Бэбi-бум падмацуюць месцамi ў садках
Бэбi-бум падмацуюць месцамi ў садках
Праблема прадастаўлення месцаў у дашкольных установах, а кажучы прасцей — уладкавання дзiцяцi ў садок, — беларусам знаёмая. Дзякуй Богу, справа не дайшла да таго, што запаветнае месца нашчадку варта бранiраваць адразу пасля першага пацалунку з будучым мужам, як у некаторых суседнiх краiнах. Аднак градус гэтага безумоўна важнага пытання ўзняўся да таго, што аб iм узгадаў кiраўнiк дзяржавы падчас леташняга штогадовага Паслання беларускаму народу i парламенту. І даў адпаведныя даручэннi адказным асобам i ведамствам. У прыватнасцi, Прэзiдэнта абурыў той факт, што "бацькi вымушаны чакаць месяцамi, а то i гадамi, каб уладкаваць дзiця ў дзiцячы садок. Не ўсё добра з укамплектаваннем дзiцячых садкоў квалiфiкаваным персаналам". Улiчваючы тэндэнцыю да павелiчэння нараджальнасцi, гэтыя праблемы трэба вырашаць аператыўна, запатрабаваў тады Аляксандр Лукашэнка. Што зроблена за гэты час? Мiнiстэрства адукацыi правяло аналiз i склала прагноз прадастаўлення месцаў у дашкольных установах да 2010 года. Аказалася, што ў цэлым па краiне сiтуацыя не такая ўжо крытычная: дашкольныя ўстановы наведвае 365 289 дзяцей, хоць па праектнай магутнасцi яны могуць прыняць амаль на сто тысяч больш. Праблема з тым, каб уладкаваць дзiця ў садок менавiта побач з домам, асаблiва ў раёнах-новабудоўлях. Як выйсце бацькам прапануюць месцы ў дашкольных установах, якiя размешчаны непадалёк, а таксама па месцы працы. Ствараюцца i новыя формы дашкольнай адукацыi: гулнёвыя i сезонныя пляцоўкi, сямейныя дзiцячыя садкi, дзiцячыя садкi дома i iнш. Напрыклад, па праграме адраджэння вёскi, летась адкрыта 121 такая група. Сямейныя дзiцячыя садкi з’явiлiся ў вёсцы Арэшкавiчы Бярэзiнскага раёна Мiнскай вобласцi, у вёсцы Салтанаўка Магiлёўскай вобласцi, дзiцячы садок дома адкрыты ў Бялынiцкiм раёне. У сталiцы, дзе пытанне забеспячэння месцамi ў дашкольных установах стаiць найбольш востра, з шэрагу дашкольных устаноў выведзены першыя класы. Гэта дазволiла адкрыць дадаткова 54 групы для 1080 дзяцей. Адноўлена работа яшчэ 17 раней зыкрытых груп для 235 дзяцей. У Вiцебску выведзена 5 першых класаў i ўладкавана 95 дашкольнiкаў, у Магiлёўскай вобласцi — 23 класы для 310 дзяцей. Адкрываюцца i новыя дашкольныя ўстановы: у Магiлёўскiм раёне (на 40 месцаў), у Кобрынскiм раёне ў аграгарадку "Стрыгава" (на 25 месцаў), у брэсцкiм мiкрараёне "Вулька-2" на 260 месцаў, у Гомелi ў мiкрараёне № 16 (на 330 месцаў), у Мiнску адразу тры на 190 месцаў кожнае. Працягваецца будаўнiцтва яшчэ каля дзясятка дашкольных устаноў. Праграмай развiцця сiстэмы дашкольнай адукацыi на 2009—2014 гады прадугледжана будаўнiцтва 73 новых дашкольных устаноў i, што немалаважна, выдаткаванне на гэтыя мэты фiнансавання. Пры выбары дзiцячага садка бацькi звяртаюць увагу не толькi на яго размяшчэнне, але i на матэрыяльную базу. Пагадзiцеся, проста выдатна калi ваша дзiця мае магчымасць карыстацца басейнам, добра харчавацца i гуляць з самымi сучаснымi цацкамi, якiя яго развiваюць. Аднак нават басейнам не выманiш ранкам нашчадка з дому, калi ў садку яго чакае непадрыхтаваны выхавальнiк, якi цярпець не можа маленькiх дзяцей. Таму вялiкая ўвага надаецца забеспячэнню дашкольных устаноў квалiфiкаванымi педагагiчнымi кадрамi, пастаянна павышаецца iх адукацыйны ўзровень. Згодна з iнфармацыяй Мiнiстэрства адукацыi, з агульнай колькасцi педагогаў, якiя працуюць у дашкольных установах, вышэйшую адукацыю маюць 46,12 працэнта (у 2007 годзе — 45,21 працэнта), вышэйшую катэгорыю — 9,1 працэнта (у 2007 годзе — 7,5 працэнта). Летась больш за 200 маладых спецыялiстаў працаўладкавана ў дашкольныя ўстановы Гомельскай вобласцi, 41 — у Вiцебскай вобласцi. Вядзецца мэтанакiраваная работа па ўкамплектаваннi дзiцячых садкоў медыцынскiмi кадрамi. Скарачэнне працоўнага водпуску да 30 дзён пры самай нiзкай зарплаце ў галiне ў свой час пацягнула адток квалiфiкаваных кадраў з сiстэмы дашкольнай адукацыi. Нядаўнiя захады па павышэннi заробкаў педагогам i па iх сацыяльнай абароне накiраваныя на тое, каб выправiць сiтуацыю. Пакуль жа ў чаргу ў райвыканкаме на месца ва ўпадабаным дзiцячым садку ўсё ж лепш стаць загадзя, асаблiва, калi ваш раён актыўна разбудоўваецца цi ў iм назiраецца сапраўдны бэбi-бум. Сяргей АЛЯКСАНДРАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праблема прадастаўлення месцаў у дашкольных установах, а кажучы прасцей — уладкавання дзiцяцi ў садок, — беларусам знаёмая. Дзякуй Богу, справа не дай |
|