Фiнансавы свет у чаканнi перамен
Фiнансавы свет у чаканнi перамен
Незалежная экспертыза Леаніда Заiкi
Зусiм мала часу засталося да адкрыцця 2 красавiка ў Лондане антыкрызiснага самiту так званай Вялiкай дваццаткi (G20). Напярэдаднi гэтай сустрэчы наш карэспандэнт узяў iнтэрв’ю ў вядомага беларускага эканамiста, кiраўнiка аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Л.Ф. Заiкi. — Не пакiдае ўражанне, што лiдары самых развiтых i ўплывовых краiн планеты ва ўмовах паглыблення i пашырэння глабальнага крызiсу чамусьцi дзейнiчаюць марудна. Я б нават сказаў запаволена i, мякка кажучы, не зусiм адэкватна. У вынiку прапусцiлi момант узяць сiтуацыю пад кантроль яшчэ на першым этапе развiцця фiнансавага крызiсу. Выходзiць, "праспалi" крызiс лiдары? Самiт Вялiкай дваццаткi — гэта значнае i адказнае мерапрыемства, да яго трэба старанна рыхтавацца. Ну сабралiся б яе лiдары раней, скажам, у лютым. Ну i што? У макраэканомiцы адзiнкай вымярэння для аналiзу стану спраў прынята лiчыць квартал. Таму перад самiтам у Лондане ўжо будуць на 90% гатовыя звесткi пра першыя тры месяцы работы сусветнай эканомiкi. Тут трэба мець на ўвазе, што крызiсы накшталт цяперашняга адбываюцца прыкладна раз у 80 гадоў. Ведаеце, кiраўнiкам вядучых дзяржаў планеты не да твару мiтусiцца i спяшацца з тэрмiнамi самiту. — Леанiд Фёдаравiч, цi можна сёння больш-менш дакладна прагназаваць вынiкi пасяджэння Вялiкай дваццаткi? — А цi трэба? Давайце не будзем забягаць наперад. Чакаць засталося зусiм мала. Хаця можна, у прыватнасцi, адзначыць, што адно з цэнтральных месцаў у ходзе дыскусiй, якiя маюць адбыцца ў Лондане, зойме выпрацоўка мераў па супрацьдзеяннi росту пратэкцыянiзму з боку асобных краiн. Бо ўжо сёння вiдавочна, што глабальны рынак пачаў паступова распадацца на некалькi рэгiянальных рынкаў. Ужо i Беларусь уключылася ў гэты працэс па стварэннi рынку сумесна з Расiяй, Украiнай i Казахстанам. — Якая задача ўсё ж самая складаная для стабiлiзацыi сусветнай эканомiкi? — Думаю, асноўная праблема i ў грошах, i ў iх замяняльнiках. Бо крызiс узнiк далёка невыпадкова. Апошнiя гады ў свеце iшоў (i тым больш iдзе цяпер) актыўны пошук простых i даступных лiквiдаў. Гэта ўсё тое, што з’яўляецца сродкам абмену i плацяжу: грошы, розныя каштоўныя паперы, акцыi, аблiгацыi i да т.п. I iх знайшлi. Думаеце, iмi сталi нейкiя новыя фiнансавыя iнструменты тыпу новых вiдаў аблiгацый цi iнвестыцыйных укладанняў? Не, грошы пачалi замяняць рэальнымi каштоўнасцямi, што ў значнай ступенi стала важным адлюстраваннем увогуле нашай рэчаiснасцi i асаблiвасцяў фармiравання новай грашовай i таварнай прасторы глабальнага рынку. Замена долару, еўра цi расiйскаму рублю знайшлася ў форме нерухомасцi. I не толькi недзе там, "за бугром", за морам-акiянам, але i ў нас: у Гомелi, Смаргонi, Чэрыкаве, асаблiва ў Мiнску. Вядома, рынак нерухомасцi iснаваў заўсёды. Але характэрнай прыкметай апошнiх гадоў стала тое, што гэты рынак ператварыўся, а дакладней, набыў такую функцыю грошай, як iх зберажэнне. Прычым, зберажэнняў эфектыўных, са станоўчай дынамiкай росту. Рост цэнаў на жыллё ў многiм садзейнiчаў стварэнню ў ЗША вялiзарнай i небяспечнай фiнансавай мыльнай бурбалкi, якая