Космас ЧЭРВЕНЬСКАГА ХЛОПЦА
Космас ЧЭРВЕНЬСКАГА ХЛОПЦА
У дзяцiнстве мяне прыцягвала зорнае неба. Разглядаць яго марознымi яснымi вечарамi было такой асалодай... А яшчэ мы з братам спаборнiчалi ў настольнай гульнi на лепшае веданне сузор’яў. Той чорны дыск з серабрыстымi зоркамi i зараз перад вачыма... Але чым больш мы сталелi, тым часцей мае аднакласнiкi з СШ № 2 г. Чэрвеня мянялi ўяўленнi аб будучай прафесii. Знiкла са школьных анкет такое прыцягальна-ўзнёслае, але насамрэч недасяжнае слова "касманаўт", саступiўшы месца рэальна-празаiчным — "шафёр", "будаўнiк", "механiк"... І толькi адзiн светлавалосы хлопчык Алег Навiцкi не здрадзiў сваёй мары. Ён проста зрабiў да яе больш прыступак, паставiўшы першую мэту — стаць лётчыкам. Сказаць, што я была здзiўлена, — не сказаць нiчога. Фантастыка! Няўжо мой аднакласнiк можа паляцець у космас? Журналiсцкая цiкавасць, прыплюсаваная да жаночай, не давала спакою. Але задаволiць яе ў век iнтэрнэту аказалася нескладана. Сапраўды, сайт "Аднакласнiкi" — гэта рэч! З Чэрвеня ў Зорны гарадок (няйнакш, як праз касмiчную прастору!) паляцеў мой электронны лiст. Пару дзён чакання — i вось ён, адказ. А якое цiкавае фота! Толькi... я не пазнала на iм свайго аднакласнiка. Мы дамовiлiся пра сустрэчу ў Чэрвенi, калi Алег прыедзе да бацькоў у адпачынак. I яна адбылася. Першыя хвiлiны няёмкасцi праходзяць хутка. I я спяшаюся распытацца, здаецца, аб усiм адразу. I пры гэтым усё адно хвалююся. Бо мой аднакласнiк (не верыцца!) — самы сапраўдны кандыдат у касманаўты-выпрабавальнiкi. — Алег, а з чаго пачаўся твой доўгi шлях да Зорнага? — Вiдаць, з лётнага вучылiшча. Мне пашанцавала: сцежку "ў лётчыкi" праклаў стрыечны брат Iгар Навiцкi. Ён паступiў у Барысаглебскае лётнае вучылiшча, якое знаходзiлася ў Варонежскай вобласцi. Вось Iгар i распавёў мне падрабязна, што патрэбна для паступлення. I я пачаў рыхтавацца, так бы мовiць, прадметна. Круцiўся на стуле ў святле i ў цемры. Адзiн-два разы на тыдзень бегаў па 20 кiламетраў. Медкамiсiю прайшоў у Мiнску — i паехаў паступаць у Вышэйшае ваеннае авiяцыйнае вучылiшча лётчыкаў iмя Чкалава. Конкурс быў дзесяць чалавек на месца. Шмат адсеялася падчас медкамiсii, здачы фiзiчнай падрыхтоўкi. Здаў экзамены, набраў прахадны бал i паступiў. Вучыўся доўга... — А па якой спецыяльнасцi? — Яна там была адна — "знiшчальна-бамбардзiровачная авiяцыя". Правучылiся мы два гады, год ужо адляталi — i вучылiшча зачынiлi. Нас перавялi ў Ейск. Там авалодвалi спецыяльнасцю два гады, здалi дзяржаўныя экзамены. Але выпускалiся ўжо ў вучылiшчы, што ў Валгаградзе. Атрымалася, пакуль я спраўдзiў сваю блiжэйшую мару, змянiў тры навучальныя ўстановы. — I куды цябе размеркавалi? — Напачатку накiравалi ў Барысаглебскi цэнтр перанавучання i падрыхтоўкi лётнага складу. Мы ж выпускалiся на вучэбных самалётах, а там перавучвалi на баявыя. Пасля паехаў на Паўночны Каўказ, адтуль — у горад Будзёнаўск. Прыбыў да месца службы якраз пасля сумна вядомых падзей, калi Басаеў захапiў бальнiцу. У Будзёнаўску я праслужыў амаль дзесяць гадоў. Прайшоў прыступкi ад лётчыка да намеснiка камандзiра эскадрыллi. Давялося ўдзельнiчаць у баявых дзеяннях у Чачнi. Узнагароджаны гадзiннiкам за