Наведацца ў шпiталь iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны
Наведацца ў шпiталь iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны
З загадчыкам другога тэрапеўтычнага аддзялення Фелiксам Якаўлевiчам Калiноўскiм заходзiм у адну з палат. Знаёмiмся: Уладзiмiр Паўлавiч Пузанаў 1923 i Георгiй Навумавiч Ганкiн 1926 гадоў нараджэння. Удзельнiкi Вялiкай Айчыннай вайны, iнвалiды. У часы ваеннай вiхуры давялося iм ваяваць на розных франтах: першаму — камандзiрам танкавага ўзвода, другому — пехацiнцам. Колькi на iх рахунку знiшчаных ворагаў — не лiчылi, а вось пра тое, што Уладзiмiр Паўлавiч гарэў у сваёй падбiтай снарадам баявой машыне, а Георгiй Навумавiч ледзь выжыў пасля цяжкiх раненняў i кантузii пад Кёнiгсбергам, расказваюць. Інвалiды, на грудзях якiх ордэны i медалi, i зараз востра адчуваюць тыя раны i горыч страт сваiх баявых сяброў. I шчыра дзякуюць персаналу шпiталя за тыя клопаты, лячэнне i ўвагу, якiя медыкi праяўляюць да iх. У наступнай палаце тры жанчыны — Васа Цярэнцьеўна Кавалёва, Марыя Аляксандраўна Двойных i Марыя Мiкiфараўна Шульга. I яны былi ў тым пекле вайны. Былыя кухар, медык i сувязiстка глядзелi смерцi ў вочы. Дзякуй Богу, выгадавалi, вырасцiлi дзяцей, радуюцца ўнукам i праўнукам. Ды толькi вось здароўе падводзiць, таму кожны год прыязджаюць у шпiталь, лекi розныя прымаюць, працэдуры праходзяць. I вядома ж, просяць праз газету выказаць падзяку ўрачам, сястрычкам, нянечкам. Бо тыя дапамагаюць i ў лячэннi, i ў падняццi настрою, i ва ўсiм астатнiм, у чым мае патрэбу хворы чалавек. Разумею iх i вяду размову з галоўным урачом шпiталя Алегам Iванцовым. Спачатку Алег Анатольевiч пазнаёмiў мяне з гiсторыяй установы. Як высветлiлася, бiяграфiя яе бярэ свой пачатак са жнiўня 1942 года ў горадзе Бiйску Алтайскага краю. Гэта быў эвакуацыйны шпiталь № 1235 на 600 ложкаў, у якiм пралячылiся многiя дзясяткi тысяч параненых чырвонаармейцаў. Калi быў вызвалены Гомель, шпiталь быў перадыслацыраваны сюды, блiжэй да фронту. Вось тады ён i стаў называцца "Шпiталем для iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны". Зараз шпiталь мае два корпусы, аднаму з якiх 25, а другому — пяць гадоў. — I што сёння, Алег Анатольевiч? — Працуюць гэтыя корпусы, i ў iх штогод высокаквалiфiкаванае спецыялiзаванае лячэнне атрымлiваюць больш за 10 тысяч пацыентаў. — Няўжо столькi iнвалiдаў вайны ў нашай вобласцi? — Ды не, што вы! На пачатак гэтага года на ўлiку ў арганiзацыях аховы здароўя Гомельшчыны знаходзiлася 1710 iнвалiдаў вайны, 4079 — удзельнiкаў яе, 3139 — ваенных iнвалiдаў, 1597 — членаў сем’яў загiнулых воiнаў, 8321 былы вязень фашысцкiх канцлагераў, 2025 — тылавiкоў, 352 — iнвалiды, якiя атрымалi ваенныя траўмы. Такiм чынам атрымлiваецца, што на абслугоўваннi ў нас знаходзiцца 21 223 чалавекi. — З гэтага вынiкае, што ў шпiталi атрымлiваюць медыцынскую дапамогу не толькi iнвалiды вайны. Дарэчы, i ў размовах з хворымi, i ў кнiзе водгукаў людзi выказваюць вашаму персаналу шчырую ўдзячнасць за тое, што