лопнула ў сярэдзiне 2008 года. Таму выйсце з крызiсу ўсё адно будзе суправаджацца i адбывацца ў выглядзе "зачысткi" рынку нерухомасцi i тых фiнансавых гульцоў, якiя ў пагонi за звышдаходамi рызыкоўна загулялiся з iнвестыцыямi ў iпатэку i будаўнiцтва. — А нафта — лiквiд? Цi звязаны цэны на яе з курсам валют i як цана барэля ўплывае на эканомiку Беларусi? Паставiм пытанне рубам: цi выгадныя нам высокiя цэны на нафту? — Краiны-нафтаздабытчыкi лiчаць, што для iх падыходзiць цана $70-100 за барэль. Таму яны ўсяляк iмкнуцца узняць цяперашнюю нiзкую, на iх погляд, цану на сырую нафту. У Беларусi высокiя цэны на нафту выгадныя ў першую чаргу некалькiм фiрмам i канторам, якiя гандлююць нафтапрадуктамi. А для простых грамадзян лепш, калi нафта на сусветным рынку недарагая. Што датычыць сувязi памiж курсам валют i цаной барэля нафты, то тут прамой залежнасцi няма. Хаця нафтапрадукты яшчэ доўга будуць адным з галоўных артыкулаў нашага экспарту. Я не чуў, каб Iндыя i Кiтай збiралiся iстотна знiжаць тэмпы росту вытворчасцi i спажывецкага попыту. Яны няўхiльна рухаюцца ў кiрунку да сусветнага эканамiчнага лiдарства, iм будзе патрэбна ўсё больш энерганосьбiтаў i нафтапрадуктаў. А колькi палiва будуць спажываць iншыя краiны, якiя актыўна развiваюцца, ужо ў недалёкай будучынi! — А цi не здаецца вам, што свет стамiўся ад дамiнiравання амерыканскага долара? I ўжо то тут, то там чуваць прапановы аб стварэннi новай паралельнай цi рэзервовай валюты. Нядаўна з падобнымi прапановамi выступiлi Расiя i Кiтай. Дарэчы, такую iдэю агучыў прэзiдэнт Казахстана Нарсултан Назарбаеў. Вiдаць, пытанне наспела? — Можна ўсяляк крытыкаваць i ганьбiць долар, доўга шукаць яму эфектыўную замену... i нiчога не знайсцi. Зараз сiтуацыя такая, што па-сапраўднаму долар можа замянiць толькi золата, а разлiкi можна весцi з дапамогай электронных грошай. Усе iншыя спробы замены, на мой погляд, не будуць мець поспеху. А вось увядзенне залатога стандарту прынясе плён, бо долар — гэта папяровыя грошы, золатам ён не забяспечаны. Увогуле замену долара, як мне бачыцца, лепш пачынаць з увядзення надзейных рэгiянальных валют. У Маскве, як вы ведаеце, у пачатку года аб’явiлi аб намеры зрабiць такой валютай расiйскi рубель, карыстацца iм дала згоду Беларусь. Праўда, рэалiзацыя гэтага намеру зойме не адзiн год, задача для выканання працаёмкая i вельмi няпростая. Пабачым, можа самiт Вялiкай дваццаткi прапануе свой варты ўвагi варыянт замены долара. Хаця ў агляднай будучынi, на мой погляд, катастрофа гэтаму амерыканцу не пагражае. У найблiжэйшы час можа здарыцца наступнае: як толькi прэзiдэнт ЗША Барак Абама пачне актыўна напампоўваць сваю эканомiку сотнямi мiльярдаў бюджэтных долараў, курс амерыканскай валюты пачне знiжацца, сiтуацыя з курсамi валют стабiлiзуецца. У свеце знiкне вялiкi попыт на долары. Дарэчы, ужо ў некаторых краiнах, напрыклад, Расii, гэты працэс пачаўся. — Вакол амерыканскага долара сёння ў нас толькi чутак i самых неверагодных прагнозаў: ад небывалага ў недалёкай будучынi ўзлёту да канчатковай страты пазiцыi сусветнага фiнансавага лiдара. Нядаўна пачуў "навiну" аб тым, што ў нетрах Урада рыхтуецца новая "пастка" для жыхароў Беларусi: