Манетны агарод
Манетны агарод
Скарбы роднай зямлi Вясковыя бабулi ў Мiлаславiчах Клiмавiцкага раёна лечаць галаўны боль старажытнымi пятакамi, якiя знаходзiць на сваiм участку Вольга Карасёва. Не з маiм шчасцем! Такая выдатная была магчымасць спраўдзiць запаветную дзiцячую мару — адшукаць скарб. Рамантыка i фантастыка разам! Але не здарылася нават сцiплай знаходкi ў адну манету. А капалi ў надзейным месцы: на "агародзе цудаў", дзе летась жыхарка Мiлаславiчаў адшукала больш за 200 старажытных манет, якiя належаць ХVІI-ХIХ стагоддзям. А сёлета Вольга Карасёва, сацыяльны педагог мясцовай школы i мацi дваiх дарослых дзяцей, адкрыла другi сезон збору манетаў, якi абяцае быць не менш ураджайным за леташнi. I вось ранiцай на агародзе паблiзу ракi Iпуць iдзе "кантрольнае капанне". Маленькая i жвавая гаспадыня ў джынсах i гумавых ботах з рыдлёўкай, а я — на недарэчных абцасах i з дыктафонам. — Першыя манеты я знайшла леташняй вясной: растаў снег, i яны ляжалi проста на раллi, — расказвае Вольга Мiхайлаўна. — Iх няцяжка ўбачыць: зямля тут добрая i рассыпiстая, манеты адразу адлятаюць. Iх таксама можа выбiць з глебы дождж альбо разграбуць куры... Мiж тым, цяпер зямля шчодра дзелiцца кавалкамi цэглы, каванымi пагнутымi цвiкамi, керамiчнымi i шклянымi аскепкамi. — Тут дакладна калiсьцi быў нейкi пiцейны дом, карчма, — за працай тлумачыць Карасёва. — Глядзiце, у мяне тут цэлая куча керамiкi. Ёсць нават чорная, якую лiчаць найбольш старажытнай. Вось каляровыя кавалкi, нават перламутравыя. А дзе ж манеты? Я нервуюся. Была спакуса прыдумаць прыгожыя падрабязнасцi, але прызнаюся шчыра: мне не ўдалося ўбачыць на свае вочы, як манеты цягаюць з зямлi. Вольга Мiхайлаўна высыпала на камень здабыткi цяперашняй пасяўной кампанii са старога гарлачыка. Два дзясяткi манетаў розных памераў, якiя належаць Расiйскай iмперыi розных часоў. Манеты цёмна-карычневага колеру, з чорнымi наслаеннямi — слядамi карозii i, верагодна, пажару, i яркай бiрузовай пацiнай, высакароднай адзнакай часу. Гавораць, што калi манеты прафесiйна пачысцiць, то бронза будзе прыемна ззяць. Летась Вольга Карасёва шмат такiх манет перадала ў Клiмавiцкi краязнаўчы музей. — А знайшла яшчэ болей! — прызнаецца шчаслiвая шукальнiца скарбаў. — Аддавала на памяць сваякам, сябрам i знаёмым, асаблiва тым, хто збiрае калекцыю. Бабулi прыходзiлi па старыя пятакi: гавораць, што стары медны сплаў сапраўды дапамагае зняць галаўны боль. Я лёгка аддаю: людзi вельмi радуюцца i адной манетцы на памяць. Бярыце, я яшчэ сабе накапаю! Агарод Вольгi Мiхайлаўны, вiдаць, можа стаць выпрабавальным полем для выяўлення ступенi ўдачлiвасцi, ва ўсякiм разе — на грошы. Праз некалькi гадзiн пасля развiтання гаспадыня патэлефанавала i расказала: капала зноў на тым жа месцы, але глыбей на рыдлёўку, i знайшла аж 43 манеты! Адна са знаходак — срэбная, якая датуецца ХVIII стагоддзем. Астатнiя ў асноўным ХIХ стагоддзя, але негарэлыя. Гэты скарб пажар не закрануў. Самая старая манета са знойдзеных — грошык 1710 года. Што ж, Вольга Карасёва паўжартам прызнаецца, што сапраўды заўсёды лёгка знаходзiла грошы. Праўда, усмiхаецца жанчына, на агульны матэрыяльны стан гэтыя выпадковыя здабыткi ўплыву не мелi. У дзяцiнстве каля крамы яна рэгулярна падбiрала манеткi, потым знайшла на сметнiку скрутак грашовых купюр, а аднойчы пайшла па грыбы i ў прылеску заўважыла ("быў моцны дождж, iшлi вочы ў зямлю") нямецкую манету з белага металу — 1 пфенiнг 1942 года. А сёння Вольга Мiхайлаўна — гаспадыня ўрадлiвага на старажытныя манеты ўчастка ў цэнтры старажытнай вёскi Мiлаславiчы. Дом з кавалкам зямлi выдзелiла Карасёвым мясцовая сельская гаспадарка, дзе энергетыкам працуе муж Вячаслаў. Яго жонцы проста спадабалася гэтае месца, нават нягледзячы на тое, што ўчастак быў занядбаным. Яна, заўзятая рыбачка ў поўнай адпаведнасцi са сваiм "рыбным" прозвiшчам, хацела быць блiжэй да ракi. Выявiлася, што месца гэта незвычайнае. Гаспадынi расказалi, што на старажытнай карце каля рэчкi пазначана драўляная царква. Можа, ёсць яшчэ шанец знайсцi ў глыбiнi царкоўны скарб? Паводле iншай версii, тут былi гандлёвыя рады, якiя цягнулiся ад Мiлаславiцкай царквы. Праўда, наўрад цi пакупнiкi раскiдалi б столькi манет. Самае праўдападобнае: на гэтым месцы стаяла яўрэйская крама, дзе гандлявалi газай. У такiм разе можна растлумачыць i пажар, якi папсаваў манеты. Падчас другой сусветнай вайны фашысты палiлi дамы мiлаславiцкiх яўрэяў i знiшчалi без лiтасцi iх гаспадароў — у аграгарадку летась прывялi ў парадак брацкую магiлу. — У гэтым скарбе грошы трох пакаленняў, бо даты ахоплiваюць тры стагоддзi, — тлумачыць Вольга Мiхайлаўна. — Верагодна, што яны збiралiся на "чорны дзень". Мне падаецца, што схованка была недзе пад хатай, i яе выкапаў трактар, калi капалi падмурак новага дома. Потым грунт разгарнулi, i манеты нiбыта размазалi па ўсiм агародзе. Але будаўнiкi i ранейшыя гаспадары дома нiчога не заўважылi. Мяркуецца, што ў скарбе сярод медных манетаў былi залатыя i срэбныя, але ад агню яны расплавiлiся: на некаторых манетах ёсць толькi сляды срэбра i золата. Можа, i нездарма гавораць, што золата — цяжкi метал, i гэта каштоўнасць апускаецца ў глыб зямлi. Знайсцi па-сапраўднаму каштоўную манету, цiкавую i дарагую, — мара Вольгi Карасёвай. Гэта можа стаць сямейным талiсманам, а можа, i магчымасцю зрабiць у доме добры сучасны рамонт. Хаця, можа, яна мае здольнасць прыцягваць не толькi старыя грошы i варта дзеля рамонту згуляць у латарэю?.. Пакуль мы корпаемся на агародзе, па дарозе побач праходзяць вяскоўцы. Паказальнаму капанню на агародзе Карасёвай яны не здзiўляюцца — прызвычаiлiся да новай мiлаславiцкай славутасцi. — У мяне толькi ўсе пытаюцца, колькi мне мiльёнаў далi за скарб, — смяецца Вольга Мiхайлаўна. — Якiя