Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Красавіцкая тэза
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
У Паставах у хлапца ў іншамарцы на панэлі стаіць чырвона-зялёны (бээсэсэраўскі, лукашысцкі) сьцяг. Загаварылі. Ён усёй душой за Беларусь, за незалежнасьць, за родную мову. Сьцяг выставіў, каб паказаць сваю патрыятычную пазыцыю. Вырас за Лукашэнкам. Як і ўсё ягонае пакаленьне.
Бела-чырвона-белы – сьцяг апазыцыі. Яна зь ім ходзіць па вуліцах. За што? А хто іх ведае… Целіку ён ня надта верыць, але й апазыцыя яго не прываблівае. Беларусь павінна стаць беларускай? – Факт.
Я думаю: у чым я зь ім, з Валодзем гэтым, ня згодны? І з пакаленьнем ягоным? Ды ні ў чым. Апроч, хіба што, сымболікі.
Адсюль – красавіцкая тэза. А што, калі апазыцыя перастане выкарыстоўваць нацыянальныя сымбалі і (хто яшчэ не перастаў) беларускую мову? Усё адно амаль усе яны па-беларуску гавораць для паказухі й на знак пратэсту, а так, па жыцьці – рускамоўныя. Людзей на беларускія школы не мабілізуюць і з уласнымі дзецьмі найчасьцей гавораць па-расейску. Дык чаго ім лукавіць? І пашпарты ўва ўсіх з капустай, і нумары на машынах – закат…
Можа, калі вызваліць мову й сымбалі ад лукаўства, тады яны, ня маючы на сабе пячаткі апазыцыйнасьці, хутчэй пачнуць ажываць ды пашырацца ў народзе? Як свае для ўсіх. Бо для ўсіх відавочна, якая мова – свая, якая сымболіка — гістарычная ды прыгажэйшая. А там, глядзіш, і ўся культура, якая сёньня “апазыцыйная”, стане агульнай, проста беларускай, бяз гэтай дадатковай стадыі разьвіцьця.
Якая выснова? Сёньня, каб быць беларусам, гаварыць па-беларуску, ведаць і пашыраць нацыянальную ідэю, зусім не канечна далучацца да апазыцыі. Наадварот. Большых посьпехаў можна дасягнуць з чыстага ліста. Бо твая ідэя – быць сабой – блізкая абсалютнай большасьці тваіх супляменьнікаў. Нават калі нехта ператварыў ідэю ў жупел.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец. |
|