Себалас Лопес — сям’я беларуская
Себалас Лопес — сям’я беларуская
У адну з камандзiровак на Палессе ў маршрутцы Гомель — Лельчыцы выпадкова пачуў размову дзвюх жанчын, якiя скардзiлiся на свае захворваннi. Адна з iх хвалiла доктара Себаласа Лопеса, якi вылечыў ёй нейкую траўму, другая ж з удзячнасцю распавядала пра Наталлю Мiхайлаўну, якая дапамагла ёй пазбавiцца, здаецца, ад хранiчнага кашлю. А потым, нiбы згаварыўшыся, жанчыны сказалi фразу, якая зацiкавiла мяне: малайцы гэтыя дактары Джаванi, добрыя людзi, добрая сям’я ў iх. Дай iм, Божа, усяго найлепшага. Ва ўпраўленнi аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама, куды я патэлефанаваў, каб высветлiць, дзе працуюць такiя ўрачы (iх прозвiшча — Себалас Лопес), мне сказалi, што ў Калiнкавiцкай цэнтральнай раённай бальнiцы. Галава сям’i (яго iмя — Джаванi) — балiвiец, а яго жонка — карэнная беларуска. Быў час, калi яны працавалi ў Лацiнскай Амерыцы, а цяпер — у нашай рэспублiцы. Здаецца, нiкуды больш не збiраюцца ад’язджаць. Вось i падалося мне, што чытачам нашай газеты будзе цiкава даведацца, як жа стварылася гэтая незвычайная сям’я: гарачы паўднёваамерыканец (магчыма, нават iндзеец) i памяркоўная беларуска, якая аддала ў сваiм каханнi перавагу яму. Прыязджайце, параiў мне галоўны ўрач райбальнiцы Аляксандр Шаўко (дарэчы, актыўны i даўнi чытач "Звязды"), ёсць пра што расказаць. І вось я ў Калiнкавiчах. Першая гутарка — з загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення Алай Карась. Яна паведамiла, што Джаванi вядзе зараз прыём пацыентаў, а Наталля Мiхайлаўна будзе працаваць у другую змену. Яна зараз дома, але калi ўжо прыехаў карэспандэнт, дык не адмовiць яму ў сустрэчы. Так яно i атрымалася. Наталля Мiхайлаўна аказалася прывабнай маладой жанчынай, дзявочае прозвiшча якой — Шостак. Вырасла ў Светлагорску ў сям’i, дзе было шасцёра дзяцей. Бацька Мiхаiл Мiхайлавiч працаваў вадзiцелем хуткай медыцынскай дапамогi, мацi Лiдзiя Уладзiмiраўна — медыцынскай сястрой. Вось па iх сцяжынцы вырашыла пайсцi i Наташа, паступiўшы пасля школы ў Жлобiнскае медвучылiшча. Закончыла яго, а тут старэйшы брат Аляксандр, якi атрымаў вышэйшую адукацыю ў Вiцебскiм медыцынскiм iнстытуце, параiў ёй паступаць туды ж. Што яна i зрабiла. — На дварэ стаяў 1990 год, — успамiнае Наталля Мiхайлаўна. — У iнстытуце займалася шмат iншаземцаў — з Пакiстана, Iндыi, Афганiстана, Шры-Ланкi, iншых краiн. Былi яны i ў нашай групе. Себалас Лопес — таксама. Вызначаўся ён сваёй увагай да iншых, гатовы быў прыйсцi на дапамогу ў любы час. Дабрыня — галоўная рыса яго характару. У iнстытуце мы проста сябравалi з iм, i я нiколi не думала, што выйду за яго замуж. Вучоба закончылася ў 1996 годзе, i Джаванi вярнуўся на сваю радзiму, а Наталля Шостак атрымала накiраванне ў Калiнкавiчы. Памiж iмi пачалася перапiска, i кожны, як аказалася, з нецярпеннем чакаў лiста. Неўзабаве Джаванi, на радасць абодвух, зноў апынуўся ў Беларусi, каб на платнай аснове прайсцi ардынатуру ў тым жа Вiцебскiм медыцынскiм. — Мы з Наташай зразумелi, што не можам адно без аднаго, — расказваў потым ён мне, — i я прапанаваў ёй сваё сэрца. А яна i кажа, што мне трэба прасiць рукi ў бацькоў. Такая традыцыя ў беларусаў, а адступаць ад яе нельга. Вось я i паехаў у Светлагорск. Памятаю, Мiхаiл Мiхайлавiч быў тады на вулiцы з сабакам. Ён акiнуў мяне строгiм позiркам i пачаў распытваць, адкуль я такi спрытны ўзяўся, што хачу адняць ад iх дачку, якая ў нас сям’я, чым займаюцца бацькi ды i наогул, цi надзейны я чалавек. Перахваляваўся я тады: а што калi адмовяць? Ды нiчога, абышлося. Пасля нават за сталом пасядзелi, па сто грамаў узялi. I тата (а Мiхаiла Мiхайлавiча я так адразу назваў) пахвалiў мяне, што я не п’ю гарэлку, як светлагорскiя хлопцы, i пагразiў мне пальцам (глядзi, маўляў, не крыўдзi жонку, балiвiец). — Джаванi палюбiўся ўсёй нашай сям’i, — дадае Наталля Мiхайлаўна, — i ўсе шкадавалi, што ў 2000 годзе мы ад’язджалi на яго радзiму. У гэты час у нас быў ужо двухгадовы сынок Антон, Антонiо. Наогул, мы дамовiлiся, што дзяцей будзем называць на "два франты", каб iмёны iх былi сугучныя i на беларускi, i на лацiнаамерыканскi лад. А ў Балiвii ў нас нарадзiлася Насця, Анастасiя. Там мы пражылi пяць гадоў. — Цяжка было прывыкаць