Размарозiць iпатэку
Размарозiць iпатэку
Карцiну парламенцкага жыцця мы мiжвольна прызвычаiлiся афармляць у шэрых танах.
У гэтай палiтры не стае настраёвасцi. Нам хочацца ведаць не толькi тое, як заканадаўцы
змяняюць уклад нашага жыцця, але i тое, якiя яны — людзi, што прадстаўляюць нашы
iнтарэсы. Чым захапляюцца, як адпачываюць, нарэшце, што ядуць. Нездарма ж бытуе
меркаванне: мы — тое, што мы ядзiм. У сэнсе, адзiн усё солiць i перчыць, не шкадуючы,
а другi ласуецца катлеткамi на пары. Ды i сам па сабе працэс гэты досыць асабiсты,
так што сумеснае частаванне зблiжае людзей. Нездарма ж многiя важныя перамовы
вядуцца за дзелавым абедам. Ну а сумеснае прыгатаванне пачастунку тым больш дазваляе
людзям раскрыцца. Дык чаму б нам не пакулiнарыць разам з парламентарыем? А за
працэсам гатавання не абмеркаваць кухню парламенцкую — як працуецца над будучымi
законамi? Што ж, прыступiм i будзем спадзявацца, што наша першая газетная страва
не атрымаецца комам!
Дэпутаты спрабуюць "падагрэць" жыллёвы рынак
Мы пераступаем ганак кватэры, з якой проста не хочацца сыходзiць — цi то з-за
шчырай гасцiннасцi яе ўладальнiка, цi то з-за ўтульнасцi, а мо якраз гэтага ўдалага
спалучэння. Цёплыя тоны, прыемныя фактуры, адна сакавiта-аранжавая канапа чаго
вартая! Над iнтэр’ерам — заўважна — працаваў прафесiянал: якi дэкор, якая ўвага
да дэталяў, якая гульня з прасторай! Замест дзвярэй — сiмвалiчныя перагародкi,
кухня i сталовы пакой арыентаваныя на поўнач, гасцiная з кабiнетам — на поўдзень,
спальня (прыватная зона) нiбы схавана ў глыбiнi кватэры ад вока выпадковага наведвальнiка,
у вузкiм засценку — люстэрка на ўсю сцяну, каб вiзуальна пашырыць прастору. I
ўсё гэта ў звычайнай хрушчоўцы. Мы не здзiўляемся, калi даведваемся, што перапланiроўку
распрацавала сама гаспадыня — прафесiйны архiтэктар. Кватэра адпавядае характару
ўладальнiцы — яна досыць адкрытая, аднак, не для кожнага i не ўсё тут выстаўляецца
напаказ, яна па-жаноцку ўтульная, але пры гэтым тэхнiчна вывераная — кожная дробязь
на сваiм месцы, каб усё было сiстэмна, каб аптымiзаваць жыццё.
Вы, пэўна, ужо здагадалiся, у каго мы гасцюем? Так, у Галiны Палянскай, старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па жыллёвай палiтыцы, будаўнiцтве, гандлi i прыватызацыi, якая ў ранейшым, дадэпутацкiм, жыццi прайшла шлях ад асiстэнта да дэкана архiтэктурнага факультэта БНТУ, дзе i сёння працягвае працаваць на паўстаўкi прафесара на кафедры архiтэктурнага дызайну. Парламентарыi, мiж iншым, часта звяртаюцца да Галiны Уладзiмiраўны па парады, як уладкаваць дом... На дварэ вельмi сонечна, i цёплыя тоны ў iнтэр’еры лiтаральна зiхацяць — тым лягчэй уявiць сябе дзе-небудзь на Сiцылii. Гаспадыня ж падзелiцца з намi рэцэптам лазаннi — традыцыйнай стравы iтальянскай кухнi. Гатаваць арыгiнальны ласунак Галiна Палянская навучылася якраз у Iталii — часта бывала там у рабочых паездках. У той час, калi яна з’яўлялася экспертам культурна-адукацыйнага фонду Рамуальда дэль Б’янка, шмат студэнтаў i выкладчыкаў факультэта атрымалi магчымасць пазнаёмiцца з iтальянскiм досведам, пасля кантакты завязаў i Беларускi саюз архiтэктараў. Нашы сябе таксама паказалi: "Iтальянцы кажуць, што я адкрыла iм акно ў краiны Садружнасцi. Я запрасiла iх у Беларусь, калi мы праводзiлi тут мiжнародны конкурс дыпломных праектаў, сабралася вялiкая архiтэктурная тусоўка". Не абышлося без кур’ёзаў: "Па-iтальянску маё iмя перакладаецца як "курыца", i яны прыдумалi зваць мяне Гала — свята, феерверк. Ты, кажуць, камунiкабельная, актыўная, табе гэта больш