Давер i дзверы
Давер i дзверы
Ключ ад сваёй кватэры я спакойна магу пакiнуць у суседзяў. Учора дачка занесла мае ключы да Граковiчаў. Я падзякаваў iм за турботы, адчынiў кватэру i падумаў, што колькi жыву, столькi пакiдаю ключы ў суседзяў, а яны, у сваю чаргу, пакiдаюць ключы ў мяне. Добра гэта цi кепска? Не задумваўся, бо ўсё жыццё пражыў, так атрымлiваецца, з незачыненымi дзвярыма. Нашы ключы былi ў Сурковых i Караткевiчаў, а iх ключы былi ў нас. Вера Арэстаўна i Валянцiна Бранiславаўна, так здарылася, былi ахоўнiцамi кватэр, дзе я жыў. Можа толькi мне заўсёды шанцавала з суседзямi? А можа ў мяне няма чаго хаваць ад людзей? Ну няма ў мяне сакрэтных дакументаў, няма вайсковых таямнiцаў i шпiёнскiх шыфраў... Але ў мяне ёсць давер да людзей. А хiба можна без даверу да чалавека пакiнуць у яго ключы ад дома?.. Не, канешне. Гузiк i Ван ГогРазглядаючы аўтапартрэт Ван Гога з параненым вухам, я лавiў сябе на думцы, што моцна шкадую чужога мне чалавека. Ён у калматай зiмовай шапцы ды летне-зялёным палiтоне пасмоктвае чорную пiпку i пазiрае на мяне сцюдзёна-блакiтнымi вачыма. Ягонае вуха заматана белай анучай. Празрыста-белы дым клубiцца над пiпкаю... Адкуль бярэцца шчымлiвае пачуццё шкадобы? Напачатку, я меркаваў, што белая павязка на вуху выклiкае гэткае моцнае пачуццё, бо такую ж самую павязку рабiла баба Ядзя, калi мне ў дзяцiнстве разбалелася вуха. Яно страляла, боль працiнаў галаву наскрозь, было кепска, я не мог глядзець на сонечнае святло i ляжаў у пакоi з закрытымi шторамi. Гарачы кампрэс пах халаднаватаю гарэлкаю. Мае асабiстыя ўспамiны накладалiся на аўтапартрэт вялiкага галандца i нараджалi пачуццё шкадобы, так я думаў, пакуль не звярнуў увагу на вялiкi, на круглы непамерна вялiкi зялёны гузiк на палiтоне. Гузiк такi вялiкi, што здатны ператварыць дарослага чалавека ў дзiця. Мне шкада дзiця, мне шкада маленькага хлопчыка з хворым вухам. Прафесiйнае вокаВакзал. Натоўп. Дзяўчына! Такую трэба маляваць. Карцiна, а не дзяўчына. Боты на абцасах, чорны кароткi палiтон, шалiк ласкава-бэзавы. Каштанавыя кудзеры рассыпалiся па плячах. Светлы твар. А вочы! Якiя вочы! Яны цябе заварожваюць сiняй чарнатою. Мне трэба на працу, спазняюся, але спынiўся i разглядаю дзяўчыну-карцiну. І разумею, што я ўжо маляваў такую дзяўчыну, маляваў шмат разоў. Маляваў я яе даўно, трыццаць гадоў таму. Я маляваў мацi гэтай карцiны-дзяўчыны, маляваў чорную сiнечу яе магiчных вачэй. Дакладна, я яе маляваў, бо дзяўчына — мая старэйшая дачка... Парадак у майстэрнiУ майстэрнi павiнен быць парадак. Карцiна, хочаш ты таго цi не хочаш, адлюстроўвае асяроддзе. Калi ў майстэрнi брудна i поўна рознай непатрэбшчыны, дык i на тваiм палатне з’явiцца бруд i смецце. Заявы кшталту: "У мяне хапае сiлаў толькi на тое, каб навесцi парадак у сваiх творах!" — несусветнае глупства i самападман. Чысцiня майстэрнi ў пэўнай ступенi гарантуе чысцiню тваёй творчасцi. Таму я старанна прыбiраю майстэрню, iмкнуся не трымаць у ёй выпадковых i неабавязковых рэчаў. Таму я складваю свае рэчы акуратна i з любоўю. Але здараюцца i супярэчнасцi... Акрылавыя фарбы, якiмi я працую на палатне, найлепш змешваць на белай талерцы. Я сам зрабiў гэтае адкрыццё, а толькi потым прачытаў, што гэта звычайная практыка. Свае талеркi з фарбамi падчас працы я старанна мыю па некалькi разоў. Вымытыя талеркi я пакiдаў на падлозе, пад чарупiнай. Там яны сохлi. Ставiць талеркi на падлогу — кепская звычка, як i звычка класцi на падлогу палiтру цi камп’ютар. Ведаеш, а кладзеш, бо не надаеш гэтай дробязi асаблiвай увагi, пакуль не наступiш на камп’ютар цi не ўлезеш у палiтру са свежымi фарбамi. У маiм выпадку ўсё скончылася без асаблiвай шкоды для рэчаў. Я проста заўважыў, што тры белыя талеркi стаяць побач з унiтазам. Мне зрабiлася млосна, ад такога вялiкага белага нацюрморта, якi можна было б назваць "Мара капрафага". Пры ўсёй сваёй светласцi, бялюткасцi i чысцюткасцi нацюрморт быў жудасна брудны. Цяпер я не стаўлю свае талеркi на падлогу, цяпер я iх старанна выцiраю анучкаю пасля мыцця i стаўлю на адмысловую палiцу, дзе iм добра побач з пластыкавай палiтраю i каробкай з фарбамi. Можаш папракаць мяне за дробязнасць i раздражнёнасць малаiстотным, але твае папрокi я не прыму, бо парадак у майстэрнi неабходны, бо твая майстэрня, як i твая карцiна, адлюстроўвае парадак i чысцiню розуму, як сабор адлюстроўвае сусвет. Постправаслаўнае штукарстваУглядаючыся ў сучасныя абразы праваслаўных мастакоў, я зрабiў для сябе адкрыццё... Яны пiшуць свае наватворы з навуковым падыходам. Разумею, як парадаксальна гучыць мая думка, але iнакш пра iх i не скажаш. Нiякiх рэлiгiйных пачуццяў, нiякiх мастацкiх перажыванняў у постабразах няма. Ёсць камерцыйны разлiк, ёсць праявы рамяства, ёсць рацыя. Раней падобную дзейнасць называлi халтураю, але слова "халтура" зашмулялася ад бясконцага ўжытку. Таму я, выключна для сябе, назаву iх дзейнасць постправаслаўным штукарствам. Дабужынскi i grоssе LiniеГрафiк Мсцiслаў Дабужынскi згадваў, як ягоны настаўнiк Ашбе патрабаваў grоssе Liniе. "Працаваць толькi вялiкiмi лiнiямi", — загадваў настаўнiк сваiм вучням. Мудрае патрабаванне тычылася не толькi графiкi i жывапiсу, яно тычылася ўсяго жыцця наогул. Сваё жыццё, сапраўды, варта маляваць не дробнымi рыскамi, а выразнымi вялiкiмi лiнiямi. Хрыстос i грушы з яблыкамiХрыстос, напiсаны Сурбаранам, уражвае так, што перахоплiвае дыханне. Табе здаецца, што лепшага палатна ты нiколi ў сваiм жыццi не пабачыш. Ты стаiш, а Хрыстос уздымаецца над табою i ляцiць над светам. Няма словаў... Прыгаломшаны, ты паварочваешся спiнаю да рукатворнай велiчы, робiш некалькi крокаў i бачыш "Грушы". Звычайныя, крыху зеленкаватыя грушы, напiсаныя тым жа ж Сурбаранам. Спакой i цiшыня вакол груш. Табе робiцца добра. Ты адчуваеш, што грушы ў Сурбарана атрымалiся значна лепей за Хрыста. Адчуваеш, але ўслых не прагаворваеш сваё адкрыццё. Каб яго спраўдзiць, ты разглядаеш "Зняцце з крыжа", вымаляванае рукою Сезана i параўноўваеш яго з яблыкамi. Яблыкi ў Сезана зроблены больш пераканаўча за вобраз Хрыста. Здавалася б, пасля такой вiдавочнай i пераканаўчай з’явы ты не павiнен маляваць Iсуса. Ты мусiш загадзя прызнаць сваю паразу i пiсаць чырвоныя яблыкi з зеленкаватымi грушамi, пiсаць шкляныя бутэлькi i металёвыя кубкi. Не, ты не скараешся, ты спрабуеш напiсаць Хрыста. Ведаеш, што з гэтага амаль нiчога не атрымаецца, але верыш у абавязковасць такой спробы, як верылi Сезан i Сурбаран. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ключ ад сваёй кватэры я спакойна магу пакiнуць у суседзяў. Учора дачка занесла мае ключы да Граковiчаў. Я падзякаваў iм за турботы, адчынiў кватэру i |
|