4 марта 2009 Спорт
Даніла Стрыжак, Еўрапейскае радыё для Беларусі
Беларуская бадмінтаністка, якая збіраецца выступаць за зборную Польшчы, расказала Еўрарадыё пра сапраўдныя прычыны свайго ад’езду з Беларусі.
Нагадаем, што бадмінтаністка Вольга Конан раптоўна пераехала у Польшчу і заявіла пра тое, што будзе выступаць за зборную гэтай краіны. 19-гадовая спартсменка адмовілася падпісваць кантракт з Міністэрствам спорту Беларусі. У дакуменце не была прапісаная сума заробку.
Спартыўныя чыноўнікі пракаментавалі, што Вольга не толькі “зазвяздзілася” але і здрадзіла сваёй краіне. Еўрарадыё знайшло бадмінтаністку ў Нямеччыне. Там дзяўчына праходзіць падрыхтоўчыя моўныя курсы перад паступленнем у тамтэйшы ўніверсітэт.
Вольга расказала, навошта збіраецца мяняць грамадзянства, дзе хоча жыць і што думае пра беларускі бадмінтон.
Вольга Конан: “Я адчуваю сябе беларускай. Але, калі б я засталася ў Беларусі, мне прыйшлося б скончыць з бадмінтонам і паступіць у ВНУ ці заняцца яшчэ чым-небудзь. А мне вельмі хочацца гуляць. Мяркую, што хутчэй за ўсё буду выступаць за зборную Польшчы, бо не верыцца, што ў Беларусі нешта зменіцца”.
ЕРБ: “У нашым Міністэрстве спорту кажуць, што вы празмерна шмат ад іх патрабавалі ”
Вольга Конан: “Яны ўвогуле напісалі, што я патрабую невядома чаго і “зазвяздзілася”. Хоць я патрабавала папросту нармальных умоваў для трэніровак, і ўсё. Але трэніровак у мяне няма, трэнера няма, і яны не імкнуцца мне ў гэтым дапамагчы. А я хачу прагрэсу. Я прасіла міністэрства выпісаць у Беларусь кампетэнтнага замежнага трэнера, як гэта зрабілі палякі. Але яны толькі пасмяяліся: ім усё роўна”.
ЕРБ: “Але да Алімпіяды вас на Бацькаўшчыне падрыхтаваць здолелі. Вы ж дайшлі да 1/8 фіналу, прайгралі першай ракетцы свету ”
Вольга Конан: “Два гады да Алімпіяды я трэніравалася ў Нямеччыне, у міжнародным лагеры Саарбрукена. Там былі спецыялісты з Азіі, добрыя спарынг-партнёры. Мой узровень пайшоў угару. У Беларусі я не трэніравалася. Спадзявалася, што пасля Алімпіяды на Бацькаўшчыне пачнуць прыслухоўвацца да маіх патрэбаў, дапамагаць. Бо вынік быў вельмі добры”.
Нагадаем, Вольга прабілася ў 1/8 фіналу, дзе саступіла першай ракетцы свету. Апроч гэтага беларуска перамагла на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў, а сёння займае 38-ы радок у сусветным рэйтынгу. І мае ўсе шанцы выбіцца ў эліту сусветнага бадмінтону.
ЕРБ: “Няўжо вам зусім не дапамагалі ў Беларусі?”
Вольга Конан: “Калі ў мяне была аперацыя, мне нават накаленнік не купілі, нічым не дапамаглі”.
ЕРБ: “Аперацыя? ”
Вольга Конан: “У мяне парвалася крыжападобная звязка калена. Я пайшла да нашага доктара, зрабілі здымкі, ён сказаў: “Усё нармальна, можа быць, дзесьці маленькі разрыўчык. Адпачні месяц-два і пачынай трэніравацца”. Акурат стартаваў лагер у Саарбрукене. Я прыехала трэніравацца і не змагла, нага была нестабільная. Мяне адразу ж адвялі да нямецкага доктара, зрабілі здымкі. І высветлілася, што звязка парваная. Мне пашанцавала, у Нямеччыне мне зрабілі аперацыю, там я праходзіла рэабілітацыю. За ўсё заплаціла Міжнародная федэрацыя бадмінтона”.