пасуе". Iтальянская кухня палюбiлася Галiне Уладзiмiраўне не толькi з-за смаку i карыснасцi, але яшчэ i таму, што простая ў прыгатаваннi. Для дзелавой жанчыны лепшае i прыдумаць цяжка. Гасцям (а на святы ў Галiны Уладзiмiраўны збiраюцца шумныя кампанii чалавек па дваццаць) лазання забяспечана — гэта каронная страва гаспадынi. "Зараз пост, таму мясную лазанню гатаваць сёння не будзем. Зробiм рагу з грыбамi". Дарэчы, гаспадыня не аматарка кулiнарных шоу, апроч хiба што майстар-класаў Барыса Бурды — надта ж цiкавыя i пазнавальныя. Затое неабыякавая да iнтэр’ерных штучак, прафесiйных часопiсаў i мастацкай лiтаратуры. "Зараз я ўзяла невялiкi тайм-аут, працоўны адпачынак на два тыднi, чытаю запоем". Працоўны адпачынак ва ўсiх сэнсах гэтага спалучэння слоў — якраз пра Галiну Уладзiмiраўну: мы з парламенцкай кухняй, выязныя пасяджэннi камiсii — нi хвiлiны спакою... І паездкi ў яе звычайна таксама рабочыя, нават у такiя традыцыйна курортныя краiны, як Егiпет i Эмiраты. А з кожнай вандроўкi яна абавязкова прывозiць па шкатулачцы — у дадатак да некалькiх сотняў з хатняй калекцыi. "Я ўвогуле цьмяна ўяўляю, як гэта — проста адпачываць". Вось i нядаўняе падарожжа ў Ерусалiм было выключна па парламенцкiх патрэбах. Галiна Уладзiмiраўна ў гэтым склiканнi ўзначальвае беларускую дэлегацыю ў Мiжпарламенцкай Асамблеi праваслаўя. На канферэнцыi яны абмяркоўвалi з калегамi з усяго свету ролю традыцыйных рэлiгiй у вырашэннi рэгiянальных i глабальных праблем. Цяпер яна марыць паехаць у Ерусалiм на тыдзень i проста паблукаць там у спакоi, цiшынi... Дагэтуль так бесклапотна адпачываць выпадала толькi ў беларускiм санаторыi, дзе ўпершыню Галiна Уладзiмiраўна пабывала ўсяго тры гады таму. "Мне вельмi спадабалася ў "Азёрным", люблю беларускiя краявiды. Я нават калi ў машыне еду i бачу гэтыя дзiвосныя пейзажы, пачынаю спяваць". За рулём Галiна Уладзiмiраўна ўжо з дзясятак гадоў, i недзе палову з iх кiруе трэцiм Гольфам. "Памяняць пакуль не магу — выплачваю крэдыт за кватэру. Тады, у 2003 годзе, калi я выбiрала машыну на пазычаныя грошы, маiм галоўным крытэрыем было, каб аўто было танным у абслугоўваннi". "Рагу" з банкаў, будпрадпрыемстваў i жыльцоў Гатуе Галiна Уладзiмiраўна толькi на марской харчовай солi — "гэта i больш карысна, i больш смачна". Абавязковы кампанент у рагу — арыгана цi збор iтальянскiх траў: "Нiводная iтальянская страва не гатуецца без арыгана, таму не шкадуем", — заўзята дадае наш кулiнар i шчодра прысыпае спецыяй. "Увогуле люблю зелянiну", — кажа яна, i мы тут жа звяртаем увагу на сад на падаконнiку — тут i пятрушка ў вазончыку, i спецыяльная прылада, каб прарошчваць насенне. У гэтай трох’яруснай кадцы гаспадыня вырошчвае "жывыя вiтамiны" — "Дадасi такое насенне ў салату — i як цудоўна!". Усяго толькi трэба палiваць два разы ў дзень — i ўсе вiтамiны на вашым стале ўжо праз трое сутак. З раслiннасцю ў Галiны Уладзiмiраўны — поўнае ўзаемаразуменне, яе жыллё лёгка сышло б за аранжарэю, дзе ўсё буяе, драцэна вунь вымахала да столi! — У рагу не абысцiся без памiдораў, — кажа суразмоўца, здрабняючы iтальянскiя кансерваваныя таматы. — Таматнай пастай я не люблю карыстацца, гэта ўсё ж не так натуральна. Жыллёвае пытанне клапоцiць сёння многiх беларусаў, актуальнае яно, як бачыце, i для самой Галiны Уладзiмiраўны, — яна ж выплачвае крэдыт. Тым больш цiкава даведацца, як працуюць парламентарыi ў гэтым кiрунку. — Iпатэка зараз у прынцыпе замарожана. I адна з галоўных прычын у тым, што ў банкаў вельмi вялiкiя рызыкi. Яны могуць хiба што падаць у суд — мы такую норму ўвялi ў