Дзяржава падтрымала оўпэн-эйр з удзелам экс-забароненых рокераў
10 апреля 2009 Культура
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY 23 траўня на адкрытай пляцоўцы сталічнага аэраклубу “Баравая” адбудзецца першы рэспубліканскі фестываль “Bela Music-09”. Упершыню найлепшыя рок-гурты Беларусі, якія яшчэ зусім нядаўна былі пад забаронай, выступяць на адной пляцоўцы пад патранатам Мінісітэрства культуры і мясцовых уладаў. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы заявілі арганізатары мерапрыемства. Годзе фінансаваць расійскі шоўбіз! Мастацкі кіраўнік фэсту, лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка (на фота) распавёў, як у 1994 годзе ён пабываў на буйным оўпэн-эйры ў Германіі, які так яго ўразіў, што ён падумаў аб неабходнасці зладзіць нешта падобнае ў Беларусі. “Ні з чым непараўнальныя эмоцыі мы адчувалі і ў 1995 годзе, калі “Палац” граў на легендарнай Замкавай гары ў колішняй сталіцы ВКЛ Навагрудку. З таго часу было зроблена многа спробаў. Былі спадзяванні, што нехта возьмецца за арганізацыйныя рэчы і зробіць чорную работу за нас, але нічога не адбывалася. Нарэшце, мы стаміліся чакаць і разам з Валодзем Шаблінскім узяліся за справу”, — распавёў музыка. “Можна па-ранейшаму працягваць сцвярджаць, што ў Беларусі няма шоўбізу, і працягваць выступаць на клубных канцэртах перад аўдыторыяй у 100-200 чалавек. А можна паспрабаваць змяніць сітуацыю, — распавядае арганізатар “Bela Music-09”, дырэктар агенцтва “Лініі гуку” Ўладзімір Шаблінскі. — Мяне абурае, што прыезжым расійскім зоркам даюць стадыёны, пад іх канцэрты знаходзяцца айчынныя спонсары. Гэткім чынам немалыя грошы вывозяцца з краіны, і, па-сутнасці, укладаюцца ў развіццё расійскага шоў-бізнэсу. Гэта недапушчальна!” Таму арганізатары “Bela Music-09” заклікаюць ствараць беларускія музычныя брэнды, аб’ядноўваць намаганні і папулярызаваць айчынных выканаўцаў, спрыяючы такім чынам развіццю айчыннага шоўбізу. Апроч гэтага, “Bela Music-09” ставіць перад сабой мэту стварыць падмурак для з’яўлення ў Беларусі агульнанацыянальнай узнагароды ў галіне папулярнай, актуальнай, сучаснай музыкі. Аўтары ідэі ўжо атрымалі згоду на ўдзел ў фэсце прадстаўнікоў іншых буйных беларускіх фэстаў — “Басовішча”, “Рок-каранацыі”, “Рок-кола”. Вядуцца перамовы з “Золотым ухом” і “Золотой аккустикой”. “Мы спадзяемся, што ў выніку плённай супрацы з іншымі фестывалямі, хіт-парадамі і мас-медыя будзе створаны адмысловы фонд (ці грашовая прэмія), якія пойдуць на падтрымку найбольш цікавых і актуальных гуртоў”, — гаворыць Алег Хаменка. Удзельнікі: “самыя знакавыя гурты” Якім будзе фармат шоў? Гэта папулярная актуальная беларуская музыка, то бок, усе музыкі, якія незалежна ад стылю і напрамку, у апошні час выступалі з сольнымі канцэртамі працягласцю больш за 80 хвілін з жывым інструментальным акампанементам. Арганізатары абяцаюць, што ў фэсце, які будзе праходзіць 23 траўня з 16.30 да 22.00 на Баравой, выступяць самыя знакавыя гурты Беларусі. Папярэднюю згоду ўжо далі “Крама” і “Нейра Дзюбель”, “Палац”, “Детидетей” і “Гарадзкія” Імя хэдлайнера фэсту, гэтаксама, як і іншых удзельнікаў, пакуль не раскрываецца. Аднак абяцаюць, што гледачоў чакаюць прыемныя неспадзяванкі. Пры ўмове ўдалага правядзення сёлетняга фэсту, арганізатары плануюць надалей запрашаць і беларускамоўныя гурты з этнічна беларускіх Беласточчыны і Смаленшчыны. А вось ад запрашэння замежных зорак