П’яная агрэсія
П’яная агрэсія
Паводле афiцыйных звестак, калi ў 2007 годзе колькасць ужытага алкаголю на душу нашага насельнiцтва складала 11,74 лiтра, то летась гэта было ўжо 12,39 лiтраў. Як паведамiла галоўны ўрач Мiнскага абласнога наркалагiчнага дыспансэра Людмiла АНДРЭЕВА, на наркалагiчным улiку толькi ў Мiнскай вобласцi знаходзяцца на сёння амаль 45 тысяч чалавек. "Наркалагiчная дапамога зараз цалкам даступная, i для тых, хто становiцца на ўлiк — бясплатная, — кажа Людмiла Анатольеўна. — Наркалагiчныя ложкi адкрыты, напрыклад, на базе звычайных стацыянараў. Амаль кожны трэцi наркалагiчны хворы пралечаны ў мiнулым годзе ў межах стацыянара, каля 10 працэнтаў — у дзённых стацыянарах. Ва ўсiх раёнах вобласцi ёсць магчымасць атрымання ананiмнай дапамогi, i колькасць ахвотных атрымаць такую дапамогу расце". Рост спажывання алкаголю па рэспублiцы ўскладняе сацыяльную сiтуацыю, у першую чаргу ў галiне сямейна-бытавых адносiнаў. Дарэчы, да такiх правапарушэнняў — памiж сваякамi, членамi сям’i — адносяцца дзеяннi, скiраваныя супраць здароўя i жыцця, асабiстай свабоды, гонару i годнасцi чалавека, а таксама супраць грамадскага парадку. Паводле слоў намеснiка начальнiка УУС Мiнскага аблвыканкама — начальнiка мiлiцыi грамадскай бяспекi Мiкалая МЕЛЬЧАНКІ, у побыце ўчыняецца кожнае трэцяе забойства i цяжкае цялеснае пашкоджанне. Прычым менавiта падчас такiх злачынстваў узрастае нематываваная жорсткасць. Летась да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за бытавыя правапарушэннi ў вобласцi прыцягнуты звыш 15 тысяч чалавек, а ўсяго на працягу года ў органы ўнутраных спраў паступiла 26,8 тысячы заяў i паведамленняў пра сямейныя канфлiкты. Шэраг асобаў, што стаяць на ўлiку ў наркалагiчнай установе, i якiя на працягу года тройчы прыцягвалiся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi, накiроўваюцца ў адзiную пакуль на тэрыторыi вобласцi лячэбна-працоўную ўстанову. Апошняя, праўда, прызначана для знаходжання мужчынскага "кантынгенту". Мiж тым, у вобласцi наспела неабходнасць адкрыцця падобнай установы для прадстаўнiц супрацьлеглага полу. Сказаць жа, калi такая патрэба будзе задаволена, пакуль, на жаль, немагчыма. Сацыялагiчныя апытаннi грамадзян, якiя парушылi закон у галiне побыту, паказваюць, што пасля канфлiкту бакi намагаюцца абвiнавацiць адзiн аднаго ў тым, што здарылася. Так, на думку мужчын-рэспандэнтаў, прычынамi сямейна-бытавога "высвятлення адносiнаў" з’яўляюцца аўтарытарнасць жонкi (59 працэнтаў), нявернасць жонкi (34), уласнае п’янства (30), няправiльнае размеркаванне фiнансаў у сям’i (25), разыходжанне поглядаў на размеркаванне гаспадарчых абавязкаў у сям’i (25), п’янства жонкi (22), асабiстае рашэнне жонкi аб нараджэннi дзiцяцi (11), наяўнасць у жонкi iнтымных дашлюбных сувязяў (10). На думку жанчын, у лiку памянёных прычын — няздольнасць мужа матэрыяльна забяспечваць сям’ю (75 працэнтаў), п’янства мужа (44), жыллёвая неўладкаванасць (28), жонка зарабляе больш за мужа (22), разыходжанне поглядаў на размеркаванне ў сям’i абавязкаў па гаспадарцы (19), недастатковы аўтарытэт мужа (16). Вiдавочна, дарослыя ажыццяўляюць бытавыя злачынствы не толькi супраць адзiн аднаго. Пад уздзеяннем п’янства i асацыяльных паводзiнаў "зараджаецца" неўладкаваная сям’я, у якой, безумоўна, пакутуюць дзецi. Сямейная неўладкаванасць фармiруе жорсткасць i злосць у характары няпоўнагадовых i ў пэўнай ступенi спрыяе ўцягванню апошнiх у супрацьлпраўныя паводзiны. Як адзначае першы намеснiк начальнiка ўпраўлення адукацыi Мiнскага аблвыканкама Мiкалай КУЛЕШ, каля 30 працэнтаў дзяцей вобласцi пражываюць менавiта ў няўдалых сем’ях. Для работы з такiмi "ячэйкамi" функцыянуюць сацыяльна-педагагiчныя ўстановы, псiхалагiчныя службы, рэгiянальныя каардынацыйныя саветы па рабоце з сям’ёй. Акрамя таго, у вобласцi дзейнiчае 9 дзiцячых сацыяльных прытулкаў i 14 сацыяльна-педагагiчных цэнтраў з аддзяленнямi прытулку. Летась рэабiлiтацыю ў прытулках прайшлi 922 дзiцяцi. За 6-месячны тэрмiн работы з няўдалымi бацькамi 62 працэнты дзяцей вярнулiся ў родныя сем’i, 26 працэнтаў уладкаваны ў сем’i замяшчальныя, 9 працэнтаў накiраваны ў iнтэрнатныя ўстановы, 86 сiрот былi ўсыноўленыя. Да 25 лютага УУС Мiнаблвыканкама ў межах рэспублiканскай спецыяльнай аперацыi праводзiць у вобласцi комплекс мерапрыемстваў, накiраваных на прафiлактыку асацыяльных паводзiнаў грамадзян у галiне сямейна-бытавых адносiнаў. Упраўленне ўнутраных спраў Мiнаблвыканкама заклiкае ахвяраў правапарушэнняў у галiне сямейна-бытавых адносiнаў тэрмiнова звяртацца ў орган унутраных спраў па месцы жыхарства. Там будзе выдадзена накiраванне для праходжання судова-медыцынскай экспертызы з мэтай вызначэння ступенi цяжкасцi цялесных пашкоджанняў. У выпадку прычынення лёгкiх цялесных пашкоджанняў, якiя выклiкалi кароткачасовае расстройства здароўя, свае правы можна абаранiць у прыватным парадку — шляхам падачы заявы ў суд аб прыцягненнi вiнаватай асобы да крымiнальнай адказнасцi па арт. 153 КК Беларусi. I ў гэтым выпадку да правапарушальнiка можа быць прыменена пакаранне ў выглядзе грамадскiх работ, або штрафу, або папраўчых работ тэрмiнам на адзiн год, або арышт тэрмiнам да трох месяцаў. Тэлефоны "гарачай лiнii" УУС Мiнаблвыканкама: (017) 229 04 25, 229 04 36. (017) 229 04 25, 229 04 36.Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле афiцыйных звестак, калi ў 2007 годзе колькасць ужытага алкаголю на душу нашага насельнiцтва складала 11,74 лiтра, то летась гэта было ўжо 12,3
|
|