Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Пазбавіцца ад прыблізнасьці
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Калісьці, пад канец СССР энтузіясты складалі сьпісы зьнішчаных і страчаных помнікаў архітэктуры. Здавалася, варта гэта ўсё зафіксаваць і сабраць разам, і будзе бомба, у герастратаў апусьцяцца рукі, а чарговым пакаленьням проста сорамна будзе ламаць тое, чаго не будавалі. Думалася, што наступнікам, наадварот, захочацца ўзнавіць векавечны калярыт гарадоў, мястэчак і вёсак. Каб усё выглядала ня горш і ня менш прывабна за тую Эўропу, якой мы калісьці былі й куды зараз езьдзім на экскурсіі – паглядзець на тое, што ў нас саміх зьнікла. Хацелася, каб адрадзіліся густ, мараль і прафэсіяналізм.
Але нічога гэтага не адбылося. Прынцып “як будзе глядзецца” ў масавай сьвядомасьці – ад вопраткі да краявіду – прынцыпам ня стаў. Наадварот. Эрозія пайшла ня ўглыб, як было, калі руйнавалі саборы, а ўшыркі. Цяпер яна матываваная не ідэалёгіяй, а татальным дылетантызмам тых, хто адказны за зьнешні від і ўнутраны зьмест краіны. Вось, скажам, цэлы атрад гісторыкаў займаецца сёньня “разьвянчаньнем міту” нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. І ніхто ня ставіць пытаньня: а што ад гэтага дадаецца? Мы ад гэтага бяднеем ці багацеем? Усе выдатна разумеюць, што Каліноўскі – сапраўды нацыянальны і сапраўды герой. Разыходжаньні могуць быць у трактоўках гісторыкаў, а ня ў масавай сьвядомасьці. Але ж сам панятак нацыянальнага героя – катэгорыя масавай сьвядомасьці, а ня гістарычнай навукі. Героя стварае культура. Пра Каліноўскага напісаныя паэмы й раманы, пастаўленыя спэктаклі, зьнятыя фільмы. Ягоны міт – рэальны набытак нацыянальнае сьвядомасьці беларусаў, прыклад адданасьці сваёй справе, ахвярнасьці й патрыятызму, без чаго немагчыма выхоўваць новыя пакаленьні. І ставіць перад гістарычнай навукай задачу разбурыць гэты міт — тое самае, што пасылаць групу акадэмічных фізыкаў у цырк, каб яны там выкрылі фокусьнікаў, якія падманваюць дзяцей. Але прафэсійны гісторык зусім не абавязкова павінен быць докам у эпіцы й паэтыцы, гэта не ягоная спэцыяльнасьць. Гэтаксама, дарэчы, як і дзяржаўная ідэалёгія — любая – катэгорыя чыстай палітыкі, якая не выводзіцца з дакладных гістарычных фактаў, калі толькі факты пад яе не падганяць. Сытуацыя нагадвае мне праблему аднаго пэрсанажа беларускае эстрады. Выдатны голас і сьпеўная адукацыя. Але хто яму сказаў, што гэтага дастаткова, каб пісаць тэксты сваіх песень? Дакладней, ніхто не сказаў адваротнага. У выніку ён так экспрэсіўна сьпявае свае бездапаможныя калякі-малякі... Ну, і агульны эфэкт — зразумела які, шчарбаты. А вось вам выдавецкая сфэра. Старэйшы пісьменьнік падарыў мне сваю новую кнігу. Гартаю й бачу, што яна перасыпаная выпраўленымі ад рукі памылкамі. Першае ўражаньне – эксклюзіў! Некалі, за савецкім часам пісьменьнік ад рукі ўпісваў у кнігу тое, што выкрасьліў цэнзар. Другое ўражаньне – расчараваньне. Ніякага цэнзара няма. Гэта проста выдаўцы – дылетанты, выпусьцілі ў сьвет нявычытаны рукапіс. Беларускае выяўленчае мастацтва яшчэ сяк-так трымаецца, але агульныя павевы “праектнай дзейнасьці” яго не абмінуць. Будуць і ў нас “маляваць” кавалкамі сырога мяса, расстаўляць відэаінсталяцыі, раскладаць кучкамі бітае шкло. Нядаўна ў Вільні адзін скульптар вываліў на беразе ракі цэлы грузавік іржавых труб – зрабіў звалку. У прэсе абмяркоўвалі, што “праект” вельмі нятанны. Але што ён значыць? Ну, — кажа аўтар, — можна глядзець на горад проста так, а можна праз трубу... Легітымізаваная прафанацыя мае сёньня свае рэзоны. Яна – як помпа для грошай, што пракачваюцца праз “сучаснае мастацтва”. Асабіста мяне гэта не турбуе. Кажуць, крызыс урэшце змые ўсю тую “праектную дзейнасьць” і мастацтва зноў будзе мастацтвам. Мяне турбуе іншае, тое, чаго ніякі крызыс ня змые і чаго, дарэчы, у Літве не пабачыш. Адзін прыклад. Заўсёды падабалася ехаць на мястэчка Гервяты з боку Рымдзюн (Астравецкі раён). Раптам адкрываецца краявід – нізкія ўзгоркі, агромністае неба і – мястэчка, пасярод якога высачэзны касьцёл з вострым шпілем, які дамінуе над навакольлем. Ну, быццам уехаў кудысьці ў кніжку Шарля Пэро. Кожны раз па-іншаму расфарбаваныя неба й зямля, але нязьменная вострая йголка шпіля, што арганізуе прастору. І вось нейкі разумнік упаяў у гэтую прыгажосьць вышку мабільнай сувязі. Цяпер дамінанта – ня шпіль касьцёла, а гэтая самая вышка. Панік краявід, прапала мястэчка, уцёк Шарль Пэро... Як на нашы мазолістыя рукі, дык страта невялікая. Падумаеш, краявід. І я ня буду спрачацца пра густы. Але зразумела, што ставіў вышку непрафэсіянал, дылетант, прафан. А прафана на ягоную пасаду ставіў іншы прафан, а тога – іншы. Словам, гэта ўжо наша ўнутраная беларуская праблема, якую глябальны крызыс не пераможа. Нядаўна пачуў варыяцыю на тэму прафэсіяналізму. Скульптар сказаў: адсекчы ўсё лішняе. Дык вось варыянт тэатральнага актора: пазбавіцца ад прыблізнасьці. чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец.
|
|