Цяпер самае лепшае i разумнае — укладваць грошы ў навучанне
Цяпер самае лепшае i разумнае — укладваць грошы ў навучанне
Якiя "ахоўныя механiзмы" вы задзейнiчалi (або не) у сваiм жыццi ў сувязi з фiнансавым крызiсам: перагледзелi сямейны бюджэт, часова адмовiлiся ад нейкiх буйных пакупак, знайшлi падпрацоўку i г.д.? Валерый КАХНОВІЧ, iнжынер аддзела па забеспячэннi i збыце дзяржаўнага вытворчага аб’яднання "Белмелiяводгас": Якiя "ахоўныя механiзмы" вы задзейнiчалi (або не) у сваiм жыццi ў сувязi з фiнансавым крызiсам: перагледзелi сямейны бюджэт, часова адмовiлiся ад нейкiх буйных пакупак, знайшлi падпрацоўку i г.д.?— Часова скарацiў свае выдаткi. Натуральна, колькi разоў раней садзiўся за стол паесцi, столькi ж разоў раблю гэта i цяпер. Iншымi словамi, пры набыццi прадуктаў харчавання я сябе не ўшчамляю (смяецца). А вось ад нейкiх буйных пакупак, сапраўды, часова адмовiўся. Напрыклад, гэта датычыцца спартыўнага рыштунку, карцiн, прадметаў быту. Я лiчу, што ў такой сiтуацыi самае лепшае i разумнае — укладваць сродкi ў навучанне. Кажу гэта на ўласным прыкладзе, бо пачаў вывучаць шведскую мову, больш паглыблена — англiйскую. Першая ў нашай краiне не вельмi распаўсюджаная. Не, нiкуды потым з Беларусi я з’язджаць не збiраюся. Але чаму б у будучым не заняцца нейкiмi перакладамi са шведскай мовы?! Зноў жа — патэнцыяльная падпрацоўка (смяецца)! Уладзiмiр ТАРАСЮК, юрысконсульт унiтарнага камунальнага вытворчага прадпрыемства "Камунальнiк", г. Горкi: — Безумоўна, цэны на прадукты харчавання павялiчваюцца, гэтага нельга не заўважыць. Аднак есцi хлеб, пiць малако штодня не перастанеш, праўда? З iншага боку, у нашай сям’i i раней не было лiшнiх выдаткаў на харчаванне, таму цяпер неяк моцна эканомiць на гэтым не даводзiцца. Мая жонка, скажам, атрымлiвае ад дзяржавы "дзiцячыя" ў памеры 185 тысяч рублёў — на дваiх з дзiцем. Усё астатняе, што я зарабляю, дзелiцца на траiх. Праўда, раней у нас быў валютны крэдыт, дык давялося шукаць дадатковыя магчымасцi, каб выплацiць яго, у прыватнасцi, пазычаць грошы. Яўгенiя ЗАРОЎСКАЯ, iнвалiд II групы, Паўночны пасёлак, г. Мiнск: — Я размяняла дзявяты дзясятак, жыву з сынам, iнвалiдам I групы з дзяцiнства. Сама нават да крамы дайсцi не магу, сын — ляжачы. Старэйшы, якi жыве асобна, зараз таксама хварэе... Увесь наш даход — дзве не вельмi вялiкiя пенсii. Мяса не ем даўно, калi з’яўляюцца курыныя кумпячкi — па адным кладу ў суп, якi раблю на некалькi дзён. А так "нацiскаем" на бурачкi, капустку, бульбачку. Iмi дапамагаюць родныя мужа, таксама пенсiянеры, якiя ў Ратамцы маюць участак. Праўда, за камунальныя паслугi плацiм толькi 50 працэнтаў. Але калi па той жа электраэнергii ёсць перарасход — тады 100 працэнтаў. Таму менш мыем бялiзну, глядзiм тэлевiзар, сядзiм у прыцемках. На лекi шмат грошай iдзе, нашы не дапамагаюць, даводзiцца купляць iмпартныя. За адны лекi заплацiла 45 тысяч, за другiя — 11 тысяч. Але за камуналку мы заўсёды разлiчваемся ў першую чаргу, нiякай запазычанасцi ў нас няма. Раскошы вялiкай, як бачыце, няма, але мы не галадаем. Не га-ла-да-ем. Ведаеце, я перажыла вайну, голад, холад, таму, лiчу, самае галоўнае — каб быў мiр на зямлi. Вельмi люблю глядзець тэлевiзар, асаблiва