21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Беларусі свеціць тупіковая лібералізацыя?

26.08.2009 15:22 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

12 февраля 2009 Политика
Віктар АЛЯШКЕВІЧ, Svabodaby.net Падчас нядаўняй паездкі ў Ліду, на тутэйшае прадпрыемства № 1 - “Лідсельмаш”, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню за некалькі апошніх месяцаў вярнуўся да ранейшай звыклай лексікі ў адносінах да дзеянняў апазіцыі.

ЗНОЎ "АДМАРОЗКІ"

У прыватнасці, каментуючы даволі крытычныя ацэнкі, што прагучалі ў некаторых незалежных СМІ наконт пагаднення з Расіяй па адзінай сістэме супрацьпаветранай абароны, беларускі прэзідэнт сказаў літаральна наступнае: “Гэта проста некаторыя “адмарозкі” раскачваюць народ! Ім чым горш - тым лепш. Але калі вы маеце дзесьці нейкія льготы, то за іх трэба плаціць. Калі вы атрымліваеце прыродны газ па цане ніжэй, чым іншыя, дык, калі ласка, зрабіце і свой уклад. Які? Хоць бы прыкрывайце сістэмай СПА тую тэрыторыю, якая пастаўляе гэты газ”.

Наконт ацэнкі нядаўна створанай пры прэзідэнцкай адміністрацыі Грамадска-кансультатыўнай рады таксама прагучаў вельмі красамоўны адказ: “Добра, няхай будзе гэтая рада. Прыходзьце, гаварыце, уносьце прапановы. Але калі нехта думае, што гэта будзе парламенцкая трыбуна, каб крычаць і прапіхваць брудныя ідэі, то гэтага не будзе”.

І, падсумоўваючы, з прэзідэнцкіх вуснаў прагучала сімптаматычнае: “Што вялікага, новага вам сказала апазіцыя? Для мяне - нічога”.

Цікава, што ў гэты ж час адбываецца першы за апошнія трынаццаць гадоў афіцыйны візіт высокай беларускай службовай асобы, міністра замежных спраў Сяргея Мартынава ў Германію.

Што ўсё больш гаворыцца пра лібералізацыю ва ўсіх галінах грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Сёе-тое нават зроблена. Дзвюм незалежным газетам дазволілі вярнуцца ў кіёскі, адкуль іх незаконна выштурхнулі. А новым суб’ектам гаспадарання цяпер будзе сапраўды значна прасцей зарэгістравацца.

Што быццам бы пачалі больш прыслухоўвацца да незалежных экспертаў. Частку з іх нават запрасілі ў дарадчы орган пры прэзідэнцкай адміністрацыі. І тут такі пасаж…

МАЎР МОЖА СЫСЦІ

“Тут і цяпер” запыталася ў аднаго з такіх экспертаў Яраслава Раманчука: можа, ён спыніў супрацоўніцтва з урадам і прэзідэнцкай адміністрацыяй, бо пабаяўся занесці туды свае нейкія “брудныя ідэі?

На што Яраслаў адказаў:

— Апошнія выказванні кіраўніка дзяржавы наконт дзейнасці рады пры яго ж адміністрацыі сведчаць, па вялікім рахунку, аб трох рэчах. Па-першае, улады не гатовы да канструктыўнага дыялога з экспертнай супольнасцю.

Па-другое, яны выкарыстоўваюць гэтую супольнасць (сышоў з рады пакуль толькі я адзін), каб зымітаваць пэўную еднасць у беларускім грамадстве.

Па-трэцяе, наверсе не разумеюць усёй глыбіні сучаснага крызісу, які прадоўжыцца яшчэ даволі працяглы час.

Хачу яшчэ дадаць, што асабіста мой план па выйсці з гэтага крызісу поўнасцю праігнаравалі. Таму — маўр зрабіў сваю справу, маўр можа спакойна сысці.

НА АДНУ АДКРУЧАНУЮ "ГАЙКУ" ДЗВЕ ЗАКРУЧАНЫЯ

Больш за тое, адкручваючы гайкі ў адным месцы, у другіх апошнім часам пачалі гэтыя гайкі закручваць.

Трох моладзевых лідэраў (Вячорку, Шылу і Хведарука) пад прымусам адправілі ў войска.

Нядаўна прынялі вельмі супярэчлівы закон аб інфармацыі, згодна з якім цяпер незалежным выданням і іх супрацоўнікам можна як даць пэўнае паслабленне, так і зноў працягваць ставіць ім рагаткі ў працы.

А ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны параўнальна нядаўна ўвогуле спусцілі дакумент, які ну аніякім бокам не ўціскваецца ў рамкі абвешчанай лібералізацыі. Згодна з ім прафесарска-выкладчыцкаму складу ВНУ трэба падпісаць дадаткі да кантрактаў, па якіх забараняецца:

— удзельнічаць у дзейнасці партый і рухаў;

— трымаць грошы ў замежных банках;

— аказваць дадатковыя паслугі юрыдычным і фізічным асобам;

— займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Таму, хто не падпісвае такую паперу, пагражаюць скасаваннем кантракта. На сённяшні момант грамадскасці вядомы толькі адзін чалавек, які адмовіўся падпісаць такі дадатак — гэта выкладчык Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта Анатоль Кіпель.

Паводле нашай інфармацыі, “адмоўнікаў” не знайшлося ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і шэрагу іншых. Тлумачэнне такому “маўчанню ягнятаў” наступнае - выкладчыкі, якіх да нядаўняга часу можна было падазраваць у рэштках нейкага вальнадумства, банальна запужаныя.

Чаму ж тады ўлада, абвясціўшы “ўсеагульную лібералізацыю” беларускага грамадства, працягвае даволі брутальна запужваць пэўныя слаі гэтага ж самага грамадства?

Палітолаг Віктар Чарноў так пракаментаваў нашаму выданню падобныя метамарфозы:

— Сістэма застаецца ранейшай. Проста на пэўны час уладзе трэба захаваць сацыяльна-эканамічную стабільнасць у грамадстве, таму яна ідзе на пэўныя крокі, якія дазваляюць атрымліваць матэрыяльную падтрымку там, дзе на яе раней не разлічвалі. Маюцца на ўвазе заходнія крэдыты і інвестыцыі.

Канешне, можна ствараць кансультатыўную раду пры прэзідэнце, але, як паказваюць апошнія выказванні прэзідэнта, яна будзе ўяўляць сабой такі мадэрнізаваны варыянт баярскай думы пры цары. Не больш.

Можна абвясціць шырокамаштабную прыватызацыю, але самыя лепшыя кавалкі беларускай прамысловасці - “Беларуськалій”, “Палімір”, Беларускі металургічны завод і інш. - ніколі не дастануцца “не сваім” людзям. Дарэчы, народу, аб якім так клапоцяцца, таксама.

Можна даць перадыхнуць партыям і рухам. Але, паўтаруся, на пэўны час. І па пэўных правілах. Гэтыя партыі і рухі час ад часу павінны адчуваць, што яны ўсё роўна — “адмарозкі”.

Па перакананні Чарнова, як толькі ў краіне палепшыцца эканамічная сітуацыя і аб крызісе можна будзе ўспамінаць без дрыжыкаў на спіне, “акенцы лібералізацыі” зачыняцца па той простай прычыне, што яны стануць лішнімі. Незалежныя суб’екты, людзі і меркаванні небяспечныя для закрытай, самадастатковай (як яна лічыць) сістэмы.

ПАВОДЛЕ ЛІНЦА

Вядомы амерыканскі палітолаг Хуліа Лінц у свой час сфармуляваў тры асноўныя віды лібералізацыі.

Шырокая лібералізацыя. Эліта прадастаўляе свабоду дзеянняў і думак усім вядучым грамадскім інстытутам у надзеі адшукаць найбольш плённыя шляхі вырашэння бягучых глабальных праблем.

Частковая лібералізацыя. “Вярхі” пакідаюць сабе асноўныя рычагі кіравання, але партыі, рухі і экспертныя супольнасці актыўна запрашаюцца да стварэння адзінай грамадскай платформы ў краіне, каб справіцца з сучаснымі найбольш сур’ёзнымі выклікамі.

І, нарэшце, тупіковая лібералізацыя. З кан’юнктурных меркаванняў кіруючыя вярхі на пэўны перыяд заклікаюць да сумеснай працы сваіх апанентаў. Пасля дасягнення сваіх мэт ад паслуг апошніх яны адмаўляюцца.

Так, на пачатку дзевяностых мінулага стагоддзя ваенны ўрад Бірмы пад націскам вельмі сур’ёзных эканамічных праблем вырашыў правесці свабодныя парламенцкія выбары. Калі высветлілася, што на гэтых выбарах перамагае не партыя ўлады “Нацыянальнае адзінства”, а апазіцыйная “Нацыянальная ліга за дэмакратыю”, то вынікі выбарчай кампаніі анулявалі, а лідэраў апазіцыі кінулі ў турмы. Адзін з іх дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Застаецца дадаць, што ў нас лідэраў апазіцыі ды й шараговых апазіцыянераў арыштоўваюць час ад часу яшчэ і да розных выбарчых кампаній.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
12 февраля 2009 Политика Віктар АЛЯШКЕВІЧ, Svabodaby.net Падчас нядаўняй паездкі ў Ліду, на тутэйшае прадпрыемства № 1 - “Лідсельмаш”, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню за некалькі апошніх месяцаў вярнуўся да ранейшай звыклай лексікі ў адносінах да дзеянняў апазіцыі.ЗНОЎ "АДМАРОЗКІ"У прыватнасці, каментуючы даволі крытычныя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика