Назавiце сваё прозвiшча
Назавiце сваё прозвiшча
Шануй сваё!
Прозвiшча — наш iндэнтыфiкатар у сучасным жыццi. У якую ўстанову нi пойдзеш — пытаюць перш-наперш прозвiшча. Ужо недастаткова сказаць, як некалькi стагоддзяў таму, што ты "Васiль з хутара за рэчкай i сын Пятра" — без прозвiшча нi ажанiцца, нi памерцi. Напэўна, кожны з нас хоць раз у жыццi ды задумваўся, што ж азначае ўласнае прозвiшча i адкуль яно паходзiць? Дапамагчы разабрацца з нашымi прозвiшчамi "Звязда" папрасiла Ігара Капылова, кандыдата фiлалагiчных навук, вучонага сакратара Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы НАН Беларусi, загадчыка аддзела лексiкалогii i лексiкаграфii. — Iгар Лявонавiч, раскажыце, калi ласка, адкуль жа наогул узялiся прозвiшчы? — Само слова familia (ад лат. сям’я, род) iснавала задоўга да ўзнiкнення прозвiшчаў у сучасным сэнсе. У старажытных рымлянаў слова famulus абазначала "дамашнi раб", а familia — гэта група рабоў, якiя належалi аднаму чалавеку. Пазней у мовах Еўропы яно стала абазначаць сям’ю, род i ў гэтым значэннi было запазычана ў рускую мову пры Пятры I. Афiцыйнае справаводства пачало патрабаваць, каб ва ўсiх дзяржаўных установах людзей называлi па iменi, iменi па бацьку, прозвiшчы. Аднак "фамилии" як элемент называння рускiх людзей iснавалi i раней, але называлiся яны "прозвищами", "прозваниями". У ХVII—ХVIII стст. яшчэ бытавала слова "прозвище" ў тым жа самым значэннi, што i сучаснае рускае слова "фамилия". I толькi ў ХIХ стагоддзi слова "фамилия" ў рускай мове набыло сваё асноўнае значэнне, якое яшчэ пазней змянiлася з "сям’i" на "спадчыннае сямейнае найменне". Цiкава, што, нягледзячы на шырокае распаўсюджанне ў многiх еўрапейскiх мовах слова "фамилия", у беларускую i ўкраiнскую лiтаратурныя мовы яно так i не ўвайшло: i сёння ў нас ужываецца слова "прозвiшча" (укр. прiзвище). Вучоныя лiчаць, што ў сучасным значэннi прозвiшчы ўпершыню з’явiлiся ў Х-ХI стст. у Iталii, эканамiчна найбольш развiтой вобласцi Еўропы. Праўда, iснуюць выказваннi, што, напрыклад, армяне мелi прозвiшчы ў IV ст., а грузiны — у VI ст. Але гэтыя факты патрабуюць дадатковага вывучэння. Затым у ХI стагоддзi прозвiшчы з’явiлiся ў Правансе, найбольш высокаразвiтой эканамiчна i культурна частцы Францыi, а там i распаўсюдзiлiся па ўсёй краiне, а яшчэ пазней — па Англii, Германii, Данii, Швецыi... — Ну а да славянаў калi прозвiшчы "дакацiлiся"? — У славян прозвiшчы сфармiравалiся адносна позна: з XV-XVI стагоддзямi звязваюць з’яўленне прозвiшчаў у палякаў, XVII-XVIII — у чэхаў. Даволi позна сталi карыстацца прозвiшчамi i ўсходнiя славяне: на тэрыторыi Расii ўпершыню прозвiшчы з’явiлiся ў XIV-XVI стагоддзях i служылi саслоўнай прывiлеяй. Першымi атрымалi прозвiшчы князi i баяры, прычым большая частка княжацкiх, а затым i баярскiх прозвiшчаў указвала на тыя землi, якiя належалi феадалу. У XVI-XVII стагоддзях прозвiшчы пачалi з’яўляцца ў асяроддзi дваран. Яшчэ пазней прозвiшчы з’явiлiся ў купцоў. XVII-XVIII стагоддзi — перыяд фармiравання прозвiшчаў у гараджан, да канца XVIII стагоддзя ўсе памешчыкi мелi свае прозвiшчы. А вось духавенства асноўную масу прозвiшчаў атрымала ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Што тычыцца сялян, то яны не мелi прозвiшчаў да сярэдзiны ХIХ стагоддзя. А ў нас, у беларусаў, прозвiшчы ўзнiклi ў ХVI-ХVIII стст. Менавiта ў гэты перыяд стабiлiзуецца новая сiстэма наймення асобы: iмя, iмя па бацьку, прозвiшча. — А што яшчэ было асновай для прозвiшчаў? Ну, не проста ж з галавы людзi сабе iх прыдумвалi? — Многiя прозвiшчы вядуць сваё паходжанне ад дахрысцiянскiх iмён-мянушак, якiя ў XVI-XVIII стст. страчваюць сваю функцыю i наблiжаюцца па функцыi да прозвiшчаў. Некаторыя ўтварылiся ад агульных слоў. Сёння цяжка вызначыць, якое прозвiшча ўзнiкла праз стадыю iменi-мянушкi, а якое непасрэдна на базе агульнага назоўнiка. У старажытнасцi практычна любое слова магло выкарыстоўвацца ў якасцi iменi-мянушкi, а затым i прозвiшча. Галоўнае ў iх — назва асобы па якой-небудзь вызначальнай прыкмеце. Таму iмёны-мянушкi ў момант свайго ўтварэння фактычна ўсе матываваныя. Выдзяляюцца 2 групы iмёнаў-мянушак: 1) у якiх агульная лексiка выкарыстана ў прамым значэннi; 2) у якiх асоба характарызуецца метафарычна. У аснове iмёнаў-мянушак першай групы магла быць характэрная iндывiдуальная рыса, якая вылучае асобу з лiку iншых, напрыклад, па знешнiм выглядзе i фiзiчных якасцях — Малюка “чалавек малога росту”, Белавус, Шырай “шыракаплечы чалавек”, Шульга “левая рука i нага”, Клыпа “кульгавы, крываногi чалавек”, Салагуб “чалавек з тоўстымi, заўсёды мокрымi губамi”, Фурс “маларослы чалавек” i iншыя. Цi па рысах характару i iншых якасцях — Галуза “гарэза, свавольнiк, валацуга”, Ламака “гультай”, Сумарока “негаварлiвы, нелюдзiмы чалавек”, Шумiла “той, хто любiць лаяцца”, Гогаль “смелы, адважны чалавек”, Шкель “насмешнiк”, Шацiла, Гамеза “надакучлiвы чалавек” ды iншыя. Або па асаблiвасцях мовы (Гаркун, Гугнявы), або па становiшчы ў сям’i цi грамадстве (Адзiнец “адзiнокi чалавек”, Траян “бацька траiх блiзнят”), або па прафесii цi службовым становiшчы (Аскер “воiн”, Кухта “прыслужнiк, вучань кухара”, Пруднiк “млынар на вадзяным млыне”), або па назве месца (Падаляка, Валынец, Пiнчук), або па этнiчнай прыналежнасцi асобы (Лiтвiн, Кашуба, Мазур, Прус), або па абставiнах з’яўлення новага члена сям’i (Пазняк, Жданок). Iмёны-мянушкi другой групы характарызуюць асобу метафарычна. Напрыклад, прозвiшчы па асаблiвасцях знешняга выгляду i паводзiн, уласцiвых жывёлам, птушкам, насякомым, раслiнам: Трус (баязлiвы чалавек), Лiса (хiтры чалавек), Арол (адважны чалавек).Дарэчы, у адрозненне ад рускай мовы, у нашай мове такiя прозвiшчы ў вялiкай колькасцi (больш за 40 %) захавалiся ў першасным выглядзе (Верабей, Жук, Сарока); у рускай мове да iх асноў, як правiла, далучалiся суфiксы -аў, -ёў, -iн (Жукаў, Сарокiн, Баранаў). Распаўсюджанне на расiйскай тэрыторыi прозвiшчаў, не ўскладненых суфiксамi, абавязана беларускай мадэлi. Гэта адна са з’яў, дзе праявiўся ўплыў беларускай мовы на рускую. — Ёсць у людзей i "негатыўныя" прозвiшчы — Магiла, Нелюб. Гэта значыць, што продкi ў iх былi дрэннымi людзьмi? — Не, бо шматлiкiя славянскiя iмёны, якiя потым перайшлi ў прозвiшчы, выконвалi не толькi функцыю iдэнтыфiкацыi, але