Год роднай зямлi на забруджаных тэрыторыях Гомельшчыны
Год роднай зямлi на забруджаных тэрыторыях Гомельшчыны
Кожны год на Радаўнiцу мой муж наведвае не толькi могiлкi сваякоў, якiя знаходзяцца ў забруджанай зоне Веткаўскага раёна, але i дом у вёсцы Вараб’ёўка, дзе нарадзiлася яго мацi. Кожны год усё менш застаецца ад цаглянай пабудовы, якая 23 гады таму выглядала зусiм iнакш, чым цяпер... Мiж iншым, на працягу дзесяцi гадоў пасля аварыi дом стаяў зачынены i практычна нiкiм не крануты. А ў 1996 годзе, пасля таго, як разбурылася агароджа, дайшла чарга i да будынка. Спачатку невядомыя людзi знялi падлогу, потым — дах. Куды яно ўсё падзелася ў тыя гады — не ведае нiхто. Ну а потым падпалiлi сцены i хлеў, якi стаяў побач. Падворкаў, якiя маюць прыкладна такi ж выгляд, як гэты, i па радыяцыйным фактары павiнны быць знесены, на Гомельшчыне яшчэ каля 11 тысяч. І амаль трэцяя частка з iх — менавiта ў Веткаўскiм раёне, якi ўшчыльную прыблiжаны да абласнога цэнтра. Год роднай зямлi — яшчэ адна афiцыйная падстава, каб навесцi парадак у тым лiку ў такiх маленькiх куточках. Райцэнтры Гомельскай вобласцi ўжо не нагадваюць аб падзеях 23-гадовай даўнiны, а вось вёскi, якiя знаходзяцца далей ад аўтамабiльных трас, па-ранейшаму маюць непрыглядны выгляд, разбураюцца i ствараюць небяспеку ў глыбiнцы. — Аднак усе ранейшыя гады фiнансаванне, якое выдаткоўвалася на гэтыя мэты па Чарнобыльскай праграме, не дазваляла нам выконваць работы такiмi тэмпамi, як хацелася б, — распавядае начальнiк аддзела радыяцыйнай аховы, аналiзу i iнфармавання ўпраўлення па праблемах лiквiдацыi наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Гомельскага аблвыканкама Галiна Акушка. — Знос разбураных пабудоў — толькi адна з самых надзённых праблем. Ведаеце, шмат населеных пунктаў, дзе людзi адсялiлiся часткова. Побач стаяць адзiн жылы дом i 3-4 закiнутыя. Тут жа нельга рабiць так, як на чыстых тэрыторыях: прыгналi бульдозер i ўсё адразу знеслi. Работы тут выконваюцца з абавязковай праверкай адходаў на радыяцыйнае забруджванне. Тое, што з’яўляецца небяспечным, павiнна быць захаванае ў спецыяльных "Пунктах захавання адыходаў i дэзактывацыi". Усё правяраецца па ступенi небяспекi i сертыфiкуецца. А прыдатным, напрыклад, бярвёнамi, распараджаюцца па ўсiх правiлах мясцовыя органы ўлады. — На Гомельшчыне толькi адно прадпрыемства РСУП "Палессе" спецыялiзуецца на такiх работах, хiба яно справiцца з аб’ёмамi, якiя патрэбна выканаць? — Да гэтай работы мы прыцягваем субпадрадныя будаўнiчыя арганiзацыi. Але ж абавязкова павiнна быць дазiметрычнае суправаджэнне з боку спецыялiстаў РСУП "Палессе". Тым больш, даводзiцца разбiраць цэлы падворак, а гэта не толькi адзiн дом, але i ўсе надворныя пабудовы. Раней мы захоўвалi не больш за 300-400 падворкаў у год, фiнансаванне нам дазваляла, а цяпер трэба па ўсiх правiлах знесцi 11 тысяч! Атрымлiваецца, мы павiнны павялiчыць больш чым у 4 разы колькасць таго, што зносiлi раней. Вядома ж, за адзiн год не атрымаецца выканаць такi вялiзны аб’ём працы. Але ж ужо сёлета мы павялiчылi аб’ёмы зносу i давядзём яго з 400 да 1200 — з дадатковым выдзяленнем фiнансавых сродкаў. Ужо ў Веткаўскiм раёне працуе на субпадрадзе арганiзацыя, якая добра сябе зарэкамендавала, i думаем, калi мы будзем пераходзiць у iншыя раёны, у прыватнасцi Хойнiцкi, Чачэрскi, там таксама будзем шукаць субпадрадную арганiзацыю, якая мае лiцэнзiю на права выканання такiх работ i валодае неабходнай магутнай тэхнiкай: бульдозерамi, экскаватарамi, самазваламi. — Атрымлiваецца, што найблiжэйшы да Гомеля раён — Веткаўскi — самы складаны ў сэнсе навядзення парадку... — Так, тут больш за ўсё пабудоў, якiя патрэбна зносiць. Мы практычна закончылi гэтыя работы ў Ельскiм i Буда-Кашалёўскiм раёнах. Працэнтаў на 70 прыбралi такiя пабудовы на Брагiншчыне, прыступiлi да работ у Хойнiцкiм, Чачэрскiм i Кармянскiм раёнах. Але ж там аб’ём меншы, чым на Веткаўшчыне, дзе каля 4 тысяч небяспечных пабудоў. Мы хацелi б, каб фiнансаванне на гэта было павялiчана. Мы робiм усё, каб падрыхтаваць своечасова праектную дакументацыю на знос гэтых пабудоў, i шукаем субпадрадчыкаў для выканання работ у раёнах. Прынамсi, хочуць узяць удзел у гэтай працы мелiярацыйныя арганiзацыi i служба МНС — у iх ёсць патрэбная тэхнiка. — Але ж пры навядзеннi парадку знос "забруджаных" пабудоў — не адзiная праблема... — Так, ёсць у сельскiх населеных пунктах, якiя знаходзяцца на забруджаных тэрыторыях, яшчэ дзве вялiкiя бяды — вада i дарогi. Сеткi водазабеспячэння, якiя былi пракладзены адразу пасля чарнобыльскай аварыi, яшчэ ў 86—90 гадах, прыйшлi ў такi стан, што iх патрэбна мяняць. I на гэтыя мэты патрабуюцца значныя сродкi. I на дарогi ў населеных пунктах — я маю на ўвазе вулiцы — у мясцовых органаў улады сродкаў не хапае. А яшчэ трэба працягваць работы па газiфiкацыi дробных населеных пунктаў. Ёсць праграма па газiфiкацыi, i гэтую працу трэба завяршыць — на гэты конт да нас людзi з месцаў часта звяртаюцца. Ёсць iнструкцыя, у адпаведнасцi з якой у населеных пунктах, дзе чалавек можа атрымаць дозу апраменьвання больш за адзiн мiлiзiверт, газiфiкацыя павiнна праводзiцца бясплатна. У нас населеных пунктаў, якiя падыходзяць пад гэтую катэгорыю, каля 600. Але ж пакуль у першачарговую праграму ўключаны толькi тыя, дзе больш за 100 двароў. Калi населены пункт невялiкi, эканамiчна нявыгадна цягнуць газавыя сеткi — гэта вельмi дарагое задавальненне. — Цi змяняюцца з цягам часу падыходы да ахоўна-рэжымных тэрыторый? — Змяняюцца. Падышлi мы да той рысы, калi трэба перагледзець жорсткiя рамкi межаў: тут можна, напрыклад, сеяць, а тут нельга. Мы ўсё больш пачынаем абследаваць прылеглыя буферныя тэрыторыi да зонаў адсялення з мэтай вяртання iх у карыстанне: цi то сельскагаспадарчай, цi то лясной гаспадаркi. Iдзе карпатлiвая, працаёмiстая работа па выяўленнi ўчасткаў, прыдатных да вяртання. I Буда-Кашалёва просiць частку земляў перадаць, i Карма...Мiж тым, механiзм гэты дастаткова складаны. Рыхтуецца землеўпарадкавальная справа, потым дэпартамент звяртаецца ў Мiнздраў для ацэнкi дозы выпраменьвання, Мiнсельгасхарч для ацэнкi аграхiмiчных якасцяў глебы i магчымасцi атрымання на ёй патрэбнага ўраджаю. Калi пад травастой — будзе адзiн падыход, калi пад раллю — iншы. Кантралюючыя органы жорстка выкараняюць выпадкi, калi гаспадаркi займаюцца самазахопам зямлi. Яна можа перадавацца ў сельгаспрадпрыемствы толькi ў законным парадку. Гутарыла Iрына АСТАШКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны год на Радаўнiцу мой муж наведвае не толькi могiлкi сваякоў, якiя знаходзяцца ў забруджанай зоне Веткаўскага раёна, але i дом у вёсцы Вараб’ёўка |
|