Партызанская знаходлiвасць
Партызанская знаходлiвасць
Радавыя Перамогi
Адна са спецаперацый партызанскага атрада ўраджэнца Мiншчыны Васiля Каржа ўвайшла ў ваенны летапiс як прыклад партызанскай хiтрасцi i знаходлiвасцi. Корж прапанаваў падабраць найбольш смелага байца, апрануць яго ў форму нямецкага афiцэра, некалькi чалавек — у салдацкую форму з палiцэйскiмi павязкамi на руках. Патрабавалася iнсцэнiраваць палiцэйскi карны атрад i накiравацца па гарнiзонах. "Пазбавiмся патрулёў, блакiруем усе дамы палiцэйскiх, — разважаў Васiль Захаравiч. — Нiводнага палiцэйскага не выпусцiм, пакуль не разграмiм усе гарнiзоны. Аперацыю пачынаем 11 лiстапада ў 6 гадзiн ранiцы". Партызаны рыхтавалiся да аперацыi два днi. Сфармiравалi групы па 2-5 чалавек, абмеркавалi дэталi, умоўныя сiгналы i жэсты, падагналi абмундзiраванне. Вырашылi, што ролю нямецкага афiцэра сыграе Эдзік Нордман, якi ведаў крыху нямецкiх слоў, а ролю перакладчыка i, бясспрэчна, кiраўнiка ўсёй аперацыi, усклалi на самога Каржа. Як толькi для Эдзіка падабралi афiцэрскiя мундзiр i боты, "нямецкi камендант", "доктар Нордман", як яго тут жа празвалi партызаны, пачаў прывыкаць да формы i ўжывацца ў ролю. Корж яшчэ раз падрабязна праiнструктаваў усiх удзельнiкаў аперацыi аб неабходнасцi выключнай вытрымкi i дысцыплiнаванасцi. У прызначаны дзень i час партызаны падышлі да вёскi Заброддзе. Патрулёў на вулiцы не аказалася, — магчыма, пайшлi пагрэцца. За гадзiну байцы разабралiся, дзе хто жыве, размеркавалiся па зручных пазiцыях. Без адзiнага стрэлу былi захоплены мясцовыя палiцэйскiя... Атрад накiраваўся ў вёску Чырвонае Возера. У 11 гадзiн "камендант" з "перакладчыкам" i некалькi "нямецкiх салдатаў" увайшлi ў дом старасты. "Камендант" пачаў выкрыкваць рэзкiм голасам "загад", якi тлумачыў "перакладчык": — Прыбыў нямецкi атрад па барацьбе з партызанамi. Ён знаходзiцца на ўскрайку вашай вёскi i вакол яе. Пан афiцэр загадвае вам на працягу 10 хвiлiн сабраць усiх палiцэйскiх у школе... Стараста выцягнуўся ў струнку, выслухаў загад, узяў вiнтоўку, патроны i выйшаў з дому. Астатнiя — за iм. Той, не заходзячы ў дамы, грукаў у акно кожнаму палiцэйскаму, называў яго па iменi i крычаў: "На збор! Хутка! Пан камендант патрабуе". "Камендант" праз "перакладчыка" спачатку аблаяў дрэнную барацьбу з партызанамi, дрэннае ўзбраенне, пасля чаго загадаў усiм пайсцi атрымаць новую зброю, якая ляжыць на калёсах ля хлява. А там ужо другая частка партызанаў абяззбройвала палiцаяў i звязвала. Дваiх, якiя кiнулiся наўцёкi, "дагналi" стрэламi. Стрэлы, праўда, пачулi палiцаi суседняй вёскi Осава i ланцугом рушылi да Чырвонага Возера. За кiламетр ад вёскi спынiлiся: убачылi, што ля хлявоў топчуцца людзi, стаяць падводы. Нордман i Корж рашуча накiравалiся насустрач ворагу. Калi падышлi блiжэй, Эдзік зноў пачаў "крычаць", а Васiль — "перакладаць": "Пан камендант загадвае хутка iсцi сюды... Пойдзем на партызанаў". Палiцэйскiя выслалi аднаго са сваiх, каб той пераканаўся, што перад iмi — нямецкi афiцэр. Калi той падышоў блiжэй, Нордман зноў пачаў гаварыць "па-нямецку", маўляў, я тут чалавек новы, нiкога не ведаю, загадваю пакласцi вiнтоўку i падысцi блiжэй. Той так i зрабiў, пасля чаго падышоў i пераканаўся, што гэта сапраўды "свае". Крыкнуў астатнiм, каб падыходзiлi. Паступiла тая ж каманда: пакласцi зброю на зямлю. Палiцэйскiя яе выканалi, паколькi бачылi, што iх таварыш захоўвае спакой... Так адбыўся захоп, якi хутка i амаль без шуму ажыццявiлi народныя мсцiўцы. Так былi лiквiдаваныя палiцэйскiя гарнiзоны адразу ў трох вёсках. Чуткi пра гэта разышлiся далёка, i яшчэ доўга нiхто з мясцовых не хацеў iсцi ў палiцыю. Р. S. Пасля вайны Васiль Корж працаваў у Мiнiстэрстве сельскай гаспадаркi БССР, узначальваў калгас "Партызанскi край" у родным Салiгорскiм раёне, а Эдуард Нордман служыў на розных пасадах у сiстэме КДБ СССР, у тым лiку начальнiкам упраўлення КДБ пры Савеце Мiнiстраў БССР па Мiнскай вобласцi (сёння гэта — упраўленне КДБ па г. Мiнску i Мiнскай вобласцi). Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адна са спецаперацый партызанскага атрада ўраджэнца Мiншчыны Васiля Каржа ўвайшла ў ваенны летапiс як прыклад партызанскай хiтрасцi i знаходлiвасцi. |
|