Альгерд Бахарэвіч кідае «Логвінава» і пераходзіць у «Галіяфы»
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч лічыць сябе правальным выступоўцам, дае інтэрв’ю пераважна ў пісьмовым выглядзе і, здаецца, спрабуе пазбегнуць празмернай увагі да сваёй асобы. Аднак за той час, які ён праводзіць за межамі Мінску (Бахарэвіч жыве ў Гамбургу і піша таксама там), празмернай увагі ўдастойваюцца яго кнігі, а да самога аўтара ад сустрэчы да сустрэчы нарастае снежны ком пытанняў. Каб задаволіць чытача і не пакрыўдзіць празаіка, паэтка Віка Трэнас і літаратурная аглядальніца Маргарыта Аляшкевіч у чарговы прыезд Бахарэвіча на радзіму зладзілі яму прэс-канферэнцыю, ахайна зашыфраваўшы яе пад лёгкія вяршковыя паняцці «творчасць», «дыскусія» і «дыялог».
Сказаць, што зала Музея імя Багдановіча 17 сакавіка не змяшчала ўсіх, хто хацеў на свае вочы пабачыць жывога генія — безумоўна, схлусіць. Але і сказаць, што прыйшлі адныя і тыя ж знаёмыя твары, нельга. Склалася ўражанне, што сярод прысутных многа тых, да каго кнігі Бахарэвіча патрапілі выпадкова і сталі пэўным выклікам ранейшым уяўленням пра беларускую літаратуру.
— Згодна са школьнай праграмай, у нас уся літаратура пра вёску і вайну, — кажа Віка Трэнас. — А Альгерд піша еўрапейска арыентаваную ўрбаністычную прозу. У яго творах малады чалавек шукае сябе ў вялікім горадзе, і я пазнаю ў гэтым чалавеку сябе. — Ну вось, увесь час кажуць — малады пісьменнік, малады паэт. А ты сам, Альгерд, ці лічыш сябе маладым пісьменнікам? — пытаецца паэт Зміцер Вішнёў. — Для мяне ніколі ўзрост не меў значэння. Проста ў маладых людзей няма такога жыццёвага досведу, і раманы, напісаныя ў васемнаццаць год, выклікаюць смех. Калі гэта, вядома, не Франсуаза Саган... — кажа Бахарэвіч. Самому пісьменніку сёлета споўнілася 34, апошнюю сваю кнігу «Сарока на шыбеніцы», якая з’явілася напрыканцы 2008 года, ён лічыць сваім першым сапраўдным раманам. Па словах аўтара, тут ён прыдумаў чалавека, і мусіў напісаць увесь яго свет. Бахарэвіч паведаміў, што наступная яго кніга выйдзе ўжо ў «маладым, амбітным» выдавецтве «Галіяфы», з якім ён збіраецца падпісаць дамову. Ранейшыя кнігі Бахарэвіча выдаваліся «Логвінавым». У гэты гістарычны для беларускай літаратуры момант кожны неабыякавы можа адзначыць, як паміж незалежнымі беларускімі выдавецтвамі вырасла райская яблыня канкурэнцыі. — Мая наступная кніга — гэта пераклад вядомай казкі Вільгельма Гаўфа «Халоднае сэрца», — распавядае пісьменнік, рэкламуючы адначасова і сябе, і выдавецтва-юніёра. — Але гэта незвычайны пераклад, а пераклад Альгерда Бахарэвіч, Скажам, я ўзяў на сябе смеласць адсекчы хэпі-энд. Мне здаецца, сам Гаўф там яго не хацеў — можа, гэта было патрабаванне царквы. Аднак пераклад — гэта ўсяго чвэрць кнігі, якую выдадуць «Галіяфы». Усё астатняе — паслямова перакладчыка, дзе будзе прастора для фантазіі, жарту, іроніі, і сама гісторыя перакладу. Маргарыта Аляшкевіч, якая з нядаўніх часоў лічыцца маладым літаратурным крытыкам, прыдумала цэлае журналісцкае апытанне. Яна кажа, што Бахарэвічу цяжка задаваць пытанні, цяжка іх прыдумваць. Ды і творы ў аўтара такія, што крытыку — толькі на кальсонах вешацца. — Усё, што я хацела сказаць пра кнігу Альгерда (раман «Сарока на шыбеніцы». — БН), я ўжо выказала ў часопісе «Дзеяслоў», зараз я хачу толькі адзначыць, што гэта — вельмі цяжкі для журналіста выпадак, — жаліцца Аляшкевіч. — Самога аўтара ў творы так шмат, так шмат пра яго сказана, што я проста не ведаю, пра што яшчэ можна запытацца. Цяжка тут не зблытаць