да паўднёвай гарачынi i да iншага ладу жыцця? — Не вельмi. Асноўная цяжкасць была з мовай. Яшчэ перад паездкай я некалькi месяцаў штудзiравала са слоўнiкам iспанскую, каб, як кажуць, не быць там белай варонай. На працу ўладкавалася сямейным доктарам. Жылi мы ў невялiкiм гарадку Арура. Навакольныя мясцiны вельмi прыгожыя. Высачэнныя Анды, шматлiкiя рэчкi i рачулкi, якiя iмклiва нясуць свае воды ў Амазонку, агромнiстае возера Тытыкака, шмат паркаў, пляжы, багацце экзатычных фруктаў. Падабалася мне там. Там высокi атмасферны цiск, нiзкарослыя смуглявыя людзi, якiя сваёй дабрынёй i гасцiннасцю такiя ж, як i мы, беларусы. — I ўсё ж, напэўна, вы адчулi павышаную ўвагу да сябе? — А як жа. Мясцовы люд цiкавiлi i форма майго адзення, i рост, i нават колер вачэй. Вельмi многiя старалiся трапiць да мяне на прыём яшчэ i таму, што ў Балiвii рускiя (беларусаў там амаль не ведаюць) урачы вельмi аўтарытэтныя. — Наташа, — кажа Джаванi, — самая прыгожая i пяшчотная жанчына ў свеце. Я вельмi рады, што яна выбрала мужам менавiта мяне. У нашым гарадку Арура славян бачылi толькi па тэлевiзары, а тут — беларуска са сваiмi зялёнымi вачыма i такой прывабнасцю, што ах дух захоплiвае. Наташу нават запрашалi дэманстраваць моднае адзенне. Бацька Джаванi — адвакат, мацi — настаўнiца, дзве сястры — настаўнiца i хiмiк. Сустрэлi i прынялi яны нашу зямлячку вельмi добра, i бацькi Джаванi замянiлi ёй яе бацькоў, якiя на той час пайшлi з жыцця. Яна стала для iх, не перабольшваючы, любiмай дачкой. I яны вельмi перажывалi i перажываюць цяпер, што сын i нявестка з дзецьмi ў 2005 годзе паехалi ў Беларусь. Джаванi працаваў у сваiм гарадку галоўным урачом палiклiнiкi i траўматолагам, i яны з Наталляй Мiхайлаўнай мелi дом. Але здарылася так, што ёй патрэбна было прайсцi ў Беларусi клiнiчную ардынатуру для атрымання спецыялiзацыi, i яна адправiлася туды з Насцяй. Яе адсутнасць Лопес вытрымаў усяго толькi месяц i пачаў настойваць на тым, каб яна вярнулася. Наталля Мiхайлаўна паслухалася мужа, а праз каторы час сям’я ўзяла курс на Беларусь, у Калiнкавiчы. Джаванi прызнаўся мне, што вельмi любiць нашу краiну, яе грамадзян, што ў Балiвii сумаваў па снезе, па нашых зiмах, да якiх у час вучобы ў Вiцебску доўгi час не мог прывыкнуць. Таму i вырашыў будаваць двухпавярховы дом адразу па прыездзе на радзiму сваёй каханай. Можна было б купiць кватэру, але ён лiчыць, што дзецям патрэбна прастора, двор, дзе можна бавiць час з сабачкам цi катом. Будаўнiцтва дома, дзе жыве сям’я, у цэлым ужо закончана. А вольны час яны бавяць на прыродзе, куды выязджаюць на сваёй легкавушцы. Рэчкi, азёры, лес, рыбалка, грыбы — вось захапленнi гэтай сям’i, якая часта наведваецца ў госцi да родзiчаў Наталлi Мiхайлаўны, сярод якiх ёсць i медыкi. Брат Аляксандр працуе галоўным урачом i педыятрам Сасноваборскай бальнiцы Светлагорскага раёна, другi брат Уладзiмiр — загадчык Калiнкавiцкай цэнтральнай аптэкi, яго жонка Таццяна — загадчыца iншай аптэкi там жа, сястра Тамара — медыцынская сястра дзiцячага дома. Антон цяпер вучыцца ў гарадской гiмназii, ён адзiн з лепшых вучняў свайго пятага класа. Як расказвае Наталля Мiхайлаўна, у яго пераважаюць гены мацi. Ён такi ж спакойны i памяркоўны, як яна сама. А вось Насця — уся ў бацьку: такая ж гарачая i шустрая. Яна наведвае старшую групу дзiцячага садка, добра спявае i танцуе. А нядаўна на ранiшнiку натхнёна прадэкламавала верш на беларускай мове. Антон жа беларускую i iспанскую мовы ведае лепш. Дарэчы, яны ў сям’i Джаванi разам з рускай, можна сказаць, раўнапраўныя. Бо i гутаркi на iх вядуцца, i песнi спяваюцца, i вiдэафiльмы праглядаюцца. Сам Джаванi дасканала ведае рускую мову, хоць у размовах яго адчуваецца лёгкi акцэнт. У гутарцы з iм адчуў, што ён валодае тонкiм пачуццём гумару, што ўжо добра прыстасаваўся да нашага ладу жыцця. Дзеля iнтарэсу я пацiкавiўся ў яго, цi ведае ён хоць адно беларускае слова. Джаванi хiтравата прыжмурыўся, пявуча прамовiў "няма" i залiвiста засмяяўся. Па ўсiм адчувалася, што ён i яго сям’я задаволеныя сваiм лёсам... Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адну з камандзiровак на Палессе ў маршрутцы Гомель — Лельчыцы выпадкова пачуў размову дзвюх жанчын, якiя скардзiлiся на свае захворваннi. Адна з iх
|
|