Ля калодзежа кансiлiум: Што i як рабiць Васiлiю...
Ля калодзежа кансiлiум: Што i як рабiць Васiлiю...
Хто каго?
"Вясна... I зноў усё закруцiлася. Таму пiшу вельмi коратка. I толькi па справе", — так пачала свой лiст у рэдакцыю спадарыня Гудачкова з Жыткавiчаў. I тым самым як бы тон задала: коратка дык коратка, па справе дык па справе. З чаго вось толькi пачаць? Спадар Гарачоў з вёскi Даўнары Iўеўскага раёна прапануе — з анекдота ў тэму. Згодны. То iдуць, значыць, па горадзе два сантэхнiкi — стары i малады. Бачаць — аварыя: ля аднаго з каналiзацыйных калодзежаў трубу парвала. Старэйшы рукавы закасаў — i туды. Нешта агледзеў, нешта абмацаў, паставiў "дыягназ", крычыць маладому: "Э-э, падай мне ключ на 32!". Штось там падкруцiў, зацiснуў, "вынырнуў". "Пласкагубцы, — крычыць, — падкiнь! I малаток...". Пяць хвiлiн працуе, дзесяць. А там, глядзiш, i справа ўжо зроблена. Вылез майстар з калодзежа, ад бруду трохi абтросся, засмалiў ды i кажа: "Вучыся, сынок, пакуль я жывы, а то да самай пенсii будзеш ключы падаваць". Ключы ключамi. Як сведчыць рэдакцыйная пошта — у нас куды больш ахвотных падаваць... Правiльна — парады: Ля калодзежа кансiлiум, Што i як рабiць Васiлiю: — Калi лопнула труба, Да вясны жыльцам "труба", — Ну а як каналiзацыя? Захлiпнецца ж вентыляцыя? — падслухала размову мужыкоў Любоў Мiхайлаўна Чыгрынава з вёскi Забалацце Вiлейскага раёна. Праблема! I калi б адна! А то... Дзе прарвецца, дзе падтопiць... Сем цiкаўных прыбягуць. Каб зрабiць — няма ахвочых, А парады ўсе даюць, — зазначае Валянцiна Апанасаўна Гудачкова з Жыткавiчаў. Чытай — на гэта (парады даваць) здольны i той, хто хоць нешта петрыць, i той, хто нiчога... Стаяць вунь... Але ж фасон пры гэтым трымаюць: Быццам нешта разумеюць... Быццам кожны знае толк... Хоць на справе — толькi ўмеюць Ключ падаць ды малаток. Гэта, як вы, напэўна, здагадалiся, радкi спадара Гарачова. А чаму не вучацца, чаму без работы стаяць, ведае спадар Сiльчанка з Гомеля: Гы-гы-гы ды га-га-га... Мы — каманда з ЖКГ. Не бяда, што нас тут шмат (а яшчэ i "кiроўцаў" штат) Мы не сеем, не куём, Мы парады раздаём. Нешта маем з працы гэтай, Бо падтрымка iдзе — з бюджэту. А таму — па вялiкiм рахунку... Iдзе той крызiс цi не iдзе, Мы жывём — не на вадзе. Рукавы паапускаем, А зарплату атрымаем, — пiша пра "каманду" Вольга Паўлаўна Лабажэвiч з Клецка. I каб толькi пра гэту ("каманду") — яшчэ палова бяды была б. А так... "Для рашэння чарговай галаваломкi, — у першых радках свайго лiста паведамляе Мiкола Старых з Гомеля, — дасылаю вам два варыянты. Яны амаль аднолькавыя. Першы: Калiсьцi жыў мужык удалы, Ён пракармiў двух генералаў! Цяпер — хапiў бы, мусiць гора: Бо не пракормiш... кантралёраў. (Тут, дарэчы, будзе хулiганская заўвага спадара Гарачова: Калiсьцi фiльм знялi палякi Пра трох танкiстаў i сабаку. На здымку ж Клешчука-праныры "Танкiст" — адзiн. Сабак — чатыры). Але гэта так, лiрычнае адступленне. I, крый Божа, не пра тых, хто на здымку... Тым больш, што яны нi на нейкiх iнспектараў, нi, баранi Бог, на сабак нiколькi не падобныя. Таму ад спадара Старых другi варыянт: Калiсьцi жыў мужык удалы: Ён пракармiў двух генералаў. I наш сучаснiк "не пудлуе" — Адзiн за чатырох працуе! Добра гэта цi дрэнна, — адказ зноў жа ў рэдакцыйнай пошце. Прычым, кароткi, як стрэл: Ну як тут крызiсу не быць — Адзiн працуе, сем стаiць! — усклiкае так спадарыня Янучок з Клецка. Вы думаеце яна аблiчылася — iх тут не сем, а толькi чатыры? Не, мяркуем, што яна — проста бачыць глыбей. А там, знiзу, яшчэ трое — драбiну трымаюць... Альбо проста стаяць. Цi нават сядзяць. Вось што крыўдна! Бо магло ж быць зусiм не так. I, галоўнае, чакалася! У СССР было такое: Адзiн робiць, "кураць" трое... До! Пасля перабудовы У нас парадак будзе новы!.. Пажылi. I палiчылi. Без работы ўжо чатыры?! — пiша спадарыня Чыгрынава. Пра тых, хто стаiць. А трэба, як лiчыць большасць чытачоў, пра таго, хто працуе. Вось чаму ён адзiн, прынамсi? Тут — шэраг меркаванняў: Хоць даўно мiнуў застой Ды зазначыць варта, Што працуе толькi той, Хто прайграў у карты, — канстатуе Анатоль Гарачоў. Ад яго ж: Не адступiм нi на крок, Каб заняцца справаю, Бо адзiны малаток I вядро дзiравае. Гэта, зрэшты (па меркаваннi сужэнцаў Астроўскiх з Мiнска), для брыгады зусiм не перашкода. Яны, узяўшыся за справу, супакоiлi заказчыка, цвёрдае мужчынскае слова далi: Сiтуацыю ўратуем, I "ажур" з прыладамi: Мы ўсё адрамантуем Матам i кувалдамi! Першае — трэба разумець — за "назiральнiкамi", другое — за майстрам, якi Кувалдаю... Стараецца, Працуе наш Вiцёк. Брыгада ж — узiраецца, Пiльнуе, каб не ўцёк. Думаеце аўтар гэтых радкоў перабольшвае? Я ўперад таксама так думала. А цяпер — не, бо знаёмая дырэктарка не так даўно расказала, як яна на бiржы сабе кадраў набрала — ды маладых, прыгожых. Рада была. Не ведала, што iм элементарнае даводзiць трэба будзе: першае — на працу трэба прыходзiць у час i... кожны дзень, другое — на працоўным месцы нельга фарбаваць пазногцi i балбатаць па тэлефоне, трэцяе — з абеду трэба вяртацца... А многiя сыходзiлi i, як кажуць, з канцамi. Карацей — вока ды вока трэба было... I, магчыма, нават не адно, а ўсе 8! Заўважыў гэтую з’яву Вiктар Федарака са Скiдзеля. У яго, варта адзначыць, не толькi вочы пiльныя, але i слых абвостраны. Прынамсi, толькi ён пачуў, што хлопец гэты (з кувалдаю) цяпер грозна прамаўляе: Хапае мне работы А вы тут — "стаямо"... Далей адсуньце боты, А то як "даямо"!.. Бiць, свят-свят-свят, можа i не варта... А вось папужаць, адпомсцiць — цалкам магчыма, бо гэта чацвёрка хвiлiн пяць таму сказала хлапцу (спачатку прозай): "Будзем працаваць па чарзе — перш ты папрацуеш, а мы адпачнём, потым мы адпачнём, а ты папрацуеш. Што ў вершаваных радках можа гучаць, напрыклад, так: Мы стаiм, бо мы — дзяды, Ты ж працуй, ты — малады. Будзеш добра працаваць, — Зможаш потым пастаяць. Пяру спадара Федаракi належаць i яшчэ чатыры радкi, дзеля якiх (на мой погляд), ну безумоўна ж, варта было друкаваць гэты здымак, варта было ў каторы раз пералапачваць сотнi чытацкiх подпiсаў: Камп’ютары, аргтэхнiка, Шыкоўны "Мерседэс"... Без простага сантэхнiка Накрыецца прагрэс! На гэтай прыгожай, паважлiвай ноце i можна было б завяршыць агляд. Ды засталiся яшчэ некалькi прапаноў, вартых увагi грамадскасцi: Мы тут курткi рэкламуем — Зараз яны з флiкерам, Як усё прадэманструем, Замачыць паклiкаем, — абяцаюць ахвотным сужэнцы Астроўскiя. Усё зрабiлi б! I ў мiг, — Малаток адзiн на ўсiх... Хто не грыз гранiт навукi, Адбiвае зараз рукi, — заўважае настаўнiк Аляксандр Пуцэйка з Вiлейкi — з клопатам, вiдаць, пра сённяшнiх вучняў? Што ж датычыцца iншых удзельнiкаў конкурсу, то яны (як мне здаецца) паклапацiлiся пра ўсiх. "Я даўно заўважыла, пiша, прынамсi, спадарыня Гудачкова, — што людзi нейкiя панурыя сталi, рэдка ўсмiхаюцца адно аднаму — мусiць, адвыклi... То хай пачытаюць нашу рубрыку "Хто каго?", хай пасмяюцца!" Хай (дадамо ад сябе), усмiхнуўшыся, паглядзяцца ў люстэрка i пераканаюцца ў тым, што ўсмешка ўпрыгожвае чалавека больш, чым новая сукенка цi шапка. То "чапляйце" яе на твар i ведайце: у вас — атрымаецца! Усё... У тым лiку i подпiс пад новы здымак. Што датычыцца старога (на iм, нагадаем, была самотная Снягурка i Дзед Мароз пад ручку з нейкай чарнявай...), то лепшыя подпiсы да яго, па меркаваннi вялiкага чытацкага журы, склалi спадары Гаўрыш з Пастаўшчыны, Барысёнак з Ушаччыны i Федарака са Скiдзеля, спадарынi Тарасiк з Мiнска, Малевiч з вёскi Старына Мядзельскага раёна i Вайда з Вiлейкi. З гэтым, апошнiм меркаваннем пагадзiлася i маленькае рэдакцыйнае журы. Так што каштоўны прыз у выглядзе падпiскi на трэцi квартал на дарагую сэрцам "Звязду" накiроўваецца ў Вiлейку, да вучанiцы 5-га класа АСШ № 3 Яны Вайды. Калi хочаце, каб да вас — пiшыце. Здымак, як заўжды, дадаецца. I ўмовы не мяняюцца: коратка — не больш за 8 радкоў у версii (колькасць версiй не абмяжоўваецца), трапна. I, пажадана, разборлiва. Валянцiна Доўнар. Фота Анатоля Клешчука.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Вясна... I зноў усё закруцiлася. Таму пiшу вельмi коратка. I толькi па справе", — так пачала свой лiст у рэдакцыю спадарыня Гудачкова з Жыт |
|