Грамадзянскi працэсуальны кодэкс, — аднак не могуць выселiць чалавека, калi ён не плацiць пазыку. Па сутнасцi яны нiчога не могуць зрабiць. У мяне самой iпатэчны крэдыт, дык банку застаецца толькi разлiчваць на маю прыстойнасць — калi я не змагу плацiць, то прадам гэту кватэру, вярну пазыку, сабе куплю меншую цi да таго падобнае. А ў новым жыллёвым кодэксе такая норма ўжо прадугледжана, праўда, у парламент ён паступiць толькi ў наступным годзе. Таму мы выказалi прапанову iнiцыяваць норму, якая змяншае рызыкi банка, раней — зараз гэта можна рабiць указамi, дэкрэтамi. Калi банкi зараз зацiкавiць, гэта ж хоць неяк ажывiць рынак. Пазiцыя ж урада i прэзiдэнта ў дачыненнi да жыллёвага будаўнiцтва — адназначна ўтрымаць. Таму што столькi часу i грошай патрачана, каб адрадзiць будаўнiчую галiну, якая ў нас некалi рухнула — разам з праектным комплексам, з усiм. I калi зараз даць ёй зноў памерцi, гэта будзе поўная катастрофа... На думку Галiны Уладзiмiраўны, заахвочваць тут трэба ўсiх зацiкаўленых — i крэдытныя ўстановы, i будаўнiчыя прадпрыемствы, i грамадзян. — Сiтуацыя ў дачыненнi да грамадзян зараз якраз на пазiтыве, дзякуючы пэўным нарматыўным дакументам. Зроблена некалькi добрых, патрэбных крокаў (у прыватнасцi, пашырана катэгорыя льготнiкаў), якiя зацiкавяць людзей укладваць грошы ў будаўнiцтва жылля. А вось для прадпрыемстваў абавязковая падатковая стымуляцыя. I не толькi для тых, што мэтанакiравана будуюць жыллё для льготнiкаў. Працэнтаў на трыццаць iх патрэбы забяспечваюць камерцыйныя забудоўшчыкi. I ў людзей часцяком крыху, я б сказала, скажонае ўспрыняцце iх: "Ого, камерцыйны забудоўшчык такiя цэны на кватэры гне". I нiхто не ўлiчвае, што забудоўшчык пракладвае сеткi за свае грошы, ён i ў сабекошт гэтыя выдаткi ўключыць не можа, i павiнен перадаваць iх у камунальную ўласнасць бясплатна. Ну гэта ж нонсенс атрымлiваецца, гэта трэба вырашаць неяк! Прычым ад 5 да 50 працэнтаў узведзенага жылля яны выдзяляюць льготнiкам, i каб мець прыбытак, натуральна, даводзiцца павышаць цэны на камерцыйнае жыллё. I асуджаць прыватнага забудоўшчыка тут не варта — ён жа ў рынку, ён павiнен зарабляць, а дзяржава мусiць вырашаць праблемы не за кошт ушчамлення яго правоў. Калi зараз прыцiскаць забудоўшчыкаў — гэта таксама нездарова, яны пачнуць пакiдаць рынак цi будаваць больш хуткiмi тэмпамi са стратай якасцi... Таму ў нашых iнтарэсах стымуляваць iх. Пад жыллёвым соусам Наступным крокам будзе прыгатаванне соусу бешамэль. У падагрэтае малако ўлiваем размешаную з вадой муку... Новыя дэпутаты (а iх у камiсii пад кiраўнiцтвам нашай суразмоўцы абсалютная большасць) зараз актыўна ўлiваюцца ў работу — iм трэба ўвесь час "варыцца" ў справах галiны, каб плённа працаваць над законапраектамi i кампетэнтна адказваць выбаршчыкам. — Стараемся трымаць руку на пульсе часу. Нядаўна вось сустракалiся з прадстаўнiкамi банкаў, яны праiнфармавалi нас пра цяперашнi стан жыллёвага крэдытавання, пастаянна кантактуем з забудоўшчыкамi. Запланаваная паездка на камбiнат будматэрыялаў, дзе нам прадэманструюць новую серыю, якая павiнна зрабiць будаўнiцтва больш танным. Працуем над Жыллёвым кодэксам — хоць ён прыйдзе да нас лiтаральна праз год, мы ўжо ў тэме. Абмеркавалi з зацiкаўленымi асобамi, заўвагi падрыхтавалi — i недзе дзве трэцi нашых прапаноў Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi прыняло. Гэта асаблiвасцi нашай "кухнi" — мы працуем над усiмi праектамi яшчэ на стадыi iх распрацоўкi, каб не было потым зацягвання. Такое дасканалае вывучэнне сiтуацыi дае аб’ёмнае ўяўленне