I мастацтва ў нас выдатнае. Пра некаторых выдатных майстроў мы толькi пачынаем даведвацца, што яны мелi беларускае паходжанне, як, напрыклад, Хруцкi. У навуцы зроблена нямала, у Беларусi быў надзвычай высокi навукова-педагагiчны патэнцыял. Бяда ў тым, што няма разумення, адпаведна i гонару за сваё.

Немалую ролю адыграла тое, што ў нас не было гiстарычнага рамана. Людзi з дзяцiнства не атрымалi выхавання ў любовi да сваёй спадчыны, да свайго мiнулага, да гераiзму народа ў розныя часы. У нас гiстарычная лiтаратура набыла моц з прыходам Караткевiча. А гэтага ўжо недастаткова, каб сфармiраваць упэўненасць у народзе, што калi ў яго было вялiкае мiнулае, то i будучыню сваю ён павiнен адстойваць. Гiсторыi сваёй мы не ведалi. Калi я ў школе вучыўся, не ведаў. Мяне вельмi здзiвiла, калi я чытаў "У палескай глушы" маналог Баранкевiча пра тое, што мы лiцвiны. Памяць пра Вялiкае Княства Лiтоўскае як пра беларускую дзяржаву была закрэсленая надоўга.

— Якую будучыню беларускай мовы бачыў Якуб Колас?

— Калi Якуб Колас гаварыў пра будучыню беларускай мовы, то яго хвалявала, каб яна больш гучала, каб ёй надавалi ўвагу, пашыралi ўжытак. Гэта можна лiчыць запаветам пiсьменнiка ў грамадзянскiм накiрунку. Чым горшыя былi б цукеркi, калi б яны называлiся нашым беларускiм словам? Цi як ён казаў, калi б загаварылi кiраўнiкi i мiнiстры на беларускай мове, то iх памочнiкi старалiся б iсцi за iмi. А калi казаць пра магчымасцi нашай мовы, то гэта проста цуд!

У нас столькi паэтаў, пiсьменнiкаў, у якiх такое багатае словаўтварэнне. Узяць хоць бы Казiмiра Камейшу. Пачытайце, у яго празрыстая паэзiя. Здаецца, слова возьмеш — i не зразумела, адкуль такое хараство. У палiтры Якуба Коласа ўжытыя каля 34 тысячы розных слоў. Звычайна чалавек абыходзiцца 7-8 тысячамi слоў. Гэта агромнiсты запас. Iншы раз звярталiся волаты лiтаратуры, нават Янка Брыль: "Слухай, а цi можаш растлумачыць, што такое "трапянка"?" Гэта нешта зробленае з матэрыi, сурвэтка. Так, у Коласа, асаблiва ў раннiх творах, калi паглядзець сшыткi з настаўнiцкай семiнарыi, там многа слоў, значэнне якiх незразумелае. Вiдаць, некаторыя словы наогул адыходзяць, калi сфера ўжывання iх звужаецца. А шкада. Бо багацце мовы — гэта прыгажосць, найвялiкшы здабытак.

— Што можаце параiць людзям, якiя яшчэ трымаюцца сваёй мовы, але маюць рызыку пайсцi па цячэннi?

— Трэба трымацца далей, калi яны жывуць з ёю, яна стала часткай iх iснавання. Падтрымаць гэтых людзей можна i трэба. Але найперш для гэтага патрэбны дзяржаўны паварот, для таго, каб згуртаваць народ. Бо толькi адна iдэя — свая нацыянальная — можа быць выкарыстана для згуртавання, iншага ў свеце не прыдумана, а толькi тое, што мы з аднаго роду-племенi, мы аднадумцы, мы хочам заставацца самi сабою, са сваiмi традыцыямi, але хочам развiвацца далей, набываць i тое, што назапашана ў свеце. Не абмяжоўвацца, але заставацца ў рамках свайго "я". Гэта можа вызначыць дзяржаўная палiтыка.

— Вы казалi пра згуртаванне народа, але жыццё цяпер дае людзям новыя магчымасцi паспрабаваць сябе ў iншых краiнах, i яны вельмi ахвотна дзеля працы асвойваюць iншыя мовы...

— Сапраўды, шмат беларусаў апынулiся па-за межамi сваёй роднай зямлi. Паглядзiце, нават калi перадаюць навiны па тэлебачаннi — колькi беларускiх прозвiшчаў гучыць. Адсюль каго з продкаў вывезлi, каго — падчас паўстання Калiноўскага, а хто так пераехаў. Мiграцыя непазбежная ў сённяшнiм свеце. Безумоўна, вельмi прыкра, што шмат спецыялiстаў з’язджае за межы ў пошуках лепшага жыцця. Вядома ж, тыя, хто здольны самастойна працаваць i можа паказаць сваю працу, будуць выязджаць туды, дзе лепей. Гэта закон патэнцыялу. Там, дзе больш высокi патэнцыял, туды i будуць прыцягвацца сiлы. Гэты закон працуе ў цеплафiзiцы, у фiзiцы, таксама i ў грамадстве. Усё залежыць ад таго, як мы зможам арганiзаваць побыт, працу, зацiкаўленасць у нас тут. Кансалiдацыя нацыi можа быць якраз-такi на яго мове, на яго звычках. Другога нiчога не прыдумалi. Рабы працаваць так адказна не будуць.

