Добраму гаспадару — надзейных стальных памочнікаў
Добраму гаспадару — надзейных стальных памочнікаў
Якiя сякеру або калун можна набыць у крамах цi на будрынках? Сякера (цi хоць бы сякерка) ёсць практычна ў кожнай гаспадарцы, у тым лiку i гарадской: унiверсальная, цяслярская або на крайнi выпадак турыстычная. Калун жа больш характэрны для прыватных падворкаў, дзе ёсць неабходнасць рэгулярна ў вялiкай колькасцi нарыхтоўваць дровы. Форма ляза, вага iнструмента, тып тапарышча i яго даўжыня, спосаб вырабу сякеры цi калуна кожны мужчына выбiрае на свой капыл. Рыштунак гэты хоць i адносна просты па сваёй сутнасцi, аднак без яго часам у гаспадарцы — ну нiяк. Што сёння прапануюць сталiчныя крамы i будаўнiчыя рынкi?
Крыху асабiстага Сякера (цi хоць бы сякерка) ёсць практычна ў кожнай гаспадарцы, у тым лiку i гарадской: унiверсальная, цяслярская або на крайнi выпадак турыстычная. Калун жа больш характэрны для прыватных падворкаў, дзе ёсць неабходнасць рэгулярна ў вялiкай колькасцi нарыхтоўваць дровы. Форма ляза, вага iнструмента, тып тапарышча i яго даўжыня, спосаб вырабу сякеры цi калуна кожны мужчына выбiрае на свой капыл. Рыштунак гэты хоць i адносна просты па сваёй сутнасцi, аднак без яго часам у гаспадарцы — ну нiяк. Што сёння прапануюць сталiчныя крамы i будаўнiчыя рынкi?
Крыху асабiстага Сячы дровы я люблю з маленства. Настолькi ранняга, што нават не памятаю дакладна: адкуль i як тое павялося. Захаваўся фотаздымак, дзе я, малеча, як падаецца, гадоў каля пяцi, пазiрую побач з бацькам (у мужчын на талацэ быў перакур): задаволены, над калодкай трымаю... кухонную сякерку. "Дарослы" iнструмент я б проста не змог утрымаць. Калi падрос, прасiў-патрабаваў у бацькi "ўласныя" калодку i невялiкую сапраўдную сякерку — сек побач з iм нейкiя трэскi. Ён у хату па патрэбе, а я за цурку... Некалькi разоў у адсутнасць бацькi сек сабе пальцы. Памятаю, што, iдучы ў хату з акрываўленымi рукамi, не плакаў, а толькi моцна баяўся, што бацька адбярэ сякерку. Ён перабiнтоўваў мае пальцы i сапраўды пагражаў гэта зрабiць. І вось тут я пачынаў енчыць, прасiў, каб не рабiў... Апошнiм разам мы з братам папiлавалi бензапiлой "КамАЗ" дроў, пасеклi i паскладалi дровы за тыдзень. Прычым, працавалi без анiякага напружання, хутчэй — у задавальненне. Але справа была ў жнiўнi, абодва былi ў водпусках. Сёлета такую ж машыну-лесавоз 5,5-метровых бярвенняў прывезлi ў сярэдзiне сакавiка, значыць (з улiкам працы ў рэдакцыi), часу да пачатку сезона агароднiцтва не так i шмат. Спахапiўся — а тапарышчы ў сякер патрабуюць замены, а лепш увогуле набыць новую сякеру цi калун. Выбiраем сякеру? Цi калун? У адрозненне ад брата, мне ямчэй працаваць сякерай. Зразумела, мы гаворым пра iнструмент, прызначаны менавiта для таго, каб сячы дровы, бо ў таго ж цяслярскага зусiм iншае прызначэнне. Зразумела, калi цуркi тоўстыя або драўнiна паспела высахнуць (яшчэ горш, калi цурка крывая i на ёй шмат сукоў), даволi часта лязо можа захрасаць у драўнiне. Тады, каб вызвалiць сякеру, даводзiцца або "кiдаць" "насаджаную" на яго цурку на абух праз плячо або бiць па тым жа абуху кувалдай. Значыць, у гэтым выпадку iнструмент, выраблены шляхам лiцця, адназначна не падыдзе: хутка расколецца. Такую нагрузку можа без праблем вытрымаць толькi каваная сякера. Гавораць, самыя лепшыя такiя сякеры — самаробныя, але ў краме, вядома, iх не купiш. Увогуле, прапанова была не такой вялiкай, як я напачатку разлiчваў. Пра асартымент i цэны пагаворым крыху пазней, а пакуль вернемся да нашай сякеры. Яна не павiнна быць занадта лёгкай. Кажуць, каб эфектыўна працаваць, агульная вага iнструмента не павiнна быць меншай за 900 грамаў. Другая не менш важная характарыстыка — даўжыня тапарышча. Мiнiмальная павiнна быць такой, каб зручна было дзейнiчаць абедзвюма рукамi. Для лёгкай