Аляксандр Горваль: Цяпер мясцовыя ўлады будуць больш уважлiва разглядаць жыллёвае пытанне кожнай шма
Аляксандр Горваль: Цяпер мясцовыя ўлады будуць больш уважлiва разглядаць жыллёвае пытанне кожнай шматдзетнай сям’i
Каментарый па вашых просьбах На мiнулым пасяджэннi калегii Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва кiраўнiк будаўнiчай галiны Аляксандр Селязнёў агучыў узнiклую праблему з зацягваннем будаўнiцтва жылля для шматдзетных сем’яў. Кiраўнiк урада Сяргей Сiдорскi, якi прысутнiчаў на тым пасяджэннi, даручыў тады пэўным структурам будаўнiчай галiны ўдакладнiць планы будаўнiцтва жылля для гэтай катэгорыi насельнiцтва. Аб тым, як сёння выконваецца гэтае даручэнне, карэспандэнту "Звязды" расказаў начальнiк упраўлення жыллёвага будаўнiцтва Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва Беларусi Аляксандр Горваль. — Згодна з нормамi ўказа кiраўнiка дзяржавы № 185, на працягу трох месяцаў мясцовыя ўлады павiнны забяспечыць шматдзетным сем’ям, што маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, магчымасць будаваць жыллё з дзяржаўнай падтрымкай. Апошнiм часам гэтыя нормы ў большасцi рэгiёнаў краiны i ў Мiнску не выконваюцца. Часам шматдзетныя сем’i чакаюць у жыллёвай чарзе год i нават больш. Чаму гэта адбываецца? — Сёння ў краiне на ўлiку асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў знаходзiцца больш за 16 тысяч шматдзетных сем’яў. Каля 6 тысяч такiх сем’яў цяпер уключана ў спiсы будаўнiцтва жылля па сiстэме ЖБК, па лiнii долевага будаўнiцтва, ажыццяўляюць iндывiдуальнае жыллёвае будаўнiцтва. Паводле распрацаваных раней планаў, сёлета прагназавалася пабудаваць для гэтай катэгорыi чаргавiкоў 2870 жылых памяшканняў. Вiдавочна, што пры такiх аб’ёмах будаўнiцтва далёка не ўсе шматдзетныя сем’i будуць мець магчымасць у хуткiм часе пабудаваць сабе новае жыллё. Таму ў мiнiстэрстве i ва ўрадзе занепакоiлiся гэтай сiтуацыяй. — Яшчэ тры гады таму большасць шматдзетных чаргавiкоў вырашала свае жыллёвыя праблемы ў сярэднiм крыху больш чым за год... — За апошнiя 4 гады ў Беларусi было пабудавана больш за 15 тысяч кватэр i дамоў для шматдзетных сем’яў. Дэмаграфiчная дзяржаўная палiтыка ў краiне дае свой станоўчы вынiк, бо колькасць шматдзетных сем’яў працягвае павялiчвацца. Цяпер мiнулагоднiх тэмпаў будаўнiцтва жылля для гэтай катэгорыi насельнiцтва ўжо не хапае для своечасовага забеспячэння iх жыллём. — Якiм чынам будаўнiчая галiна збiраецца выправiць наяўную сiтуацыю? — Па-першае, у мiнiстэрстве цяпер разглядаецца варыянт павелiчэння планавых паказчыкаў па будаўнiцтве жылля, даведзеных да рэгiёнаў. Па-другое, тая ўстаноўка, што прапiсана ва ўказе кiраўнiка дзяржавы № 185 аб забеспячэннi шматдзетным сем’ям магчымасцi ўключацца ў спiс забудоўшчыкаў жылля з дзяржпадтрымкаю на працягу трох месяцаў пасля пастаноўкi на ўлiк, зараз зноў узята на ўзбраенне i павiнна выконвацца. Мясцовым органам улады пастаўлена задача ў хуткiм часе, не пазней чым на працягу сакавiка, "разабрацца" з кожным чаргавiком з улiку шматдзетных сем’яў наконт таго, як яны збiраюцца вырашаць сваё жыллёвае пытанне. Трэба высветлiць, каго ў якiя спiсы ўключаць, пры неабходнасцi