i прафiлактыкi. Каб засцерагчы дзiця ад злых сiлаў, давалiся немiлагучныя, з адмоўным значэннем iмё- ны: тыя ж Магiла, Нелюб цi Захварай, Няўдача. — Цiкава, цi можна неяк класiфiкаваць усе прозвiшчы, аб’яднаць iх у групы? — Вядома, можна вылучыць найбольш тыповыя для Беларусi групы, напрыклад: назвы свойскiх жывёл (Казёл, Лашак, Кот, Козiк, Вапручок, Цялок), назвы дзiкiх звяроў i iншай жыўнасцi ды раслiн (Бобр, Жук, Сверш “цвыркун”, Строк “авадзень”, Пугач, Грыб), прадметы адзення (Дзяруга, Лапаць), назвы посуду (Берасцень, Рондаль), назвы прадуктаў харчавання (Лойка, Груца, Кулага, Бохан) i гэтак далей. Так, па многiх сучасных прозвiшчах можна меркаваць аб занятках i рамёствах нашых продкаў: Буднiк “рудакоп”, Важнiк “вагаўшчык”, Гарнак “той, хто вырабляе зброю”, Дубовiк “рулявы на лодцы плытагонаў, якая называецца дуб”, Рында “целаахоўнiк”, Салёнiк “прадавец солi”, Сiнельнiк “фарбавальшчык, той, хто фарбуе тканiны”, Сiтнiк “той хто робiць i прадае сiты”, Шатэрнiк “майстар, якi робiць шатры”, Шмаравоз “той, хто падмазвае калёсы”, Авечнiк “даглядчык авечак”. Да таго ж у асновах многiх сучасных беларускiх прозвiшчаў захавалiся словы, якiя даўно выйшлi з ужытку: Асмак “манета ў восьмую частку гроша”, Байдак “рачное судна”, Барыла “бочачка”, Бат “лодка, судна”, Кухта, Лежань “беглы, уцякач”, Саян “жаночае адзенне”, Хандога “той, хто любiць чысцiню, ахайны чалавек”, Чугай “плашч цi апанча татарскага фасону”. Цi захавалiся словы, якiя сустракаюцца толькi ў асобных рэгiёнах Беларусi: Апока “гультай, лежабок”, Астроўка “пiрамiда з сукаватых калоў для сушкi снапоў", Бiнда “чалавек з тоўстымi вуснамi", Герцык “хiтрун, ашуканец”, Жалязняк “рыдлёўка”, Мандрык “вандроўнiк”, Матлох “неўраўнаважаны чалавек”, Найда “непаседа”, Пракурат “хiтрун”, Саламаха “каша з кукурузы”, Статак “той, хто даглядае стада”, Стадольнiк “вартаўнiк пры заезным доме”, Трапачка “мянташка”, Цурган “крышаны хлеб, змочаны вадою i пасолены”, Чавус “чыгун”. — Наша краiна знаходзiцца ў цэнтры Еўропы, тут столькi народу рознага прайшло — хто з вайной, хто з мiрам. Павiнны ж быць i прозвiшчы з iншых моваў? — Сучасны беларускi фонд прозвiшчаў фармiраваўся на працягу стагоддзяў. Розныя сацыяльна-гiстарычныя фактары сапраўды паўплывалi на тое, што ў генетычных адносiнах нашая сiстэма прозвiшчаў з’яўляецца вельмi неаднароднай i ўключае шматлiкiя рускiя, польскiя, балтыйскiя, нямецкiя, цюркскiя, габрэйскiя i iншыя запазычаныя элементы. Напрыклад, з рускай мовы да нас прыйшлi Iваноў, Пятроў, Кузняцоў, з украiнскай — Ганчарэнка, Селех, Талапа, з лiтоўскай — Стульба, Жамойта, Жвiрбля, Ожэль, Парэйка, з кiргiзскай — Корсак, Будай, Болсун, Булах, з польскай — Вевер, Венжык, Лакотка, з татарскай — Солтан, Дага, Талатыннiк, з башкiрскай — Байман, з габрэйскай — Фрыдман, Левiн i гэтак далей. У сувязi з гэтым узнiкае няпростае пытанне, што ж адносiць да беларускiх прозвiшчаў... — I сапраўды, Iгар Лявонавiч, якiя ж прозвiшчы лiчыць беларускiмi? — Пры вызначэннi беларускiх прозвiшчаў галоўным з’яўляецца не нацыянальнасць носьбiта прозвiшча, а форма назвы. Сярод беларускiх прозвiшчаў выдзяляюцца