вы робiце. I падкрэслiваюць не толькi высокую квалiфiкацыю ўрачоў i сярэдняга медыцынскага персаналу, а i ветлiвасць, спагаду, клапатлiвасць. — Iнакш i быць не можа. Персанал стараецца дапамагчы хворым па меры сваiх сiлаў i магчымасцяў. I вы правiльна заўважылi, што мы пралечваем не толькi iнвалiдаў вайны, але i iншы льготны кантынгент. Варта адзначыць, што ўмовы лячэння ў шпiталi добрыя. Комплекс знаходзiцца на ўскраiне Гомеля ў прыгожым лясным масiве, дзе паветра прасякнута хваёвым водарам. Корпусы прасторныя, у iх функцыянуюць чатыры тэрапеўтычныя, два неўралагiчныя, пасляiнфарктнае, пасляiнсультнае i паслятраўматалагiчнае аддзяленнi. Ёсць таксама аддзяленне рэанiмацыi i iнтэнсiўнай тэрапii, функцыянуюць сем самастойных кабiнетаў. У шпiталi сёння 480 ложкаў для хворых. У новым корпусе палаты на аднаго, двух i трох чалавек, у кожнай з якiх прыбiральнi. У старым, трэба прызнаць, яшчэ ёсць, хай сабе i няшмат, палаты i на 4—5 чалавек. Галоўнае ж — лячэнне. Шпiталь аснашчаны самай сучаснай дыягнастычнай апаратурай. Ёсць камп’ютарны тамограф, тры ўльтрагукавыя апараты для даследавання ўнутраных органаў, распрацавана методыка дыягностыкi работы нервовых канчаткаў, якiя размешчаны ў мышачных тканках, выконваецца фiбрагастраскапiя сучаснымi японскiмi эндаскопамi. Магутнае i аддзяленне фiзiятэрапii, дзе праводзяцца ўсе неабходныя працэдуры. Тут табе i басейн, i гразелячэнне, i салявыя, хвойныя i радонавыя ванны, масажныя кабiнеты, iголкатэрапiя. Адным словам, увесь комплекс фiзiялячэння, у тым лiку УВЧ, лазер, ультрафiялетавае апраменьванне... — А цi хапае лекаў, Алег Анатольевiч? — З медыкаментаў усё ёсць. А калi чаго няма, маем права закупiць лекi ў працэсе лячэння. Усё неабходнае выдзяляецца, нягледзячы на сусветны крызiс, хоць фiнансаванне i жорсткае, i сродкi трэба рацыянальна выкарыстоўваць. На базе шпiталя размешчаны дзве кафедры Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта: нервовых хваробаў, якую ўзначальвае вядомы вучоны ў Рэспублiцы Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii, доктар медыцынскiх навук, прафесар Валянцiна Латышава, i кафедра прапедэўтыкi ўнутраных хваробаў (кандыдат медыцынскiх навук дацэнт Леанiд Раманькоў). Работнiкi шпiталя сiстэматычна выязджаюць у раёны вобласцi правяраць стан медыцынскага забеспячэння ветэранаў войнаў, даюць кансультацыi. Ёсць тут музей гiсторыi шпiталя i нават зiмовы сад з акварыумам. — Зараз мы рыхтуемся да Дня Перамогi i 65-й гадавiны вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Будуць i канцэрты, i фiльмы для нашых пацыентаў, i святочнае меню для ветэранаў у сталовай, — кажа Алег Анатольевiч. I ўздыхае пры гэтым. — Шкада толькi, што iнвалiдаў i ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны з кожным месяцам становiцца ўсё менш i менш. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З загадчыкам другога тэрапеўтычнага аддзялення Фелiксам Якаўлевiчам Калiноўскiм заходзiм у адну з палат. Знаёмiмся: Уладзiмiр Паўлавiч Пузанаў 1923 i
|
|