чарговая дэвальвацыя рубля на 30 %. Як вам здаецца, цi рэальна гэта i што будзе з курсам "зялёнай" валюты ў нашай краiне? — Ва Урадзе ёсць сiлы, якiя адказваюць за пэўныя сегменты нашай эканомiкi i лабiруюць iнтарэсы "сваiх" галiн i прадпрыемстваў-гiгантаў. Для нашых вытворцаў экспартнай прадукцыi выгадны рост курсу долара ў Беларусi. Бо на сусветным рынку iх, як i iншых краiн, вырабы i тавары патаннелi, там увогуле складана стала гандляваць. Адсюль, магчыма, i тайная надзея на дэвальвацыю. А вось насельнiцтву далейшае падзенне рубля будзе вельмi цяжка перажыць. Але я не думаю, што хутка адбудзецца яшчэ адна рэзкая дэвальвацыя рубля. — Апошнiм часам Нацыянальны банк выступiў з iнiцыятывай стварэння ў краiне так званых калектарскiх агенцтваў — арганiзацый, якiя займаюцца вяртаннем цi, прасцей кажучы, "выбiваннем" праблемных банкаўскiх крэдытаў i запазычанасцяў. Гэта крок у правiльным кiрунку? — Так. Даўно трэба было ўзаконiць калектарскую дзейнасць у Беларусi, ужо час усiм нам навучыцца жыць па сродках i вяртаць даўгi. Мы неяк хутка забылi, што тузiн гадоў таму зараблялi штомесяц у сярэднiм 25-30 долараў. А цяпер ужо 300 долараў далёка не для кожнага прымальная зарплата. Безумоўна, грошы робяць наша жыццё больш камфортным i прыемным. Але адначасова грошы i своеасаблiвы прысуд для тых, хто занадта легкадумна глядзеў у сваю фiнансавую будучыню. Зараз многiя беларусы на ўласным вопыце пераканалiся, што жыццё ў рынкавых умовах гэта не толькi задавальненне ў выглядзе знакамiтых "чаркi i скваркi", але i сур’ёзнае выпрабаванне. Усе банкi ды i многiя эканамiсты пераконвалi i працягваюць пераконваць насельнiцтва, што пазычаць грошы заўсёды добра. I амаль нiчога не гавораць пра тое, што iх трэба вяртаць з немалымi працэнтамi. Пра iх не надта задумвалiся i многiя крэдытаатрымальнiкi. — Паўсюдна толькi i чуваць: крызiс iдзе! А цi ёсць у замежжы адэкватныя гэтай навале эфектыўныя захады супрацьдзеяння? — Днямi Iндыя з больш чым мiльярдным насельнiцтвам абвясцiла аб пачатку серыйнага выпуску самых танных у свеце легкавых аўтамабiляў. Уяўляеце, колькi гэтых народных машын хутка будзе "бегаць" па дарогах гэтай i iншых краiн? Iндыйцы — малайцы! Яны дзейнiчаюць ва ўмовах глабальнага крызiсу найлепшым чынам. Што такое барацьба з яго наступствамi? Гэта эканомiя па ўсiх кiрунках, скiдванне залiшняй вагi ў эканамiчным сэнсе, адмова ад непатрэбнай i нерэнтабельнай вытворчасцi, ад выпуску прадукцыi для вельмi абмежаванага кола спажыўцоў. Iндыйцы ўсяму свету нагадалi, што аўтамабiль — гэта ў першую чаргу сродак руху, а ўжо потым прадмет прэстыжу. Iх машына, калi не памыляюся, называецца Тата-Нана, каштуе ад 1,5 да 2,5 тысяч долараў i па кiшэнi вельмi многiм у Iндыi i далёка за яе межамi. Папулярнасць гэтаму аўтамабiлю гарантавана. Таму нам варта было б абдумаць магчымасць выпуску ў Беларусi Тата-Наны ў еўрапейскiм варыянце. Наша насельнiцтва трацiць больш за мiльярд долараў на набыццё патрыманых замежных аўто. Гутарыў Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зусiм мала часу засталося да адкрыцця 2 красавiка ў Лондане антыкрызiснага самiту так званай Вялiкай дваццаткi (G20). Напярэдаднi гэтай сустрэчы наш к |
|