мiльёны? Манеты музею я падарыла. Ды яны, кажуць, i не каштуюць нiчога. Гэта не матэрыяльная, а гiстарычная каштоўнасць. Калекцыянерам, якiя займаюцца набыццём i продажам такiх рэчаў, яны не патрэбныя. Мне прапаноўвалi за манету па 3-5 тысяч рублёў, але мне яны даражэйшыя як памяць. Наконт цаны — гэта праўда. Я пацiкавiлася ў iнтэрнэце, колькi, напрыклад, каштуе пятак 1862 года, якi я трымала ў руках. Высветлiлася, што ад ста расiйскiх рублёў. На адным аўкцыёне для нумiзматаў такую медную манету Расiйскай iмперыi прадалi за 1000 расiйскiх рублёў. Цяпер Вольга Мiхайлаўна збiрае манеты для краязнаўчага музея ў Мiлаславiцкай школе, дзе працуе сацыяльным педагогам. Веснавое выраўноўванне i ворыва агарода iдзе на карысць i хатняй гаспадарцы, i музейнай калекцыi. Нават у свой 51 дзень нараджэння Вольга Мiхайлаўна выйшла з рыдлёўкай i атрымала ў падарунак ад роднай зямлi 4 манеты. — Я радуюся як дзiця, калi знаходжу iх, — прызнаецца жанчына. — I калi не выпадае адкапаць манету, то лiчу дзень за няўдалы. Такая вось у мяне прыкмета! Да свайго агарода i знаходак Карасёва ставiцца, так бы мовiць, без лiшняга пафасу. У раённы музей манеты трапiлi ў газетным скрутку, дакументы гаспадыня аформiла па тэлефоне. Аднойчы нехта ўначы стаў капаць каля дома: яна выйшла на падворак i запрасiла прыйсцi, калi будзе светлы дзень. Маўляў, яна не супраць, а працаваць будзе зручней. — Аднойчы да мяне прыйшлi дзяўчаткi са школы i мы разам дакапалiся да нейкiх костак, падобных на чалавечыя, — узгадвае Вольга Мiхайлаўна. — Яны ляжалi глыбока, а на ўчастку было шмат валуноў, праўда — без анiякiх надпiсаў. Мы iх адкацiлi да агароджы. Я мяркую, цi не было тут у старажытнасцi могiлак? Ва ўсякiм разе, мы вырашылi больш у тым месцы не капаць, бо не хочацца патрывожыць спакой памерлых. Муж Вячаслаў, дарэчы, нiякiх скарбаў не шукае: ён лiчыць за багацце ўрадлiвую зямлю, якая дае добры ўраджай бульбы i гароднiны. Аднак захапленне сваёй жонкi цуда-агародам лiчыць добрым хобi ў дадатак да iншых. Захапленне старажытнасцю ў Карасёвай не абмяжоўваецца толькi манетамi. Яна разам з калегамi ездзiць па новыя экспанаты для школьнага музея ў аддаленыя вёскi. З дазволу старастаў краязнаўцы шукаюць у кiнутых хатах старыя побытавыя рэчы. I знаходзяць: гарлачы, калаўроты, драўляныя рыдлёўкi, глякi, знайшлi дзiцячую люльку i гэтак далей. Трапляюцца таксама дакументы i фотаздымкi. Напрыклад, старая выява мужчыны ў будзёнаўцы з шырокай барадой цяпер захоўваецца ў музеi: праўда, невядома, хто ён такi. — А хто пакiнуў скарб? Я таксама не ведаю, — гаворыць Вольга Мiхайлаўна. — На нашай зямлi шмат адбiткаў гiсторыi. Мы не ведаем, па чым ходзiм. Не ўсё яшчэ знойдзена, i шанец знайсцi скраб ёсць у кожнага з нас. А я веру, што яшчэ знайду нешта надзвычай цiкавае, i гэта будзе вялiкая радасць! Iлона Iванова. Клiмавiцкi раён. Аўтарытэтнае меркаванне: Загадчык кафедры археалогii Магiлёўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, доктар гiстарычных навук Iгар Марзалюк: — Скарбы i цяпер знаходзяць вельмi часта. Па чутках, нядаўна ў Буйнiчах пад Магiлёвам знайшлi 20 тысяч срэбных манет, а летась у Мсцiславе адкапалi каштоўны скарб. Але нiхто гэтых багаццяў не бачыў, таму што яны былi распрададзеныя ў прыватныя рукi. Такiя пагалоскi прыходзяць з розных куткоў Беларусi. Пошук скарбаў стаў бiзнэсам. Сотнi маладых людзей з металашукальнiкамi ходзяць па зямлi i знаходзяць скарбы, якiя не даходзяць да дзяржавы. Таму я асабiста лiчу, што цяпер наспеў час стварыць адмысловую службу па ахове гiсторыка-культурных, археалагiчных каштоўнасцяў. Падобна на службу па ахове прыроды. Iнакш беларускiя скарбы мы не ўбачым. — Скарбы i цяпер знаходзяць вельмi часта. Па чутках, нядаўна ў Буйнiчах пад Магiлёвам знайшлi 20 тысяч срэбных манет, а летась у Мсцiславе адкапалi каштоўны скарб. Але нiхто гэтых багаццяў не бачыў, таму што яны былi распрададзеныя ў прыватныя рукi. Такiя пагалоскi прыходзяць з розных куткоў Беларусi. Пошук скарбаў стаў бiзнэсам. Сотнi маладых людзей з металашукальнiкамi ходзяць па зямлi i знаходзяць скарбы, якiя не даходзяць да дзяржавы. Таму я асабiста лiчу, што цяпер наспеў час стварыць адмысловую службу па ахове гiсторыка-культурных, археалагiчных каштоўнасцяў. Падобна на службу па ахове прыроды. Iнакш беларускiя скарбы мы не ўбачым.Даведка: Манетны скарб — грашовыя каштоўнасцi, захаваныя ў тайнiку (часцей за ўсё — у зямлi). У Магiлёўскай вобласцi з антычных часоў i па ХІХ стагоддзе адкрыта больш за 200 манетных скарбаў. Паводле iнфармацыi энцыклапедычнага даведнiка, два манетныя скарбы, знойдзеныя ў Магiлёве ў сярэдзiне ХХ стагоддзя, захоўваюцца цяпер у абласным краязнаўчым музеi. У 1955 годзе ў Лупалаве адкапалi глiняную скарбонку, дзе былi тры срэбныя пярсцёнкi i больш за 500 манет, у тым лiку i срэбныя. У наступным, 1956 годзе, пры пракладцы траншэi для водаправода ў абласным цэнтры знайшлi металiчную шкатулку. Там захавалася 3350 расiйскiх срэбных манет. Абодва скарбы былi схаваныя ў ХVII стагоддзi. Знаходзiлi манетныя скарбы i ў Клiмавiцкiм раёне. Напрыклад, у 1804 годзе ў самiх Клiмавiчах знайшлi амаль 2 тысячы медных i срэбных манет Рымскай iмперыi. А ў вёсцы Стары Дзедзiн у 1926 годзе адшукалi скарб, у якiм было каля 200 дырхемаў Арабскага халiфата. Скарбы надараюцца не толькi манетныя. Напрыклад, "Звязда" ўвосень 2006 года распавядала пра скарб, знойдзены на агародзе ў вёсцы Расна Дрыбiнскага раёна. Пасля пераворвання сяляне знайшлi ў зямлi чыгунок з посудам. Выявiлася, што гэта знакамiты дулеўскi фарфор, зроблены ў 1920-я гады.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вясковыя бабулi ў Мiлаславiчах Клiмавiцкага раёна лечаць галаўны боль старажытнымi пятакамi, якiя знаходзiць на сваiм участку Вольга Карасёва. Не з м |
|