БЯСПЛАТНАЯ ПРАЦА НА ТРЫ ДНІ
БЯСПЛАТНАЯ ПРАЦА НА ТРЫ ДНІ
Як нас дураць
Ты адпрацоўваеш тры васьмiгадзiнныя працоўныя днi — i ўсё, паехаў: хтосьцi самастойна робiць рашэнне кiнуць працу, а кагосьцi проста не бяруць: маўляў, вы не ўкладваецеся ў запланаваную колькасць... Справа з прыёмам на працу, апошнiм часам, выклiкае больш адказаў, чым пытанняў, бо працадаўцы iдуць на ўсё большыя хiтрыкi, каб атрымаць падчас крызiсу ранейшы прыбытак. "На добрага жыўца i рыба добрая", — кажа народнае выслоўе, гэтак атрымалася i з адным маладым чалавекам... Рэч у тым, што Дзянiс звольнiўся з працы якраз тады, калi фiнансавы крызiс пачаў сунуцца на Беларусь. Не маючы нейкiх спецыялiзаваных ведаў да працы ў прафесiйнай галiне, ён вырашыў, як i многiя беларусы, шукаць шчасця ў газетах-абвестках. Там жа яго чакала прывабная аб’ява, у якой на працу запрашалiся кур’еры са сталым заробкам каля 56 тысяч у дзень, пры ўмове 5-6 штодзённых заказаў, не больш за 10 кiлаграмаў кожны. А таму малады чалавек i вырашыў паспрабаваць. На гутарцы, пра якую даведаўся па тэлефоне, прысутнiчала каля сарака чалавек, кожны з якiх запаўняў анкету, а пасля адразу iшоў да "менеджара па кадрах". Апошнi яшчэ раз тлумачыў правiлы i прапаноўваў выбраць, кiм вы жадаеце быць: кур’ерам цi кур’ерам-кансультантам (пасада апошняга адрознiвалася толькi тым, што вам прапаноўвалiся некалькi працэнтаў ад прыбытку фiрмы за прададзеную прадукцыю). Прычым было заўважана, што калi на рынках нармальныя працэнты знаходзяцца ў дыяпазоне 10 працэнтаў, то на УП "Падман" (назавём яго так) яны былi роўныя 30 працэнтам. Вядома, што пры такiм раскладзе, выбар на карысць кансультанта быў амаль вiдавочны... — Наступным днём нас размеркавалi ў групы па 4-5 чалавек, у кожнай з якiх быў адзiн чалавек, якi ўжо працаваў на гэтае прадпрыемства. Ну, i кажуць, што нам трэба кожны дзень прыходзiць у офiс, забiраць кнiжкi, якiя нам спадабалiся, i, так бы мовiць, уперад. Вось, гэтак i паехалi, — распавядае Дзянiс. — У першым будынку, што трапiўся на вочы, трэба было заходзiць ва ўсе кабiнеты i казаць, нешта кшталту: "Прывiтанне! Мы — афiцыйнае прадстаўнiцтва фiрмы "Падман". Паглядзiце, калi ласка, кнiгi..." I ўсё б добра, каб не адно "але": калi чалавек ходзiць такiм чынам нават поўны дзень, але так здарылася (i, найхутчэй, будзе), што ён не збыў нiводнай кнiгi, то... i зарплаты ён анiякай не атрымае — а пра гэта новападрыхтаваных кур’ераў-кансультантаў нiхто не папярэджваў! Мала таго, нiякiх працоўных дамоваў прадстаўнiкi "Падману" таксама не заключалi з кур’ерамi, а гэта значыць, што апошнiх маглi ў любую хвiлiну выгнаць, не заплацiўшы за ўвесь тэрмiн працы. Калi ж адзiн з нас пазванiў па тэлефоне аб’явы, назваўшыся зацiкаўленай у працы асобай, дык на пытанне, цi заключаюць працоўныя дамовы, давялося пачуць: "Ну, гэта, як бы, усё абмяркоўваецца з менеджарам па кадрах". Дзянiсу ж застаецца толькi разводзiць плячыма, бо падобных гутарак ён i не чуў нават. — У прынцыпе зарабляць грошы на гэтым можна, — працягвае малады чалавек, — але пры ўмове ўжо складзенай клiентуры, дзеля чаго трэба спярша самому шмат грошай укласцi. Быць кур’ерам увогуле не мае сэнсу, бо на палiва ў машыне пойдзе больш грошай, чым заплацяць... А могуць жа i не заплацiць! Як i атрымалася. Так, адпрацаваўшы тры днi, Дзянiс не атрымаў нiводнага рубля. Гэта i навяло яго на сумныя развагi аб тым, што калi ён нават вытрымае выпрабавальны тэрмiн у 25 дзён, дык яго ўсё адно змогуць звольнiць, бо, паводле дамовы, ён павiнен нагандлёўваць за дзень на 280 тысяч, што, па шчырасцi, малаверагодна. А таму, ён вырашыў неадкладна кiнуць "працу"... Працадаўцы, бадай, i не надта засмуцiлiся... Сапраўды, "на добрага жыўца i рыба добрая"! Дык цi ж хочаце вы быць той рыбай, якую потым за вячэрай з’есць рыбалоў або прадасць браканьер? Таму нiколi не "клюйце" на вялiкую плату за лёгкую працу! I заўжды заключайце працоўную дамову! Мiкола ТАМАШЭВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ты адпрацоўваеш тры васьмiгадзiнныя працоўныя днi — i ўсё, паехаў: хтосьцi самастойна робiць рашэнне кiнуць працу, а кагосьцi проста не бяруць: маўляў |
|