Парадоксы і вандроўкі Мрожака
У менскім выдавецтве “Радыёла-плюс” выйшла кніга выбраных твораў польскага драматурга Славаміра Мрожака “Дом на мяжы”. Яна складзена з п’ес “Стрыптыз”, “Танга”, “Дом на мяжы” і з чатырнаццаці апавяданняў у перакладах Вячаслава Ракіцкага, Лявона Баршчэўскага і Марыны Шоды.
Славамір Мрожак — адзін з найбуйнейшых і самых знакамітых у свеце польскіх драматургаў другой паловы ХХ стагоддзя. Эпохі, якая для Польшчы была часам вострых палітычных і сацыяльных супярэчнасцей. Супярэчнасці еўрапейскай краіны, якая патрапіла ў палон камуністычнай ідэалогіі і маралі, выразна адлюстраваліся ў парадаксальных п’есах і гумарыстычных апавяданнях творцы. Нарадзіўся Славамір Мрожак у 1930 годзе ў беднай сям’і, далёкай ад мастацтва. Вучыўся на архітэктурным факультэце Кракаўскага палітэхнічнага інстытута, наведваў Кракаўскую акадэмію мастацтваў. У 20-гадовым узросце пачаў літаратурную дзейнасць з фельетонаў і гумарэсак. Надрукаваныя ў перыёдыцы, яны пазней склалі зборнікі. Але першай сур’ёзнай кнігай Мрожак лічыць зборнік “Слон”, які пабачыў свет у 1957 годзе. Тут у поўнай ступені заззяў ягоны талент тонкага, вострага на язык гумарыста. Крытыка адразу адзначыла далучанасць да традыцыі польскай гумарыстычнай літаратуры — іронія над будзённымі жыццёвымі калізіямі, праз якія праглядае філасофская перспектыва жыцця. Кніга была вельмі хутка разабраная на афарызмы. Мрожак піша, што “асобныя фразы з кнігі пераўтварыліся ў прымаўкі, што даказвае, наколькі мае думкі былі тады блізкія і зразумелыя маім суайчыннікам”. Але сапраўдную славу Славамір Мрожак атрымаў як драматург. Дэбютаваў у 1958 годзе п’есай “Паліцыя”. А п’еса “Танга”, напісаная ў 1964 годзе, прыносіць Мрожаку сусветную славу. Пакінуўшы Кракаў, ён заваёўвае Варшаву, становіцца модным сталічным літаратарам і карыкатурыстам. Мрожак арыгінальна развівае відавочную на той час тэндэнцыю філасофскай і сатырычнай публіцыстыкі, якая ахоплівае ўсе віды мастацтва. Ён злучае ў гарманічнае цэлае слова і малюнак, вытокі чаго, напэўна, трэба шукаць у жанры коміксу. Крытычны погляд на камуністычную рэчаіснасць, якая выглядае як абсурд, прыводзіць і да аналагічнага мастацкага спосабу адлюстраванне гэтай рэчаіснасці ў драматургіі. Менавіта да “тэатру абсурду” залічвае крытыка ягоныя драматычныя творы, якія ў 1960 — 1970-я гады выходзілі практычна штогод. Імя аўтара п’ес “Індык”, “У адкрытым моры”, “Караль”, “Стрыптыз”, “Танга”, “Дом на мяжы”, “Эмігранты” становіцца ў адзін шэраг з такімі прызнанымі еўрапейскімі драматургамі-абсурдыстамі, як Сэмюэль Бекет, Гаральд Пінтар, Эжэн Іянэску, Жан Жэнэ. Сам Мрожак эстэтыку сваіх п’ес вызначаў як парадаксальную. Ягоны “тэатр парадоксу” — гэта востры гратэск, змадэляваныя па-над жыццём сітуацыі, у якія трапляюць да такой ступені аднамерныя персанажы, што нават не маюць права на асабістае імя. Людзі ў страху перад уладай, навязанымі ім нежыццёвымі ідэаламі губляюць сваё “я”. Ім не даецца права адчуваць, перажываць, спачуваць. Яны — забаўныя марыянеткі, з якімі могуць вырабляць, што захочуць, больш моцныя марыянеткі ці звышнатуральныя сілы. Само права чалавека на выбар ці нават на існаванне ў п’есах Мрожака становіцца дыскусійным. Пазбаўленыя псіхалагізму, п’есы станавіліся падобнымі да філасофскіх ці публіцыстычных трактатаў. Але трактатаў не сумных, а прывабных чытачу і гледачу, бо прырода іх вельмі тэатральная, да таго ж напоўненая