асабiстую мужнасць, медалямi. У 2004-м мяне накiравалi на вучобу ў Вышэйшую ваенна-паветраную акадэмiю iмя Гагарына. Перад выпускнымi экзаменамi ўсiх лётчыкаў сабралi ў актавай зале. Аказваецца, у акадэмii ёсць традыцыя: калi ў цябе добры стан здароўя, няма хваробаў, то ты можаш (па жаданнi) прайсцi адбор у атрад касманаўтаў. Я вырашыў паспрабаваць. Не так, каб ужо надта спадзяваўся... Хутчэй, жартам. Маўляў, калi дзецi спытаюцца: "Тата, а чаму ты не пайшоў у касманаўты?", адкажу: "Спрабаваў, але не атрымалася" (смяёмся). Карацей, да выпуску з акадэмii прайшоў усе этапы медкамiсii i быў прызнаны годным. Мне сказалi, што месяцы праз два-тры могуць выклiкаць на яшчэ адну медкамiсiю — у "Раскосмас". Я пакiнуў хатнi нумар тэлефона. Пасля паехаў у адпачынак — у Чэрвень. I менавiта сюды мне патэлефанавалi, даслалi тэлеграму, што трэба прыехаць у Маскву. Там я прайшоў яшчэ адну медкамiсiю. 11 кастрычнiка 2006 года адбылося пасяджэнне Галоўнай мiжведамаснай камiсii, падчас якога зачыталi загад. Маўляў, Алег Навiцкi залiчаны ў атрад касманаў- таў, у аддзяленне агульнай касмiчнай падрыхтоўкi. А пасля сказалi, што я магу вяртацца ў часць i служыць далей. Туды павiнен прыйсцi загад мiнiстра абароны Расii. Яшчэ амаль паўгода я праслужыў у воiнскай эскадрыллi ў Будзёнаўску. А з лютага 2007-га — у атрадзе касманаўтаў, у Зорным. — Фантастыка! Вось ты расказваеш, а мне не верыцца... — Ды мне спачатку i самому не верылася. А бацькi i да гэтага часу не дужа вераць. Тое, што лётчык, iм зразумела. А касманаўт, Зорны гарадок — гэта далёка i нерэальна... — Дык ты можаш паляцець у космас?! — (Сцiпла.) Збiраюся i спадзяюся. Толькi вучыцца яшчэ трэба доўга. — А скачкоў зрабiў шмат? Фотаздымак на "аднакласнiках", дзе ты ў вольным палёце, уражвае... — Скачкоў, здаецца, больш за 150. А здымак — з мiнулага года. Так страшна было — словамi не перадаць! У лётчыкаў звычайна скачкi — два разы на год. Каб ведалi, як дзейнiчаць, калi давядзецца пакiдаць самалёт. А тут... Сёлета да адпачынку — 80 скачкоў за месяц. Але ўжо лягчэй пайшло, чым летась. Спадабалася... — (Жартам.) Iнструктар з верталёта не выпiхваў? Як у анекдоце: "Гатоў? Пайшоў..." (Жартам.) Iнструктар з верталёта не выпiхваў? Як у анекдоце: "Гатоў? Пайшоў..."— Ды не, сорамна было б... Тут скачаш сам, за табою — iнструктар i аператар з замацаванай вiдэакамерай. Як мiнiмум, тры чалавекi. Бывае i больш — у залежнасцi ад задання. — А навошта аператар? — Ён здымае ўсе мае дзеяннi. Я ж падчас вольнага палёту картку рашаю i адначасова надыктоўваю ўсё на дыктафон. Ён вiсiць у мяне пад курткай, а мiкрафон — у шлеме. Дыктую ўсё па парадку. Вышыня — столькi тысяч метраў, выйшлi на баявы курс (курс выкiду), выходжу з верталёта... Пасля група псiхолагаў праглядае запiс, суадносiць мае дзеяннi з часам i ацэньвае, выканаў заданне цi не. Калi застаўся вольны час, то ў паветры можна яшчэ выканаць колькi практыкаванняў са сваiм iнструктарам. — Праз колькi секундаў можна раскрываць парашут? — Напачатку нас кiдалi на прымусовае адкрыццё. Скачаш, там ёсць вяроўка, якая паступова выцягваецца. Вырываецца загваздка — i парашут сам разгортваецца. Пасля скакалi на затрымку ў пяць, дзесяць