стварыць дадатковыя жыллёва-будаўнiчыя кааператывы, выдзелiць дадатковыя зямельныя ўчасткi для тых, хто збiраецца пабудаваць iндывiдуальнае жыллё. Гэта неабходна зрабiць для таго, каб па тых сем’ях, якiя зараз знаходзяцца на ўлiку асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў, дакладна ведаць, як i якiм чынам iх жыллёвая праблема будзе вырашацца сёлета цi ў наступным годзе. Ставiцца галоўная задача — павялiчыць аб’ёмы будаўнiцтва жылля для шматдзетных сем’яў. Пэўная праца ў гэтым напрамку працягваецца з рэгiёнамi. Сёння яшчэ не ўсе вобласцi падалi для аналiзу неабходную iнфармацыю i свае прапановы. Разлiчваем атрымаць гэтыя звесткi з месцаў ужо на працягу гэтага тыдня. — Даволi вялiкая колькасць шматдзетных сем’яў стаiць на ўлiку асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў у сталiцы нашай краiны. Разам з тым, менавiта ў Мiнску цяпер будуецца шмат не вельмi танных дамоў не масавых серый, у якiх шматдзетным сем’ям будавацца не зусiм "па кiшэнi"... — Так. На пачатку года ў жыллёвай чарзе Мiнска знаходзiлiся 2842 шматдзетныя сям’i. Сёлета было запланавана пабудаваць для iх 870 кватэр. Вiдавочна, што гэты план цяпер неабходна мяняць у бок павелiчэння. Па шматдзетных сем’ях зараз разглядаецца пытанне аб тым, каб у iх з’явiлася магчымасць будаваць вялiкiя па плошчы кватэры, якiя ўзводзяцца не толькi ў панэльных дамах, але i ў каркасна-блочных i зборных дамах, дзе сабекошт квадратнага метра жылля iстотна даражэйшы за наяўныя нарматывы па танных дамах масавых серый. Таму спецыялiстамi будаўнiчай галiны цяпер прапануецца павялiчыць аб’ём iльготнага крэдытавання для шматдзетных сем’яў з улiкам рэальнага кошту такiх дамоў. — Сёння льготныя крэдыты даюцца па разлiках, дзе ўлiчваецца мiнiмальны нарматыўны кошт квадратнага метра жылля, якi распрацаваны па панэльных дамах масавых серый... — Так, можа, ёсць магчымасць у асобных выпадках распрацаваць i выкарыстоўваць нейкi iншы нарматыў па даражэйшым жыллi, каб шматдзетныя сем’i маглi будаваць сабе жыллё i ў больш камфортных дамах, каб у грамадзян быў пэўны выбар. — Часам у рэдакцыю паступала iнфармацыя, што асобныя шматдзетныя сем’i не вырашылi сваё жыллёвае пытанне нават за 3 гады... — Па стане на 1 студзеня 2006 года, у краiне ў жыллёвай чарзе стаяла 14 160 шматдзетных сем’яў. За апошнiя тры гады для гэтай катэгорыi насельнiцтва было пабудавана 14 тысяч 80 кватэр. Атрымлiваецца, што амаль усе тагачасныя шматдзетныя сем’i вырашылi жыллёвую праблему. Такую выснову можна зрабiць, калi кiравацца выключна законамi арыфметыкi. У жыццi магло быць i так, што частка тых сем’яў яшчэ працягвае чакаць у чарзе цi працягвае пачатае будаўнiцтва, а кватэры пабудавалi тыя, хто стаў на ўлiк толькi год таму. Цяпер мясцовыя ўлады павiнны будуць больш уважлiва разглядаць жыллёвую праблему кожнай шматдзетнай сям’i. Сяргей КУРКАЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Горваль: Цяпер мясцовыя ўлады будуць больш уважлiва разглядаць жыллёвае пытанне кожнай шма На мiнулым пасяджэннi калегii Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва кiраўнiк будаўнiчай галiны Аляксандр Селязнёў агучыў узнiклую праблему з зацягван
|
|