сякеры гэта мiнiмум 50 сантыметраў, для больш цяжкай — не менш за 70 сантыметраў. Хаця асабiста нiякiх парадаў даваць тут не буду — усё можа быць iндывiдуальна. Калун — тая ж сякера, толькi лязо яго мае форму клiна з вуглом прыкладна 30 градусаў. Гэта дазваляе рассякаць нават самыя тоўстыя цуркi, прычым пры меншай сiле ўдару. Зразумела, як i ў выпадку з сякерай, даўжэйшае тапарышча дазваляе зрабiць больш магутны па сiле размах. Вага калуноў (адпаведна, як i форма) можа быць рознай. Напрыклад, на рынку я бачыў максiмальна цяжкi iнструмент — 3,6 кiлаграма, на доўгiм, больш чым метровым, тапарышчы. Такiм можна "ўзяць", напэўна, практычна любую цурку. Iншае пытанне: цi доўга зможаш махаць такiм "монстрам"?.. Калун таксама можа захрасаць у драўнiне, значыць, часам без кувалды не абысцiся. Што гэта азначае? Ён таксама павiнен быць каваным, а не лiтым. Дрэва цi пластык? На што трэба абавязкова звяртаць увагу, дык гэта на якасць тапарышча. Iдэальны варыянт — зробленае самастойна з бярозы. Калi няма часу цi магчымасцi самому выразаць яго, давядзецца iсцi ў краму (на рынках iх не прадаюць). Не скажу, што выбар мяне парадаваў, але патрэбнае ў вынiку я знайшоў. Хоць тыя тапарышчы яшчэ давядзецца самастойна зашкурваць, каб падчас працы не "зняць" скуру з рук. Натуральна, на добрым тапарышчы не павiнна быць нiякiх шчылiн i сучкоў. Для працы зручна, каб ручка мела выгiн i ўшчыльненне на канцы — пад рукой. Трэба памятаць i пра тое, што чым большая плошча датыкання тапарышча i сякеры, тым больш даўгавечным будзе першае. Калi сякера ў адтулiне вузкая, некаторыя ў гэтым выпадку ўзмацняюць тапарышча знiзу чымсьцi металiчным: выразанай стужкай з металу цi вялiкiм цвiком, якi потым прыкручваецца да тапарышча тканiннай iзастужкай. Сучасныя замежныя сякеры i калуны зараз вырабляюцца з пластыкавымi тапарышчамi. На будаўнiчым рынку бачыў некалькi варыянтаў. Дэманструючы гнуткасць, у адным выпадку прадавец усёй сваёй вагой скакаў на такое тапарышча, маўляў, усё вытрымае (на рэкламных буклетах з тымi ж наступствамi на пластык наязджае кола цяжкай тэхнiкi). Гандляры сцвярджалi, што яно не пашкодзiцца нават у вынiку ўдару па iм кувалдай, або калi з размаху патрапiш iм па калодцы пры кiдку цуркi праз плячо. Другi варыянт — таксама трывалы i лёгкi пластык, армiраваны шкловалакном, з дзяржаннем, што не дае руцэ саслiзнуць. Такое тапарышча было зроблена пустацелым, падобным на трубчастую "костку". Як запэўнiвалi мяне гандляры, такая асаблiвасць гасiць вiбрацыю, што пасля няўдалага ўдару па цурцы праз тапарышча перадаецца рукам (наколькi гэта можа быць балюча-непрыемным — не мне тлумачыць). Адзiнае, што засмуцiла, дык гэта магчымасць карыстання сякерай цi калуном з такiмi тапарышчамi падчас маразоў. I хоць самi прадаўцы сцвярджалi, што нiчога iм не зробiцца, даводзiлася чуць i iншыя меркаваннi: пры мiнусавых тэмпературах ёсць рызыка, што пластык будзе крохкiм... Спосаб насадкi Ад яго залежаць не толькi вашы хуткасць i якасць пры нарыхтоўцы дроў, але i бяспека "лесаруба" i навакольных. Уявiце, "снарад" якой вагi можа пры замаху зляцець з тапарышча? Iснуе некалькi спосабаў насадкi сякеры цi калуна. Самы надзейны — гэта калi адтулiна ў iх пад тапарышча iдзе на конус, i яно дастаткова шырокае, каб сякеру цi калун можна было насадзiць з рукаяткi. Згаданы мной вышэй калун вагой 3,6 кiлаграма з пластыкавым тапарышчам быў насаджаны менавiта такiм чынам, што толькi надавала iнструменту "ачкоў". Тут бяда будзе, толькi калi зламаецца само тапарышча. А вось лягчэйшы "сабрат" калуна i шматлiкiя сякеры з рынку былi насаджаны на такiя ж пластыкавыя тапарышчы "гарачым спосабам". Значыць, калi не пашчасцiла i сякера зляцела, самастойна на тапарышча вы яе ўжо не насадзiце як след. Для драўляных тапарышчаў найбольш распаўсюджаным