Вельмi многа найталенавiцейшых беларусаў, на жаль, працуе ў iншых рэспублiках. Тут было перапляценне народаў, якое сапраўды спрыяла стварэнню таленавiтай нацыi.

— I было паразуменне, якое выпрацавала нашу славутую талерантнасць.

— Жылi як нi ў адной краiне дружна, у Беларусi нi разу не было пагромаў. Калi я быў малы, то шмат маiх сяброў належалi да розных нацыянальнасцяў. I толькi калi я прыехаў у Ташкент у 9-ы клас, а там была зборная розных народаў — украiнцы, азербайджанцы, армяне, мардвiны, — мяне вельмi здзiвiла, што азербайджанцы пiкiруюцца з армянамi. Для мяне гэта было незвычайна, як так можна? Там я атрымаў першы жорсткi ўрок.

Потым былi iншыя. Аднойчы быў у Малдове, калi там пачаўся рух Народнага фронту. Я быў на навуковай канферэнцыi, убачыў розныя палiтычныя лозунгi, стаў чытаць. I калi я ўжо адыходзiў, падышоў адзiн малдаванiн i вельмi далiкатна спытаў: "Што б вы маглi сказаць пра гэта?". Я выказаў меркаванне. Сталi збiрацца людзi. I як пачалi на мяне насядаць: "А як з мовай быць?". Я кажу: "Паколькi мы жывём у адной дзяржаве, дзе шмат розных нацыянальнасцяў, павiнна iснаваць нейкая агульная мова. Гэта можа быць i расiйская, i эсперанта, а можа быць i iншая". — "А чаму руская?" — "Гэта мова Пушкiна". — "А што такое Пушкiн?" — "Гэта найперш грамадзянiн, гэта фiлосаф, гэта найвыдатнейшы чараўнiк слова". Яны прынялi мяне за рускага. Я сказаў, што беларус. "А вы можаце сказаць што-небудзь па-беларуску?" Я пачаў чытаць вершы. А пасля гаворка перайшла на эканамiчную тэматыку, як далей развiвацца. Былi настолькi напружаныя моманты, здавалася, што мяне паб’юць. Але я пераходзiў на гумарыстычную хвалю, мог своечасова пажартаваць. Я вельмi шкадую, што я не запiсаў таго, што было там. Гэта была настолькi вострая, настолькi магутная спрэчка. Яна раскрывала праблему: "Нашто нам руская мова?" Iх больш прыцягвала румынская. Для мяне гэта была нечаканая, неспадзяваная школа, як размаўляць з людзьмi iншай культуры i пры гэтым давесцi свае погляды.

— Якое месца займае беларуская мова ў вашай сям’i?

— Нашчадкi Коласа часцей карыстаюцца рускай мовай. Дачка выкладае матэматыку па-руску, хоць беларускую ведае выдатна. У полiтэхнiчнай акадэмii мой сын выкладае беларускую мову па-беларуску. I дома мы з iм перакiдаемся часта беларускiмi словамi. Мову ён ведае добра. Можа быць, нездарма ў чатыры месяцы загаварыў чыста. I цяпер ён вельмi прыдзiрлiва ставiцца да таго, калi я цi мацi ўжываем не тое слова. Адразу паправiць. Патрабуе дакладнасцяў. Правiльна — "трасянкi" не павiнна быць. Павiнна быць або руская, або беларуская мова. I тая, i тая — на ўзроўнi. Сын, паводле свайго досведу кажа, што моладзь вельмi слаба падрыхтаваная ў моўным сэнсе, цi калi па-руску пiша, цi то калi па-беларуску. Чалавек найперш павiнен быць пiсьменным, адукаваным. Калi ён пiсьменны, то лепш разбiраецца ва ўсiм. Самае важнае — каб быў магутны падмурак культуры, каб людзi ведалi i мову, i гiсторыю, i лiтаратуру, i мастацтва. Каб на гэтым падмурку можна было далей разбiрацца са сваiмi справамi. Бо без глыбокiх ведаў развiццё iдзе вельмi марудна.

Ларыса ЦIМОШЫК.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiхась Мiцкевiч вельмi падобны на свайго бацьку. Часам здаецца, што i гаворыць яго словамi — трапна, яскрава, прыгожа. А вершаў ведае на памяць... Кал
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика