Ілья Мiцько дарос да лiрыкi, а доктар Сайкоў — да дзеда-Барадзеда
Ілья Мiцько дарос да лiрыкi, а доктар Сайкоў — да дзеда-Барадзеда
Тусоўка
Беларускiя артысты пацвердзiлi: песнi пра каханне непадуладныя крызiсу Прэзентацыю новага сольнага праекта Iльi Мiцько, сумешчаную са святкаваннем 28-годдзя артыста, можна было б па сённяшнiм часе назваць "днём нараджэння буржуя", калi б не атмасфера — цёплая, сяброўская, зусiм без пафасу, затое з гумарам i жартамi (у тым лiку з сябе самiх). У вынiку госцi — пераважна папулярныя беларускiя артысты — не захаплялiся ўласнай "зорнасцю", а на адзiн вечар сталi проста добрымi знаёмымi i сябрамi. Першае, што бачылi ўдзельнiкi падзеi — у сталiчным клубе "Next" — як вiноўнiк урачыстасцi дае невялiчкiя iнтэрв’ю пра свой новы праект — гурт "Love&Doors", што па-руску сiмвалiчна гучыць як "Лавандос": — Гэта больш дарослая i больш сур’ёзная, а галоўнае — аўтабiяграфiчная музыка. Усе песнi, запiсаныя ў праекце, звязаныя з маiмi асабiстымi перажываннямi i з канкрэтнымi людзьмi — але, я думаю, падобныя перажываннi блiзкiя абсалютна ўсiм. Калi гэтыя песнi знойдуць сваiх слухачоў, будзе вельмi прыемна. Тое, што "Лавандос" адрознiваецца ад "Лепрыконсаў", было зразумела ўжо звонку. Калi раней мы ўспрымалi Iлью Мiцько як разбiтнога хлопца ў джынсах "мэйд iн Ждановiчы" i ведалi гурт па хiтах "Дзяўчаты пакахалi не мяне", "Халi-галi", "Салдаты", то цяпер артыст прадэманстраваў уменне насiць строгi касцюм з гальштукам, а песнi прысвячаць не толькi чароўным дзяўчатам, але, напрыклад — маме. Мацi Iльi, дарэчы, прысутнiчала ў зале i падтрымлiвала сына, а той менавiта да яе столiка прыносiў усе атрыманыя ахапкi кветак. Доўга гадаць, калi ўсё нарэшце пачнецца, не выпадала — на танцпляцоўку час ад часу выходзiлi дзяўчаты з групы падтрымкi i ўздымалi шыльдачкi з лiчбамi — колькасць хвiлiн да старту: 20, 15, 10... Тым часам госцi ўсё прыбывалi — артысты, тэлевядучыя, бiзнэсмены, сябры i калегi — мiнскi "Камедзi Клаб", здаецца, ледзьве не ў поўным складзе. Адзiн з рэзiдэнтаў "Камедзi", Мiкалай Драчынскi, рашуча накiраваўся да iмянiннiка з нейкiм доўгiм цёмным прадметам, падобным да бервяна з леташняга суботнiка. "Драчынскi хоча падарыць Мiцько нейкую драбязу, набытую ў аэрапорце Тайланда за тры долары!" — з’едлiва каментаваў вядучы. Мiкалай у адказ паказаў на пальцах — не тры, а два долары. Насамрэч "бервяно" аказалася футлярам, у якiм на шаўковай падкладцы ляжаў... самурайскi меч. Дакладней, два. — Лiчыцца, што сапраўдны воiн абавязкова павiнен мець такiя мячы, — патлумачыў выбар падарунка рэзiдэнт "Камедзi Клаб". — А Iлья ў нас сапраўдны воiн беларускага шоу-бiзу, так што яму спатрэбяцца. — А як жа забарона на захоўванне халоднай зброi? — не вытрымалi мы. — Яму — можна, яму ўсё можна, — адмахнуўся Драчынскi. Ларыса Грыбалёва, наадварот, зрабiла сябру цалкам мiрны, нават хатнi падарунак — нейкую забаўную хатнюю раслiну. Аляксандр Саладуха вылучыўся асаблiва — падарыў свой новы дыск. А вось Яўген Чалышаў з гурта "Харлi" знайшоў iншы падыход. Напачатку нагадаем — менавiта яго голас чутны на бэк-вакале самай першай песнi праекта "Лавандос" — кампазiцыi "Маё каханне". Вырашыўшы, што працяг павiнен быць не менш удалы, чым старт, Яўген прынёс падарунак з намёкам. "Пакуль у гурта "Лавандос" яшчэ няма музычных узнагарод, прэмiй... Трэба з чагосьцi пачынаць!" — з гэтымi словамi ён уручыў Iльi Мiцько мiнiяцюрны грамафон, здалёк вельмi падобны да сiмвала вядомай прэмii. Аднак i сам Iлья знайшоў, чым здзiвiць публiку. Найперш тым, што павiтаўся па-беларуску: "Шаноўнае спадарства, вельмi прыемна вас тут вiтаць!". Потым — тым, што адыграў няхай i невялiкi, але паўнацэнны жывы канцэрт з новым праектам, паралельна пазнаёмiўшы слухачоў з музыкантамi i салiсткай "Лавандос" Крысцiнай. Сярод удзельнiкаў праекта, па рашэннi яго стваральнiка, няма нiкога з "Лепрыконсаў". Але музыканты ў гэты вечар усё ж выйшлi на сцэну i гралi ўсiмi любiмыя хiты — толькi выконваў iх не Мiцько, а яго сябры-артысты. Прычым, калi некаторыя, як Дзмiтрый Врангель, выходзiлi з паперкай i падглядвалi ў тэкст, то абсалютная большасць, пэўна, ведала песнi "Лепрыконсаў" на памяць. Атрымалася забаўна i досыць нечакана. "Хто я, Дзед-Барадзед", — цягнуў прыемным барытонам доктар Сайкоў, якому пасля ўдзелу ў тэлепраекце "Дзве зоркi", вiдаць, канчаткова наканавана стаць свецкiм персанажам. (Дарэчы, былая тэлевядучая Элеанора Язерская не хавае, што з часу шоу "Дзве зоркi" таксама не супраць яшчэ раз што-небудзь выканаць у дуэце з Мiцько — але на гэты раз ёй давялося абмежавацца роляй удзячнай слухачкi). Аляксандр Саладуха са спецыяльна запрошаным гарманiстам спяваў пра тое, што "дзяўчаты пакахалi не яго". Гурт "Тяни-Толкай" падрыхтаваўся да выступлення яшчэ больш адказна — на песню "Салдаты" выканаўцы выскачылi на сцэну ў камуфляжы, i хоць насамрэч нiхто з хлопцаў не служыў, салдацкая форма на iх сядзела як родная. Безумоўна, самым дарагiм падарункам, якi атрымаў у гэты вечар Iлья Мiцько, стала ўласна вечарынка — яе арганiзацыю ўзялi на сябе прадзюсар гурта "Топлес" Максiм Алейнiкаў i дырэктар гурта Веранiка Каляга. "Але гэта яшчэ не ўсё, — з выглядам змоўшчыка шапнуў мне на вуха Максiм. — Дзяўчаты таксама будуць спяваць песню "Лепрыконсаў", "Халi-галi". Праўда, там крыху не iхняя танальнасць, але мы прыдумалi, як выкруцiцца". У вынiку песню выконвалi супольна: куплеты спяваў салiст гурта "Дразды" Вiталь Карпанаў, а прыпевы — дзяўчаты з "Топлес"... Свае музычныя падарункi зрабiлi iмянiннiку таксама Дзядзя Ваня, Аляксей Хлястоў i Ларыса Грыбалёва. Iншыя выканаўцы, каму песень не хапiла, з радасцю падтрымлiвалi калег — на танцпляцоўцы. — Цi любiце вы "Лавандос"? — у нейкi момант спытаўся вядучы ў публiкi. — Хто ж яго не любiць, — заўсмiхалiся навокал. I было ўжо незразумела, маюцца на ўвазе банальна грашовыя знакi цi ўсё ж новы музычны праект. Сышлiся ўсе ў адным — гэты настрой, гэта музыка i гэта свята былi як нiколi да месца. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускiя артысты пацвердзiлi: песнi пра каханне непадуладныя крызiсу Прэзентацыю новага сольнага праекта Iльi Мiцько, сумешчаную са святкаваннем 28 |
|