аўтарскую асобу з асобай лірычнага героя. Раман вельмі лёгка чытаецца, пры тым, што ён вельмі складаны... — Я вось вашых кніг не чытала, — падскоквае з месца адная з гледачоў. — Вы мне адразу скажыце — пра што ваша кніга? Вы нешта хацелі ў ёй сказаць? — Ну, гэта ж раман — там усё жыццё адлюстравана, — нямее са здзіўлення Бахарэвіч. — Там ёсць сэкс, каханне, словы пра ўладу, краіну... — Ці можна авалодаць творчым майстэрствам пісьменніка як рамяством? — выпрашаецца на допыт Маргарыта. — Безумоўна, не. Я заўсёды з іроніяй ставіўся да розных літаратурных інстытутаў, курсаў і семінараў, — усміхаецца пісьменнік. — Вось жыве хлопчык, яму падабаецца хадзіць у бібліятэку і нюхаць кнігі, яму не хочацца гуляць з сябрамі — ён валяецца на канапе, есць кукурузныя палачкі і чытае-чытае-чытае. А потым ён вырастае, у яго відавочныя праблемы з псіхікай, у яго тонкая скура, і ён хоча плакаць кожны дзень. Вось адкуль бяруцца пісьменнікі. Бахарэвіч кажа, што ў яго самога скура надзвычай тонкая. Раней, яшчэ да ад’езду ў Гамбург, яго штодзень кранала мноства асаблівасцяў беларускага побыту, рэзала і мучала. Жыць з тонкай скурай нялёгка, але Альгерд лічыць, што без яе не атрымаецца так жыць і так пісаць. — Вы наўмысна цягнецеся да формы раману? — пытаецца Аляшкевіч. — Я не ведаю, як з аднаго твора атрымліваецца мініятура, з іншага — апавяданне, а з нейкага — раман. Раман гэта заўжды вялікая рызыка для маладога пісьменніка, бо словаў можа аказацца занадта шмат, занадта шмат лішніх словаў. Тоўстая кніга не значыць, што яна цікавая. — Вы складаеце план свайго твору? — Я заўсёды ведаю, пра што буду пісаць, але яшчэ не здагадваюся, як. Аднак, гэтае «як» для мяне важней за «што». Тэму заўсёды можна знайсці. Сапраўдная літаратура — элітарнае мастацтва. Мая мара — напісаць кнігу, пра якую ўсе б казалі, што яна цікавая, але ніхто б не мог дачытаць яе да канца. Я належу да тых людзей, якія не толькі адолелі Джойса, але зрабілі гэта многа разоў. Бахарэвіч называе Джойса, Набокава і Кафку сваімі любімымі пісьменнікамі. Ён кажа, што ў сучаснай нямецкай літаратуры яму амаль нічога не цікава — занадта аўтары імкнуцца быць моднымі, занадта спрабуюць адпавядаць тэндэнцыям. Беларуская літаратура, на думку пісьменніка, усё яшчэ з чымсьці, за штосьці змагаецца. А зараз час для змагання ў літаратуры мінуў — цяпер добра быць проста для таго, каб быць, займаць сваю нішу і сваю паліцу. Прадставіўшыся выкладчыцай, з залы падымаецца кабета: — Мне студэнт даў вашу кнігу пачытаць, і я прыйшла з пытаннем. Чаму вы па-беларуску пішаце? Гэта ж мова, якой ніхто не разумее, у сем’ях усе па-руску гавораць! — запыталася яна. — Шчыра кажучы, ні разу не ставіў сабе такога пытання, — адказвае пісьменнік. — Калі б беларускай мовы не было, яе б трэба было прыдумаць. Я пішу па-беларуску, бо рускамоўнай беларускай літаратуры проста не існуе, гэта ўсё вельмі ўбогае. Да таго ж гэта наша мова, і на ёй у нас ёсць права казаць што заўгодна. — Прабачце, але я вось па-руску пішу, дык што мне рабіць? — раздаецца крык, поўны роспачы, аднекуль з апошніх шэрагаў. — Пішыце па-беларуску! — настаўляе Бахарэвіч. — А калі я перакладу свае творы з рускай на беларускую, то гэта ж будзе ўжо пераклад, а не арыгінал! — пратэстуе голас. — А вы нікому пра гэта не кажыце, — усміхаецца Бахарэвіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч лічыць сябе правальным выступоўцам, дае інтэрв’ю пераважна ў пісьмовым выглядзе і, здаецца, спрабуе пазбегнуць празмернай увагі да сваёй асобы.
|
|