Прабуксоўка па-заканадаўчаму
Прабуксоўка па-заканадаўчаму
Народныя абраннiкi азнаёмiлiся з работай транспартнага сектара Лёс не надзялiў Беларусь багаццем прыродных рэсурсаў, затое даў ёй адзiн вельмi важны бонус — удалае геаграфiчнае становiшча. А роля "пераправы" памiж усходам i захадам, пагадзiцеся, дарагога каштуе. Пры ўмове развiтой транспартнай iнфраструктуры i належнага заканадаўчага афармлення, зразумела. Транспартнае пытанне для транзiтнай краiны ўсё ж адно з ключавых. І адшукаць, у чым мы прабуксоўваем у гэтым напрамку, спрабавалi заканадаўцы падчас нядаўняга выязнога пасяджэння ў Мiнску i сталічнай вобласці. Журналiсты, як водзiцца, селi iм на хвост... Пакуль адна група наведвала аўтавакзал i аэрапорт, другая — на чале са старшынёй Палаты прадстаўнiкоў Уладзiмiрам Андрэйчанкам — выправiлася па маршруце "Мiнск — Фанiпаль — Калядзiчы — Мiнск". Заканадаўцы часу не гублялi — паглыбiлiся ў дарожныя праблемы яшчэ ў дарозе: своеасаблiвы экскурс для iх зрабiў Рыгор Шульга, намеснiк дырэктара дэпартамента "Белаўтадар". Ён звярнуў увагу дэпутатаў на тое, што сёння стаiць задача не палепшыць, а захаваць iснуючую сетку дарог. "Мы змушаныя скарацiць тыя выдаткi на ўтрыманне дарог, што не ўплываюць на бяспеку руху". Спадар Шульга таксама нагадаў пра заторы на Мiнскай кальцавой аўтадарозе: "Пытанне пра другое кальцо, я думаю, хутка наспее. Наш праектны iнстытут пэўныя напрацоўкi вядзе". Не засталася без увагi i галоўная дарога краiны, якую называюць алiмпiйскай: будавалася яна якраз да маскоўскай Алiмпiяды. Дарога M1/E30 (Брэст — Мiнск — мяжа РФ) яшчэ i адзiная платная ў краiне. Аднак паводле слоў спадара Шульгi, аплата пакрывае толькi 30 працэнтаў сумы, патрэбнай на яе ўтрыманне. На выездзе дэпутаты даведвалiся не толькi пра гiсторыю ўтварэння, вытворчыя магчымасцi прадпрыемстваў, але i iх вопыт работы ў адпаведным прававым полi. Як выказаўся спадар Андрэйчанка, семiнар скiраваны на тое, каб атрымаць "падказкi" ад гаспадарнiкаў — якiя iснуюць прабелы ў дзейным заканадаўстве, што варта падкарэктаваць: "Ад нас патрабуецца зацiкаўленасць, дапытлiвасць, ад iх — падказка". Iнфармацыi дэпутаты атрымалi i сапраўды многа. У Фанiпалi народныя абраннiкi азнаёмiлiся з работай двух фiлiялаў прадпрыемства "Дарбуд- iндустрыя" — Завода жалезабетонных маставых канструкцый i Доследна-механiчнага завода. Парламентарыям прадэманстравалi таксама ўзоры дарожнай тэхнiкi, падзялiлiся з iмi вопытам у вытворчасцi i выпрабаваннi тросавых агароджаў, якiя перасцерагаюць ад лабавога сутыкнення аўто — ледзь не самага небяспечнага вiду ДТЗ. Такiя прылады перашкаджаюць выезду машыны на сустрэчную паласу, амартызуюць удар. Пра работу транспартна-лагiстычнага цэнтра парламентарыi атрымалi ўяўленне ў Калядзiчах. Гендырэктар "Белмагiстральаўта-транс" расказаў пра спецыфiку работы кампанii. Апроч грузаперавозак, транспартнай экспедыцыi, тэрмiнальна-лагiстычных паслуг тут прапануецца таксама тэхнiчны сэрвiс для аўтаперавозчыкаў. Гэта стала магчымым у вынiку заключанага пагаднення з Volvo i адкрыцця спецыялiзаванай станцыi. Кампанiя выконвае аўтаперавозкi грузаў у любы рэгiён ад Партугалii да аддаленных абласцей Расii i Казахстана. Вядуцца перавозкi зборных грузавых адправак на кiрунку Лiтва — Беларусь i ўнутры краiны. Пад экспедыцыйным кантролем прадпрыемства працуе каля 200 аўтамабiляў, ва ўласным парку — 70 машын, аснашчаных мабiльнай сувяззю, iх месцазнаходжанне кантралюецца спадарожнiкавай сiстэмай. Ёсць тут i складскiя памяшканнi, пункт узважвання, зала мытнага афармлення (дарэчы, тут можна размытняць легкавыя аўто). "Наша задача — зацягнуць на сябе грузы з ЕС", — падкрэслiў, звяртаючыся да дэпутатаў, гендырэктар кампанii Мiкалай Горбель. Аднак Беларусь пакуль не можа пахвалiцца такiмi ж выгаднымi ўмовамi, як у суседак. Айчынныя цэны неканкурэнтаздольныя ў параўнаннi з польскiмi, а прававы механiзм не дае тых пераваг, што можа прапанаваць лiтоўскi бок. "Наша задача — забяспечыць развiццё лагiстычнай сiстэмы на заканадаўчым узроўнi", — падкрэслiў у гутарцы з журналiстамi Сяргей Сямашка, старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па прамысловасцi, палiўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязi i прадпрымальнiцтве. Аднак адсутнасць законаў не павiнна ўплываць на бiзнэс — упэўнены палiтык. "Калi нехта хоча i сёння, ва ўмовах крызiсу, атрымлiваць прыбытак, утрымлiваць калектыў, то ён знаходзiць спосабы". На думку Сяргея Аляксандравiча, патрэба ў лагiстычных цэнтрах павiнна зыходзiць з таго, колькi будзе вазiцца грузаў — "проста ствараць лагiстычныя цэнтры i не забяспечваць iх грузамi, перавозчыкамi нельга: кожны лагiстычны цэнтр павiнен зарабляць нешта". Пастановай Урада летась была зацверджана Праграма развiцця лагiстычнай сiстэмы да 2015 года. Яна прадугледжвае стварэнне транспартна-лагiстычных цэнтраў у Мiнску, Брэсце, Вiцебску, Гомелi, Гродне, Магiлёве, Баранавiчах, Бабруйску, Барысаве, Жлобiне, Мазыры, Оршы, Пiнску. У нашай краiне i сёння дзейнiчаюць асобныя льготы i прэферэнцыi, якiя могуць быць выкарыстаныя для развiцця гэтага сектара. Да таго ж, праграмай прадугледжана распрацоўка ўказа аб лагiстычнай дзейнасцi, паводле якога ўмовы гаспадарання для тых, хто ўкладвае iнвестыцыi ў транспартна-лагiстычныя цэнтры, будуць наблiжаныя да ўмоў, у якiх працуюць рэзiдэнты СЭЗ. На Цэнтральным чыгуначным вакзале народныя абраннiкi асабiста "праiнспектавалi" новенькiя i самыя сучасныя пасажырскiя вагоны, даведалiся пра тое, якiм чынам забяспечваецца захаванасць змесцiва грузавых вагонаў. Пабывалi дэпутаты i ў vip-зале, прызначанай для арганiзаваных дэлегацый, — салiдныя прадпрыемствы могуць дазволiць сабе сустракаць тут сваiх дзелавых партнёраў, праводзiць перамовы. Дэпутаты ставiлi перад кампетэнтнымi асобамi ў транспартнай сферы i актуальныя побытавыя пытаннi — пра адсутнасць безбар’ернага асяроддзя, адвечныя беды з маршруткамi, абуладкаванне пунктаў прыпынку. Сапраўды, iх задача ў тым, каб разгледзець у прыватным агульнае, у выпадку — тэндэнцыю, i змянiць нейкiя правiлы гульнi на прававым полi. А як, дарэчы, выглядае заканадаўчая база ў транспартным сектары, што трэба адрэгуляваць у першую чаргу? У гутарцы з журналiстамi Уладзiмiр Андрэйчанка ахарактарызаваў яе як мноства раз’яднаных нарматыўных прававых актаў. "Iх, вядома, трэба звесцi ў адзiн кодэкс". На думку спiкера, дакумент можа быць падрыхтаваны на працягу наступных некалькiх гадоў. "У нас на сёння не ўрэгуляваныя праваадносiны ў сферы гарадскога пасажырскага транспарту. Мы лiчым, што вельмi вялiкая нiша для развiцця эканомiкi нашай краiны — гэта стварэнне транспартна-лагiстычных цэнтраў. На гэты конт ёсць i праграма Урада — распiсана, дзе яны павiнны быць створаныя. Аднак буксуе гэта пытанне". Тое ж датычыцца i развiцця прыдарожнага сэрвiсу — "гэты кiрунак, на жаль, пакуль прасоўваецца слаба". А якая ж дарога без iнфраструктуры — заправак, бараў, крамаў?.. Звяртаючыся да дэпутатаў, спiкер падкрэслiў: "Максiмальнае выкарыстанне транспартных рэсурсаў — вось на чым неабходна засяродзiць намаганнi транспартных арганiзацый i ўсiх дзяржаўных органаў, якiя фармiруюць i здзяйсняюць транспартную палiтыку". I ў першую чаргу ён меў на ўвазе павелiчэнне груза- i пасажыразвароту, даступнасць транспартных паслуг для насельнiцтва, нарошчванне экспарту, павышэнне канкурэнтаздольнасцi айчынных перавозчыкаў. Тым больш, што патэнцыял у нашай краiны — велiзарны. Спадар Андрэйчанка нагадаў, што праз Беларусь праходзяць два з дзесяцi асноўных мiжнародных транспартных калiдораў. "Мы павiнны не толькi не аслабiць свае пазiцыi на рынку мiжнародных грузаперавозак, але i ўмацаваць iх. Гэта задача ва ўмовах нарастання канкурэнцыi вельмi няпростая. Аднак iншай, большай лёгкай дарогi ў краiны няма, бо гэта мае стратэгiчнае значэнне для павышэння прывабнасцi нашых транспартных калiдораў, а значыць, для эканамiчнага росту Беларусi". I работа па ўдасканаленнi нарматыўнай базы ў транспартнай сферы iдзе безупынна — ужо на наступным пасяджэннi сесii дэпутаты разгледзяць папраўкi ў закон аб асновах транспартнай дзейнасцi. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народныя абраннiкi азнаёмiлiся з работай транспартнага сектара Лёс не надзялiў Беларусь багаццем прыродных рэсурсаў, затое даў ёй адзiн вельмi важны |
|