гумарам — часам вытанчаным, а часам і брутальным. У больш звыклым вызначэнні п’есы Мрожака можна назваць і прыпавесцямі. Гэта прыпавесці пра чалавека, у прастору прыватнага жыцця якога нахабна ўрываецца дзяржава, кантралюе яго, маніпулюе ім, урэшце, знішчае яго. Паводле кампазыцыйных пабудоў Мрожак, безумоўна, належыць да абсурдысцкай заходнееўрапейскай драмы, але паводле праблематыкі і філасофіі ён натуральна далучаецца да эстэтыкі сваіх вялікіх польскіх папярэднікаў — Вітольда Гамбровіча і Станіслава Віткевіча. Жыццё Мрожака — гэта вандроўкі па свеце. Прычына найперш у тым, што не проста складваліся ягоныя стасункі з камуністычнай і нават посткамуністычнай Польшчай, якую ён некалькі разоў пакідаў, а пасля вяртаўся. Камуністычная ўлада доўгі час заплюшчвала вочы на ягоны крытыцызм. У 1960-я гады на Захадзе, дзе ён станавіўся ўсё больш і больш папулярным, Мрожак выглядаў як сімвал свабоды творчасці ў камуністычнай краіне. І нават калі ў 1963 годзе, скарыстаўшыся з турыстычнай візы, ён застаўся ў Італіі, ягоныя п’есы працягвалі ставіць у Польшчы, выдавалі і кнігі. Так працягвалася да 1968 года, калі драматург выступіў з адкрытым лістом, у якім асудзіў агрэсію краін Варшаўскай дамовы супраць Чэхаславакіі. Тады ён ужо жыў у Францыі. Мрожак не вярнуўся ў Польшчу, як ад яго патрабавалі ўлады. У выніку ягоная творчасць апынулася пад забаронай. Пасля смерці жонкі ў 1969 годзе Мрожак жыве ў Бразіліі, Венесуэле, Мексіцы, ЗША, Нямеччыне. Тым часам сітуацыя ў Польшчы стала мяняцца да лепшага, і драматург праз паўтара дзесяцігоддзя самавыгнанне вяртаецца на радзіму. Здавалася б, назаўсёды. Але — не. Пасля разгрому “Салідарнасці” зноў рэзка крытыкуе камуністычныя ўлады і зноў з’язджае. Новая забарона на вяртанне ў краіну і новая забарона творчасці. У 1987 годзе з другой жонкай-мексіканкай пасяліўся ў Мексіцы. Там у 1988 годзе ён напісаў сваю “Аўтабіяграфію”. Менавіта ў гэтым творы мы знаходзім тлумачэнне вытокаў і прыроды ягонага “тэатра абсурду”: “Я доўга не задумваўся пра абсурд. А калі нарэшце задумаўся, дык зразумеў, што акурат і знаходжуся ў абсурдзе. І нават пачаў пісаць нешта пра абсурд...” У 1996 годзе Славамір Мрожак вярнуўся ў новую Польшчу, дзе яго ўшаноўвалі найвышэйшымі дзяржаўнымі і літаратурнымі ўзнагародамі. Але вяртанне сталася не назаўсёды. 6 чэрвене 2008 года 78-гадовы драматург выехаў у Ніццу, на поўдзень Францыі, гэтым разам, як зазначыў, назаўсёды, але не з палітычных прычынаў, а таму што настаў час адпачыць, а клімат там больш спрыяльны. Беларускі тэатр, які ў сваёй асноўнай плыні заўсёды імкнуўся да псіхалагізму і рэалізму, не вельмі прыхільна паставіўся да абсурдысцкай драматургіі. Толькі ў сярэдзіне 1980-х гадоў, калі аслабла цэнзура і ўзнік студыйны тэатральны рух, не вельмі смела, але былі зробленыя спробы пастановак п’ес гэтай эстэтыкі. Славаміру Мрожаку пашанцавала найбольш. Магчыма, таму, што і тэматыка, сюжэтныя калізіі былі больш зразумелымі (Польшча і Беларусь былі ў адным, камуністычным лагеры), і гумар з яго алюзіямі больш даходлівыя беларусам, бо надзвычай блізкія гісторыя і культура суседніх народаў. Былі перакладзеныя на беларускую мову і ўбачылі святло беларускай рампы “Стрыптыз”, “Караль”, “Танга”, “Дом на мяжы”, “Эмігранты”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У менскім выдавецтве “Радыёла-плюс” выйшла кніга выбраных твораў польскага драматурга Славаміра Мрожака “Дом на мяжы”. |
|