простыя (Вярба, Сойка), вытворныя (Александровiч, Клiменка), складаныя (Кажадуб, Рабаконь), падвоеныя (Дунiн-Марцiнкевiч). Праўда, i форма слова не заўсёды з’яўляецца паказчыкам нацыянальнасцi носьбiта прозвiшча. Так, распаўсюджана меркаванне, што носьбiтамi прозвiшчаў на -оў, -еў з’яўляюцца рускiя. Але дзясяткi мiльёнаў прадстаўнiкоў народаў Каўказа i Сярэдняй Азii маюць прозвiшчы на -оў,-еў: Магамаеў, Гамзатаў, Назарбаеў i iнш. У такiм выпадку вызначальную ролю iграе аснова слова: калi ў аснове слова ляжыць уласнабеларускае слова, слова, якое сустракаецца толькi ў беларускiх гаворках, то гэта дае падставы меркаваць аб нацыянальнай прыналежнасцi чалавека. А ўвогуле, пры высвятленнi паходжання прозвiшча трэба падыходзiць комплексна: разглядаць аснову слова, яго структуру, а таксама гiсторыю роду. — Ну, а якiя мадэлi будуць тыповымi для Беларусi? — Найбольш распаўсюджаны на Беларусi прозвiшчы на -iч, -овiч, -авiч, -евiч (Трафiмовiч, Пракаповiч, Васiлевiч). Паводле назiранняў акадэмiка М.В. Бiрылы, найбольшая iх канцэнтрацыя — у паўночнай частцы Мiнскай вобласцi. У раёне Вiлейкi, Крывiчоў, Бягомля яны складаюць звыш 50%, з’яўляюцца найбольш частотнай мадэллю. Высокая ўжывальнасць iх у раёне Барысава, Браслава, Пружанаў, Лунiнца. Чым больш на ўсход, тым менш сустракаецца такiх прозвiшчаў, а ў раёне Лоева i Рэчыцы яны амаль не сустракаюцца. Цiкава, што ў Маскоўскай Русi формы на -iч паказвалi на знатнасць паходжання. А вось на беларускiх землях прозвiшчы на -iч давалiся прадстаўнiкам усiх саслоўяў. Тыповымi для Беларусi з’яўляюцца прозвiшчы на -онак/-ёнак (Казачонак, Латышонак), на -эня/-еня (Астапеня, Анiсеня, Ануфрыеня), на -ук/-юк (Клiмук, Лукашук) на -эйка (Кудрэйка, Абламейка), на -скi/-цкi (Гiруцкi, Бараноўскi), на -ык /-iк (Прышчэпчык, Бандарчык). Часцяком сустракаюцца прозвiшчы на -энка/-енка (Абраменка, Каваленка) на -аў, -оў/-еў, -ын/-iн (Сiдораў, Мiхасёў, Батурын). — Значыць, шляхетнасць па прозвiшчы не вызначыць? — Я лiчу, што носьбiт таго або iншага прозвiшча павiнен спецыяльна даследаваць свой радавод. У нас сёння кожны другi хоча быць шляхцiцам, бываюць часам недарэчныя выпадкi. Вось да нас жанчына прыйшла i кажа: "Няма нiякага жыцця ад суседкi — тая б’е сябе ў грудзi, што яна дваранка, шляхцянка, а мяне чэрню абзывае. Дайце мне даведку аб паходжаннi прозвiшча". А наш дырэктар ёй i кажа, што нiчога страшнага, што ён — з сялян, але прафесар i дырэктар iнстытута. I параiў абсалютна не саромецца свайго прозвiшча, i, натуральна, даведкi нiякай не даў. Я мяркую, што вызначыць па прозвiшчы шляхецкасць паходжання чалавека — немагчыма. Цiкава, што 55 % прозвiшчаў жыхароў Беларусi знаходзяць тлумачэнне на базе лексiкi беларускай мовы, недзе каля 6 % — на базе рускай мовы, i каля 3 % — на базе ўкраiнскай мовы. Цюркскае i лiтоўскае паходжанне маюць прыкладна 3 %. А вось паходжанне цэлых 33 % нашых прозвiшчаў пакуль яшчэ не высветлена (Шыян, Дода, Бабарыка, Канога)... — А вось жа ў розных кутках краiны свае прозвiшчы. Цi можна па прозвiшчы сказаць, адкуль чалавек? — Сапраўды, той цi iншы тып прозвiшча характэрны для пэўнай тэрыторыi. Я выкладаю