ЕРБ: “Не можа быць, каб перад Алімпіядай вам з Беларусі нават вітаміны не выпісвалі ”
Вольга Конан: “Фармацэўтыкі не было ніякай. Колькі я пісала лістоў, каб выдалі медыкаменты. Трэніроўкі былі неверагодна цяжкія, без вітамінаў аніяк. Адказвалі, што не могуць выдаць медыкаменты з-за таго, што я ў Нямеччыне. Казалі, каб прыехала на месяцовыя зборы і пад гэта атрымаю медыкаменты. Але я не магла прыехаць, уся трэніровачная праграма пайшла б кату пад хвост, я б за гэты месяц развучылася б гуляць. Дома ўвогуле немагчыма было трэніравацца. Калі прыязджала на тыдзень, не было нават з кім паспарынгавацца. Замест бадмінтона я бегала кросы, хадзіла ў трэнажорную залу”.
ЕРБ: “У адным з інтэрв’ю вашая маці сказала, што часам і на турніры вы ездзілі за свой кошт ”
Вольга Конан: “Зазвычай дарогу аплочвала федэрацыя. Я прывозіла выкарыстаныя білеты, мне вярталі грошы. Але часам, калі, напрыклад, білет замаўляўся праз інтэрнет, казалі: “Ён выглядае падазрона, аплачваць не будзем”. Часам здаралася, што дарога каштавала 200 еўра, а мне вярталі толькі палову”.
Надзея Лазараўна, мама Вольгі, паскардзілася Еўрарадыё на нізкія заробкі, якія дачка атрымоўвала ад Мінспорту.
Надзея Лазараўна: “Яна зарабляла 540 тысяч беларускіх рублёў. Толькі пяць месяцаў перад Алімпіядай выходзіў мільён васемсот тысяч”.
ЕРБ: “А чаму дачка хоча выступаць за Польшчу, а не за Германію, напрыклад?” - цікавімся ў маці бадмінтаністкі.
Надзея Лазараўна: “Перад вачыма прыклад былой лепшай бадмінтаністкі Беларусі Надзеі Касцючык, якая таксама пераехала выступаць за Польшчу. Гэта перспектыўная зборная, там да спартсменак ставяцца вельмі добра. А займаецца з палякамі містэр Кім, карэйскі трэнер, які яшчэ ў Германіі рыхтаваў Вольгу да юніёрскага чэмпіянату Еўропы”.
ЕРБ: “Калі наведаеце Брэст, прыедзеце ў госці да сваёй сям’і?” - зноў вяртаемся да размовы з Вольгай Конан.
Вольга Конан: “Я пакуль баюся. Можа, мяне выпусцяць назад з Беларусі, а, можа, і не. Міністр спорту Грыгараў пагражаў: “Мы будзем ісці на крайнія меры”. Што гэта за “крайнія меры”, я ўявіць не магу”.
ЕРБ: “А ў Польшчу калі прыедзеце і што ўвогуле робіце ў Нямеччыне”.
Вольга Конан: “Я цяпер наведваю інтэнсіўныя курсы нямецкай мовы. Разумею ўсё, размаўляю трошкі. У наступным годзе буду паступаць сюды ва ўніверсітэт. Выступленням за зборную гэта не перашкодзіць. Ведаю, што ніякай пэўнасці ў маім лёсе пакуль няма".
4 марта 2009 Спорт Даніла Стрыжак, Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуская бадмінтаністка, якая збіраецца выступаць за зборную Польшчы, расказала Еўрарадыё пра сапраўдныя прычыны свайго ад’езду з Беларусі.
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.