з’яўляецца спосаб насадкi з клiнам: драўляным цi металiчным. У экстранных выпадках абыходзяцца нават металiчнымi цвiкамi, якiя набiваюць у тарэц тапарышча. Калi спосаб насадкi з клiнамi, то перад працай (асаблiва калi iнструментам не карысталiся працяглы час) сякера цi калун замочваецца ў вадзе на некалькi гадзiн, прычым, так, каб вада пакрывала менавiта месца насадкi. На будаўнiчым рынку мне расказвалi, што ў некаторых адносна дарагiх мадэлях замежных сякер i калуноў з драўлянымi тапарышчамi (такое спалучэнне для якаснай iмпартнай прадукцыi зараз сустракаецца не вельмi часта) у якасцi клiна выкарыстоўваецца спецыяльны штучны матэрыял. Ён паводзiць сябе процiлеглым чынам у параўнаннi драўнiнай (напрыклад, цвёрдаму арэху, з якога з-за яго трываласцi яшчэ вырабляюць бейсбольныя бiты): калi драўнiна высыхае, такi клiн пашыраецца, калi тапарышча набрыняла вiльгаццю — сцiскаецца. Ва ўсiх выпадках забяспечваецца надзейнае мацаванне сякеры з тапарышчам. Што па чым i дзе? У крамах сталiцы выстаўлена пераважна прадукцыя айчынных вытворцаў, расiйскiх, польскiх i кiтайскiх. Да прыкладу, беларуская будаўнiчая сякера каштуе крыху больш за 27 тысяч рублёў, унiверсальная — амаль 21 тысячу. За столькi прадаваўся i калун на доўгiм тапарышчы, але — лiты... Польскiя сякеркi можна купiць па цане 34—49 тысяч, кiтайскiя — 34—41 тысячы рублёў. Дровы апошнiмi, праўда, не пасячэш. Тапарышчы ў крамах каштавалi ад 5,5 тысячы да 7,5—8,2 тысячы рублёў (апошнiя больш прыдатныя). Адзiнае, што, на мой погляд, атрымалася адшукаць з карыснага для свайго выпадку, — уральская каваная сякера коштам 44 тысячы рублёў. На будаўнiчых рынках выбар таксама не вельмi багаты: сякеры i калуны пераважна польскай вытворчасцi i быццам бы нямецкай, цi, як казалi самi прадаўцы, зробленай пад iх кантролем (падазраю, што насамрэч гэта — Кiтай). Калуны на доўгiх пластыкавых тапарышчах каштавалi 70—80 тысяч рублёў. На сякеры, насаджаныя "гарачым спосабам", шчыра кажучы, нават не звяртаў увагi. Праўда, i тут былi свае "iскрынкi". Скажам, каваныя сякеры яшчэ савецкай вытворчасцi. Сам трымаў у руках такую — 1955 года выпуску, як было пазначана на кляйме. Як заўважыла прадавец, такiя сякеры ў iх — усе да 1960 года выпуску. Вiдавочна, што гэта рэшткi запасаў колiшняй Савецкай Армii, iнжынерных войскаў, ад якiх, напэўна, было вырашана пазбавiцца. "Паслухайце, якой якасцi сталь, яшчэ тагачаснай, як гучыць. Не тое, што гэты польскi "пластылiн". Прадавалi iх па 50 тысяч рублёў. Прыцягнулi ўвагу i фiнскiя сякеры i калуны (гэта якiя з пластыкавымi трубчастымi тапарышчамi). Нязвыкла лёгкiя, асаблiва ў параўнаннi са звычайнымi стальнымi калунамi. Лязо такога iнструмента пакрыта тэфлонам, што знiжае трэнне. Плюс адмысловыя вуглы заточкi ляза, пралiчаныя на камп’ютары, надзейнае мацаванне. Усё гэта, па словах прадаўца, робiць сякеру цi калун надзвычай лёгкiм i зручным пры выкарыстаннi: захраснуць у цурцы такi iнструмент не можа па вызначэннi. Ён або рассякае тую цурку, або адскоквае ад яе. На тапарышча даецца гарантыя на 10 гадоў. Праўда, крыху засмуцiлi адказы гандляра наконт заточкi сякеры: самастойна такую работу (а рана цi позна яна ўсё адно спатрэбiцца) належным чынам зрабiць будзе цяжка. Ну, i цана была немалая. За калун з сярэднiм тапарышчам прасiлi 170 тысяч, за сякеру з доўгiм — столькi ж, калун з доўгiм тапарышчам каштаваў 190 тысяч рублёў. Добры iнструмент, бясспрэчна, каштуе добрых грошай, але названая апошняй лiчба, скажам, гэта кошт дзвюх трацiн трактарнага прычэпа гатовых — папiлаваных i пасечаных — дроў, калi заказваць iх праз гарпалiва. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якiя сякеру або калун можна набыць у крамах цi на будрынках? Сякера (цi хоць бы сякерка) ёсць практычна ў кожнай гаспадарцы, у тым лiку i гарадской: |
|