ў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце. I калi знаёмлюся са студэнтамi, то часта толькi па прозвiшчы магу вызначыць, адкуль прыехаў чалавек. Напрыклад, калi знойдзецца студэнт з прозвiшчам на -ук, то можна сцвярджаць, што ён хутчэй за ўсё з Брэсцкай вобласцi, яе паўночнай часткi, а яшчэ дакладней — Баранавiцкага раёна. Бо толькi там сканцэнтраваны арэал прозвiшчаў на -ук, -юк. Што тычыцца iншых прозвiшчаў, то на -оў, -аў, -эў, -еў (Капылоў, Машэраў, Конеў) шырока вядомыя на ўсходняй тэрыторыi Беларусi, дзе ў асобных раёнах iх колькасць перавышае 60%. Прозвiшчы на -iн, -ын (Лукiн, Смерцiн) найбольш часта сустракаюцца ва ўсходняй частцы Беларусi. Прозвiшчы на -скi распаўсюджаны ў польскай мове (Урублеўскi, Бандажэўскi, Заянчоўскi, Пшыгоцкi), у нас яны часцей за ўсё сустракаюцца ў Гродзенскай i Мiнскай абласцях, ва ўсходняй частцы Вiцебскай вобласцi i складаюць прыкладна 10% ад усiх прозвiшчаў. У прозвiшчах на -скi, утвораных ад геаграфiчных i тапаграфiчных назвах, суфiкс -скi паказвае на сувязь асобы з месцам паходжання або жыхарства: Савiцкi, Баранавiцкi, Гарадоцкi. Тып прозвiшчаў на -iк/-ык сустракаецца на поўначы Брэсцкай i ў паўднёвай i заходняй частцы Гродзенскай вобласцi (Базыльчык, Агейчык). Для самой Брэсцкай вобласцi характэрны прозвiшчы на -ук/-чук (Клiмук, Кавальчук), а ў некаторых мясцовасцях Брэстчыны яны складаюць амаль палову ўсiх прозвiшчаў мясцовых жыхароў. Затое ва ўсходняй частцы Вiцебскай вобласцi, у Магiлёўскай i Гомельскай абласцях гэты тып увогуле не сустракаецца або адзначаюцца адзiнкавыя прыклады. Тып на -енка (Ганчарэнка), распаўсюджаны ва Украiне, у нас канцэнтруецца ў раёне Вiцебска, Мазыра-Рэчыцы-Лоева. А вось прозвiшчы на -еня/-эня характэрны для паўднёвай часткi Мiнскай вобласцi i паўночнай часткi Брэсцкай (Калiценя, Адаменя). — I нарэшце, Iгар Лявонавiч, а навошта наогул прозвiшчы даследаваць? Ну, ёсць яно ў чалавека — i добра, жыві сабе... — Ну як жа ж! Прозвiшчы з’яўляюцца класам лексiкi, якi найбольш звязаны з дзейнасцю чалавека, яны адлюстроўваюць самыя розныя бакi жыцця народа i навакольнага асяроддзя. Даследаванне iмёнаў i прозвiшчаў мае вялiкае значэнне для вывучэння этнiчнай гiсторыi народа, яго духоўнай i матэрыяльнай культуры. Акрамя гiстарычнага боку, iснуе i прыкладны — гэта стварэнне сiстэмы правiльных скланенняў прозвiшчаў, правiльнай перадачы беларускiх прозвiшчаў на рускую мову, iх транслiтэрацыя. Зараз мы сумесна з дацэнтам кафедры гiсторыi беларускай мовы Белдзяржунiверсiтэта Iрынай Гапоненка падрыхтавалi праект "Сучасная сiстэма беларускiх прозвiшчаў: склад, асаблiвасцi напiсання, словаўтварэння, скланення i транслiтэрацыi", у якiм мы сабралi i прааналiзавалi каля 60 тысяч беларускiх прозвiшчаў. I спадзяёмся, што нашая праца знойдзе шырокае ўжыванне ў штодзённай практыцы пашпартных сталоў, ЗАГСаў, натарыяльных кантор, пры выпiсцы пасведчанняў, дыпломаў i гэтак далей. Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прозвiшча — наш iндэнтыфiкатар у сучасным жыццi. У якую ўстанову нi пойдзеш — пытаюць перш-наперш прозвiшча. Ужо недастаткова сказаць, як некалькi ста
|
|