навiны, вельмi даўно выпiсваю i чытаю сваю любiмую "Звязду"... Ведаеце, можа не трэба пра ўсё гэта пiсаць?.. Прачытае нехта, яшчэ пасмяецца... Таццяна САБАЛЕЎСКАЯ, начальнiк аддзела бытавога забеспячэння пенсiянераў i iнвалiдаў упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзяржынскага райвыканкама: — Проста выжываем. У нас дастаткова вялiкi валютны крэдыт, якi мы бралi для набыцця кватэры. Пасля яго выплаты, аплаты камунальных паслуг практычна нiчога не застаецца, таму пра нейкiя буйныя пакупкi — той жа мэблi ў пустую кватэру, а тым больш пра падарожжы думаць проста не даводзiцца. Жывём ад зарплаты да зарплаты. А тут яшчэ муж трапiў пад скарачэнне. Зараз выбраў сабе працу не па спецыяльнасцi, заробак невялiкi. Працуе i 20-гадовы сын. Знайсцi нейкую падпрацоўку ў нас даволi цяжка, можа ў Мiнску з гэтым лягчэй... Але галоўнае — не падаць духам, думаць пра ўласнае здароўе, якое нi за якiя грошы не купiш. Вiктар КАРОГВIЧ, кансультант упраўлення паляўнiчай гаспадаркi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi: — Якiя тут рэцэпты? Жывём тым, што маем. Безумоўна, нечага сталi менш купляць. Якiя там буйныя пакупкi? Машыны, кватэры, дачы?!. Жонка працуе ў дзiцячым садку, атрымлiвае 450 тысяч, ды мой заробак, а ў доме — трое дзяцей. Цi часта езджу на паляванне? Не, рэдка — на адкрыццё цi закрыццё сезона. Хоць цана на разавыя дазволы на здабычу дзiчыны i не падаражэла, але ж машыны, бензiн... Хiба толькi калi часам зусiм стане сумна, дык з сябрамi едзем у лес, ды i тое не столькi паляваць, а каб пабыць на свежым паветры, пагутарыць. Таццяна СКРЫПЧАНКА, старшы навуковы супрацоўнiк Мiнскага навукова-даследчага iнстытута сацыяльна-эканамiчных праблем Мiнгарвыканкама: — Я, напэўна, не лепшы тут прыклад. Справа ў тым, што ў мяне дачка збiраецца замуж, таму ў сувязi з гэтым адбываецца пераразмеркаванне сямейнага бюджэту (смяецца). А ўвогуле, шчыра скажу, крызiс я не адчула. Як працавала раней, як падпрацоўвала — так i цяпер працягваю гэта рабiць. Крызiс — гэта калi няма працы. Так, прадукты харчавання даражэюць, але, з аднаго боку, ад малочнай, рыбнай, мясной групы тавараў цалкам адмовiцца нельга, з iншага — за гады пасля распаду Саюза я прызвычаiлася жыць даволi сцiпла. Як не магла да крызiсу дазволiць сабе бiлет на канцэрт за 65 тысяч рублёў, так i цяпер не магу. I як хадзiла з сынам i дачкой за значна меншыя грошы ў свой любiмы тэатр Купалы, так i цяпер з задавальненнем хаджу (смяецца). Напэўна, адзiнае, што пачала рабiць — гэта ставiцца, прыслухоўвацца больш уважлiва да ўласнага здароўя. Я, як кажуць, напярэдаднi пенсii, а папрацаваць бы яшчэ хацелася. Бо калi выйду на пенсiю, тады, напэўна, i пачнецца крызiс. А ў якасцi нейкiх канкрэтных рэцэптаў... Раней мы неяк больш куплялi сокаў, цяпер жа варым хатнiя кiсялi, кампоты. Можна з’есцi адбiўную, а можна той жа кавалак мяса парэзаць дробна i змяшаць з макаронай, з бульбай, дадаўшы гароднiны. I смачна выходзiць, i бялок арганiзм атрымлiвае... Сяргей СТАРЫНАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якiя "ахоўныя механiзмы" вы задзейнiчалi (або не) у сваiм жыццi ў сувязi з фiнансавым крызiсам: перагледзелi сямейны бюджэт, часова адмовiлi |
|