ад самага пачатку было вырашана адмовіцца. “Яны паспяхова прыязджаюць і выступаюць у Беларусі і без нас. Апроч таго у Беларусі ладзяцца розныя канцэрты з удзелам замежнікаў”, — гаворыць Уладзімір Шаблінскі. Арганізатары мяркуюць зрабіць фестываль штогадовым, але пакуль аб гэтым гаварыць зарана. “Дзіця яшчэ не нарадзілася, мы яго толькі чакаем. Таму штогадовы фармат пакуль застаецца доўгатэрміновай мэтай”, — адзначыў Алег Хаменка. І тут лібералізацыя Нагадаем, што яшчэ зусім нядаўна, з 2005 па 2007 гады, у Беларусі існавалі негалосныя “чорныя спісы”, якія, па сутнасці, забаранялі публічную дзейнасць найбольш вядомых рок-гуртоў на чале з "N. R. M.", "Крамай", "Палацам", "Нейра Дзюбелем" Цяпер жа Мінкультуры, Мінаблвыканкам і Мінгарвыканкам выступаюць суарганізатарамі фэсту тых самых незалежных гуртоў. Фантастыка! “Гэта ўнікальная сітуацыя. Дзяржава сказала: мы не будзем вам перашкаджаць, рабіце, калі жадаеце. І не скарыстацца такой магчымасцю было б глупствам, — лічыць Уладзімір Шаблінскі. — Думаю, прычына такога павароту дязржавы тварам да рок-музыкі ў тым, што ў краіне адбываецца лібералізацыя. У цяперашніх эканамічных, палітычных умовах нешта мяняецца, злятае шалупінне, людзі пачынаюць болей бачыць у вачах адно аднаго”. На думку Алега Хаменкі, беларускі рок-н-рол дасягнуў такой ступені ўплыву на грамадскую думку, найперш — на розумы моладзі, што стала немагчыма гэты рух ігнараваць. Ці высоўвалі дзяржструктурыі нейкія патрабаванні ідэалагіічнага кшталту? “У мяне толькі запыталіся, ці бяру я на сябе адказнасць, што гурты-выступоўцы будуць “нармальнымі і адэкватнымі. Больш нічога”, — падзяліўся лідэр “Палаца”. Квіткі па 20 тысяч Па словах дырэктара агенцтва “Лініі гуку”, якое адказвае за тэхнічную і арганізацыйную частку “Bela Music-09”, продаж квіткоў пачнецца не пазьней, чым за месяц да пачатку фэсту. Прыблізная цана — 15-20 тысяч рублёў. Для гледачоў будзе наладжаны адмысловы аўтобусны маршрут “станцыя метро “Усход” — “Баравая”, праезд у якім будзе каштаваць звычайныя 600 рублёў. Што да патэнцыйнай колькасьці ўдзельнікаў, ініцыятары фэсту пакуль устрымліваюцца ад пэўных лічбаў. Прынамсі, пляцоўка ў Баравой можа прыняць 15 тысяч чалавек. “Наша агенцтва не ўзялося б за арганізацыю, калі б не было падтрымкі дзяржструктур, — кажа Шаблінскі. — Аплаціць паслугі МНС, медыкаў, арэнду зямлі і аўтобусны маршрут мы б не здолелі. Апроч гэтага, удзел Мінкультуры і мясцовых уладаў у дзесяткі разоў спрашчае бюракратычныя працэдуры, узгадненні, хаджэнні па кабінетах”. Гэй, спонсары! Што да бюджэту феставалю, ён застаецца адкрытым. Дзякуючы продажу квіткоў, у найлепшым выпадку могуць выйсці на “нуль”, не болей. Ды і выступоўцы атрымаюць сімвалічныя ганарары. Дзеля развіцця фестывалю ніяк не абысціся без спонсараў. З гэтай нагоды арганізатары звяртаюцца да прадпрыемстваў і арганізацый з просьбай далучыцца да “Bela Music-09”, паспрыяўшы “развіццю станоўчага ўплыву сучаснай музыкі на культурнае развіццё моладзі і грамадства”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
10 апреля 2009 Культура Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY 23 траўня на адкрытай пляцоўцы сталічнага аэраклубу “Баравая” адбудзецца першы рэспубліканскі фестываль “Bela Music-09”. Упершыню найлепшыя рок-гурты Беларусі, якія яшчэ зусім нядаўна былі пад забаронай, выступяць на адной пляцоўцы пад патранатам Мінісітэрства культуры і...
|
|