праблем, магчымасць прадбачыць развiццё падзей. — Намячаецца глабальны недахоп праекцiроўшчыкаў. Кадраў рыхтуецца дастаткова, аднак яны не затрымлiваюцца. Многiя ад’язджаюць за мяжу — там i заробкi, i iмiдж архiтэктара абсалютна iншыя. А ў нас... вось была я нядаўна на горадабудаўнiчым савеце. Там абмяркоўваўся адзiн праект — новае будаўнiцтва, якое закрывае старое. Як прафесiянал я была згодная з выступоўцамi — iнвестыцыi нам сапраўды вельмi патрэбныя, аднак як дэпутат я не магла не нагадаць: мы забываемся пра людзей, якiя ўжо жывуць у гэтым раёне, а потым хочам, каб чалавек паважаў архiтэктара. Ад чаго ў нас зараз пастаянна канфлiкты з жыхарамi — архiтэктар робiць так, як падабаецца яму i iнвестару, а па сутнасцi гэта ж усё для чалавека робiцца, чаму ж ён павiнен цярпець... Таму i падае iмiдж архiтэктара ў вачах жыхароў ды i чыноўнiкаў таксама. Зараз наогул толькi ў тры працэнты ад кошту ацэньваецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыi, а гэта ж якi кавалак работы... I ў прынцыпе праекцiроўшчыкi адказваюць у аснове сваёй за якасць, за трываласць — за ўсё. А iх работу паставiлi ледзь не на самую нiзкую ступень... Атрымлiваецца, яны пачнуць браць колькасцю?.. ...Вось так непрыкметна, за гутаркай мы ўжо фактычна i прыгатавалi лазанню. Неабходныя кампаненты падрыхтаваныя, засталося запячы. Для гэтага на глыбокую бляху слаямi ўкладваем спачатку бешамэль, потым рагу, цёрты пармезан i гатовыя пласцiнкi цеста для лазаннi (iх можна набыць у краме). Пакуль галоўная страва чакае свайго зорнага часу ў духоўцы, можна прыгатаваць немудрагелiстую салату. Яе, дарэчы, iтальянцы падаюць пасля асноўнай стравы, а не ў якасцi закускi, як гэта прынята ў нас. Галоўны сакрэт, якi выдаў наш шэф-кухар, — гатаваць трэба з задавальненнем, энтузiязмам. Тое ж, безумоўна, датычыцца i працы. "Дэпутат не можа адказаць чалавеку як чыноўнiк — ён павiнен зрабiць усё магчымае, каб вырашыць канкрэтную праблему". Парламенцкая кухня ўсё ж робiцца людзьмi i для людзей. Ала МАЧАЛАВА.
Лазання "па-палянску" На 6 порцый спатрэбiцца: 3 ст.л. мукi, 1 л малака, дзве сярэднiя цыбуліны, 0,5 кг грыбоў, 400 г кансерваваных таматаў, 300 г сыру пармезан, пласцiнкi цеста для лазаннi, арыгана цi збор iтальянскiх траў, соль — на смак. Грыбное рагу: наразаем цыбулю кольцамi, абсмажваем, дадаём грыбы, таксама абсмажваем, кансерваваныя таматы размiнаем, здрабняем, дадаём соль i арыгана, тушым на патэльнi яшчэ 15 — 20 хвiлiн. наразаем цыбулю кольцамi, абсмажваем, дадаём грыбы, таксама абсмажваем, кансерваваныя таматы размiнаем, здрабняем, дадаём соль i арыгана, тушым на патэльнi яшчэ 15 — 20 хвiлiн.Соус бешамэль: у падагрэтае малако дадаём муку, разведзеную ў вадзе, перамешваем, трымаем на агнi да загусцення. у падагрэтае малако дадаём муку, разведзеную ў вадзе, перамешваем, трымаем на агнi да загусцення.Укладваем слаямi (бешамэль—рагу—пармезан, нацёрты на буйной тарцы — пласцiнкi цеста для лазаннi), змяшчаем у гарачую духоўку хвiлiн на 30. Падаём, пасыпаючы зверху пармезанам, нацёртым на дробнай тарцы. Смачна есцi! Нягледзячы на тое, што страва — проста пальчыкi аблiжаш, з’есцi шмат за адзiн раз не ўдасца — настолькi яна сытная. Салата вiтамiнная Рвём салату рукамi, рэжам пекiнскую капусту, агуркi, дадаём прарошчанае насенне, запраўляем алiўкавым алеем, сокам лiмона. Частуйцеся, калi ласка!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карцiну парламенцкага жыцця мы мiжвольна прызвычаiлiся афармляць у шэрых танах. У гэтай палiтры не стае настраёвасцi. Нам хочацца ведаць не толькi тое |
|