секундаў. Падаеш, а побач з табою падае iнструктар. Калi час даходзiць да 20-25 секундаў, ён цябе ацэньвае. Калi ты можаш спакойна падаць i не хвалявацца, ладзяцца маленькiя выпрабаваннi. Сядаеш у верталёт спiнаю да адчыненых дзвярэй, скручваешся, заплюшчваеш вочы. I... цябе выпiхваюць. — А, усё ж ёсць такая сiтуацыя! Жах! — Вылятаеш бязладна, прымаеш устойлiвую позу. Калi ёсць час, падаеш, а затым раскрываеш парашут. Пасля гэтага перасаджваюць на купал тыпу "крыло". З iм нашмат прасцей. Ён i лягчэйшы ў два разы, i скакаць з iм прыемней, бо добра кiраваць. Можна паляцець, куды хочаш. А папярэднi парашут... Яго дзе раскрыеш, там i прызямляешся. — А як наконт трэнiровак у бязважкасцi? — Лiтаральна перад самым адпачынкам мы амаль месяц ляталi ў бязважкай прасторы. Яе стваралi ў вялiкiм самалёце, абкладзеным унутры гiмнастычнымi матамi. — А ёсць у вас свой трэнiровачны касмiчны карабель? — Безумоўна. Гэта працоўная мадэль у натуральную велiчыню, з усiмi агрэгатамi... — Што вы вывучаеце падчас заняткаў? — У нас, як я ўжо казаў, група агульнакасмiчнай падрыхтоўкi. Мы вывучаем касмiчную навiгацыю, сiстэму кiравання... Усе агульныя моманты: зорнае неба, псiхалогiю, медыцыну... А пасля будзем праходзiць спецпадрыхтоўку. Там падзеляць на групы, кожная з якiх атрымае свае праграмы i заданнi. — Алег, а ты ў дзяцiнстве любiў за зорным небам назiраць? — А як жа! Я i цяпер люблю. Самы добры занятак: лёг — i назiрай (смяецца). Дарэчы, у нас i ў планетарыi заняткi праходзяць. На небе, зразумела, усё па-iншаму выглядае, больш расцягнута. Але асноўныя сузор’i я ўжо адрознiваю. — Раскажы пра сваю сям’ю, як з жонкай пазнаёмiўся... — Юлiя — ураджэнка Барысаглебска, куды я паступаў у вучылiшча. Я з ёй ажанiўся, калi прыехаў туды перавучвацца, лейтэнантам. Аказваецца, яна мяне яшчэ курсантам памятала. Былi, як высветлiлася, агульныя знаёмыя. У нас дачка Яна, якой дванаццаць гадоў. — А кiм працуе Юлiя? — Журналiстам — у часопiсе "Солдаты России". — А якое ў цябе зараз званне? — Падпалкоўнiк. Прысвоiлi тры гады таму. ...Мне спадабаўся вiдэаролiк пад назвай "Дзень народзiнаў Навiцкага". Алег патлумачыў, што там iснуюць свае традыцыi. Знята была адна з iх. Некалькi чалавек па чарзе выскачылi з верталёта, у паветры сабралiся разам i ўтварылi кола. А затым да iх падляцеў iнструктар (аказваецца, у вольным падзеннi ўласным целам можна кiраваць!) i ўклаў у руку iмянiннiку мяккую цацку. — Не ведаю, дзе яны iх у верталёце хаваюць, — дзiвiцца Алег. — Для мяне падарунак стаўся нечаканасцю. Гэта быў бегемоцiк. Я яго ўзяў, мы разамкнулi кола. А з-за бегемоцiка я нечакана кульнуўся ў паветры (гэты момант сапраўды бачны на вiдэа. — С.А.). Але пасля прыняў правiльнае становiшча, даў адмашку i раскрыў парашут... Вельмi хочацца, каб у Алега Навiцкага ўсё склалася цудоўна (стукаю па дрэве, каб не сурочыць!). I каб у недалёкай будучынi наша аднолькава любiмае з дзяцiнства зорнае неба наблiзiлася да яго на адлегласць выцягнутай рукi... Святлана АДАМОВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дзяцiнстве мяне прыцягвала зорнае неба. Разглядаць яго марознымi яснымi вечарамi было такой асалодай... А яшчэ мы з братам спаборнiчалi ў настольнай
|
|